Смаргонь
| Смаргонь | |||||
Былы кальвінскі збор, цяпер касьцёл |
|||||
|
|||||
| Першыя згадкі: | 1503 | ||||
| Горад з: | 6 ліпеня 1904 | ||||
| Былая назва: | Смургоні | ||||
| Вобласьць: | Гарадзенская | ||||
| Раён: | Смаргонскі | ||||
| Вышыня: | 150 м н. у. м. | ||||
| Насельніцтва: | 36 200 (2010) | ||||
| Часавы пас: | UTC+3 | ||||
| Тэлефонны код: | +375 1592 | ||||
| Паштовы індэкс: | 231000, 231041, 231042, 231044, 231045 | ||||
| Геаграфічныя каардынаты: | 54°29′ пн. ш. 26°24′ у. д. / 54.483° пн. ш. 26.4° у. д.Каардынаты: 54°29′ пн. ш. 26°24′ у. д. / 54.483° пн. ш. 26.4° у. д. | ||||
|
Смаргонь на мапе Беларусі
Смаргонь
|
|||||
| Афіцыйны сайт(рас.)(анг.) | |||||
Смарго́нь — места ў Беларусі, на рацэ Оксна і яе прытоку Гервятцы. Адміністрацыйны цэнтар Смаргонскага раёну Гарадзенскай вобласьці. Насельніцтва 36,9 тыс. чал. (2009). Знаходзіцца за 260 км на паўночны ўсход ад Горадні, за 115 км на паўночны захад ад Менску; чыгуначая станцыя на лініі Маладэчна — Вільня. Вузел аўтамабільных дарог на Маладэчна, Вільню, Крэва, Сьвір.
Зьмест |
Назва [рэдагаваць]
Існуе некалькі тлумачэньняў тапоніму «Смаргонь». Беларускі дасьледнік В. Жучкевіч лічыў, што назва места ўтварылася ад балцкага паняцьця, якое мае прыблізны сэнс: чаляднік, саматужнік, шорнік. Такім чынам яна адлюстроўвала род дзейнасьці жыхароў паселішча[1]. Мясцовыя краязнаўцы прытрымліваюцца іншых вэрсіяў[2]. Паводле адной зь іх, назва места пайшла ад злучэньня двух словаў — «морг» (адзінка плошчы роўная прыблізна 0,71 га) і «гоні» (дзялянка ворыва). Першыя ўладальнікі мястэчка Зяновічы быццам бы надзялялі сялянаў зямлёю плошчай ня большай за адзін морг. Таму гэтыя дзялянкі пачалі зваць «з морг гоні», г. зн. гоні велічынёю з морг. Існуе таксама вэрсія, паводле якой адзін з Радзівілаў адорваў дзялянкамі зямлі памерам з морг загоньнікаў, якія мелі посьпех на княжым паляваньні. Аднак Смаргонь перайшла ў валоданьне Радзівілаў толькі ў 1628, а назва вядомая з пачатку XVI ст. Паводле іншай папулярнай вэрсіі першыя жыхары паселішча гналі дзёгаць з выкарчаваных пры распрацоўцы дзялянак пнёў — г. зв. смар ці смур. Адсюль назва прафэсіі мясцовых жыхароў — «смарогоны» ці «смургоні».
За часамі Вялікага Княства Літоўскага паселішча мела назву Смургоні, цягам ХІХ ст. — Смаргоні[3].
Гісторыя [рэдагаваць]
- Асноўны артыкул: Гісторыя Смаргоні
Першыя пісьмовыя згадкі пра Смургоні як мястэчка, што ўваходзіла ў склад Віленскага ваяводзтва і знаходзілася ў валоданьні Зяновічаў[4], датуюцца XV ст. У 1503 тут збудавалі драўляны касьцёл Сьвятых Міхала і Аляксея, аднак ужо ў 1552 на месцы касьцёла Ю. Зяновіч збудаваў мураваны кальвінскі збор. Згодна з адміністрацыйна-тэрытарыльная рэформай (1565/66) Смургоні ўвайшлі ў склад Ашмянскага павету. У 1590 у мястэчку пачалі працаваць папяровая мануфактура, школа і шпіталь. Паперню на свае сродкі заснаваў Мікалай Багуслаў Зяновіч. На лістах прастаўляўся вадзяны знак у выглядзе гербу роду Зяновічаў — «Дэспат»[5].
