Глыбокае

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі.
Перайсьці да: навігацыі, пошуку
Глыбокае
Беразьвецкая вуніяцкая царква Сьвв. Апп. Пятра й Паўла, зьнішчаная бальшавікамі
Беразьвецкая вуніяцкая царква Сьвв. Апп. Пятра й Паўла, зьнішчаная бальшавікамі
Coat of Arms of Hłybokaje, Belarus.png Flag of Hłybokaje.png
Герб Глыбокага Сьцяг Глыбокага
Першыя згадкі: 1514
Горад з: 1940
Вобласьць: Віцебская
Раён: Глыбоцкі
Насельніцтва: 19 400 (2009)
Часавы пас: UTC+3
Тэлефонны код: +375 2156
Паштовы індэкс: 211791, 211792, 211800
Геаграфічныя каардынаты: 55°08′ пн. ш. 27°41′ у. д. / 55.133° пн. ш. 27.683° у. д. / 55.133; 27.683Каардынаты: 55°08′ пн. ш. 27°41′ у. д. / 55.133° пн. ш. 27.683° у. д. / 55.133; 27.683
Глыбокае на мапе Беларусі
Глыбокае
Глыбокае
Глыбокае
Commons-logo.svg Галерэя здымкаў у Wikimedia Commons

Глыбо́кае — места ў Беларусі, сярод азёраў Кагальнае і Вялікае (з апошняга выцякае рэчка Бярозаўка). Адміністрацыйны цэнтар Глыбоцкага раёну Віцебскай вобласьці. Насельніцтва 19,4 тыс. чал. (2009). Знаходзіцца за 200 км ад Віцебску, на аўтамабільнай дарозе Полацак — Вільня. Чыгуначная станцыя на лініі Каралеўшчына — Варапаева.

Зьмест

[рэдагаваць] Назва

На думку беларускага географа В. Жучкевіча, тапонім «Глыбокае» мае зьвязак зь мясцовым возерам[1].

[рэдагаваць] Гісторыя

Асноўны артыкул: Гісторыя Глыбокага

Згодна з сучаснымі энцыкляпэдычнымі даведнікамі[2][3] першы пісьмовы ўспамін пра Глыбокае (двор, цэнтар маёнтку Зяновічаў) зьмяшчаецца ў Мэтрыцы Вялікага Княства Літоўскага і датуецца 1514. Аднак афіцыйна[4] паселішча вядзе сваю гісторыю ад 1414, калі яно згадваецца як зямля, што належала Зяновію Братошычу. Апошні атрымаў ад вялікага князя Вітаўта дазвол на права валоданьня спадчынай свайго бацькі.

Станам на 1556 Глыбокае мела статус мястэчка. Рэчка Бярозаўка падзяляла яго на 2 часткі: паўднёва-заходняя належала Зяновічам і ўваходзіла ў склад Ашмянскага павету Віленскага ваяводзтва; паўночна-ўсходняя — Корсакам і ўваходзіла ў склад Полацкага ваяводзтва. Цэнтрам паўднёва-заходняй часткі быў гандлёвы пляц з крамамі, сьвірнамі, грэка-каталіцкай царквой з плябаніяй, шпіталем; тут знаходзіўся Глыбоцкі замак. Паўночна-ўсходняя частка таксама мела ў цэнтры гандлёвы пляц, ад якога пачыналіся шляхі на Дзісну, Полацак і мястэчка Беразьвечча.

У Інфлянцкую вайну (15631579) маскоўскія захопнікі ўчынілі ў Глыбокім і ваколіцах значную шкоду[2]. У канцы вайны празь мястэчка праходзіла войска Стэфана Баторыя ў часе яго вызваленчых выправаў на Полацак і Пскоў.

У кан. XVI ст. у Глыбокім заснавалі кальвінскі збор, бібліятэку і школу; аднак у пач. XVІI ст. на месцы збора збудавалі касьцёл Сьв. Міхала (праіснаваў да 1650). У 1628 пачаў дзейнічаць Траецкі касьцёл, а ў 1636 ваявода амсьціслаўскі і староста дзісенскі Язэп Корсак заснаваў на сваёй частцы Глыбокага касьцёл і кляштар ордэна кармэлітаў; пры кляштары дзейнічала вучэльня. У сяр. XVІI ст. у мястэчку збудавалі царкву Сьв. Тройцы (па пажары ў 1838 адноўленая, зноў згарэла ў 1880).

З пачаткам Трынаццацігадовай вайны (16541667) Глыбокае захапілі маскоўскія войскі. Яны збудавалі тут невялікую драўляную фартэцыю — «острог», у якой разьмяшчалася залога. У студзені 1659 мястэчка вызваліў аддзел войска Вялікага Княства Літоўскага. 6 лістапада 1661 каля Глыбокага войскі Рэчы Паспалітай на чале з С. Чарнецкім разьбілі маскоўскіх захопнікаў пад камандай І. Хаванскага (больш за 18 тыс. чал.), захапіўшы 6 гарматаў, вялікі запас пораху, больш за 6 тыс. павозак з правіянтам. У бітве загінула больш за 6 тыс. маскавітаў, ацалелыя ўцяклі ў Полацак[2].

