Дунілавічы

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі.
Перайсьці да: навігацыі, пошуку
Дунілавічы
Касьцёл Найсьв. Тройцы
Касьцёл Найсьв. Тройцы
Першыя згадкі: 1473
Вобласьць: Віцебская
Раён: Пастаўскі
Сельсавет: Дунілавіцкі
Насельніцтва: 785 (2001)
Тэлефонны код: +375 2155
Паштовы індэкс: 211854
Геаграфічныя каардынаты: 55°04′31″ пн. ш. 27°14′30″ у. д. / 55.07528° пн. ш. 27.24167° у. д. / 55.07528; 27.24167Каардынаты: 55°04′31″ пн. ш. 27°14′30″ у. д. / 55.07528° пн. ш. 27.24167° у. д. / 55.07528; 27.24167
Дунілавічы на мапе Беларусі
Дунілавічы
Дунілавічы
Дунілавічы
Commons-logo.svg Галерэя здымкаў у Wikimedia Commons

Дуні́лавічы — вёска ў Беларусі, на рацэ Заражанка. Цэнтар сельсавету Пастаўскага раёну Віцебскай вобласьці. Насельніцтва 785 чал. (2001). Знаходзіцца за 27 км на ўсход ад Паставаў, за 9 км ад чыгуначнай станцыі Варапаева.

Дунілавічы — даўняе мястэчка гістарычнай Ашмяншчыны (частка Віленшчыны)

Зьмест

[рэдагаваць] Гісторыя

Першы пісьмовы ўспамін пра Дунілавічы як уладаньне князёў Гальшанскіх датуецца 1473. У 1555, паводле тэстамэнту апошняга ўладальніка, мясьціна перайшла да вялікага князя Жыгімонта Аўгуста. Пад 1556 Дунілавічы згадваюцца як мястэчка. Згодна з адміністрацыйна-тэрытарыяльнай рэформай (15651566) яны ўвайшлі ў склад Ашмянскага павету Віленскага ваяводзтва. Цягам 15671577 Дунілавічы знаходзіліся ў валоданьні Мікалая Крыштапа Радзівіла, пазьней перайшлі да Долмат-Ісайкоўскіх.

У 1624 Крыштап Белазор разам з жонкай заснавалі ў Дунілавічах мураваны касьцёл, пры якім пачаў дзейнічаць дамініканскі кляштар (1683). Пазьней мястэчкам валодалі Бжаздоўскія, Янішэўскія. 7 верасьня 1729 і 10 студзеня 1765 Дунілавічы атрымалі прывілеі каралёў і вялікіх князёў Аўгуста Моцнага і Станіслава Аўгуста Панятоўскага.

У выніку другога падзелу Рэчы Паспалітай (1793) Дунілавічы апынуліся ў складзе Расейскай імпэрыі, у Вялейскім павеце Менскай, з 1843 Віленскай губэрні. Ад Янішэўскіх мясьціна перайшла да Тышкевічаў.

У 1861 Дунілавічы зрабіліся цэнтрам воласьці. Па здушэньні нацыянальна-вызвольнага паўстаньня расейскія ўлады гвалтоўна перарабілі касьцёл Найсьв. Тройцы на царкву Маскоўскага патрыярхату. Станам на 1886 у Дунілавічах дзейнічалі праваслаўная царква, касьцёл, 2 габрэйскія малітоўныя дамы; працавалі народная вучэльня, 8 крамаў, 4 карчмы, вадзяны млын з сукнавальняй; праводзіліся кірмашы 6 студзеня і 1 кастрычніка, таргі ў нядзелю.

