Вяліж
| Вяліж | |||||
Меская ратуша на Рынку |
|||||
|
|||||
| Першыя згадкі: | 1392 | ||||
| Магдэбурскае права: | 30.03.1585 | ||||
| Вобласьць: | Смаленская | ||||
| Раён: | Вяліскі | ||||
| Плошча: | 32 км² | ||||
| Насельніцтва: | 7326[1] (2010) | ||||
| Часавы пас: | UTC+4 | ||||
| Тэлефонны код: | +7 48132 | ||||
| Аўтамабільны код: | 60 | ||||
| Геаграфічныя каардынаты: | 55° пн. ш. 31° у. д. / 55° пн. ш. 31° у. д.Каардынаты: 55° пн. ш. 31° у. д. / 55° пн. ш. 31° у. д. | ||||
|
Вяліж на мапе Расеі
Вяліж
|
|||||
| Афіцыйны сайт | |||||
Вялі́ж — места ў Расеі, на рацэ Дзьвіна. Адміністрацыйны цэнтар Вяліскага раёну Смаленскай вобласьці. Насельніцтва 7326 чал. (2010). Знаходзіцца за 124 км ад Смаленску, за 70 км на поўнач ад чыгуначнай станцыі Рудня (лінія Віцебск — Смаленск). Аўтамабільныя дарогі на Віцебск, Невель, Смаленск. Рачная прыстань.
Вяліж — магдэбурскае места гістарычнай Віцебшчыны, на беларускай этнічнай тэрыторыі. Тутэйшыя гістарычна-культурныя каштоўнасьці (ратуша, шэраг грэка-каталіцкія цэркваў і касьцёлаў і інш.) істотна пацярпелі ў апошнюю вайну і былі зьнішчаныя савецкімі ўладамі па яе заканчэньні.
Зьмест |
[рэдагаваць] Назва
На думку беларускага географа Аркадзя Смоліча, тапонім «Вяліж»[2] утварыўся ад прыметніка «вялікі»[3]. Існуе меркаваньне, што ў старажытнасьці рака Дзьвіна мела назву «Велья»[4]. Увогуле, форма «Вяліж» лічыцца ўласьцівай для беларускіх тапонімаў, утвораных ад назваў рэчак: Усяж, Бусяж, Тонеж і інш.[5]
[рэдагаваць] Гісторыя
Тэрыторыя сучаснага места (Вяліская воласьць) сьпярша ўваходзіла ў склад Смаленскага княства, пазьней — у склад ягонага ўдзелу — Таропецкага княства. Разам з апошнім у 1355 годзе гэтыя землі далучыліся да Вялікага Княства Літоўскага. У 1392 годзе Вяліж згадваецца ў Хроніцы Быхаўца, калі вялікі князь Вітаўт зьдзейсьніў паход на Смаленск:
| Пойде князь великий Витольд, собрався под города Псковия: Велиж, Красный город… | ||
Па няўдалай выправе Жыгімонта Старога згодна з мірнай дамовай 1533 году Вяліж адыйшоў да Маскоўскага княства. У красавіку 1536 году маскоўскі гаспадар загадаў збудаваць на левым беразе Дзьвіны драўляны замак зь дзевяцьцю вежамі. Расейскія летапісцы падкрэсьлілі факт пабудовы наступнай фразай:
| …а прежде в том месте Литовский город бывал. | ||
Нягледзячы на наяўнасьць больш раньняга ўспаміну пра Вяліж[6], гэтая дата афіцыйна лічыцца годам заснаваньня сучаснага места.
За часамі Інфлянцкай вайны (1558—1583) у 1562 Вялікае Княства Літоўскае імкнулася авалодаць Вяліскімі землямі, што ажыцьцявіў гетман вялікі Мікалай Радзівіл «Руды». Праз год места захапіла Маскоўская дзяржава, аднак у 1580 годзе яго адваявалі войскі канцлера Я. Замойскага — «чрез подане доброволное»[6]. Паводле Ям-Запольскага міру 1582 году Вяліж адыйшоў да Рэчы Паспалітай, дзе зрабіўся цэнтрам староства Віцебскага ваяводзтва. 20 сакавіка 1585 кароль і вялікі князь Стэфан Баторы надаў месту Магдэбурскае права і герб: «залаты крыж, над ім аголены меч, скіраваны лязом на ўсход, на блакітным шыхце эўрапейскага тыпу»[7].
