Бешанковічы

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі.
Перайсьці да: навігацыі, пошуку
Бешанковічы
Агульны выгляд мястэчка
Агульны выгляд мястэчка
Coat of Arms of Biešankovičy, Belarus.png Flag of Bešankovičy.gif
Герб Бешанковічаў Сьцяг Бешанковічаў
Першыя згадкі: XV ст.
Магдэбурскае права: 4.10.1634
Вобласьць: Віцебская
Раён: Бешанковіцкі
Насельніцтва: 7,3 тыс. (2010)
Тэлефонны код: +375 2131
Паштовы індэкс: 211350
Геаграфічныя каардынаты: 55°02′ пн. ш. 29°27′ у. д. / 55.033° пн. ш. 29.45° у. д. / 55.033; 29.45Каардынаты: 55°02′ пн. ш. 29°27′ у. д. / 55.033° пн. ш. 29.45° у. д. / 55.033; 29.45
Бешанковічы на мапе Беларусі
Бешанковічы
Бешанковічы
Бешанковічы
Commons-logo.svg Галерэя здымкаў у Wikimedia Commons

Бешанко́вічы — мястэчка ў Беларусі, на левым беразе Дзьвіны. Адміністрацыйны цэнтар Бешанковіцкага раёну Віцебскай вобласьці. Насельніцтва 7,3 тыс. чал. (2010). Знаходзяцца за 51 км ад Віцебску, за 38 км ад чыгуначнай станцыі Чашнікі (лінія Ворша — Лепель). Вузел аўтамабільных дарог на Віцебск, Шуміліна, Лепель, Чашнікі, Сянно. Рачная прыстань.

Бешанковічы — даўняе магдэбурскае места гістарычнай Полаччыны, да нашага часу тут захавалася сядзіба роду Храптовічаў.

Зьмест

[рэдагаваць] Назва

Паводле найбольш распаўсюджанага меркаваньня, сваю назву паселішча атрымала ад слова «бешань» — моцная плынь на сярэдзіне ракі[1]. На думку беларускага географа В. Жучкевіча у аснове тапоніму — прозьвішча Бешанковіч[2].

[рэдагаваць] Гісторыя

Датаваньне першага пісьмовага ўспаміну пра Бешанковічы няпэўнае: гэта 1447 (паводле А. Сапунова) або 1460 (паводле гісторыка А. Турчыновіча). У пач. XVІ ст. Бешанковічы — вёска ў Крывінскай воласьці Полацкага ваяводзтва, якая знаходзілася ў валоданьні Друцкіх-Саколінскіх. Паводле рэвізіі Полацкага замка (1552), тут было 34 двары[3].

У 1605 Бешанковічы перайшлі да Язерскіх, з 1615 — у валоданьні аршанскага маршалка М. Андравонжа. У 1630 мястэчка набыў ваявода віленскі Казімер Леў Сапега, па чым яно пачало імкліва разьвівацца. Ужо 4 кастрычніка 1634 кароль і вялікі князь Уладзіслаў Ваза надаў Бешанковічам Магдэбурскае права. Цягам XVІІ ст. тут праводзіліся 2 рэгулярныя кірмашы, на якія прыязджалі да 4—5 тыс. чалавек ня толькі зь зямель Рэчы Паспалітай, але і заходнеэўрапейскія ды маскоўскія купцы. У 1650 Казімер Леў Сапега збудаваў касьцёл. З кан. XVІІ ст. Бешанковічамі валодалі Агінскія, у мястэчку пачалі будавацца камяніцы. У Вялікую Паўночную вайну ў 1708 тут стаялі расейскія войскі, тройчы спыняўся цар маскоўскі Пётар I.

У сяр. XVІІІ ст. Бешанковічы былі значным гандлёвым і рамесным местам, у якім было каля 1,5 тыс. двароў і мелася 5—6 тыс. жыхароў; працаваў гасьціны двор[4]. У 1770-я Міхал Казімер Агінскі збудаваў тут палац, заклаў парк з шэрагам экзотаў, вадаёмамі, гаспадарчымі пабудовамі.

У выніку першага падзелу Рэчы Паспалітай (1772) задзьвінская частка Бешанковічаў з 500 дварамі апынулася ў складзе Расейскай імпэрыі. Па сьмерці І. Агінскага (1775) места перайшло да Яўхіма Храптовіча, які збудаваў тут новы палац[4]. Станам на 1785 у літоўскай частцы Бешанковічаў было 1000 двароў, дзейнічалі касьцёл і вуніяцкая царква[4]. У выніку другога падзелу Рэчы Паспалітай (1793) места цалкам апынулася ў складзе Расейскай імпэрыі. Новыя ўлады панізілі статус паселішча да мястэчка Лепельскага павету; у гэты час больш за чвэрць ягоных жыхароў займаліся толькі сельскай гаспадаркай.