У 1668 паўднёва-заходняя частка Глыбокага перайшла да Радзівілаў. Станам на 1702, паводле інвэнтару, сядзібны комплекс Радзівілаў улучаў галоўны 1-павярховы драўляны будынак, флігель, пякарню, 2-павярховы лямус з галерэямі, сьвірны, стайні, вазоўні, сажалку, ставок з вадзяным млынам, іншыя гаспадарчыя будынкі; у маёнтку налічвалася 263 двары. У XVІІI ст. у Глыбокім было 2 гандлёвыя пляцы з крамамі; пераважала драўляная 1-павярховая жылая забудова. У 1742 у мястэчку збудавалі сынагогу. На 1775 тут было 310 дамоў, у Корсакавай частцы — 100 двароў[2]. Цягам XVІІIXІХ стст. пры кляштары кармэлітаў працавалі школа, бібліятэка, фізычны кабінет, аптэка, шпіталь; мелася 40 музыкаў. У кан. XVІІI ст. на мясцовых могілках збудавалі Ільлінскую капліцу і мэмарыяльную калёну ў гонар Канстытуцыі 3 траўня.

У выніку другога падзелу Рэчы Паспалітай (1793) Глыбокае апынулася ў складзе Расейскай імпэрыі, у Дзісенскім павеце. У вайну 1812 году мястэчка займалі францускія войскі; тут стварылі этапны пункт, буйныя харчовыя склады. З 18 ліпеня на працягу 6 дзён у мястэчку знаходзіўся Напалеон.

За часамі вызвольнага паўстаньня ў красавікутраўні 1831 каля Глыбокага адбыліся баі з царскімі войскамі. Станам на 1861 у мястэчку было 212 двароў. На 1886 — працавалі народнае вучэльня, піваварны, вінакурны, цагельны заводы; было некалькі складоў з таварамі і прыватных крамаў; у нядзелю зьбіраліся рынкі, рэгулярна — 2 кірмашы.

З пачаткам Першай Сусьветнай вайны да Глыбокага праклалі чыгунку. На 1917 у выніку ваенных спусташэньняў у мястэчку засталося толькі 111 двароў. У лютымсьнежні 1918 Глыбокае займалі нямецкія, а ў жніўні 1919 — ліпені, кастрычніку 1920 — польскія войскі. 5 ліпеня 1920 у ваколіцах мястэчка адбыліся баі савецкіх і польскіх войскаў, у якіх загінула 1,5 тыс. чалавек.

Згодна з умовамі Рыскай дамовы (1921) Глыбокае апынулася ў складзе міжваеннай Польскай Рэспублікі, дзе зрабілася цэнтрам Дзісенскага павету Віленскага ваяводзтва. Станам на 1939 у мястэчку працавалі цукерачная фабрыка, гарбарны завод, млын, павятовая ўправа, польская гімназія, прыватныя крамы, склады тавараў; кожны чацьвер праводзіліся базары, рэгулярна — 4 кірмашы.

У 1939 Глыбокае ўвайшло ў БССР, дзе 15 студзеня 1940 атрымала статус места і зрабілася цэнтрам раёну. У Другую сусьветную вайну з 2 ліпеня 1941 да 3 ліпеня 1944 места знаходзілася пад нямецкай акупацыяй і было цэнтрам акругі рэйхскамісарыяту «Остлянд». Тут разьмяшчаліся ўправа акругі, нямецкі гарнізон, вайсковыя склады. Нацысты зьнішчылі ў Глыбокім і раёне 10 133 чал., у 3 лягерах сьмерці — больш за 37 тыс. чалавек.

[рэдагаваць] Насельніцтва

[рэдагаваць] Адукацыя

У Глыбокім працуюць ПТВ-ліцэй, 3 сярэднія школы, гімназія, дзіцяча-юнацкая спартовая школы, школа мастацтваў. Да 2007 у Глыбокім была адзіная ў Віцебскай вобласьці меская беларускамоўная школа (СШ №3)[7].

[рэдагаваць] Культура

Дзейнічаюць дом культуры і цэнтар культуры, 2 бібліятэкі. Тут разьмяшчаецца філія Дзяржаўнага архіву Віцебскай вобласьці.

[рэдагаваць] Мас-мэдыя

У месьце выдаюцца газэты «Веснік Глыбоччыны» (да 1991 — «Сцяг камунізму», «Шлях Перамогі») і «Вольнае Глыбокае».

[рэдагаваць] Забудова

Згодна з генэральным плянам (1967) ва ўсходняй частцы Глыбокага ўтварыўся мікрараён, у заходняй сканцэнтраваліся прамысловыя прадпрыемствы. Места захавала радыяльнае плянаваньне, што склалася ў XVІІXVІІI стст.

