Паставы

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Перайсьці да: навігацыі, пошуку
Паставы
Даўнія камяніцы на Рынку
Даўнія камяніцы на Рынку
Coat of Arms of Pastavy, Belarus.svg Flag of Pastavy.svg
Герб Паставаў Сьцяг Паставаў
Першыя згадкі: 1552
Краіна: Беларусь
Вобласьць: Віцебская
Раён: Пастаўскі
Насельніцтва: 19 800 чал. (2010)
Часавы пас: UTC+3
Тэлефонны код: +375 2155
Паштовы індэкс: 211840
Нумарны знак: 2
Геаграфічныя каардынаты: 55°7′ пн. ш. 26°50′ у. д. / 55.117° пн. ш. 26.833° у. д. / 55.117; 26.833Каардынаты: 55°7′ пн. ш. 26°50′ у. д. / 55.117° пн. ш. 26.833° у. д. / 55.117; 26.833
Паставы на мапе Беларусі
Паставы
Паставы
Паставы
Commons-logo.svg Галерэя здымкаў у Вікісховішчы

Паста́вы — места ў Беларусі, на рацэ Мядзелка. Адміністрацыйны цэнтар Пастаўскага раёну Віцебскай вобласьці. Насельніцтва 19,8 тыс. чалавек (2010). Знаходзяцца за 250 км на захад ад Віцебску. Чыгуначная станцыя на лініі Віцебск — Вільня. Вузел аўтамабільных дарог на Браслаў, Глыбокае, Шаркоўшчыну, Мядзел, Нарач і інш.

Паставы — даўняе мястэчка гістарычнай Ашмяншчыны (частка Віленшчыны). Адна з рэзыдэнцыяў шляхецкага роду Тызэнгаўзаў, якія зрабілі значны ўнёсак у разьвіцьцё паселішча.

Назва[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Існуе некалькі вэрсіяў паходжаньня тапоніму «Паставы». Звычайна назва места тлумачыцца ад слова «стаў», што азначае «запруда»[1]. Існуюць зьвесткі, што ў ХІІІ ст. жыхары Пасадніка збудавалі на рацэ плаціну і вадзяны млын і такім чынам ўтварылі стаў вады. Згодна зь іншай вэрсіяй, тапонім пайшоў ад слова «пастаў», якое азначае пару жорнаў у млыне для памолу збожжа. Паводле гістарычных крыніцаў пастаўскі млын меў два паставы. Трэба адзначыць і тое, што ў беларускай мове паставом завецца кавалак (рулён) палатна ці якога-небудзь іншага матэрыялу.

Гісторыя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Паводле археалягічных зьвестак, старажытнае паселішча на месцы Паставаў існавала яшчэ ў кан. 3-га — пач. 2-га тысячагодзьдзя да н. э. на паўночным беразе Задзеўскага возера. У часе раскопак тут знайшлі крамянёвыя скрабкі, наканечнікі стрэлаў, нажы, часткі керамічных вырабаў.

Першы меркаваны пісьмовы ўспамін пра Паставы (пад назвай Пасаднік[2]) датуецца 996. Расейскі гісторык С. Фёдараў ў сваёй працы «Поселения Северо-Западного края Великого княжества Литовского», выдадзенай у Пецярбургу, пісаў: «Селение возникло в 996 году. Деспот Зенович, приезжий магнат, облюбовал это место и основался в 1005 году». Імаверна, у 1409 вялікі князь Вітаўт перавёў Пасаднік у шэрагі мястэчак.

Камяніцы на Рынку, XIX ст.

Аднак паводле сучасных энцыкляпэдычных даведнікаў[3][4] першы пісьмовы ўспамін пра Паставы як мястэчка Ашмянскага павету Віленскага ваяводзтва датуецца 1552. Мясьціна знаходзілася ў валоданьні магнатаў Дэспат-Зяновічаў, якія збудавалі тут драўляны касьцёл Маці Божай. У Інфлянцкую вайну вялікі князь Стэфан Баторы накіроўваў з Паставаў плыты з артылерыяй да Полацку. Станам на 1628 у цэнтры Паставаў была гандлёвая плошча. На ёй стаялі касьцёл з плябаніяй, карчма, 6 двароў рамесьнікаў і гандляроў. На вуліцах-дарогах, што вялі на Мядзел, Глыбокае і Друю, было 26 двароў. За ракой Мядзелка разьмяшчалася прадмесьце Зарэчча, якое мела 17 двароў. Былі таксама 2 пасады па 8 і 9 двароў. Агулам у Паставах было 66 двароў. За межамі мястэчка знаходзіўся сядзібны комплекс. У 1640 на паўночны захад ад цэнтру Паставаў, на высьпе, утворанай ракой Мядзелка і каналам, збудавалі касьцёл і кляштар францішканаў. У Трынаццацігадовую вайну мястэчка спустошылі маскоўскія захопнікі, засталося толькі 5 двароў[3]. Станам на 1692 — 142 двары.

