Канстытуцыя 3 траўня 1791 году

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Перайсьці да: навігацыі, пошуку
Арыгінальны рукапіс Канстытуцыі 3 траўня

Канстыту́цыя 3 траў́ня, афіцыйная назва «Ўрадавы закон» (па-польску: Ustawa Rządowa z dnia 3 maja) — канстытуцыя Рэчы Паспалітай, прынятая на паседжаньні Вялікага Сойму ў Варшаве 3 траўня 1791 году. Сойм увайшоў ў гісторыю польска-літоўскай дзяржавы пад назвай чатырохгадовага канфэдэратыўнага Сойму. «Урадавы закон» стаўся перамогай так званай «патрыятычнай партыі», якая аб’ядноўвала ў сваім складзе прыхільнікаў рэформаў дзяржаўнага ладу, і істотна карэктаваў сыстэму дзяржаўнага кіраваньня, сацыяльнае разьмежаваньне ў краіне, кардынальныя правы шляхты.

Перадумовы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

К. Вайнякоўскі. Прыняцьце Канстытуцыі 3 траўня

У кастрычніку 1788 году ў Варшаве быў скліканы Вялікі Сойм (пазьней атрымаў назву чатырохгадовага — з-за сваёй працягласьці). Расейская імпэрыя ў гэты час была ўцягнутая адначасова ў дзьве вайны — з Турцыяй і Швэцыяй. Гэта давала шанец прыхільнікам рэформаў правесьці пераўтварэньні ў краіне, пакуль галоўная «апякунка» Рэчы Паспалітай занятая іншымі справамі. Няспадзявана для самой сябе Кацярына ІІ згуляла на карысьць рэфарматараў, дазволіўшы злучыць Сойм у канфэдэрацыю, што аўтаматычна ліквідоўвала права «liberum veto». Да ўсяго гэтага дадаўся той факт, што прускі кароль Фрыдрых, у сваіх мэтах, падтрымаў «патрыятычную» партыю.

Супадзеньнем усіх гэтых абставінаў рэфарматары скарысталіся: ужо ў першы год дзейнасьці Сойму было павялічанае войска, ліквідавалася Пастаянная Рада — падкантрольны Расеі выканаўчы орган пры каралі, заключаны саюз з Прусіяй. У 1789 годзе ў межах гэтых рэформаў была створаная спэцыяльная «Дэпутацыя па зьмене формы дзяржаўнага кіраваньня» (па-польску: Deputacja do poprawy formy rzadu), якой было даручана распрацаваць новыя прынцыпы дзяржаўнага кіраваньня. У працэсе дзейнасьці Сойма выявілася супрацьстаяньне двух бакоў: «патрыётаў», якія імкнуліся да найбольш радыкальных рэформаў (адмена «Liberum Veto», спадчыннасьць трону, павелічэньне правоў мяшчанаў) і кансэрватараў, якія прытрыміваліся захаваньня старых гарантыяў шляхецкай вольнасьці.

Прыхільнікі рэформаў згуртаваліся вакол галоўных ідэолягаў «патрыятычнай» партыі — маршалка ВКЛ Ігната Патоцкага, ксяндза Гуга Калянтая, прымаса Патоцкага. Распрацоўка канстытуцыі ішла патаемна ў Радзівілаўскім палацы ў Варшаве, дзе зьбіраліся ўсе прыхільнікі пераменаў.

Пазыцыі патрыётаў умацаваліся, калі да заканчэньня тэрміна паўнамоцтваў сойму (Сойм склікаўся тэрмінам на 2 гады) «патрыятычнай партыі» атрымалася, з аднаго боку, дамагчыся падаўжэньня яго паўнамоцтваў яшчэ на два гады і, зь іншага боку, павялічыць склад пасольскай палаты ў 2 разы шляхам правядзеньня яе давыбараў.

У выніку праведзеных давыбараў атрымалася суадносіны сілаў у сойме зьмяніць на карысьць групоўкі «патрыятычнай партыі», і ўжо ў пачатку 1791 году соймам былі прынятыя два важныя законы — закон аб рэарганізацыі соймікаў (сакавік 1791 году) і закон аб гарадах і аб становішчы мяшчанаў (красавік 1791 году).

