Лёзна
| Лёзна | |||||
У цэнтры мястэчка |
|||||
|
|||||
| Першыя згадкі: | 1514 | ||||
| Вобласьць: | Віцебская | ||||
| Раён: | Лёзьненскі | ||||
| Насельніцтва: | 6678 (2008) | ||||
| Тэлефонны код: | +375 2138 | ||||
| Паштовы індэкс: | 211220, 211221 | ||||
| Геаграфічныя каардынаты: | 55°01′ пн. ш. 30°48′ у. д. / 55.017° пн. ш. 30.8° у. д.Каардынаты: 55°01′ пн. ш. 30°48′ у. д. / 55.017° пн. ш. 30.8° у. д. | ||||
|
Лёзна на мапе Беларусі
Лёзна
|
|||||
| Неафіцыйны сайт | |||||
Лё́зна — мястэчка ў Беларусі, на рацэ Мошна. Адміністрацыйны цэнтар Лёзьненскага раёну Віцебскай вобласьці. Насельніцтва 6678 чал. (2008). Знаходзіцца за 40 км на паўднёвы ўсход ад Віцебску, непадалёк ад граніцы з Расеяй. Чыгуначная станцыя на лініі Віцебск — Смаленск. Аўтамабільныя дарогі злучаюць мястэчка зь Віцебскам, Воршай, Янавічамі, Смаленскам, Арэхаўскам.
Зьмест |
Назва [рэдагаваць]
Існуе некалькі вэрсіяў паходжаньня тапоніму «Лёзна»:
- ад беларускага выразу «лёзныя людзі» — чужыя, немясцовыя, ветлівыя, гуляшчыя, беглыя сяляне, зьбяднелыя месьцічы, што ня мелі маёмасьці, найманыя працаўнікі (магчыма, слова «лёзны» паходзіць ад нямецкага loze — вольны, вызвалены, не зьвязаны ў цэхі[1]).
- ад асновы лаза (лознае)[1] або словаў «лез», «леж», «лезна» — нізіна, рачная западзіна, нізкае багністае месца, парослае лазой[2].
Таксама існуе легенда, згодна зь якой паселішча заснавалі на «лозным» (парослым кустоўем) месцы брат і сястра, што зьбеглі са свайго дому. Прычынай такога ўчынку стаўся мясцовы бацюшка, што груба заляцаўся да дзяўчыны — і атрымаў адмову, але праз хітрасьць і падман здолеў падбухторыць супраць яе ўласнага бацькі[3].
Гісторыя [рэдагаваць]
Першы ўспамін пра Лёзна традыцыйна зьвязваюць з заваёвай Смаленшчыны Маскоўскай дзяржавай (1514)[4], калі паселішча ў складзе Мікулінскай воласьці трапіла да ўсходніх захопнікаў. Аднак паводле сучасных дасьледаваньняў, Лёзна ўзьнікла пазьней — у пач. XVII ст., а ягоным заснавальнікам быў, відаць, Багдан Агінскі[5]. Згодна з адміністрацыйна-тэрытарыяльнай рэформай (1565—1566) мясьціна ўвайшла ў склад Віцебскага павету Віцебскага ваяводзтва.
У 1625 пры падзеле спадчыны Б. Агінскага Лёзна перайшло ў валоданьне ягонага сына Самуэля Льва. Пад 1654 паселішча значыцца як мястэчка. У 1657 па сьмерці князя С. Л. Агінскага пры падзеле маёмасьці Лёзна, паводле спадчыны, перайшло да ягонага старэйшага сына Сымона Караля. Па сьмерці апошняга (1699) мястэчка падзялілі паміж сабой тры ягоныя сыны Багуслаў, Марцыян Міхал і Аляксандар[5].
У выніку першага падзелу Рэчы Паспалітай (1772) Лёзна апынулася ў складзе Расейскай імпэрыі, дзе зрабілася цэнтрам воласьці Аршанскага павету Магілёўскай губэрні. У 1786 Агінскія збудавалі ў мястэчку мураваную грэка-каталіцкую царкву. У вайну 1812 году ў Лёзьне 2 тыдні стаяў 3-ці францускі корпус маршала М. Нэя. Гэты факт засьведчыла сэрыя малюнкаў маёра францускай арміі Х. В. Фабэра дзю Фора.