Цягам XVII—XIX стст. вялікі распаўсюд у Смургонях атрымала вытворчасьць абаранак («смаргонак»), радзімай якіх яны лічацца. Станам на 1622 у мястэчку было 139 дымоў (у 1640 — 155)[4], працавалі 4 шынкі, папяровая, мукамольная і лесапільная мануфактуры. У выніку шлюбу Ганны Соф’і Зяновіч з Альбрэхтам Уладзіславам Радзівілам (1628) Смургоні амаль на 170 год перайшлі ў валоданьне роду Радзівілаў. Новыя ўладальнікі заснавалі ў мястэчку г. зв. «Смаргонскую акадэмію» [6]— жартоўная назва школы дрэсіроўкі мядзьведзяў. Асаблівую вядомасьць яна набыла пры Каралю Станіславе Радзівіле. Акадэмія праіснавала да канца ХVII ст., а паводле іншых крыніцаў — да пачатку ХIХ ст.[5]
Станам на 1788 у Смургонях было 393 двары[4], 22 сьвіраны; працавалі 30 крамаў, 4 карчмы, 3 вадзяныя млыны, цагельня, 2 бровары; два разы на тыдзень праводзіўся гандаль, а тры разы на рок — вялікія кірмашы.
У выніку трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай (1795) Смургоні апынуліся ў складзе Расейскай імпэрыі. У 1805 мястэчка перайшло да Багдана Агінскага, а крыху пазьней — да Караля Пшазьдзецкага — кіраўніка 18-га палку ўланаў у Напалеона.
У вайну 1812 году пры адступленьні францускіх войскаў у Смаргонях спыняўся Напалеон, перадаў камандаваньне маршалу І. Мюрату і зьехаў у Парыж; з таго часу дарогу Смаргонь — Ашмяны завуць Напалеонаўскай дарогай. Станам на 1830-я у мястэчку было адзінаццаць вуліцаў, 335 двароў, 43 сьвіраны; працавалі 46 крамаў, 3 бровары, 2 цагельні, бровар, некалькі гарбарных майстэрняў, мукамольнае, лесапільнае прадпрыемствы; дзейнічалі царква, касьцёл, сынагога; дзеці навучаліся ў трох школах. У 1842 Смаргоні перайшлі ў дзяржаўную ўласнасьць. У 1843 тут адкрылася сельская вучэльня на 58 вучняў. У 1873 празь мястэчка прайшла Лібава-Роменская чыгунка. Цягам 1879—1904 Смаргоні былі цэнтрам воласьці Ашмянскага павету Віленскай губэрні.
6 ліпеня 1904 Смаргонь атрымала статус места. У Першую сусьветную вайну цягам 1915—1918 яна знаходзілася на лініі расейска-нямецкага фронту, у выніку чаго места практычна поўнасьцю зруйнавалі. У 1920 Смаргонь апынулася ў складзе Сярэдняй Літвы, у 1922 — міжваеннай Польскай Рэспублікі.
У верасьні 1939 Смаргонь увайшла ў БССР, дзе ў 1940 зрабілася цэнтрам раёну. У Другую Сусьветную вайну з 25 чэрвеня 1941 да 5 ліпеня 1944 места знаходзілася пад нямецкай акупацыяй.
- Места на старых фатаздымках
Насельніцтва [рэдагаваць]

- XIX стагодзьдзе: 1859 — 2217 чал.[7]; 1866 — 2091 чал., у тым ліку 515 каталікоў, 369 праваслаўных, 78 эвангелістаў, 1229 юдаістаў[7]; 1881 — 6463 чал.[7]; 1897 — 7,5 тыс. чал.[8]; 1900 — 10,2 тыс. чал.
- XX стагодзьдзе: 1904 — 10 733 чал. (5287 муж. і 5446 жан.), у тым ліку 58 шляхцічаў, 11 ганаровых грамадзянаў, 12 прадстаўнікоў духавенства, 75 купцоў, 8990 мяшчанаў[9]; 1910 — 16,3 тыс. чал.; 1921 — 154 чал.[7]; 1940 — 5,1 тыс. чал.; 1959 — 6,5 тыс. чал.; 1970 — 10,1 тыс. чал.; 1975 — 12,6 тыс. чал.[10]; 1991 — 34,8 тыс. чал.[11]; 1999 — 36 209 тыс. чал.
