Эйшышкі
| Эйшышкі | |||||
| Eišiškės | |||||
Касьцёл Ушэсьця Гасподняга |
|||||
|
|||||
| Першыя згадкі: | 1384 | ||||
| Павет: | Віленскі | ||||
| Мэр: | Тадэвуш Зімінскі | ||||
| Насельніцтва: | 3575 (2010) | ||||
| Часавы пас: • летні час: |
UTC+2 UTC+3 |
||||
| Тэлефонны код: | 380 | ||||
| Паштовы індэкс: | LT-17116 | ||||
| Геаграфічныя каардынаты: | 54°10′10″ пн. ш. 24°59′50″ у. д. / 54.16944° пн. ш. 24.99722° у. д.Каардынаты: 54°10′10″ пн. ш. 24°59′50″ у. д. / 54.16944° пн. ш. 24.99722° у. д. | ||||
|
Эйшышкі на мапе Летувы
Эйшышкі
|
|||||
Эйшы́шкі (па-летувіску: Eišiškės) — места ў Летуве, на рацэ Вярсока. Уваходзяць у склад Салечніцкага раёну Віленскага павету. Насельніцтва 3575 чал. (2010). Знаходзяцца за 33 км ад Салечнікаў, за 70 км на паўднёвы захад ад Вільні, каля граніцы з Беларусьсю; на аўтамагістралі Вільня — Горадня.
Эйшышкі — даўняе магдэбурскае мястэчка гістарычнай Лідчыны (частка Віленшчыны), на беларускай этнічнай тэрыторыі.
Зьмест |
Назва [рэдагаваць]
Паводле паданьня з Хронікі Быхаўца тапонім «Эйшышкі»[1] ўтварыўся ад імя мітычнага князя жамойцкага Эйкшыса[2]. Варыянты назвы паселішча ў гістарычных крыніцах: Wesisken і Eykschissken (1384), Eyksiskindorfee (1387), Eyxyszki (1492), Ejszyszki (1400), Ейшышки (1470).
Гісторыя [рэдагаваць]
Першы пісьмовы ўспамін пра Эйшышкі датуецца 1384 і зьмяшчаецца ў дамове паміж вялікім князем Вітаўтам і Тэўтонскім ордэнам. Тым часам паводле сьведчання гісторыка і этнографа першай паловы XIX ст. Ёсіфа Ярашэвіча, на габрэйскіх могілках мястэчка знаходзіўся надмагільны камень з надпісам 1170. У 1398 у Эйшышках збудавалі першы касьцёл. З 1524 дзейнічала школа.
За часамі Трынаццацігадовай вайны (1654—1667) у 1655 Эйшышкі захапіла і ўшчэнт зруйнавала войска Маскоўскай дзяржавы, другі раз мястэчка спалілі швэды ў Вялікую Паўночную вайну.
У XVII ст. кароль і вялікі князь Ян Сабескі надаў Эйшышкам Магдэбурскае права і герб[3] (адноўленае Станіславам Аўгустам у 1792). Празь мястэчка праходзіў важны гандлёвы шлях зь Вільні ў Кракаў. Станам на 1738 тут было 56 будынкаў. У 2-й пал. XVIII ст. існавалі школа і ратуша. У 1791 Эйшышкі зрабіліся цэнтрам павету Віленскага ваяводзтва (з 1793 у Мерацкім ваяводзтве)[4].
У выніку трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай (1795) Эйшышкі апынуліся ў складзе Расейскай імпэрыі, у Лідзкім павеце Віленскай губэрні. Станам на 1814 у мястэчку было 67 будынкаў, на 1829 — 101 (18 хрысьціянскіх і 83 юдэйскія), на 1863 — 103. У 1866 працавалі 4 бровары, 2 гарбарні, вадзяны млын. У XIX ст. каля Эйшышак дзейнічала тэлеграфная станцыя на лініі Варшава — Санкт-Пецярбург. У 1847—1852 паводле праекту Тэадора Нарбута тут збудавалі мураваны касьцёл Ушэсьця Гасподняга. Паводле зьвестак за 1852—1853 у Эйшышках налічвалася 40 цэхавых рамесьнікаў і найбольшая сярод мястэчак Лідчыны колькасьць рамесных спэцыяльнасьцяў.
У Першую сусветную вайну Эйшышкі занялі нямецкія войскі. Увосень 1918 тут сфармавалася самаабарона — польская вайсковая арганізацыя, мэтай якой была абарона мястэчка ад бальшавікоў. Узначаліў яе капітан Казімер Ільцэвіч[5]. 7 чэрвеня 1919 Эйшышкі разам з усім Лідзкім паветам увайшлі ў склад Віленскай акругі Грамадзянскай Управы Ўсходніх Земляў — часовай польскай адміністрацыйнай адзінкі[6]. Урад Беларускай Народнай Рэспублікі фармальна лічыў мястэчка часткай сваёй тэрыторыі, як і бальшавікі — часткай БССР.
Згодна з Рыскай мірнай дамовай (1921) Эйшышкі апынуліся ў складзе міжваеннай Польскай Рэспублікі, дзе зрабіліся цэнтрам гміны. За польскім часам мястэчка называлі «Віленкім прадмесьцем», бо перакупнікі зь Вільні прыязджалі сюды набываць разнастайныя прадукты[7].