Станам на 1831 у Лёзьне рэгулярна праводзіліся 4 кірмашы (паводле іншых зьвестак — 2[6]); меліся разьвітыя сталярнае, сукнавальнае, гарбарнае, кравецкае рамёствы. На 1863 у мястэчку было 123 двары, 2 праваслаўныя царквы, 4 габрэйскія малітоўныя дамы, школа, лякарня, вадзяны млын, 7 крамаў. У 1865 адкрылася народная вучэльня (47 вучняў, у 1905 — 230). У 1867 празь Лёзна прайшла чыгунка Рыга — Арол, а ў 1875 пры тутэйшай чыгуначнай станцыі пачала дзейнічаць царкоўна-прыходзкая школа (у 1887 рэарганізаваная ў 4-клясную народную вучэльню). З 1870 мястэчка знаходзілася ў валоданьні Храпавіцкіх, пазьней — А. Шабекі. На 1880 тут было 216 будынкаў, валасная ўправа, 26 крамаў, лякарня. Паводле вынікаў перапісу (1897) дзейнічалі 2 бібліятэкі і кнігарня. У 1900 пачало працаваць лесапільнае прадпрыемства, абсталяванае паравым рухавіком магутнасьцю 18 конскіх сілаў. У 1901 у Лёзьне адбыўся вялікі пажар, у выніку чаго поўнасьцю згарэла Старавіцебская вуліца, Бабінавіцкая была спаленая да могілак, Вакзальная — да трэцяга Вакзальнага завулка. У пач. XX ст. — 11 цагляных і 1103 драўляныя будынкі, 2 млыны, 2 вучэльні.
1 студзеня 1919 згодна з пастановай І зьезду КП(б) Беларусі Лёзна ўвайшло ў склад Беларускай ССР, аднак 16 студзеня Масква адабрала мястэчка разам зь іншымі этнічна беларускімі тэрыторыямі ў склад РСФСР. У 1924 Лёзна вярнулі БССР, дзе яно зрабілася цэнтрам раёну. 27 верасьня 1938 паселішча атрымала афіцыйны статус пасёлку гарадзкога тыпу. У Другую сусьветную вайну з 7 ліпеня 1941 да 8 кастрычніка 1943 мястэчка знаходзілася пад нямецкай акупацыяй. 16 ліпеня 1941 пад Лёзнам у палон трапіў сын кіраўніка СССР Сталіна — Якаў Джугашвілі. 16 чэрвеня 1994 у ваколіцах мястэчка невядомыя ўчынілі меркаваны замах на А. Лукашэнку. У 2005 адбылося ўрачыстае адкрыцьцё пешага мосту праз раку Мошна.
Насельніцтва [рэдагаваць]

- XIX стагодзьдзе: 1846 — 745 чал.[4]; 1863 — 985 чал.; 1867 — 1085 чал.; 1880 — 1536 чал.; 1897 — 2473 чал., зь іх 16% пісьменныя
- XX стагодзьдзе: 1910 — 2885 чал., у тым ліку 14 шляхты і ўрадоўцаў, 12 сьвятароў, 1817 мяшчанаў, 731 селянін, 11 іншых станаў[7]; 1939 — 4111 чал.; 1972 — 5,7 тыс. чал.[8]; 1992 — 7528 чал.; 1993 — 8,1 тыс. чал.; 1997 — 7,7 тыс. чал.
- XXI стагодзьдзе: 2005 — 6753 чал., 2006 — 6,6 тыс. чал.[9]; 2008 — 6678 чал.
Паводле нацыянальнага складу абсалютная большасьць насельнікаў — беларусы, апрача іх у мястэчку жывуць расейцы, украінцы і прадстаўнікі інш. нацыянальнасьцяў.
Адукацыя [рэдагаваць]
Дзіцячыя садкі і агульнадукацыйныя школы [рэдагаваць]
- Лёзьненскі дзяржаўны ясьлі-сад № 2 «Пралеска» (вул. Леніна, 41а)
- Лёзьненскі дзяржаўны ясьлі-сад № 3 «Сонейка» (вул. Будаўнікоў, 6)
- Лёзьненскі дзяржаўны ясьлі-сад № 4 «Сьвятляк» (вул. Чкалава, 6)
- Дзяржаўная агульнаадукацыйная сярэдняя школа № 1 мяст. Лёзна (вул. Безуглава, 9)
- Дзяржаўная агульнаадукацыйная сярэдняя школа № 2 з мастацкім ухілам (вул. Шашэйная, 5)
Іншае [рэдагаваць]
- Дзяржаўны цэнтар карэкцыйна-разьвівальнага навучаньня і рэабілітацыі «Вясёлка» Лёзьненскага раёну (вул. Леніна, 41).
- Дзяржаўны дзіцячы сацыяльны прытулак для непаўналетніх Лёзьненскага раёну (вул. Леніна, 41).
- Дзяржаўны цэнтар пазашкольнай працы Лёзьненскага раёну (вул. Леніна, 41).
Мэдыцына [рэдагаваць]
Мэдычнае абслугоўваньне жыхароў мястэчка ажыцьцяўляе ўстанова аховы здароўя «Лёзьненская цэнтральная раённая лякарня» (вул. Садовая, 1). Лякарня разьлічаная на 120 ложкаў, улучае дзённы стацыянар на 30 ложкаў, паліклініку на 300 наведваньняў у зьмену. У структуры ЦРБ налічваецца 5 аддзяленьняў: рэанімацыйнае, тэрапэўтычнае, хірургічнае, дзіцячае, інфэкцыйнае.