З пачаткам Трынаццацігадовай вайны маскоўскія захопнікі намаўлялі вяліжцаў здацца на літасьць цара ва ўмовах наступу ўсёй тэрыторыяй Вялікага Княства Літоўскага, аднак замак пратрымаўся да ліпеня 1655 году, калі яго ўзялі штурмам і спалілі. У выніку Андрусаўскага замірэньня (1667) места трапіла пад уладу Маскоўскай дзяржавы. У 1678, наўзамен Кіева і ваколіцаў, Вяліж вярнулі Вялікаму Княству Літоўскаму. 15 ліпеня 1697 тутэйшы замак дашчэнту згарэў ад маланкі, па чым больш не аднаўляўся.
- Даўнія графічныя выявы Вяліжу
У выніку першага падзелу Рэчы Паспалітай (1772) Вяліж апынуўся ў складзе Расейскай імпэрыі, дзе ў 1804 зрабіўся цэнтрам павету Віцебскай губэрні. 21 верасьня 1781 места атрымала новы расейскі герб з выявай Пагоні. Станам на 1799 тут было 689 будынкаў, дзейнічалі 7 грэка-каталіцкіх цэркваў, зь якіх 3 мураваныя і 4 драўляныя, 2 мураваныя касьцёлы, працавалі 3 млыны, народная вучэльня. На 1860 — 1322 дамы, зь якіх толькі 17 мураваных; дзейнічалі 10 цэркваў, зь якіх 3 драўляныя, касьцёл, збудаваны ў 1754 годзе на сродкі Базыля Дашкевіча, сынагога і 2 габрэйскія малітоўныя дамы. У гэты час працавалі 4 школы, старэйшая з якіх адкрылася ў 1830 годзе. У кастрычніку 1861 у Вяліжы здарыўся вялізны пажар, які зьнішчыў большую частку места. На 1891 тут было 2033 драўляныя будынкі і 154 мураваныя, 67 прамысловых прадпрыемстваў, на якіх працавала 1279 працоўных. Існавала 4 прадмесьці — Усьвяцкае, Тарапецкае, Віцебскае і Смаленскае.
25 сакавіка 1918 Вяліж абвяшчаўся часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. 9—18 лістапада 1918 у ваколіцах места прайшло масавае антыбальшавіцкае паўстаньне. 1 студзеня 1919 згодна з пастановай І зьезду КП(б) Беларусі Вяліж увайшоў у склад Беларускай ССР, дзе зрабіўся цэнтрам павету («падраёну») Віцебскага раёну[8]. Аднак 16 студзеня маскоўскія бальшавікі адабралі места разам зь іншымі этнічна беларускімі тэрыторыямі ў склад РСФСР. У 1926 беларускія бальшавікі прасілі вярнуць Вяліж БССР, аднак Масква не задаволіла гэтую просьбу[9]. У Другую сусьветную вайну з 14 ліпеня 1941 да 20 верасьня 1943 места знаходзілася пад нямецкай акупацыяй.
- Места на старых здымках
[рэдагаваць] Насельніцтва

- XIX стагодзьдзе: 1860 — 8504 чал., у тым ліку 157 каталікоў, 11 эвангелістаў, 2311 юдэяў[10]; 1885 — 16 372 чал. (8058 муж. і 8314 жан.), зь іх 10 244 праваслаўныя, 190 каталікоў, 7 пратэстантаў, 5931 юдэй[10]; 1891 — 18 367 чал., зь іх 11 173 праваслаўныя, 225 каталікоў, 6969 юдэяў[10]
- XX стагодзьдзе: 1931 — 9,9 тыс. чал.; 1968 — 9 тыс. чал.[11]; 1992 — 9,2 тыс. чал.[12]
- XXI стагодзьдзе: 2009 — 7392 чал.; 2010 — 7326 чал.
[рэдагаваць] Адукацыя
У Вяліжы працуюць 2 сярэднія агульнаадукацыйныя школы, 3 ўстановы дадатковай адукацыі — дом дзіцячай творчасьці, спартовая школа ды дзіцячая школа мастацтваў, 5 муніцыпальных дзіцячых садкоў і 1 праваслаўны, прафэсыйная вучэльня.
[рэдагаваць] Культура
Дзейнічаюць гістарычна-краязнаўчы музэй, дом адпачынку, дзіцячая і дарослая бібліятэкі, 3 аўтаклюбы[13].