У вайну 1812 году з 11 ліпеня да 20 кастрычніка Бешанковічы займалі францускія войскі, некалькі дзён тут разьмяшчаўся штаб Напалеона. У верасьні 1821 на агляд расейскай гвардыі ў мястэчка прыязджаў імпэратар расейскі Аляксандар I. Станам на 1868 у Бешанковічах было 392 будынкі; працавалі народная вучэльня, 2 гарбарныя заводы, піваварнае прадпрыемства, 115 крамаў. Ужо ў сяр. XІХ ст. галоўныя вуліцы былі брукаванымі. З 1881 Дзьвіной з Вулы на Віцебск рэгулярна хадзіў параход, а з 1892 — 4 параходы. Паводле вынікаў перапісу (1897) у мястэчку было 1099 будынкаў.

У пач. XХ ст. у Бешанковічах было 7 мураваных і 1243 драўляныя будынкі, паштовае аддзяленьне, тэлеграф, царкоўна-прыходзкая школа, 3 народныя вучэльні, 127 крамаў, лякарня. У Першую сусьветную вайну мястэчка апынулася ў прыфрантавой паласе, сюды перанесьлі цэнтар Лепельскага павету (у красавікуверасьні 1918 цэнтар Бешанковіцкага павету).

1 студзеня 1919 згодна з пастановай І зьезду КП(б) Беларусі Бешанковічы ўвайшлі ў склад Беларускай ССР, аднак 16 студзеня Масква адабрала мястэчка разам зь іншымі этнічна беларускімі тэрыторыямі ў склад РСФСР; у Лепельскім (19191923) і Бачэйкаўскім паветах (19231924). У 1924 Бешанковічы вярнулі БССР, дзе яны зрабіліся цэнтрам раёну Віцебскай акругі. 27 верасьня 1938 паселішча атрымала афіцыйны статус пасёлку гарадзкога тыпу, у Віцебскай вобласьці. У Другую сусьветную вайну з 6 ліпеня 1941 да 25 чэрвеня 1944 мястэчка знаходзілася пад нямецкай акупацыяй. 20 студзеня 2006 адбылося афіцыйнае зацьверджаньне гербу і сьцяга Бешанковічаў[5].

[рэдагаваць] Насельніцтва

  • XIX стагодзьдзе: 1838 — 2359 чал. (1159 муж. і 1200 жан.), зь іх шляхты 35 муж. і 36 жан., духоўнага стану каталіцкага 1 муж., духоўнага стану праваслаўнага 4 муж. і 3 жан., купцоў-юдэяў 25 муж. і 28 жан., мяшчанаў-хрысьціянаў 529 муж. і 529 жан., мяшчанаў-юдэяў 497 муж. і 530 жан., сялянаў абшарніцкіх 42 муж. і 58 жан., аднадворцаў 3 муж. і 1 жан., адстаўных салдатаў 8 муж. і 3 жан., дваровых людзей 15 муж. і 12 жан.[6]; 1868 — 3205 чал.; 1897 — 4423 чал.
  • XX стагодзьдзе: 1939 — 4,3 тыс. чал.; 1968 — 4,5 тыс. чал.[7]; 1969 — 4,7 тыс. чал.; 1977 — 5,5 тыс. чал.; 1992 — 9437 чал.[8]
  • XXI стагодзьдзе: 2004 — 8,2 тыс. чал.; 2005 — 8,1 тыс. чал.; 2006 — 8,0 тыс. чал.; 2010 — 7,3 тыс. чал.

[рэдагаваць] Адукацыя

У Бешанковічах працуюць 2 агульнаадукацыйныя, дзіцяча-юнацкая спартовая, музычная школы.

[рэдагаваць] Культура

Дзейнічаюць дом культуры, дом рамёстваў, бібліятэка.

[рэдагаваць] Мас-мэдыя

У мястэчку выдаецца раённая газэта «Зара».

[рэдагаваць] Забудова

Паводле генэральных плянаў (1969 і 1979) Бешанковічы разьвіваецца пераважна ў паўднёва-заходнім кірунку. Цэнтар забудоўваецца 2-3-павярховымі жылымі дамамі. Вядзецца катэджавая будова. Прамысловая зона знаходзіцца ў паўднёва-ўсходняй і паўночна-заходняй частках.