- XXI стагодзьдзе: 2004 — 36,2 тыс. чал.; 2006 — 36,7 тыс. чал.; 2009 — 36,9 тыс. чал.
Адукацыя [рэдагаваць]
У Смаргоні маюцца наступныя ўстановы адукацыі:
- 8 установаў дашкольнай адукацыі (у тым ліку дзіцячыя санаторныі ясьлі-садок і дашкольны цэнтар разьвіцьця дзіцяці), навучальна-пэдагагічны комплекс дзіцячы садок — пачатковая агульнаадукацыйная школа;
- 6 агульнаадукацыйных сярэдніх школ (у тым ліку з паглыбленым вывучэннем замежных моваў, музычным і фізкультурна-аздараўленчым ухілам), гімназія, школа-інтэрнат для дзяцей-сіротаў і дзяцей, пакінутых без апекі бацькоў, агульнаадукацыйная вячэрняя сярэдняя школа, міжшкольны навучальна-вытворчы камбінат;
- Сацыяльна-пэдагагічны цэнтар і цэнтар карэкцыйна-разьвівальнага навучаньня і рэабілітацыі;
- Смаргонская дзяржаўная прафэсійна-тэхнічная вучэльня № 128 прыборабудаваньня (навучаньне па спэцыяльнасьцях: муляр, тынкоўшчык, сьлесар мэханазборачных працаў, сьлесар-рамонтнік, прадавец харчовых тавараў, апэратар станкоў з праграмным кіраваньнем).
Мэдыцына [рэдагаваць]
Мэдычныя паслугі надаюць лякарня і 2 паліклінікі.
Культура [рэдагаваць]
Дзейнічаюць 6 бібліятэк і дом культуры.
Спорт [рэдагаваць]
Аснову спартовую базу Смаргоні складае фізкультурна-аздараўленчы комплекс «Юнацтва», збудаваны ў 1981. У склад комплексу ўваходзіць гульнявая заля (42×18 м), плавальны басэйн (вялікая ванна — 440 м³, малая ванна — 48 м³), заля цяжкай атлетыкі, дзьве залі барацьбы, заля для гульні ў настольны тэніс і більярд, трэнажорная заля. Стадыён ФАК «Юнацтва» (3500 глядацкіх месцаў) мае ліцэнзію на правядзеньне міжнародных матчаў. Тут прайшлі некалькі матчаў моладзевай і юнацкай зборных Беларусі па футболе, рэгулярна праводзіць матчы чэмпіянату Рэспублікі Беларусь па футболе ў найвышэйшай лізе футбольны клюб «Смаргонь».
У месьце працуюць 3 дзіцяча-юнацкія спартовыя школы, у якіх займаецца 1195 чалавек (01.09.2008), зь іх 10 чалавек зьяўляюцца чальцамі Нацыянальных камандаў Рэспублікі Беларусь у розных відах спорту.
- «Смаргонская спэцыялізаваная дзіцяча-юнацкая школа Алімпійскага рэзэрву» (СДЮШАР-1) — адкрылся ў 1961, ад 2001 школе прысвоены цяперашні статус. Навучальна-трэнавальныя заняткі праводзяцца на базе ФАК «Юнацтва». Культывуюцца 3 віды спорту: баскетбол, дзюдо, цяжкая атлетыка. Вядомыя выхаванцы:
-
- Юлія Дурэйка, баскетбол — гулец Нацыянальнай зборнай Рэспублікі Беларусь, каманды: Надзея (Арэнбург, 2005—2008), Бярэзіна-РЦАР (Барысаў, з 2008).
- «Смаргонская дзіцяча-юнацкая спартовая школа па футболе» (ДЮСШ-2) — створаная ў 1999 на базе футбольнай сэкцыі ДЮСШ-1. Спартовая база: футбольнае поле 102×66 м, дзьве міні-футбольныя пляцоўкі 48×30 м, гульнявая заля ФАК «Юнацтва». Вядомыя выхаванцы:
-
- Леанід Ковель, футбол — гулец Нацыянальнай зборнай Рэспублікі Беларусь, каманды: Дынама (Менск, 2004—2006), Карпаты (Львоў, 2006—2008), Сатурн (Раменскае, з 2008).
