Жалудок
| Жалудок | |||||
Касьцёл Унебаўзяцьця Найсьв. Панны Марыі |
|||||
|
|||||
| Вобласьць: | Гарадзенская | ||||
| Раён: | Шчучынскі | ||||
| Пасялковы савет: | Жалудоцкі | ||||
| Насельніцтва: | 1,4 тыс. (2008) | ||||
| Тэлефонны код: | +375 151433XXX | ||||
| Паштовы індэкс: | 231506 | ||||
| Геаграфічныя каардынаты: | 53°36′ пн. ш. 24°59′ у. д. / 53.6° пн. ш. 24.983° у. д.Каардынаты: 53°36′ пн. ш. 24°59′ у. д. / 53.6° пн. ш. 24.983° у. д. | ||||
|
Жалудок на мапе Беларусі
Жалудок
|
|||||
Жалудок — мястэчка ў Беларусі, на рацэ Жалудзянка. Цэнтар пассавету Шчучынскага раёну Гарадзенскай вобласьці. Насельніцтва 1,4 тыс. чалавек (2008). Знаходзіцца за 22 км на ўсход ад Шчучына, за 7 км ад чыгуначнай станцыі Скрыбаўцы (лінія Масты — Ліда).
Зьмест |
[рэдагаваць] Назва
Паводле распаўсюджанага меркаваньня, тапонім «Жалудок» утварыўся ад асновы жолуд[1].
[рэдагаваць] Гісторыя
Упершыню Жалудок згадваецца ў 2-й пал. XV ст. як уладаньне вялікіх князёў. У 1486 паселішча атрымала статус мястэчка. У 1490 вялікі князь Казімер заснаваў тут касьцёл.
У пач. XVІ ст. Жалудок зрабіўся сталіцай павету Віленскага ваяводзтва (існаваў да 1567). Намесьнікамі жалудоцкімі былі: Марцін Храптовіч (1501—1508), Міхал Пацэвіч (паводле іншых звестак Мікалай Пацэвіч, 1510), Сымон Кібартавіч (1511), Васіль Палубінскі (1515—1533). Само паселішча ў розныя знаходзілася ў валоданьні Лацкіх, Сапегаў, Францкевічаў. У 1506 у часе татарскага нападу, тутэйшы касьцёл згарэў; у 1529 вялікі князь Жыгімонт Стары пацьвердзіў яму ўсе ранейшыя фундацыі і надаў новыя.
У 1682 Казімер і Аляксандра Фрацкевічы (паводле іншых зьвестак, жонка Казімера — Ганна з Нарушэвічаў) заснавалі ў Жалудку касьцёл і кляштар кармэлітаў «старых»[2]. Фундацыю на будаваньне кляштару сваёй пастановай пацьвердзіў Сойм у 1685. У 1690 існаваў Жалудоцкі ключ — вялікае зямельнае ўладаньне на абодвух берагах Нёмана з панскім дваром, мястэчкам, вёскамі, ворнымі землямі і лясамі. Ключ лічыў 226 дамоў і зьяўляўся адным з найбуйнейшых шляхецкіх уладаньняў у Панямоньні.
За часамі Вялікай Паўночнай вайны (1700—1721) у лютым 1706 у Жалудку знаходзілася галоўная кватэра караля Швэцыі Карла XII. У пач. XVІІІ ст. мястэчка перайшло ў валоданьне Тызэнгаўзаў. У гэты час Жалудок атрымаў барокавае плянаваньне і складаўся з палацава-паркавага ансамблю і сялібнага раёну, якія знаходзіліся на адлегласьці 1 км і зьвязваліся простай магістральлю[3]. Цэнтар паселішча меў эліпсавідны пляц з гандлёвымі радамі пасярэдзіне, раскошнай мураванай паўкруглай карчмой на лініі авала, 6 вуліцамі-прамянямі. Пэрыфэрыйная акружная траса ўтварала выразны васьмікутнік[4]. У мястэчку дзейнічалі школа і шпіталь.