[рэдагаваць] Эканоміка

Прадпрыемствы харчовай і дрэваапрацоўчай прамысловасьці.

[рэдагаваць] Транспарт

Праз Глыбокае праходзяць аўтамабільныя дарогі Р3 (Лагойск — Глыбокае — Браслаў), Р45 (Полацак — граніца Летувы), Р110 (Глыбокае — Паставы — Лынтупы).

Места мае рэгулярнае аўтобуснае злучэньне зь Мёрамі, Браславам, Шаркоўшчынай, Паставамі, Полацкам, Віцебскам, Менскам і Рыгай. Курсуюць пасажырскія цягнікі на Менск, Віцебск і Паставы, прымескае злучэньне з Каралеўшчынай, Паставамі, Лынтупамі.

[рэдагаваць] Турыстычная інфармацыя

Глыбокае — цэнтар турызму дзяржаўнага значэньня. З пач. ХХ ст. зьяўляецца цэнтрам ганчарнага рамяства, г. зв. «глыбоцкай керамікі»[8].

Дзейнічае Глыбоцкі гістарычна-этнаграфічны музэй. У музэі экспануюцца матэрыялы з гісторыі краю, пра ягоных знакамітых землякоў (авіяканструктара П. Сухога, мастака Я. Драздовіча, заснавальніка беларускага тэатру І. Буйніцкага, палітыка і гісторыка В. Ластоўскага і інш.). Дзейнічае дом паляўнічага. Спыніцца можна ў мескай гасьцініцы.

[рэдагаваць] Выдатныя мясьціны

Былы касьцёл кармэлітаў
Касьцёл Найсьв. Тройцы
  • Гаспадарчы двор Вітгенштэйнаў (XIX ст.)
  • Гістарычная забудова (кан. ХІХ — пач. ХХ стст.; фрагмэнты)
  • Забудова ў «Закапанскім» стылю (1920—1930-я)
  • Калёна ў гонар Канстытуцыі 3 траўня (кан. XVІІI ст.)
  • Капліца могілкавая (кан. XVІІI ст.)
  • Касьцёл і кляштар кармэлітаў (1639—1654, цяпер сабор Раства Прасьв. Багародзіцы БЭМП)
  • Касьцёл Найсьв. Тройцы (1764—1782)
  • Манастыр базылянаў Беразьвецкі (1756—1763)
  • Могілкі: польскія вайсковыя, габрэйскія, «Капцёўка» (брама, калічкі — XVІІI ст.)
Колішні кляштар кармэлітаў

[рэдагаваць] Страчаная спадчына

  • Кальвiнскi збор
  • Каплiца Сьв. Язафата
  • Мячэт
  • Палац Радзівілаў (XVІІI ст.; рэшткі будынка зьнішчылі ў 2005)
  • Сынагога (XVІІI ст.)
  • Царква Сьвв. Апп. Пятра й Паўла Беразьвецкая (1756—1763; грэка-каталіцкая)
  • Царква Сьв. Мiхала (XVІІI ст.; грэка-каталіцкая)
  • Царква Сьв. Тройцы (XVII ст.)

[рэдагаваць] Вядомыя асобы

Павел Сухі на паштовай марцы Беларусі

[рэдагаваць] Глядзіце таксама

[рэдагаваць] Крыніцы

  1. ^ Жучкевич В. А. Краткий топонимический словарь Белоруссии. — Мн.: Изд-во БГУ, 1974. С. 72.
  2. ^ a b c d Язэп Бунто. Глыбокае // Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / рэд. Г. П. Пашкоў і інш. Т. 1: Абаленскі — Кадэнцыя. — Мінск: Беларуская Энцыклапедыя, 2005. С. 539.
  3. ^ Язэп Бунто. Глыбокае // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 3: Гімназіі — Кадэнцыя / Беларус. Энцыкл.; Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн.: БелЭн, 1996. С. 51.
  4. ^ История на Глубокский районный исполнительный комитет
  5. ^ Głębokie // Słownik geograficzny Królestwa Polskiego i innych krajów słowiańskich. Tom II: Derenek — Gżack. — Warszawa, 1881. S. 600.
  6. ^ Глубокое // Большой энциклопедический словарь / Гл. ред. В. П. Шишков. — М.: НИ «Большая Российская энциклопедия», 1998. — 640 с.: ил. ISBN 5-85270-262-5.
  7. ^ На Віцебшчыне зьнікла апошняя беларускамоўная гарадзкая школа // «Наша Ніва», 27 жніўня 2007.
  8. ^ Глубокое // Туристская энциклопедия Беларуси / редкол. Г. П. Пашков [и др.]; под общ. ред. И. И. Пирожника. — Мн., 2007.

[рэдагаваць] Літаратура

[рэдагаваць] Вонкавыя спасылкі

Асабістыя прылады
Прасторы назваў

Варыянты
Дзеяньні
Навігацыя
Удзел
Інструмэнты
На іншых мовах