[рэдагаваць] Забудова
Рэчка Вяліжка і глыбокі яр з ручаём падзяляюць места на тры часткі. Паводле генэральнага пляну 1778 году Вяліж атрымаў прастакутную сетку вуліцаў, якая ўлічвала гістарычнае плянаваньне.
У першай палове XIX ст. цэнтар Вяліжу забудоўваўся мураванымі дамамі ў стылі позьняга клясыцызму: адміністрацыя места, гандлёвыя рады. У другой палове XIX — пачатку XX стст. зьявіліся будынкі ў стылях эклектыкі і мадэрну. Шматлікія сакральныя збудаваньні Вяліжу былі пашкоджаныя ў апошнюю вайну і зьнішчаныя савецкімі ўладамі места па яе заканчэньні.
У адпаведнасьці з генэральным плянам 1983 году захаваная гістарычная левабярэжная частка места, у цэнтральнай частцы — парк з алеямі. Места разьвіваецца галоўным чынам на поўнач.
[рэдагаваць] Эканоміка
Мэблевая фабрыка, ільнозавод, прадпрыемствы харчовай прамысловасьці.
[рэдагаваць] Транспарт
Празь Вяліж праходзяць аўтамабільныя дарогі Р133 (Невель — Смаленск), Р131 (Вяліж — Сенькава) і Р112 (Вяліж — Віцебск).
Аўтобуснае злучэньне са Смаленскам, Віцебскам, Санкт-Пецярбургам. Найбліжэйшая чыгуначная станцыя Рудня (лінія Віцебск — Смаленск) знаходзіцца за 93 км. У 1945—2005 гады ў месьце і ваколіцах дзейнічала Баранаўская вузкакалейная чыгунка, якая належала Вяліскаму леспрамгасу (ня мела выйсьця на магістральную чыгуначную сетку).
Да 1990-х гадоў існавала грузавое і пасажырскае суднаходзтва Дзьвіною.
[рэдагаваць] Турыстычная інфармацыя
У месьце дзейнічае Вяліскі гістарычна-краязнаўчы музэй.
[рэдагаваць] Выдатныя мясьціны
- Гістарычная забудова (кан. XIX — пач. XX стст.; фрагмэнты)
- Царква Трох Сьвяціцеляў (2-я пал. XIX ст.)
[рэдагаваць] Страчаная спадчына
- Замак (XVI ст.)
- Касьцёл Сьвв. Апп. Пятра й Паўла (1799)
- Касьцёл Спачыну Найсьв. Панны Марыі (1761)
- Ратуша (XVIII ст.)
- Сынагога (XIX ст.)
- Царква Покрыва Прасьв. Багародзіцы (XVIII ст.; грэка-каталіцкая)
- Царква Сьв. Мікалая (1761; грэка-каталіцкая)
- Царква Сьв. Міхала Арханёла (грэка-каталіцкая)
- Царква Сьв. Пр. Ільлі (1781; грэка-каталіцкая)
- Царква Ўзвышэньня Сьв. Крыжа (1785—1790; грэка-каталіцкая)
- Царква Сьв. Духа (1823)
- Царква Сьв. Тройцы (XVIII ст.)
[рэдагаваць] Галерэя
- Краявіды Вяліжу
[рэдагаваць] Вядомыя асобы
- Андрэй Бембель (1905—1986) — беларускі савецкі скульптар
- Майсей Бераў (1909—2003) — беларускі кінаапэратар, кінадакумэнталіст
- Юрка Віцьбіч (1905—1975) — беларускі пісьменьнік, публіцыст, краязнавец і дзяяч эміграцыі ў ЗША
- Макс Пенсон (1893—1959) — фатограф
[рэдагаваць] Крыніцы
- ^ Колькасьць насельніцтва Расейскай Федэрацыі станам на 1 студзеня 2010 году(рас.)
- ^ Вяліж // Слоўнік беларускай мовы (клясычны правапіс) / Уклад. калектыў супрацоўнікаў выдавецтва «Наша Ніва». — Наша Ніва, 2001.
- ^ Аркадзь Смоліч. Географія Беларусі. — Вільня: Друкарня «Віленскага Выдавецтва» Б. А. Клецкіна, 1922. С. 300.