У мястэчку знаходзіцца Цэнтральная аптэка № 16 Лёзьненскага раёну (вул. Леніна, 68)
Культура [рэдагаваць]
- Раённы Дом культуры (вул. Леніна, 75)
- Раённы арганізацыйна-мэтадычны цэнтар (вул. Леніна, 75)
- Лёзьненская цэнтралізаваная бібліятэчная сыстэма (вул. Леніна, 65)
- Лёзьненскі раённы Дом рамёстваў (вул. Леніна, 85), адкрыўся ў 1995
- Лёзьненская дзіцячая школа мастацтваў (вул. Леніна, 49)
Мас-мэдыя [рэдагаваць]
Мясцовыя сродкі масавае інфармацыі:
- Раённая газэта «Сцяг Перамогі»
- Праграма радыёвяшчаньня «Голас Лёзненшчыны»
Установы разьмяшчаюцца па адрасе вул. Леніна, 77. Наклад раённай газэты складае 2122 асобнікаў[10].
Спорт [рэдагаваць]
У мястэчку знаходзіцца цэнтральны стадыён на 1500 месцаў. Дзейнічае дзяржаўная дзіцяча-юнацкая спартовая школа Лёзьненскага раёну (вул. Леніна, 41). Для прыцягненьня насельніцтва да рэгулярных заняткаў фізычнай культурай і спортам на базе спартовых будынкаў створаныя групы здароўя, працуюць гурткі, сэкцыі і клюбы з такіх відах спорту, як футбол, валейбол, баскетбол, лёгкая атлетыка, лыжы, настольны тэніс, шашкі, шахі.
Забудова [рэдагаваць]
У сучасным Лёзьне асноўны жылы масіў знаходзіцца на левым беразе ракі. Рэгулярная сетка вуліц захавалася з XIX ст. Цэнтар забудоўваецца 3—5-павярховымі дамамі. Ва ўсходняй частцы ўтварыўся новы мікрараён. Вядзецца катэджавае будова. За чыгункай сфармавалася прамысловая зона.
Вуліцы і плошчы [рэдагаваць]
| Цяперашняя назва | Першапачатковая назва |
| Вакзальная вуліца | Вакзальная вуліца |
| Гагарына вуліца | Бабінавіцкая вуліца |
| Камсамольская вуліца | Мікулінская вуліца |
| Чарняхоўскага вуліца | Старавіцебская вуліца[11] |
Эканоміка [рэдагаваць]
Прадпрыемствы харчовай і лёгкай прамысловасьці:
- Лёзьненская філія ААТ «Малако» м. Віцебск (вул. Дабрамысьлінская, 34). Выпускае малако, сьмятану, кефір, тварог, сьметанковае масла, паўцьвёрдыя сыры.
- ААТ «Лёзьненскі льнозавод» (вул. Кірава, 13). Асноўныя віды прадукцыі — ільновалакно, швейныя вырабы.
- Унітарнае прыватнае вытворча-гандлёвае прадпрыемства «БІГІВ» (вул. Дабрамысьлінская, 18а). Вырабляе драўляную тару — барабаны для кабэля.
Транспарт [рэдагаваць]
Празь Лёзна праходзяць аўтамабільныя дарогі Р21 (Віцебск — Лёзна — граніца Расеі) і Р109 (Лёзна — Арэхаўск — траса M8).
Турыстычная інфармацыя [рэдагаваць]
Местачковая гасьцініца разьмяшчаецца па адрасе вул. Чарняхоўскага, 4.
Страўні: рэстаран «Івушка» (вул. Леніна, 96), «Беларускае бістро» (вул. Леніна, 94), кавярня-бар «Караоке» (вул. Леніна, 81).
Дзейнічаюць дзьве праваслаўныя царквы — Сьвята-Вазьнясенская і Крыжа-Ўзьвіжанская, а таксама каталіцкая капліца сьвятога айца Піо.
