Друцак (горад)
Друцак (Дрютьск, Дрьтеск, Дрьютек, Друтеск, Друческ) — колішні горад на тэрыторыі Беларусі. Разьмяшчаўся на рацэ Друць. Цяпер на гэтым месцы знаходзіцца вёска Друцак.
Дзядзінец і вакольны горад старажытнага Друцку існавалі на высокім правым беразе Друці, а асноўная частка паселішча — пасад, на левым.[1]. Паводле сьведчаньня Друцкага Эвангельля, у 1001 тут была пабудавана адна зь першых на беларускіх землях хрысьціянскіх (праваслаўных) цэркваў. Першы ўспамін у летапісе 1092, у Павучаньні Манамаха заснаваньне горада адносіцца да 1078.
У той час горад быў ва ўладаньні князёў друцкіх, таму быў уцягнуты ў іх барацьбу з князямі менскімі за полацкі сталец. Аднак, за час войнаў 11 ст. горад ані разу ня быў узяты.[2] У складзе Друцкага княства (з 1101). У час адной з войнаў 12 ст. горад быў амаль цалкам разбураны (1116). Найбольшага росквіту горад дасягнуў у 1230-1240-я гады. Да сярэдзіны 17 ст. існаваў Друцкі замак. І горад, і замак неаднаразова разбураліся і аднаўляліся. Горад быў падзелены на «дольніцы», якія знаходзіліся ў валоданьні розных галін роду Друцкіх, а таксама розных спадкаемцаў іх згаслых галін ці асобаў, якія іншым шляхам набылі часткі колішняга Друцкага княства.
Час і прычыны канца існаваньня Друцку невядомыя[3]. Магчыма, што горад быў спалены і разбураны, пасьля чаго не аднаўляўся, каля канца 15 ст. — пачатку 16 ст.[3]. Існуе і прывязка часу зьнішчэньня Друцку да сярэдзіны 17 ст.[4].
Горад часоў 16 ст. апісваўся ў апавяданьнях канца 17 ст. як такі, што меў 7 міляў акружыны і славіўся дзьвюма сотнямі выдатных храмаў, але ў час жорсткай вайны быў дашчэнту спустошаны, і лёс яго параўноўваўся зь лёсам Троі[5].
Крыніцы і заўвагі[рэдагаваць]
- ^ Пацьвярдзаецца раскопкамі Л. Аляксеева ў 1956.
- ^ Анатоль Мяснікоў. Горад на вольнай Друці... // Звязда, 27 чэрвеня 2001
- ^ а б Аляксееў Л. В. Друцк // Беларуская Савецкая Энцыклапедыя. У 12 т.Т.4. Графік — Зуйка / Беларуская Савецкая Энцыклапедыя; Рэдкал.: П. У. Броўка (гал. рэд.) і інш. — Мн.: БелСЭ, 1971.
- ^ Паводле думкі М. Ткачова.
- ^ Паводле пераказу сакратара пасольства Сьвятой Рымскай імпэрыі Іагана Георга Корба ў яго «Дзёньніку падарожжа ў Масковію».
Літаратура[рэдагаваць]
- Друцк старажытны: Да 1000-годдзя ўзнікнення горада / Рэд.кал.: Г. П. Пашкоў (гал.рэдактар) і інш.; Маст. У. М. Жук. — Мн.: БелЭН, 2000. — 128 с.: іл. ISBN 985-11-0185-0
- Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 3: Гімназіі — Кадэнцыя / Беларус. Энцыкл.; Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн.: БелЭн, 1996. — 527 с.: іл. ISBN 985-11-0041-2.
- Беларуская Савецкая Энцыклапедыя. У 12 т.Т.4. Графік — Зуйка / Беларуская Савецкая Энцыклапедыя; Рэдкал.: П. У. Броўка (гал. рэд.) і інш. — Мн.: БелСЭ, 1971. — 608 с.: іл., карты.
- Анатоль Мяснікоў. Горад на вольнай Друці... // «Звязда», 27 чэрвеня 2001.
|
||||||||