- ^ Алесь Карлюкевіч. Знічкі Памежжа: Веліж // «Голас Радзімы» № 9 (3177), 12 сакавіка 2010.
- ^ Велиж // Географические названия мира: Топонимический словарь / Поспелов Е. М. — М: АСТ. 2001.
- ^ a b Валерый Грынявецкі. Веліж // Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / рэд. Г. П. Пашкоў і інш. Т. 1: Абаленскі — Кадэнцыя. — Мінск: Беларуская Энцыклапедыя, 2005. С. 400.
- ^ Вяліж // Цітоў А. Геральдыка беларускіх местаў (XVI — пачатак XX ст.). — Мн.: Полымя, 1998.
- ^ У якіх межах былі абвешчаныя Беларуская Народная Рэспубліка і БССР? // 150 пытанняў і адказаў з гісторыі Беларусі / Уклад. Іван Саверчанка, Зьміцер Санько. — Вільня: Наша Будучыня, 2002.— 238 с. ISBN 9986-9229-6-1.
- ^ Беларускія тэрыторыі ў 20-м стагодзьдзі: вернутае // «Радыё Свабода», 8 сакавіка 2007.
- ^ a b c Wieliż // Słownik geograficzny Królestwa Polskiego i innych krajów słowiańskich. Tom XIII: Warmbrun — Worowo. — Warszawa, 1893. S. 329.
- ^ Велиж // Большая советская энциклопедия, 3-е изд.: в 30 т. / Гл. ред. А.М. Прохоров. — М.: Сов. энциклопедия, 1969—1978.
- ^ Велиж // Большой энциклопедический словарь / Гл. ред. В. П. Шишков. — М.: НИ «Большая Российская энциклопедия», 1998. — 640 с.: ил. ISBN 5-85270-262-5.
- ^ Агульныя зьвесткі пра Вяліж(рас.)
[рэдагаваць] Літаратура
- Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / рэд. Г. П. Пашкоў і інш. Т. 1: Абаленскі — Кадэнцыя. — Мінск: Беларуская Энцыклапедыя, 2005. — 684 с.: іл. ISBN 985-11-0314-4.
- Цітоў А. Геральдыка беларускіх местаў (XVI — пачатак XX ст.). — Мн.: Полымя, 1998.— 287 с. ISBN 985-07-0131-5.
- Wieliż // Słownik geograficzny Królestwa Polskiego i innych krajów słowiańskich. Tom XIII: Warmbrun — Worowo. — Warszawa, 1893. S. 329—331
[рэдагаваць] Вонкавыя спасылкі
Вяліж — сховішча мультымэдыйных матэрыялаў
- м. Вяліж на Radzima.org
- Велиж в прошлом и настоящем(рас.)
- Виртуальный Велиж-Велиж помнит их имена (список и краткая биография уроженцев)(рас.)
- Бои за Велиж(рас.)
- Велижский историко-краеведческий музей(рас.)
- Барановская узкоколейная железная дорога на «Сайте о железной дороге» Сергея Болашенко(рас.)
|
Смаленская вобласьць |
||
|---|---|---|
| Мескія акругі | ||
| Муніцыпальныя раёны |
Вяземскі • Вяліскі • Гжацкі (Гагарынскі) • Глінкаўскі • Дарагабускі • Дзямідаўскі • Духаўшчынскі • Ельнянскі • Кардымаўскі • Красьнянскі • Манастыршчанскі • Навадугінскі • Пачынкаўскі • Рослаўскі • Руднянскі • Сафонаўскі • Смаленскі • Сычоўскі • Угранскі • Хіславіцкі • Холм-Жыркоўскі • Цёмкінскі • Шумяцкі • Ярцаўскі • Яршыцкі
|
|
| Цэнтры раёнаў |
Вязьма • Вяліж • Гагарын (Гжацк) • Глінка • Дарагабуж • Дзямідаў (Парэчча) • Духаўшчына • Ельня • Кардымава • Красны • Манастыршчына • Навадугіна • Пачынак • Рослаў • Рудня • Сафонава • Смаленск • Сычоўка • Угра • Хіславічы • Холм-Жыркоўскі • Цёмкіна • Шумячы • Ярцава • Яршычы
|
|
| Месты і мястэчкі гістарычнай Віцебшчыны | |
|---|---|
| — ¹ У дужках прыводзіцца час атрыманьня Магдэбурскага права; — ² Вылучаным пазначаюцца месты | |