- Алег Попель, футбол — каманды: Лякаматыў (Масква, 2000—2003), Гомель (2004—2005), МТЗ-РІПА (Менск, з 2005)
- «Смаргонская раённая дзіцяча-юнацкая спартовая школа прафсаюзаў» (ДЮСШ-3) — арганізаваная ў 2005 на базе лёгкаатлетычнай сэкцыі СДЮШАР-1. 651 навучэнец навучаецца ў 18 навучальна-трэнавальных групах і ў 37 групах пачатковай падрыхтоўкі па лёгкай атлетыцы. Вядомыя выхаванцы:
-
- Аляксандар Малашэвіч, кіданьне дыска — чалец Нацыянальнай зборнай Рэспублікі Беларусь па лёгкай атлетыцы, майстар спорту міжнароднай клясы, чэмпіён Эўропы сярод моладзі (1999), удзельнік Алімпійскіх гульняў у Атэнах (2004).
Эканоміка [рэдагаваць]
Прадпрыемствы машынабудаўнічай, мэталаапрацоўчай, харчовай, будаўнічых матэрыялаў, лёгкай прамысловасьці.
| Пералік прамысловых прадпрыемстваў Смаргоні |
|---|
|
Транспарт [рэдагаваць]
Праз Смаргонь праходзіць чыгунка Менск — Вільня (дзялянка Маладэчна — Гудагай), у межах места разьмяшчаецца прыпынкавы пункт «Моладзевы» і станцыя «Смаргонь».
У Смаргоні перасякаюцца рэспубліканскія аўтамабільныя дарогі:
- Р63 Барысаў — Вялейка — Ашмяны
- Р95 Лынтупы — Сьвір — Смаргонь — Крэва — Гальшаны
- Р106 Маладэчна — Смаргонь; пад’езд да места Смаргонь
Ад аўтавакзала места Смаргонь адпраўляюцца аўтобусныя рэйсы на 33 прымескія і 7 міжмескіх маршрутаў (Горадня, Сьвір, Камарова, Маладэчна, Менск, Баранавічы), праходзіць маршрут Паставы — Горадня. У самім месьце працуюць 12 маршрутаў пасажырскіх аўтобусаў: 9 — у рэгулярным злучэньні, 3 — у экспрэсным.
Турыстычная інфармацыя [рэдагаваць]
Працуе Смаргонскі гістарычна-краязнаўчы музэй (насамрэч гэта выстаўная заля, у якой час ад часу праходзяць прывазныя выставы). У месьце праводзіцца Міжнародны конкурс камэрных ансамбляў імя М. К. Агінскага[12].
Спыніцца можна ў гасьцініцы «Смаргонь». Ёсьць два дзяржаўныя рэстараны — «Рэзананс» і «Вілія», сталоўка «Страўня» (прыватная), бар «Спадар», некалькі кавярань.
Выдатныя мясьціны [рэдагаваць]
Найбольш вядомая славутасьць Смаргоні — колішні кальвінскі збор (цяпер касьцёл Сьв. Міхала Арханёла), помнік архітэктуры стылю рэнэсанс. Муры збору складаюць ад 1,8 да 3,0 мэтраў у таўшчыню. Будова вялася ў 1552—1553 гадох коштам ваяводы берасьцейскага Крыштапа Зяновіча. У 1866 годзе расейскія ўлады перарабілі касьцёл на царкву. Ад 1921 году зноў перайшоў да каталікоў. У 1947 годзе савецкія ўлады зачынілі касьцёл, па чым ён выкарыстоўваўся як крама, выстаўная заля і музэй. У 1990 годзе будынак перадалі каталікам. У наш час пры касьцёле дзейнічае Хрысьціянскі адукацыйны цэнтар.
Іншыя выдатныя мясьціны:
- Абарончыя ўмацаваньні часоў 1-й сусьветнай вайны (1915—1918)
- Могілкі каталіцкія: капліца
- Праваслаўная царква
Страчаная спадчына [рэдагаваць]
- Касьцёл (1911)
- Палац Пшазьдзецкіх
Месты-сябры [рэдагаваць]
Вядомыя асобы [рэдагаваць]
Ураджэнцы [рэдагаваць]
- Пётар Блум (1906—1992) — амэрыканскі мастак і скульптар
- Іда Гільман (Іда Мет) (1901—1973) — дзяячка руху анархізму
- Леанід Ковель (нар. 1986) — беларускі футбаліст
- Мойша Кульбак (1896—1940) — пісьменьнік на ідыш
- Уладзімер Някляеў (нар. 1946) — беларускі паэт і палітык
- Давід Разіэль (1910—1941) — камандзір габрэйскай падпольнай узброенай арганізацыі «Іргун цваі леумі»
- Ігар Рачкоўскі (нар. 1968) — беларускі вайсковы і дзяржаўны дзяяч
- Абрагам Суцкевэр (нар. 1913) — габрэйскі і польскі паэт і пісьменьнік
Жыхары [рэдагаваць]
- Расьціслаў Лапіцкі (1928—1950) — арганізатар і кіраўнік антыкамуністычнага падпольнага вучнёўскага руху на Мядзельшчыне і Смаргоншчыне ў 1948—1950 гадох
Крыніцы [рэдагаваць]
- ^ Жучкевич В. А. Краткий топонимический словарь Белоруссии. — Мн.: Изд-во БГУ, 1974. С. 353.
