Тэлеграф

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Перайсьці да: навігацыі, пошуку

Тэлегра́ф (па-грэцку: tele — «далёка» + grapho — «пішу») — прыстасаваньне для перадачы інфармацыі, пераважна тэкставай на вялікія адлегласьці.

Аптычны тэлеграф[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Аптычны тэлеграф

У 1792 годзе ў Францыі Клод Шап стварыў сыстэму перадачы бачнай інфармацыі, якая атрымала назву «Аптычны тэлеграф». У звыклым выглядзе гэта быў ланцуг аднолькавых будынкаў, з разьмешчанымі на дахах тычкамі з рухомымі папярочкамі, якія будаваліся ў межах бачнасьці адно ад другога. Тычкі з рухомымі папярочкамі — сэмафор — кіраваліся пры дапамозе тросаў апэратарамі ў будынках. Шап стварыў табліцу кодаў, дзе кожнай літары альфабэту адпавядала вызначаная фігура, якая ўтваралася сэмафорам у залежнасьці ад становішча папярочак адносна тычкі. Сыстэма Шапа дазваляла перадаваць паведамленьні на хуткасьці два словы за хвіліну і хутка распаўсюдзілася па Эўропе. У Швэцыі ланцуг станцыяў аптычнага тэлеграфа дзейнічаў да 1880 году.

Электрычны тэлеграф[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Telegrafo.png

Адна зь першых спроб стварыць сродак сувязі з выкарыстаньнем электрычнасьці адносіцца да другой паловы XVIII стагодзьдзя, калі Лесаж у 1774 годзе пабудаваў у Жэнэве электрастатычны тэлеграф. У 1798 годзе гішпанскі вынаходнік Франсыска дэ Сальва стварыў уласную канструкцыю электрастатычнага тэлеграфа. Потым, у 1809 годзе нямецкі вучоны Самуіл Томас Земерынг пабудаваў электрахімічны тэлеграф.

Першы электрамагнітны тэлеграф стварыў расейскі вучоны Павел Шылінг у 1832 годзе. Ён распрацаваў код, у якім кожнай літары альфабэту адпавядала камбінацыя сымбаляў, якая магла праяўляцца чорнымі і белымі кругамі на тэлеграфным апараце. Пазьней электрамагнітны тэлеграф быў пабудаваны ў Нямеччыне Карлям Гаўсам і Вільгельмам Вэберам (1833), у Вялікабрытаніі — Кукам і Ўітсанам (1837), а ў ЗША электрамагнітны тэлеграф быў запатэнтаваны Морзэ ў 1837 годзе. Тэлеграфныя апараты Шылінга, Гаўса-Вэбера, Кука-Ўітсана адносяцца да электрамагнітных апаратаў стрэлачнага тыпа, а апарат Морзэ да электрамэханічных. Вялікай заслугай Морзэ зьяўляецца вынаходніцтва тэлеграфнага кода, дзе літары альфабэту прадстаўлены камбінацыяй кропак і працяжнікаў (код Морзэ). Камэрцыйнае выкарыстаньне электрычнага тэлеграфа было пачата ў Лёндане ў 1837 годзе, а ў 1858 годзе была наладжаная праца першай трансатлянтычнай тэлеграфнай лініі, што дазволіла злучыць тэлеграфнай сувязьзю ЗША і Вялікабрытанію.

Фотатэлеграф[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У 1843 годзе брытанскі фізык Аляксандар Бэйн запатэнтаваў сваю канструкцыю электрычнага тэлеграфа, якая дазваляла перадаваць выявы па дроце. Апарат Бэйна лічыцца першай факс-машынай. У 1855 годзе італьянскі вынаходнік Джавані Казэлі стварыў аналягічную прыладу, якую назваў «пантэлеграф» і прапанаваў яго для камэрцыйнага выкарыстаньня.

Бяздротавы тэлеграф[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

7 траўня 1895 году расейскі навукоўца Аляксандар Папоў на паседжаньні Расейскага фізыка-хімічнага таварыства прадэманстраваў прыладу, якую ён назваў «навальніцаадметчык», які рэгістраваў электрамагнітныя хвалі. Гэта прылада лічыцца першым радыёпрыймальнікам. У 1897 годзе пры дапамозе апаратаў бяздротавай тэлеграфіі Папоў ажыцьцявіў прыём і перадачу паведамленьняў паміж берагам і вайсковым караблём. У 1899 годзе Папоў мадэрнізаваў свой апарат, цяпер прыём сыгналаў (кодам Морзэ), ажыцьцяўляўся на слухаўкі апэратара.

У 1896 годзе ў Вялікабрытаніі італьянец (маці ірляндка) Гільерма Марконі падаў патэнт «аб удасканаленьнях апарата бяздротавай сувязі». У 1901 годзе Марконі здолеў атрымаць першы сынгал бяздротавага тэлеграфа праз Атлянтычны акіян.

Апарат Бадо[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У 1872 годзе францускі вынаходнік Жан Бадо стварыў тэлеграфны апарат шматразовага дзеяньня, які мог перадаваць па адным дроце два і болей паведамленьні ў адзін бок. Акрамя таго ён стварыў тэлеграфны код (код Бадо), які потым атрымаў сусьветнае распаўсюджваньне і атрымаў назву Міжнародны тэлеграфны код №1 (ІТА1). Мадыфікаваная вэрсія МТК №1 атрымала назву МТК №2 (ІТА2). Далейшае разьвіцьцё тэлеграфнага апарата Бадо прывяло да ўзьнікненьня тэлепрынтараў (тэлетайпаў). У гонар Бадо атрымала назву адзінка хуткасьці перадачы інфармацыі — Бод.

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Commons-logo.svg  Тэлеграфсховішча мультымэдыйных матэрыялаў