Дуброўна
| Дуброўна | |||||
|
|||||
| Горад з: | 1925 | ||||
| Вобласьць: | Віцебская | ||||
| Раён: | Дубровенскі | ||||
| Насельніцтва: | 8041[1] (2009) | ||||
| Часавы пас: | UTC+3 | ||||
| Тэлефонны код: | +375 2137 | ||||
| Паштовы індэкс: | 211040 | ||||
| Геаграфічныя каардынаты: | 54°34′ пн. ш. 30°41′ у. д. / 54.567° пн. ш. 30.683° у. д.Каардынаты: 54°34′ пн. ш. 30°41′ у. д. / 54.567° пн. ш. 30.683° у. д. | ||||
|
Дуброўна на мапе Беларусі
Дуброўна
|
|||||
Дубро́ўна — места ў Беларусі, на рацэ Дняпро пры ўтоку ў яго рэчак Дубровенка і Сьвінка. Адміністрацыйны цэнтар Дубровенскага раёну Віцебскай вобласьці. Насельніцтва 8041[1] чал. (2009). Знаходзіцца за 107 км на паўднёвы ўсход ад Віцебску, за 8 км ад чыгуначнай станцыі Асінаўка (лінія Ворша — Смаленск). Аўтамабільныя дарогі злучаюць места з Воршай, Горкамі, Асінторфам.
Дуброўна — колішняя сталіца графства на гістарычнай Аршаншчыне (частка Віцебшчыны).
Зьмест |
Назва [рэдагаваць]
У аснове тапоніму «Дуброўна» паняцьце, якое пазначае тып лесу — дубовы лес, дуброва[2].
Гісторыя [рэдагаваць]
- Асноўны артыкул: Гісторыя Дуброўна
Датаваньне першага ўспаміну пра Дуброўна няпэўнае. Пад 1392 або 1393 годам у Мэтрыцы Вялікага Княства Літоўскага згадваецца «зямля пустая Дубровенская», якую князь Дзьмітры Сямёнавіч запісаў княгіні Соф’і і яе дзецям. Аднак сучасныя дасьледнікі мяркуюць, што ў грамаце ідзе гаворка пра іншае «Дуброўна» або насамрэч адбылося няслушнае датаваньне падзеі[3].
У канцы XV ст. неаднаразова згадваецца воласьць «Дубровенскі шлях». Расейскі гісторык М. Любаўскі лічыў, што цэнтрам гэтай воласьці была вёска Дубровенка (цяпер не існуе) на захадзе Смаленшчыны, аднак цалкам магчыма, што воласьць сьпярша мела сваім цэнтрам Дуброўна, ад якога і атрымала назву[3]. Пагатоў, да гэтага часу тут ужо збудавалі замак.
Першы дакладны пісьмовы ўспамін пра Дуброўна як «горад» у значэньні ўмацаванага паселішча[3] датуецца 1514 годам. З пачатку XVІ ст. яно зрабілася цэнтрам воласьці на мяжы Віцебскага і Смаленскага ваяводзтваў[4]. Пазьней тут утварылася Дубровенскае графства. У розныя часы мясьціна знаходзілася ў валоданьні вялікіх князёў, Глябовічаў, Сапегаў, Любамірскіх і іншых.
У 1535, 1536 і 1564 Дуброўна пацярпела ад набегаў маскоўскіх захопнікаў. У 1630 Мікалай Глябовіч заснаваў у мястэчку касьцёл і кляштар бэрнардынаў. У Трынаццацігадовую вайну (1654—1667) па працяглай аблозе цягам чэрвеня—кастрычніка 1654 Дуброўна занялі маскоўскія войскі, якія спалілі замак і вывезьлі мясцовых жыхароў у Смаленск[3]. У 1664 напярэдадні адступленьня маскоўскія акупанты зноў вывезьлі зь мястэчка і ваколіцаў вялікую колькасьць мяшчанаў і сялянаў з жонкамі і дзецьмі.
За часамі Вялікай Паўночнай вайны (1700—1721) у 1708 загоны казакаў і калмыкаў на чале з расейскім капітанам Салаўёвым спалілі Дуброўна. У 1732 Юры Станіслаў Сапега атрымаў дазвол на правядзеньне ў мястэчку рэгулярнага кірмашу на дзень Сьв. Ільлі. У 1750 тут заснавалі суконную мануфактуру.
У выніку першага падзелу Рэчы Паспалітай (1772) Дуброўна апынулася ў складзе Расейскай імпэрыі, у Аршанскай правінцыі; з 1777 у Аршанскім павеце Магілёўскага намесьніцтва, пазьней губэрні. У 1781 у мястэчку пачала працаваць гадзіньнікавая фабрыка, першая ў Расейскай імпэрыі; у 1793 — суконна-талесная мануфактура, у 1870 — кумыса-лекавальная ўстанова. У 1785 у Дуброўне пры кляштары піяраў (адкрыўся замест бэрнардынскага ў 1774) пачаў дзейнічаць калегіюм. У 1809 Ф. К. Любамірскі збудаваў тут новы касьцёл.