3 траўня 1791 году[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Ян Матэйка. Канстытуцыя 3 траўня

Нягледзячы на моцныя пазыцыі сваёй партыі ў Сойме, «патрыёты» баяліся, што прыхільнікі захаваньня шляхецкіх гарантыяў здолеюць заблякаваць прыняцьце Канстытуцыі. У такой сытуацыі было прынятае рашэньне прызначыць абвяшчэньне канстытуцыі на 3 траўня, за 2 дні да афіцыйнага пачатку паседжаньняў. Паслы, прыхільнікі рэформаў, патаемна прыбылі ў Варшаву ў той час, як большасьць паслоў яшчэ не вярнулася зь велікодных вакацыяў. Замак, дзе павінна было праходзіць паседжаньне, ахоўвала каралеўская варта. Усё гэта дае падставы некаторым дасьледчыкам параўноўваць прыняцьце канстытуцыі зь дзяржаўным пераваротам. Такім чынам, пры няпоўным складзе паслоў, канстытуцыя была абвешчаная.

Гэта выклікала пратэсты з боку рэакцыйнага лягера, але праз 2 дні пад ціскам шляхты і мяшчанства новая канстытуцыя афіцыйна была абвешчаная «Ўрадавым законам», і, акрамя таго, Сойм адмысловым законам усталяваў, што ўсе выступы і пратэсты супраць Канстытуцыі ня маюць ніякай сілы.

Зьмест Канстытуцыі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Канстытуцыя складалася з 11 пунктаў, у якіх апісваліся кардынальныя правы шляхты, сацыяльныя пытаньні, дзяржаўны лад Рэчы Паспалітай, пытаньні рэгентства і войска.

Кардынальныя правы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Пануючай рэлігіяй абвяшчалася каталіцтва. Пры гэтым для іншых веравызнаньняў дэкляраваліся ўсе вольнасьці і свабоды. Аднак пераход у іншую рэлігію каталіка забараняўся.

Шляхце Рэчы Паспалітай гарантаваліся ўсе свабоды і прывілеі, атрыманыя імі ад часоў Казіміра Вялікага і Вітаўта. Рыцырства прызнавалася найвышэшым саслоўем Рэчы Паспалітай і галоўным абаронцам Канстытуцыі.

Сацыяльныя пытаньні[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Гарады і мяшчанства атрымлівалі пашыраныя правы. Мяшчане атрымалi права карыстацца правам Neminem captivabimus («асабiстай недатыкальнасьцi»), атрымалi магчымасьць займаць духоўныя, сьвецкiя i вайсковыя пасады, набываць зямлю, шляхце ж было дазволена займацца мяшчанскiмi справамi. Каралеўскiя гарады атрымалi большае самакiраваньне, права дасылаць на Сойм прадстаўнiкоў («plenipotentow») да Скарбавай i Палiцэйскай камiсiяў з правам дарадчага голасу ў пытаньнях, што тычылiся гарадоў, гандлю і г. д. Атрымалi мяшчане i магчымасьць атрымаць шляхецкiя патэнты.

Сяляне, як асноўная працоўная сіла дзяржавы бралася пад апеку Ўраду, які гарантаваў, што ўсе дамовы заключаныя паміж шляхецтвам і сялянствам мусяць выконвацца.

Дзяржаўны лад[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Пункты з 5 па 8 апісвалі форму дзяржаўнага кіраваньня. Улада дзялілася на тры галіны: заканадаўчую, выканаўчую і судовую.

Заканадаўчая улада — Сойм, які дзяліўся на дзьве ізбы: пасольскую і сэнатарскую.