[рэдагаваць] Эканоміка

Прадпрыемствы лёгкай і харчовай прамысловасьці, вытворчасьць будаўнічых матэрыялаў.

[рэдагаваць] Транспарт

Празь Бешанковічы праходзяць аўтамабільныя дарогі: магістраль М3 (Менск — Віцебск), Р111 (Бешанковічы — Чашнікі), Р113 (Сянно — Вушачы).

Рэгулярныя аўтобусныя маршруты злучаюць мястэчка зь Менскам, Віцебскам, Полацкам, Лепелем, Чашнікамі, Вушачамі і інш.

[рэдагаваць] Турыстычная інфармацыя

Царква Сьвятога Прарока Ільлі

Працуе Бешанковіцкі гістарычна-краязнаўчы музэй. Меская гасьцініца мае адрас вуліца Камуністычная, 22, тэлефон: (+375-2131) 21506. Дзейнічае дом паляўнічага.

Мястэчка — вядомы цэнтар традыцыйных ганчарных вырабаў, г.зв. «бешанковіцкай керамікі»[9].

[рэдагаваць] Выдатныя мясьціны

  • Каталіцкая капліца на могілках (кан. ХІХ ст.)
  • Могілкі: габрэйскія, хрысьціянскія
  • Палацава-паркавы комплекс Храптовічаў (XVIII ст.)
  • Царква Сьвятога Прарока Ільлі (1870)

[рэдагаваць] Страчаная спадчына

«Дуб Напалеона» да сьпілаваньня

Паводле легенды, быццам бы ў 1812 годзе францускі імпэратар Напалеон I пазаваў мастаку Альбрэхту Адаму менавіта пад гэтым дрэвам. Дуб сьпілавалі 28 кастрычніка 2010 году, ён праіснаваў каля чатырохсот гадоў. Дрэва было каля 30 мэтраў у вышыню і мела ў папярочніку каля 2-х мэтраў. Раней дрэва абкружаў плот, таксама мелася таблічка пра тое, што гэта помнік прыроды, які ахоўваецца дзяржавай[10].

  • Касьцёл Сьвятых Казімера і Рафала (1650)
  • Сынагога

[рэдагаваць] Вядомыя асобы

[рэдагаваць] Крыніцы

  1. ^ Геральдыка(рас.). Бешенковичский районный исполнительный комитетПраверана 28 ліпеня 2011 г.
  2. ^ Жучкевич В. А. Краткий топонимический словарь Белоруссии. — Мн.: Изд-во БГУ, 1974. С. 27—28.
  3. ^ Валерый Грынявецкі. Бешанковічы // Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / рэд. Г. П. Пашкоў і інш. Т. 1: Абаленскі — Кадэнцыя. — Мінск: Беларуская Энцыклапедыя, 2005. С. 325.
  4. ^ a b c Валерый Грынявецкі. Бешанковічы // Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / рэд. Г. П. Пашкоў і інш. Т. 1: Абаленскі — Кадэнцыя. — Мінск: Беларуская Энцыклапедыя, 2005. С. 326.
  5. ^ Указ Президента Республики Беларусь № 36 от 20 января 2006 г. «Об учреждении официальных геральдических символов административно-территориальных и территориальных единиц Витебской области»
  6. ^ Соркіна I. Мястэчкі Беларусі ў канцы ХVІІІ — першай палове ХІХ ст. — Вільня: ЕГУ, 2010. С. 415.
  7. ^ Бешенковичи // Большая советская энциклопедия, 3-е изд.: в 30 т. / Гл. ред. А.М. Прохоров. — М.: Сов. энциклопедия, 1969—1978.
  8. ^ А. Крачкоўскі. А. Марозава. Бешанковічы // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 2: Беліцк — Гімн / Беларус. Энцыкл.; Рэдкал.: Б. І. Сачанка (гал. рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн.: БелЭн, 1994. С. 25.
  9. ^ Бешенковичи // Туристская энциклопедия Беларуси / редкол. Г. П. Пашков [и др.]; под общ. ред. И. И. Пирожника. — Мн., 2007. С. 45.
  10. ^ Дуб Напалеона ў Бешанковічах сьпілавалі(рас.)

[рэдагаваць] Літаратура

[рэдагаваць] Вонкавыя спасылкі

Commons-logo.svg  Бешанковічысховішча мультымэдыйных матэрыялаў

Асабістыя прылады
Прасторы назваў

Варыянты
Дзеяньні
Навігацыя
Удзел
Інструмэнты
На іншых мовах