У 1939 Масква перадала Эйшышкі Летуве. 3 жніўня 1946 паселішча атрымала статус места. У 1950 Эйшышкі зрабіліся цэнтрам раёну (з 1972 у Салечніцкім раёне).
Насельніцтва [рэдагаваць]

- XIX стагодзьдзе: 1820 — 333 чал.; 1829 — 797 чал., зь іх 75 хрысьціянаў і 722 юдэі[8]; 1863 — 706 чал.; 1866 — 715 чал., зь іх 89 каталікоў, 16 праваслаўных, 610 юдэяў[9]; 1869 — 741 чал.[10]; 1885 — 706 чал.[11]; 1897 — 3196 чал., у тым ліку 2376 юдэяў
- XIX стагодзьдзе: 1905 — 2448 чал.; 1921 — 2382 чал.; 1938 — 3188 чал.; 1959 — 2532 чал.; 1970 — 3481 чал.; 1974 — 3600 чал.; 1976 — 3700 чал.; 1979 — 3467 чал.; 1989 — 3789 чал.
- XXI стагодзьдзе: 2001 — 3765 чал.; 2010 — 3575 чал.
Адукацыя [рэдагаваць]
У Эйшышках працуюць 3 сярэднія, музычная і спартовая школы, дашкольныя установы.
Культура і спорт [рэдагаваць]
Дзейнічаюць бібліятэка, 2 спартовыя залі.
Турыстычная інфармацыя [рэдагаваць]
Выдатныя мясьціны [рэдагаваць]
- Гістарычная забудова (XIX — пач. XX стст.; фрагмэнты)
- Замчышча
- Касьцёл Ушэсьця Гасподняга (1847—1852)
Страчаная спадчына [рэдагаваць]
- Ратуша (XVIII ст.)
Галерэя [рэдагаваць]
- Краявіды Эйшышак
Месты-сябры [рэдагаваць]
Цікавыя факты [рэдагаваць]
- У паваенны час у Эйшышках працаваў беларускі ксёндз Уладзіслаў Чарняўскі
- У 2004 каля Эйшышак пагранічнікі выявілі трубаправод рэкорднай даўжыні — 3 км, прызначаны для кантрабанды сьпірту зь Беларусі ў Летуву[12].
Крыніцы [рэдагаваць]
- ^ Эйшышкі // Слоўнік беларускай мовы (клясычны правапіс) / Уклад. калектыў супрацоўнікаў выдавецтва «Наша Ніва». — Наша Ніва, 2001.
- ^ Хроніка Быхаўца
- ^ Уладзімер Міхневіч. Эйшышкі — на старадаўнім тракце зь Вільні ў Кракаў праз Варшаву // «Беларуская рэдакцыя Польскага Радыё», 10 красавіка 2009.
- ^ Эйшышкскі павет // Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / рэд. Г. П. Пашкоў і інш. Т. 2: Кадэцкі корпус — Яцкевіч. — Мінск: Беларуская Энцыклапедыя, 2005. С. 767.
- ^ Lech Wyszczelski. Wojna polsko-rosyjska 1919—1920. Wyd. 1. — Warszawa: Bellona, 2010. S. 47-48.
- ^ Dz. Urz. ZCZW z 1919 r. Nr 5, poz. 41.
- ^ Мірон Брaніслаў Нарбут. Ліда і лідзяне // «Zіemіa Lіdzka», 1997.
- ^ Іна Соркіна. Мястэчкі Лідскага ўезда ў XIX — пачатку ХХ ст. // Ліда і Лідчына: да 685-годдзя з дня заснавання горада: матэрыялы рэспуб. навук.-практ. канф., (Ліда, 3 кастр. 2008 г.) / рэдкал.: Худык А. П. (гал. рэд.). — Ліда, 2008.
- ^ Ejszyszki // Słownik geograficzny Królestwa Polskiego i innych krajów słowiańskich. Tom XI: Sochaczew — Szlubowska Wola. — Warszawa, 1890. S. 319.
- ^ Соркіна I. Мястэчкі Беларусі ў канцы ХVІІІ — першай палове ХІХ ст. — Вільня: ЕГУ, 2010. С. 380.
- ^ Эйшишки // Географическо-статистический словарь Российской империи. T. 5: Таарджалъ — Яя. — СПб, 1885. С. 849.
- ^ Тацяна Поклад. Памежнікі знайшлі яшчэ адзін сьпіртавод на беларуска-літоўскай мяжы // «Радыё Свабода», 13 красавіка 2005.
Літаратура [рэдагаваць]
- Соркіна I. Мястэчкі Беларусі ў канцы ХVІІІ — першай палове ХІХ ст. — Вільня: ЕГУ, 2010.— 488 с. ISBN 978-9955-773-33-7.
- Ejszyszki // Słownik geograficzny Królestwa Polskiego i innych krajów słowiańskich. Tom XI: Sochaczew — Szlubowska Wola. — Warszawa, 1890. S. 319—320.
Вонкавыя спасылкі [рэдагаваць]
Эйшышкі — сховішча мультымэдыйных матэрыялаў
|
||||||||