  • Сэнатарская ізба: складалася з ваяводаў, маршалкаў, біскупаў, міністраў і караля. Асноўная функцыя Сэнату — прыняцьце ці непрыняцьце законаў, якія прайшлі абмеркаваньне і былі падтрыманыя ніжэйшай ізбой. Сэнат меў права адзін раз адхіліць праект да наступнага Сойму. Другі раз ён абавязаны быў яго прыняць.
  • Пасольская ізба: складалася з прадстаўнікоў шляхты ўсіх паветаў Рэчы Паспалітай (па 2 прадстаўнікі ад кожнага павета). Асноўныя функцыі: распрацоўка і прыняцьце законаў — канстытуцыйных, грамадзянскіх, крымінальных; кантроль выканаўчай ўлады, выбраньне прадстаўнікоў на вышэйшыя дзяржаўныя пасады.

Сойм мусіў зьбірацца кожныя 2 гады. Пазачарговыя Соймы маглі зьбірацца ў выпадку пільнай неабходнасьці. Права «liberum veto» адмянялася.

Вокладка першага выданьня

Выканаўчая ўлада — «Варта законаў» (па-польску: Straż Praw) на чале з каралём. Асноўная функцыя выканаўчай ўлады — кантраляваць і арганізоўваць выкананьне прынятых Соймам пастановаў. «Варта законаў» ня мела права прымаць новыя ці зьмяняць старыя законы, абвяшчаць мір ці вайну, уводзіць ці адмяняць падаткі. «Варта» могла весьці часовыя перамовы з замежнымі прадстаўнікамі, а таксама вырашаць надзённыя справы, неабходныя для забесьпячэньня спакою ў краіне паміж Соймамі.

У адпаведнасьці з канстытуцыяй захоўвалася выбранасьць трону, але ў межах адной нязьменнай сям’і. Такім чынам быў знойдзены кампраміс паміж прыхільнікамі элекцыйнасьці і спадчынасьці трона. Першым прадстаўніком новай каралеўскай дынастыі абвяшчаўся Фрыдэрык Аўгуст Сас.

Асоба караля абвяшчалася сьвяшчэннай, але ні ў чым не адказнай. Кароль мусіў быць не самаўладцам, але бацькам народу. За каралём пакідалася кіраваньне ўзброенымі сіламі пад час вайны, а таксама намінаваньне афіцэраў, біскупаў, прызначэньне міністраў.

«Варта законаў» складалася з прымаса, пяці міністра — міністра паліцыі, пячаткі, скарбу пячаткі, справаў замежных, справаў вайсковых і 2 сакратароў. На паседжаньнях «Варты» мусіў прысутнічаць маршалак соймавы, бяз права голасу, для таго, каб у выпадку небясьпекі ці хваробы караля склікаць пазачарговы Сойм. «Варце закону» падпарадкоўваліся 4 камісіі: Вайсковая, Скарбу, Адукацыі і Паліцыі.

Судовая ўлада мела некалькі ўзроўняў:

  • Суды першай інстанцыі існавалі для кожнага павету і ствараліся для хуткага разгляду самых розных справаў. Наступнай інстанцыяй былі Галоўныя Трыбуналы, якія існавалі асобна для кожнай з трох правінцыяў (Вялікая Польшча, Малая Польшча, Літва). Судзьдзяў для судоў першай і другой інстанцыяў выбіралі на сойміках. Гэтыя суды займаліся толькі справамі шляхты;
  • Асобна стваралі суды для гарадоў у адпаведнасьці зь іхнімі правамі;
  • Рэфэрэндаўскія суды для кожнай правінцыі вырашалі пытаньні вольных сялянаў;
  • Суды задворныя асэсарскія, рэляцыйныя і курляндзкі захоўваліся;
  • Выканаўчыя камісіі мелі свае суды на месцах;
  • Найвышэшым судом для ўсіх саслоўяў прызнаваўся соймавы суд.

Апошнія пункты канстытуцыі былі прысьвечаныя рэгенцтву, выхаваньню каралеўскіх дзяцей і настаўленьню грамадзянаў паважаць сваё войска.