Касьцёл па мураўёўскай перабудове

Згодна з Рыскай мірнай дамовай (1921) Дунілавічы апынуліся ў складзе міжваеннай Польскай Рэспублікі, дзе зрабіліся цэнтрам павету Наваградзкага, з 1922 Віленскага ваяводзтва. У зьвязку зь пераносам павятовага цэнтру павет перайменавалі ў Пастаўскі. У 1927 мястэчка зноў зрабілася цэнтрам Дунілавіцкага павету. У 1920-я ў Дунілавічах працавалі лесапільня, цагельня, млын, кузьня, піларама, ткацкі цэх, фарбавальня, гадзіньнікавая, абутковая і швацкая майстэрні, кнігарня, пераплётня, банкі, амбуляторыя, аптэка, лямбард, гатэль, рэстарацыя, кулінарыя, чарачная, піўная; дзейнічалі касьцёл, 3 сынагогі, вышэйшая габрэйская і агульнаадукацыйная школы; мелася вытворчасьць дываноў, пашыў жаночага адзеньня, шапак, выраб скураў, каапэратыўны гандаль коньмі, спажывецкімі таварамі і інш.; практыкаваў адвакат, натарыюс, судовы выканаўца, дантыст, вэтэрынар. Найбуйнейшым зямельным уладальнікам быў граф Юзэф Тышкевіч (1064 дзесяціны зямлі).

У 1939 Дунілавічы ўвайшлі ў БССР, дзе 15 студзеня 1941 атрымалі афіцыйны статус гарадзкога пасёлку і зрабіліся цэнтрам раёну Вялейскай вобласьці. У Другую сусьветную вайну з 4 ліпеня 1941 да 4 ліпеня 1944 мястэчка знаходзілася пад нямецкай акупацыяй. У 1950 у выніку пераносу цэнтру раёну ў Варапаева Дунілавічы зрабіліся цэнтрам сельсавету. У 1954 статус паселішча панізілі да вёскі, у Маладэчанскай вобласьці. У 1960 Дунілавіцкі сельсавет увайшоў у склад Глыбоцкага, у 1962 Пастаўскага раёну. Станам на 1971 у вёсцы працавалі сярэдняя школа, дом культуры, бібліятэка, паліклініка, аптэка, вэтэрынарны пункт, пошта, лясьніцтва, сталоўка, 3 крамы, камбінат побытавага абслугоўваньня.

[рэдагаваць] Насельніцтва

[рэдагаваць] Інфраструктура

У Дунілавічах працуюць сярэдняя школа, дашкольная ўстанова, лякарня, бібліятэка, дом культуры, пошта.

[рэдагаваць] Эканоміка

Лясьніцтва.

[рэдагаваць] Турыстычная інфармацыя

Касьцёл Раства Найсьв. Панны Марыі

[рэдагаваць] Выдатныя мясьціны

  • Гістарычная забудова (кан. XIX — 1-я пал. XX стст.; фрагмэнты)
  • Касьцёл Найсьв. Тройцы (1769—1773)
  • Могілкі каталіцкія; капліца-пахавальня (XIX ст.)

У Дунілавічах месьцяцца могілкі польскіх вайскоўцаў, што загінулі ў 1919 годзе ў вайне з бальшавікамі, а таксама габрэйскія могілкі з помнікам габрэям, забітым гітлераўцамі у Другую сусьветную вайну.

[рэдагаваць] Страчаная спадчына

  • Касьцёл Раства Найсьв. Панны Марыі і Сьв. Міхала Арханёла (XIX ст.)
  • Сядзібна-паркавы комплекс Тышкевічаў

[рэдагаваць] Крыніцы

  1. ^ Вячаслаў Насевіч. Дунілавічы // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 3: Гімназіі — Кадэнцыя / Беларус. Энцыкл.; Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн.: БелЭн, 1996. С. 314.
  2. ^ Duniłowicze // Słownik geograficzny Królestwa Polskiego i innych krajów słowiańskich. Tom II: Derenek — Gżack. — Warszawa, 1881. S. 226.
  3. ^ В. У. Мальцоў. Дунілавічы // Памяць: гіст.-дакум. хроніка Пастаўскага р-на / Рэдкал. Г.К. Кісялёў [і інш.]. — Мн., 2001.

[рэдагаваць] Літаратура

[рэдагаваць] Вонкавыя спасылкі

Commons-logo.svg  Дунілавічысховішча мультымэдыйных матэрыялаў

Асабістыя прылады
Прасторы назваў

Варыянты
Дзеяньні
Навігацыя
Удзел
Інструмэнты
На іншых мовах