Помнікі [рэдагаваць]
- Помнік Вызваленьня
- Вайсковыя могілкі
- Магілы ахвяраў фашызму
Музэі [рэдагаваць]
- Музэй М. Шагала (вул. Шашэйная, 5)
- Лёзьненскі ваенна-гістарычны музэй (вул. Безуглава, 9). Адкрыўся ў 1993. Асноўны фонд музэю налічае больш за 6000 экспанатаў, сярод якіх археалягічныя знаходкі і матэрыялы з гісторыі Другой сусьветнай вайны
Страчаная спадчына [рэдагаваць]
- Царква Ўваскрэшаньня Хрыстова (1786; грэка-каталіцкая, пазьней праваслаўная), узарваная камуністамі ў 1961) — знаходзілася перад кінатэатрам «Сьвітанак», на месцы сквэру з фантанам
- Сядзіба Шагалаў (ХІХ ст.) — знаходзілася на месцы дома культуры
Вядомыя асобы [рэдагаваць]
- Марк Шагал (1887—1985) — беларускі й францускі мастак
- Леанід Шакінка (1927—1996) — беларускі графік
- Рабі Шнэўр-Залман (1745—1812) — стваральнік філязофскай сыстэмы хасыдызму
Крыніцы [рэдагаваць]
- ^ а б Жучкевич В. А. Краткий топонимический словарь Белоруссии. — Мн.: Изд-во БГУ, 1974. С. 203.
- ^ Гісторыя Лёзна(рас.). Liozno.info. Праверана 4 сакавіка 2011 г.
- ^ Легенда пра Лёзна. Прыдзвінскі крайн: Гісторыя і сучаснасць. Праверана 4 сакавіка 2011 г.
- ^ а б Ніна Ціхамірава. Лёзна // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 2: Беліцк — Гімн / Беларус. Энцыкл.; Рэдкал.: Б. І. Сачанка (гал. рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн.: БелЭн, 1994. С. 358.
- ^ а б Вячаслаў Насевіч. Лёзна // Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / рэд. Г. П. Пашкоў і інш. Т. 2: Кадэцкі корпус — Яцкевіч. — Мінск: Беларуская Энцыклапедыя, 2005. С. 195.
- ^ Соркіна I. Мястэчкі Беларусі ў канцы ХVІІІ — першай палове ХІХ ст. — Вільня: ЕГУ, 2010. С. 118.
- ^ Ніна Ціхамірава. Лёзна // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 2: Беліцк — Гімн / Беларус. Энцыкл.; Рэдкал.: Б. І. Сачанка (гал. рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн.: БелЭн, 1994. С. 359.
- ^ Лиозно // Большая советская энциклопедия, 3-е изд.: в 30 т. / Гл. ред. А.М. Прохоров. — М.: Сов. энциклопедия, 1969—1978.
- ^ Лиозно // Туристская энциклопедия Беларуси / редкол. Г. П. Пашков [и др.]; под общ. ред. И. И. Пирожника. — Мн., 2007. С. 291.
- ^ Культура и СМИ(рас.). Лиозненский районный исполнительный комитет. Праверана 4 сакавіка 2011 г.
- ^ Полёт во времени над Лиозно(рас.). Произведениям жителей Лиозненского района и людей чье творчество связано с Лиозно. Праверана 4 сакавіка 2011 г.
Літаратура [рэдагаваць]
- Памяць: Гіст.-дакум. хроніка Лёзненскага раёна / рэдкал. І. П. Шамякін [і інш.]. — Мн., 1992. — 591 с.
- Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 4: Кадэты — Ляшчэня / Беларус. Энцыкл.; Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (галоўны рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн.: БелЭн, 1997. — 432 с.: іл. ISBN 985-11-0041-2.
- Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / рэд. Г. П. Пашкоў і інш. Т. 2: Кадэцкі корпус — Яцкевіч. — Мінск: Беларуская Энцыклапедыя, 2005. — 788 с.: іл. ISBN 985-11-0378-0.
- Соркіна I. Мястэчкі Беларусі ў канцы ХVІІІ — першай палове ХІХ ст. — Вільня: ЕГУ, 2010.— 488 с. ISBN 978-9955-773-33-7.
- Аляксандр Пукшанскі. Лёзна: Тут тварыў Шагал // «Звязда» № 146 (26011), 7 жніўня 2007.
- Łoźna // Słownik geograficzny Królestwa Polskiego i innych krajów słowiańskich. Tom V: Kutowa Wola — Malczyce. — Warszawa, 1884. S. 765.
Вонкавыя спасылкі [рэдагаваць]
Лёзна — сховішча мультымэдыйных матэрыялаў
- мяст. Лёзна. Radzima.org. Праверана 28 жніўня 2011 г.
- Лёзна. Прыдзвінскі крайн: Гісторыя і сучаснасць. Праверана 28 жніўня 2011 г.
- Памяць — Лёзьненскі раён Праверана 28 жніўня 2011 г.
- Інфармацыйны партал — Лёзна(рас.) Праверана 28 жніўня 2011 г.
- Лёзна-АРТ(рас.) Праверана 28 жніўня 2011 г.
- Лёзна(рас.). Globus.tut.by. Праверана 28 жніўня 2011 г.
- Газэта «Сцяг Перамогі»(рас.) Праверана 28 жніўня 2011 г.
- Вёска Выдрэя на Лёзьненшчыне(рас.) Праверана 28 жніўня 2011 г.
|
||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||
|
||||||||