У выніку трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай (1795) Жалудок апынуўся ў складзе Расейскай імпэрыі, дзе зрабіўся цэнтрам воласьці Лідзкага павету Віленскай губэрні. Станам на 1829 у мястэчку было 57 будынкаў (29 хрысьціянскіх і 28 юдэйскіх). У 1835 праз шлюб Германіцыі, дачкі Рудольфа Тызэнгаўза, палкоўніка артылерыі, зь Севярынам Урускім Жалудок перайоў да апошніх. Пазьней, калі Марыя Уруская (1853—1931) выйшла замуж за Ўладзімера Чацьвярцінскага (1837—1918), мястэчка апынулася ў валоданьні роду Сьвятаполк-Чацьвярцінскіх. У 1853—1854 тут збудавалі мураваны касьцёл. Станам на 1861 — 88 двароў, на 1863 — 88 жылых дамоў. У 1886 існавалі валасная ўправа, касьцёл, сынагога, габрэйскі малітоўны дом, 2 млыны, гарбарня, вінакурня, бровар, 23 крамы, 2 карчмы, 11 піцейных дамоў. На 1895 — 130 двароў. Паводле вынікаў перапісу (1897) — касьцёл, сынагога, малітоўны дом, народная вучэльня, 2 млыны, гарбарня, бровар, вінакурня, больш за 20 крамаў і 10 піцейных дамоў: праводзіліся таргі ў нядзелі і кірмаш.
За часамі Першай сусьветнай вайны ў 1915 Жалудок занялі нямецкія войскі, пазьней — бальшавікі. Цягам 1919—1920 мястэчка знаходзілася пад польскай уладай. Згодна з Рыскай мірнай дамовай (1921) Жалудок апынуўся ў складзе міжваеннай Польскай Рэспублікі, дзе зрабіўся цэнтрам гміны Лідзкага павету Наваградзкага ваяводзтва. У гэты час у мястэчку было 274 будынкі, гмінная ўправа, касьцёл, лякарня, пошта; аднайменны фальварак лічыў 14 пабудоваў.
У 1939 Жалудок увайшоў у БССР, дзе 15 студзеня 1940 атрымаў афіцыйны статус пасёлку гарадзкога тыпу і зрабіўся цэнтрам раёну (існаваў да 1962). Станам на 1940 у мястэчку было 2 электрастанцыі, вінакурны завод, паравы млын, часальня воўны, 3 гарбарні, дом культуры, 2 няпоўныя сярэднія школы, амбуляторыя, радзільны дом, лякарня на 40 ложкаў, аптэка, паштова-тэлеграфная кантора, вэтэрынарны пункт. У Другую сусьветную вайну з 27 чэрвеня 1941 да 12 ліпеня 1944 Жалудок знаходзіўся пад нямецкай акупацыяй. На 1 студзеня 2001 — 421 двор.
- Мястэчка на старых фатаздымках
[рэдагаваць] Насельніцтва
- XIX стагодзьдзе: 1829 — 311 чал., у тым ліку 146 хрысьціянаў і 165 юдэяў[5]; 1861 — 581 чал.; 1863 — 581 чал.; 1895 — 674 чал.[6]; 1897 — 1860 чал.[7], у тым ліку 1372 юдэі
- XX стагодзьдзе: 1905 — 1969 чал.; 1909 — 1969 чал.; 1919 — 1557 чал.; 1921 — 1552 чал. у мястэчку Жалудок і 242 чал. у фальварку Жалудок; 1940 — 2436 чал.; 1971 — 2,1 тыс. чал.: 1993 — 1,8 тыс. чал.[2]
- XXI стагодзьдзе: 1 студзеня 2001 — 1630 чал.[8]; 2006 — 1,5 тыс. чал.[9]; 2007 — 1,4 тыс. чал.; 2008 — 1,4 тыс. чал.
[рэдагаваць] Інфраструктура
У Жалудку працуюць мэдычная вучэльня, сярэдняя і музычная школы, дашкольная ўстанова, лякарня, дом культуры, 2 бібліятэкі, пошта.
[рэдагаваць] Эканоміка
Прадпрыемствы сацыяльна-побытавага абслугоўваньня.
[рэдагаваць] Турыстычная інфармацыя
[рэдагаваць] Выдатныя мясьціны
- Касьцёл Унебаўзяцьця Найсьв. Панны Марыі (1854)
- Могілкі габрэйскія
- Палацава-паркавы комплекс Сьвятаполкаў-Чацьвярцінскіх (пач. ХХ ст.)