Пытаньне фэдэратыўнасьці Рэчы Паспалітай[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Дыскусійным пытаньнем застаецца тое, што ў тэксьце ні аднаго разу ня ўзгадваецца Вялікае княства Літоўскае і толькі 2 разы Рэч Паспалітая. У астатніх выпадках ужываецца назва краіны «Польшча». Гэта дае падставы сьцьвярджаць, што Канстытуцыя 3 траўня па сутнасьці ліквідоўвала Вялікае княства Літоўскае як асобную дзяржаву. Аднак сучасныя польскія гісторыкі мяркуюць, што адсутнасьць узгадак пра ВКЛ у тэксьце Канстытуцыі гаворць хутчэй, наадварот, пра вострую супярэчнасьць у гэтым пытаньні паміж літоўскімі і польскімі пасламі. Баючыся, што пытаньне ўніфікацыі можа пазбавіць Канстытуцыю падтрымкі паслоў ВКЛ, распрацоўшчыкі папросту абмінулі яго ў сваім праекце. Ускосным пацьверджаньнем гэтай вэрсіі зьяўляецца тое, што ВКЛ як асобны суб’ект Рэчы Паспалітай працягвала прысутнічаць і пасьля 3 траўня ва ўсіх дакумэнтах. А 20 кастрычніка 1791 году паміж ВКЛ і Польшчай былі падпісаныя «Узаемныя Заручыны абодвух народаў» (па-польску: Zaręczenie Wzajemne Obojga Narodów) — дакумэнт, дзе дакладна разьмяжоўваліся функцыі дзьвюх дзяржаваў.

Значэньне канстытуцыі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Канстытуцыя Рэчы Паспалітай 3 траўня 1791 году была другім у сьвеце канстытуцыйным законам такога выгляду пасьля Канстытуцыі ЗША 1787 году і першым у Эўропе.

Прыняцьце Канстытуцыі 3 траўня 1791 году, нягледзячы на яе абмежаваны характар, было ўсё ж прагрэсіўнай зьявай у жыцьці Рэчы Паспалітай, бо садзейнічала ліквідацыі фэадальнай анархіі, некалькі абмяжоўвала самаўпраўнасьць і магутнасьць магнатаў, прызнавала ў якасьці грамадзка-сацыяльнай сілы толькі ўзьнікаючую буржуазію.

Істотна адзначыць, што канстытуцыя так і не была да канца распрацаваная. Дакумэнт, прыняты 3 траўня павінен быў быць толькі пачаткам вялікай працы. У самой канстытуцыі ёсьць спасылкі на неабходнасьць дапрацоўкі. Гуга Каланта 5 траўня абвесьціў аб працы над эканамічнай канстытуцяй, якая так і не была завершаная.

Ліквідацыя Канстытуцыі 3 траўня[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Дзеяньні таргавіцкай канфэдэрацыі, падтрыманай адкрытай ваеннай інтэрвэнцыяй Расейскай імпэрыі, прывялі да адмены Канстытуцыі 3 траўня і ліквідацыі створаных на яе аснове органаў улады ў 1792 годзе. У сакавіку 1794 пачалося паўстаньне пад кіраўніцтвам Тадэвуша Касьцюшка, мэтамі якога было ўзнаўленьне тэрытарыяльнай цэласнасьці, сувэрэнітэту і Канстытуцыі 3 траўня, аднак увесну таго жа году яно было падаўлена. Пасьля падаўленьня паўстаньня ў 1795 адбыўся трэці падзел Рэчы Паспалітай (па дамове, заключанай паміж Расеяй, Прусіяй і Аўстрыяй) і канфэдэратыўная дзяржава (Польшча і Літва) на вызначаны час зьніклі з мапы Эўропы.

Глядзіце такскама[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Commons-logo.svg  Канстытуцыя 3 траўня 1791 годусховішча мультымэдыйных матэрыялаў

Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • Łojek J. Geneza i obalenie Konstytucji 3 maja. Lublin 1986, ISBN 83-222-0313-6
  • Lelewel J. Wybór pism historycznych. Wrocław, 2005
  • Kalinka W. Sejm Czteroletni. Kraków 1880. Ponowne wydanie W-wa. 1991
  • Бардах Юліуш. Штудыі з гісторыі Вялікага Княства Літоўскага. Мінск, 2002
  • Чудаков М. Ф. Конституция Речи Посполитой 3 мая 1791 г. Государственно-правовая характеристика. Минск 2005