Палац Тызэнгаўзаў, XIX ст.

У 2-й пал. XVІІI ст. Паставы перайшлі ў валоданьне Тызэнгаўзаў. З ініцыятывы Антонія Тызэнгаўза тут пачалі працаваць фабрыкі (папяровая — заснаваная ў 1728, палатняная, паясоў), некалькі млыноў, гарбарня. Апроч таго, ён правёў карэнную рэканструкцыю мястэчка паводле рэгулярнага пляну. Цэнтрам зрабілася гандлёвая плошча. У яе плянаваньні ўдзельнічаў італьянскі архітэктар Дж. Сака. На паўднёвай ускраіне Паставаў, на левым беразе Мядзелкі, узьвялі палац, на ўсход ад якога разьбілі пэйзажны парк. На рынку ўтварыўся ансамбаль з мураваных дамоў рамесьнікаў, лекара, аўстэрыі, гандлёвых радоў. Ад плошчы ў радыяльных кірунках адыходзілі 4 вуліцы — Віленская (на поўдзень), Браслаўская (на поўнач), Зарэчная (на ўсход), Задзьвейская (на захад). Кварталы пэрыфэрыі забудавалі драўлянымі дамамі, на захадзе й поўдні знаходзіліся гумны. У 1775 зь Мядзела ў Паставы перавялі гродзкі суд. Цягам 17821785 у мястэчку дзейнічала тэатральная школа Тызэнгаўза, перавезеная з Горадні. У 1791 Паставы атрымалі статус места і зрабіліся цэнтрам Завілейскага павету.

У выніку другога падзелу Рэчы Паспалітай (1793) Паставы апынуліся ў складзе Расейскай імпэрыі, дзе зрабіліся цэнтрам павету. 22 студзеня 1796 новыя ўлады даравалі месту герб: «у блакітным полі рыбацкая мярэжа, уверсе тры залатыя рыбы, накіраваныя галовамі да долу»[5]. Неўзабаве статус паселішча панізілі да мястэчка і цэнтра воласьці Дзісьненскага павету. Цягам 18141853 Паставы знаходзіліся ў валоданьні К. Тызэнгаўза, які заснаваў тут арніталягічны музэй і мастацкую галерэю, дзе на 1840 налічвалася больш за 60 твораў малярства. У 1-й пал. ХІХ ст. дзейнічалі папяровая фабрыка, 2 млыны, сукнавальня, было 111 двароў; праводзіліся 7 кірмашоў на рок. У 1842 Паставы зноў зрабіліся цэнтрам павету. У 1880 маёнтак перайшоў у валоданьне Пшазьдзецкіх. У 18801987 у мястэчку збудавалі мураваны касьцёл. У 1897 адкрылася аднайменная чыгуначная станцыя на лініі Каралеўшчына — Пабродзьдзе.

Згодна з умовамі Рыскай мірнай дамовы (1921) Паставы апынуліся ў складзе міжваеннай Польскай Рэспублікі, дзе зрабіліся цэнтрам павету і зноў атрымалі статус места. У канцы 1920-х у мястэчку працавалі 2 лесапільныя заводы (належалі Пэргамэнту й Зінгеру) і цагельня (належала Райхелям), паравы млын, бровар, пякарня і інш.

У 1939 Паставы ўвайшлі ў БССР, дзе ў 1940 зрабіліся цэнтрам раёну Вялейскай, з 1944 Маладэчанскай, з 1960 Віцебскай вобласьці. У Другую сусьветную вайну з 6 ліпеня 1941 да 5 ліпеня 1944 места знаходзілася пад нямецкай акупацыяй.

Насельніцтва[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Адукацыя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У Паставах працуюць прафэсійна-тэхнічны каледж, 5 сярэдніх, мастацкая школы, гімназія.

Культура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Дзейнічаюць краязнаўчы музэй, раённы і мескі дамы культуры, 4 бібліятэкі, кінатэатар.

Мас-мэдыя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Выдаецца раённая газэта «Пастаўскі край» (да 1991 — «Звязда»).

Забудова[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Рака падзяляе места на 2 раёны: заходні і ўсходні. Першы паваенны генэральны плян Паставаў зьявіўся ў 1962. Забудоўваецца места паводле генэральнага пляну 1976 і праекту дэталёвага плянаваньня Ўсходняга жылога раёну, распрацаванага ў 1978. Адміністрацыйны, грамадзкі і культурны цэнтар гістарычна склаўся ў заходнім раёне. 2-3-павярховыя жылыя дамы будуюць у паўночна-заходняй частцы. Прамысловая зона разьмяшчаецца ва ўсходнім раёне. Паводле карэктаваньня генэральнага пляну 1994 у сучасным месьце перавага аддаецца малапавярховай забудове.