1 студзеня 1919 згодна з пастановай І зьезду КП(б) Беларусі Дуброўна ўвайшло ў склад Беларускай ССР, аднак 16 студзеня Масква адабрала мястэчка разам зь іншымі этнічна беларускімі тэрыторыямі ў склад РСФСР. У 1924 Дуброўна вярнулі БССР, дзе яно зрабілася цэнтрам раёну (цягам 1962—1965 уваходзіла ў склад Аршанскага раёну). У 1925 паселішча атрымала статус места. У Другую сусьветную вайну з 16 ліпеня 1941 да 26 чэрвеня 1944 Дуброўна знаходзілася пад нямецкай акупацыяй.
- Дуброўна на старых здымках
Насельніцтва [рэдагаваць]

- XIX стагодзьдзе: 1846 — 3441 чал.[5]; 1860 — 6884 чал., зь іх праваслаўных 2623, каталікоў 74, пратэстантаў 1, юдэяў 4183[6]; 1897 — 7974 чал.[5]
- XX стагодзьдзе: 1909 — 9469 чал.[5]; 1917 — 5294 чал.; 1926 — 7920 чал.; 1939 — 9,9 тыс. чал.[5]; 1959 — 4,9 тыс. чал.; 1971 — 6,4 тыс. чал.[5]; 1991 — 9,8 тыс. чал.[7]; 1993 — 10,1 тыс. чал.[5]
- XXI стагодзьдзе: 2006 — 8,9 тыс. чал.; 2007 — 8,8 тыс. чал.; 2008 — 8,6 тыс. чал.; 2009 — 8041[1] чал. (перапіс)
Адукацыя [рэдагаваць]
У Дуброўне працуюць 2 сярэднія, дзіцяча-юнацкая спартовая і музычная школы, дапаможная школа-інтэрнат, дашкольныя ўстановы, сярэдняя прафэсійна-тэхнічная вучэльня мэханізацыі сельскай гаспадаркі.
Культура [рэдагаваць]
Дзейнічаюць дом культуры, дом рамёстваў, 2 бібліятэкі.
Мас-мэдыя [рэдагаваць]
Выдаецца раённая газэта «Дняпроўская праўда».
Забудова [рэдагаваць]
Генэральныя пляны Дуброўна складаліся ў 1973 і 1985. У месьце захавалася плянавальная структура XVІІ—XVІІІ стст. На месцы старога цэнтру сфармаваўся новы адміністрацыйны і грамадзкі цэнтар. Забудова пераважна індывідуальная, таксама ўзводзіліся 2—5-павярховыя дамы. Прамысловая зона знаходзіцца ва ўсходняй і паўднёвай частках места.
Эканоміка [рэдагаваць]
Прадпрыемствы харчовай, лёгкай прамысловасьці, вытворчасьць будаўнічых матэрыялаў.
| Зьвесткі пра прамысловыя прадпрыемствы Дуброўна[8] | ||
|---|---|---|
| Найменьне прадпрыемства | Паштовы адрас, тэлефон | Прозьвішча, імя, імя па бацьку дырэктара |
| ААТ «Дубровенскі КПТ» | м. Дуброўна вул. Горацкая, 2а 8(02137)42570 |
Папоў Уладзімер Іванавіч |
| ААТ «Дубровенскі льнозавод» | м. Дуброўна зав. Завадзкі, 1 8(02137)40378 |
Басянкоў Анатоль Дзьмітрыевіч |
| Камунальнае ўнітарнае прадпрыемства побытавага абслугоўваньня «РКПА» | м. Дуброўна вул. Чырвонаармейская 8(02137)41711 |
Чабатаронак Міхаіл Мяленцявіч |
| Вытворчы цэх «Дубровенскі» ААТ «Аршанскі малочны камбінат» | м. Дуброўна вул. Чырвонаармейская, 18 8(02137)42159 |
Кір’янаў Алег Аляксеевіч |
Транспарт [рэдагаваць]
Праз Дуброўна праходзіць аўтамабільная дарога Р22 (Ворша — Буда (да М1)). За 8 км на поўнач ад места — аўтамагістраль М1E30.
Турыстычная інфармацыя [рэдагаваць]
Дуброўна — цэнтар традыцыйнага ганчарнага рамяства, г. зв. «дубровенскай керамікі». Ад 1993 году ў месьце праводзіцца рэгіянальны фэст музыкі Падняпроўя «Дняпроўскія галасы ў Дуброўне». Спыніцца можна ў мескай гасьцініцы[9].
Выдатныя мясьціны [рэдагаваць]
У цэнтры Дуброўна і за 100 м на ўсход ад утоку ракі Дубровенка ў Дняпро захаваліся 2 гарадзішчы, якія зьяўляюцца помнікамі археалёгіі.