- ^ Шоць В. З часоў мінуўшчыны далёкай // «Светлы Шлях», 6 лістапада 1990.
- ^ Аляксандр Ганчароў. Смаргонь // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 6. Кн. 1: Пузыны — Усая / Беларус. Энцыкл.; Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (галоўны рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн.: БелЭн, 2001. С. 365.
- ^ а б в Смаргонь // Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / рэд. Г. П. Пашкоў і інш. Т. 2: Кадэцкі корпус — Яцкевіч. — Мінск: Беларуская Энцыклапедыя, 2005. С. 602.
- ^ а б Алесь Дубовік (27 ліпеня 2011) Народныя 100 дарог. Паўночныя Афіны Гродзенскай вобласці. TUT.BY. Праверана 27 ліпеня 2011 г.
- ^ Таццяна Кляшчонак. «Аб заснавальніку Смаргонскай Мядзведжай Акадэміі //«Рэгіянальная газета», 4 лютага 2000 г., № 5 (250)
- ^ а б в г Smorgonie // Słownik geograficzny Królestwa Polskiego i innych krajów słowiańskich. Tom X: Rukszenice — Sochaczew. — Warszawa, 1889. S. 915.
- ^ Аляксандр Ганчароў. Смаргонь // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 6. Кн. 1: Пузыны — Усая / Беларус. Энцыкл.; Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (галоўны рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн.: БелЭн, 2001. С. 366.
- ^ Район в ХХ веке на Сморгонский районнный исполнительный комитет
- ^ Сморгонь // Большая советская энциклопедия, 3-е изд.: в 30 т. / Гл. ред. А.М. Прохоров. — М.: Сов. энциклопедия, 1969—1978.
- ^ Сморгонь // Большой энциклопедический словарь / Гл. ред. В. П. Шишков. — М.: НИ «Большая Российская энциклопедия», 1998. — 640 с.: ил. ISBN 5-85270-262-5.
- ^ Сморгонь // Туристская энциклопедия Беларуси / редкол. Г. П. Пашков [и др.]; под общ. ред. И. И. Пирожника. — Мн., 2007.
Літаратура [рэдагаваць]
- Памяць: Гісторыка-дакументальная хроніка Смаргонскага раёна / Рэд. кал.: Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) і інш. — Мінск: БелЭн, 2004.— 640 с.
- Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 6. Кн. 1: Пузыны — Усая / Беларус. Энцыкл.; Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (галоўны рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн.: БелЭн, 2001. — 591 с.: іл. ISBN 985-11-0214-8.
- Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / рэд. Г. П. Пашкоў і інш. Т. 2: Кадэцкі корпус — Яцкевіч. — Мінск: Беларуская Энцыклапедыя, 2005. — 788 с.: іл. ISBN 985-11-0378-0.
- Smorgonie // Słownik geograficzny Królestwa Polskiego i innych krajów słowiańskich. Tom X: Rukszenice — Sochaczew. — Warszawa, 1889. S. 915.
- Ковкель И. И., Мараш И. Я. Сморгонь: Историко-экономический очерк. — Минск: Беларусь, 1984. — 63 с.
Вонкавыя спасылкі [рэдагаваць]
Смаргонь — сховішча мультымэдыйных матэрыялаў
- м. Смаргонь на Westki.info
- м. Смаргонь на Radzima.org
- Смаргонь.org — гарадзкі партал
- Справаздача аб экспэдыцыі ў Смаргонь (30 траўня — 1 чэрвеня 2008 году)
- «Рэгіянальная газета» он-лайн
|
||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||
|
||||||||