Вуліцы і пляцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Цяперашняя назва Гістарычная назва
17 верасьня вуліца Задзеўская вуліца
Гагарына вуліца Зарэчная вуліца
Камсамольская плошча Рынак Задзеўскі пляц
Кляра вуліца Канстантына Тызэнгаўза вуліца
Крупскай вуліца (часткова) Сасновая вуліца
Школьная вуліца
Леніна плошча Рынак Стары пляц
Ленінская вуліца Браслаўская вуліца
Максіма Горкага вуліца Базылянская вуліца
Паўліка Марозава вуліца Юрысдыка вуліца
Піянэрская вуліца Тапалёвая вуліца
Савецкая вуліца Віленская вуліца
Трудавая вуліца Кляновая вуліца
Школьная вуліца
Чырвонаармейская вуліца Лучайская вуліца[9]

Эканоміка[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Прадпрыемствы харчовай, лёгкай, дрэваапрацоўчай прамысловасьці, друкарня.

Транспарт[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Праз Паставы праходзяць аўтамабільныя дарогі Р27 (БраслаўМядзел) і Р110 (ГлыбокаеЛынтупы).

Турыстычная інфармацыя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У месьце працуе Пастаўскі краязнаўчы музэй, праводзіцца фэст народнай музыкі «Зьвіняць цымбалы і гармонік». Спыніцца можна ў мескай гасьцініцы. Дзейнічае дом паляўнічага[10].

Выдатныя мясьціны[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Музэй у камяніцы XVІІI ст.
Вадзяны млын

На паўднёвай ускраіне Паставаў, на паўночным беразе воз. Задзеўскае (на краі першай надгюймавай тэрасы) захавалася старажытнае паселішча — помнік археалёгіі. Даўжыня 50—70 м, шырыня каля 20 м. Адкрыў і дасьледаваў у 1980 Э. Зайкоўскі (ускрыў 112 м² плошчы; культурны пласт каля 0,5 м; сярод знаходак крамянёвыя скрабкі, нажы, наканечнікі стрэлаў, праколкі, кераміка нарвенскай і паўночнабеларускай культураў і культуры тыповай грабеньчата-ямкавай керамікі). Паселішча належыць да эпохі позьняга нэаліту і раньняга бронзавага веку, датуецца канцом 3 — пач. 2-га тысячагодзьдзя да н. э.

  • Ансамбаль гандлёвага пляца (1760—1780-я)
  • Гістарычная забудова (XIX — пач. ХХ ст.; фрагмэнты)
  • Касьцёл Сьвятога Антонія Падуанскага (18981904)
  • Млын (сяр. ХІХ ст.)
  • Могілкі габрэйскія
  • Палацава-паркавы комплекс Тызенгаўзаў (XVIII—XIX стст.)
  • Царква Сьвятой Мікалая (1894)

Страчаная спадчына[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • Афіцэрскае кавалерыйская школа
  • Царква (пач. ХІХ ст.; грэка-каталіцкая)

Галерэя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Месты-сябры[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Вядомыя асобы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ Жучкевич В. А. Краткий топонимический словарь Белоруссии. — Мн.: Изд-во БГУ, 1974. С. 305.
  2. ^ История на Поставский районный исполнительный комитет
  3. ^ а б Зямчонак Ё. Паставы // Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / рэд. Г. П. Пашкоў і інш. Т. 2: Кадэцкі корпус — Яцкевіч. — Мінск: Беларуская Энцыклапедыя, 2005. С. 406.
  4. ^ а б Зямчонак Ё. Паставы // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 5: М — Пуд / Беларус. Энцыкл.; Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (галоўны рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн.: БелЭн, 1999. С. 429.
  5. ^ Паставы // Цітоў А. Геральдыка беларускіх местаў (XVI — пачатак XX ст.). — Мн.: Полымя, 1998.
  6. ^ а б Postawy // Геаграфічны слоўнік Каралеўства Польскага і іншых славянскіх краёў(пол.). Tom VIII: Perepiatycha — Pożajście. — Warszawa, 1887. S. 848.
  7. ^ Поставы // Большая советская энциклопедия, 3-е изд.: в 30 т. / Гл. ред. А.М. Прохоров. — М.: Сов. энциклопедия, 1969—1978.
  8. ^ Поставы // Большой энциклопедический словарь / Гл. ред. В. П. Шишков. — М.: НИ «Большая Российская энциклопедия», 1998. — 640 с.: ил. ISBN 5-85270-262-5.
  9. ^ Пракаповіч І. Назвы вуліц горада Паставы. Весткі.infoПраверана 1 верасьня 2012 г.
  10. ^ Поставы // Туристская энциклопедия Беларуси / редкол. Г. П. Пашков [и др.]; под общ. ред. И. И. Пирожника. — Мн., 2007.

Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Commons-logo.svg  Паставысховішча мультымэдыйных матэрыялаў