- Кляштар бэрнардынаў (1809)
- Палац Любамірскіх (XVIII ст.)
- Царква Сьв. Тройцы (1809)
У наш час дзейнічае каталіцкая капліца Маці Божай Фацімскай, вядзецца будова касьцёла.
Страчаная спадчына [рэдагаваць]
- Касьцёл бэрнардынаў
- Сынагога (XIX ст.)
- Царква Сьв. Мікалая (XVIII ст.)
Вядомыя асобы [рэдагаваць]
- Уладзімер Кабуш (нар. 1941) — беларускі навуковец у галіне пэдагогікі
- Казімер Семяновіч (~1600 — ~1651) — інжынэр і тэарэтык артылерыі, мысьляр-гуманіст, вынаходнік шматступенчатае ракеты (на думку беларускіх гісторыкаў паходзіў з ваколіцаў Дуброўна)
- Ганна-Эстэр Тумаркін (Ганна Тумаркіна) (1875—1951) — швайцарскі філёзаф
- Сямён Фрадкін (нар. 1932) — беларускі навуковец у галіне анкалёгіі, заснавальнік школы навук па гіпертэрміі і гіперглікеміі ў анкалёгіі
- Цьві Цэйтлін (нар. 1923) — амэрыканскі скрыпач і музычны пэдагог
- Якаў Шур (1908—1986) — расейскі фізык
Крыніцы [рэдагаваць]
- ^ а б в Перепись населения — 2009. Витебская область(рас.) Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь
- ^ Жучкевич В. А. Краткий топонимический словарь Белоруссии. — Мн.: Изд-во БГУ, 1974. С. 112.
- ^ а б в г В. Насевіч. Дубровеншчына ў складзе Вялікага княства Літоўскага // Памяць: Гіст.-дакум. хроніка Дубровенскага раёна / Рэдкал. П. М. Бараноўскi, І. Я. Скарынкін — Мн.: Універсітэцкае, 1997. У 2-х кн.Кн. 1. — Мн., 1997. С. 50—67.
- ^ Вячаслаў Насевіч. Дуброўна // Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / рэд. Г. П. Пашкоў і інш. Т. 1: Абаленскі — Кадэнцыя. — Мінск: Беларуская Энцыклапедыя, 2005. С. 608.
- ^ а б в г д е Вячаслаў Насевіч. Дуброўна // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 2: Беліцк — Гімн / Беларус. Энцыкл.; Рэдкал.: Б. І. Сачанка (гал. рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн.: БелЭн, 1994. С. 310.
- ^ Дуброўна на Прыдзвінскі крайн: Гісторыя і сучаснасць
- ^ Дубровна // Большой энциклопедический словарь / Гл. ред. В. П. Шишков. — М.: НИ «Большая Российская энциклопедия», 1998. — 640 с.: ил. ISBN 5-85270-262-5.
- ^ Прамысловасьць(рас.). Дубровенский районный исполнительный комитет. Праверана 24 ліпеня 2011 г.
- ^ Дубровно // Туристская энциклопедия Беларуси / редкол. Г. П. Пашков [и др.]; под общ. ред. И. И. Пирожника. — Мн., 2007.
Літаратура [рэдагаваць]
- Памяць: Гіст.-дакум. хроніка Дубровенскага раёна / Рэдкал. П. М. Бараноўскi, І. Я. Скарынкін — Мн.: Універсітэцкае, 1997. У 2-х кн.Кн. 1. — Мн., 1997.
- Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 2: Беліцк — Гімн / Беларус. Энцыкл.; Рэдкал.: Б. І. Сачанка (гал. рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн.: БелЭн, 1994. — 537 с., [8] к.: іл. ISBN 5-85700-142-0.
- Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / рэд. Г. П. Пашкоў і інш. Т. 1: Абаленскі — Кадэнцыя. — Мінск: Беларуская Энцыклапедыя, 2005. — 684 с.: іл. ISBN 985-11-0314-4.
- Сем цудаў і адна дэтэктыўная // «Народная газета» № 124 (4792), 8 ліпеня 2008.
- Dubrowna // Słownik geograficzny Królestwa Polskiego i innych krajów słowiańskich. Tom XV, cz. 1: Abablewo — Januszowo. — Warszawa, 1900. S. 449.
Вонкавыя спасылкі [рэдагаваць]
Дуброўна — сховішча мультымэдыйных матэрыялаў
- Прагноз надвор’я ў м. Дуброўна
- м. Дуброўна на Radzima.org
- Дуброўна на Прыдзвінскі крайн: Гісторыя і сучаснасць
- Парафія Маці Божай Фацімскай у Дуброўне. Афіцыйны сайт
- Дуброўна — парафія Маці Божай Фацімскай на Catholic.by
|
|||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||
|
||||||||