- Сынагога (пач. ХХ ст.)
[рэдагаваць] Вядомыя асобы
- Вольга Галіна (Александроўская) (1899—1980) — беларуская акторка
- Канстантын Тызэнгаўз (1786—1853) — навуковец-арнітоляг
- Валеры Антоні Ўрублеўскі (1836—1908) — дзяяч нацыянальна-вызвольнага руху
[рэдагаваць] Крыніцы
- ^ Жучкевич В. А. Краткий топонимический словарь Белоруссии. — Мн.: Изд-во БГУ, 1974. С. 122.
- ^ a b Валеры Шаблюк. Жалудок // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 1: А — Беліца / Беларус. Энцыкл.; Рэдкал.: М. В. Біч і інш.; Прадм. М. Ткачова; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн.: БелЭн, 1993. С. 363.
- ^ Соркіна I. Мястэчкі Беларусі ў канцы ХVІІІ — першай палове ХІХ ст. — Вільня: ЕГУ, 2010. С. 315.
- ^ Соркіна I. Мястэчкі Беларусі ў канцы ХVІІІ — першай палове ХІХ ст. — Вільня: ЕГУ, 2010. С. 316.
- ^ Іна Соркіна. Мястэчкі Лідскага ўезда ў XIX — пачатку ХХ ст. // Ліда і Лідчына: да 685-годдзя з дня заснавання горада: матэрыялы рэспуб. навук.-практ. канф., (Ліда, 3 кастр. 2008 г.) / рэдкал.: Худык А. П. (гал. рэд.). — Ліда, 2008.
- ^ Żołudek // Słownik geograficzny Królestwa Polskiego i innych krajów słowiańskich. Tom XIV: Worowo — Żyżyn. — Warszawa, 1895. S. 827.
- ^ Żołudek // Napoleon Rouba. Przewodnik po Litwe i Białejrusi. — Wilno, 1909; — Gdańsk, 1995.
- ^ Памяць: Гіст.-дакум. хроніка Шчучынскага раёна. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя, 2001.
- ^ Желудок // Туристская энциклопедия Беларуси / редкол. Г. П. Пашков [и др.]; под общ. ред. И. И. Пирожника. — Мн., 2007.
[рэдагаваць] Літаратура
- Памяць: Гіст.-дакум. хроніка Шчучынскага раёна. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя, 2001.— 592 с.: іл. ISBN 985-11-0218-0.
- Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 3: Гімназіі — Кадэнцыя / Беларус. Энцыкл.; Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн.: БелЭн, 1996. — 527 с.: іл. ISBN 985-11-0041-2.
- Соркіна I. Мястэчкі Беларусі ў канцы ХVІІІ — першай палове ХІХ ст. — Вільня: ЕГУ, 2010.— 488 с. ISBN 978-9955-773-33-7.
- Żołudek // Słownik geograficzny Królestwa Polskiego i innych krajów słowiańskich. Tom XIV: Worowo — Żyżyn. — Warszawa, 1895. S. 827—828.
- Michał Szymielewicz. Szkice do monografii Żołudka // «Ziemia lidzka» № 4 (62), 2004.
[рэдагаваць] Вонкавыя спасылкі
Жалудок — сховішча мультымэдыйных матэрыялаў
| Жалудоцкі пасялковы савет | |
|---|---|
| Цэнтар савету |
Жалудок
|
| Пасёлак | |
| Вёскі |
Ашмянцы · Барцякі · Баяры Жалудоцкія · Баяры Лябёдзкія · Бранцы · Ваўкавічы · Вялікае Сяло · Дубрава · Дубялі · Зара Камунізму · Зенюкі · Карсакі · Кукіні · Купры · Логвіны · Лябёдка · Малое Сяло · Мацеўчукі · Мінотавічы · Саваўшчына · Скерсі · Талачкі · Фарны Канец
|
| Шчучынскі раён | |
|---|---|
| Горад / Места | |
| Мястэчкі |
Астрына · Жалудок
|
| Адміністрацыйна-тэрытарыяльныя адзінкі базавага ўзроўню | |
| Месты і мястэчкі гістарычнай Лідчыны | |
|---|---|
| — ¹ У дужках прыводзіцца час атрыманьня Магдэбурскага права; — ² Вылучаным пазначаюцца месты | |