Дзьвіна

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі.

Перайсьці да: навігацыя, пошук
Рака
Дзьвіна
Дзьвіна
Дзьвіна ў Полацку
Агульныя зьвесткі
Выток возера Каракіна (Расея)
Вусьце Рыская затока
Краіны басэйну Беларусь, Латвія, Расея
Даўжыня 1020 км
Сярэднегадавы сьцёк 666 м³/с
Плошча басэйну 87,9 тыс. км²
Нахіл воднай паверхні 0,12 ‰
Commons-logo.svg   Дадатковыя мультымэдыйныя матэрыялы


Дзьвіна́, Захо́дняя Дзьвіна́ (па-расейску: Западная Двина, па-латыску: Daugava) — рака ў Расеі, Беларусі і Латвіі, адна з найбуйнейшых рэчак Беларусі. Даўжыня 1020 км (у межах Беларусі 328 км). Плошча вадазбору 87,9 тыс. км² (у межах Беларусі 33,2 тыс. км²). Сярэднярочны расход вады ў вусьці 666 м³/с. Агульнае падзеньне ракі на тэрыторыі Беларусі 38 м. Сярэдні нахіл воднай паверхні 0,12 .

Зьмест

[рэдагаваць] Асноўныя прытокі

[рэдагаваць] На рацэ

[рэдагаваць] Агульныя зьвесткі

Пачынаецца на Валдайскім узвышшы з возера Каракіна за 14 км на паўднёвы захад ад вёскі Пена Цьвярской вобласьці (Расея) на вышыні 221 м над узроўнем мора, упадае ў Рыскую затоку Балтыйскага мора. Цячэ на Беларусі пераважна з усходу на захад па Сураскай нізіне, паміж Гарадоцкім і Віцебскім узвышшамі і на большым сваім працягу — па Полацкай нізіне.

Даліна трапэцападобнай формы, каля мястэчка Руба — каньёнападобная. Шырыня яе ў асноўным 3 — 4 км, паблізу ўпадзення Вулы і на крайняй усходняй частцы Беларусі дасягае 10 — 15 км. Глыбіня ўрэза зьменьваецца ад 20 — 30 м да 40 — 50 м. У будове даліны часьцей за ўсё вылучаецца абалона і 2 (некаторыя дасьледчыкі адзначаюць 3 — 4) надабалонавыя тэрасы. Абалона ў межах Сураскай нізіны вузкая — да 60 см. Вылучаюць 2 узроўні: нізкі (1,5 — 2 м над летнім урэзам ракі, заліваецца ў разводзьдзе кожны рок) і высокі (4 — 5 м, заліваецца толькі пасьля шматсьнегавых зімаў). Аналягічная будова захоўваецца да Віцебску, прычым шырыня нізкай абалоны 40 — 50 м, а высокай не перавышае 15 — 20 м. Каля мястэчка Руба абалона звужаецца да 10 — 20 м. На Полацкай нізіне яна таксама вузкая, з двума ўзроўнямі: ніжняя (2,5 — 3,5 м над летнім узроўнем вады) шырынёй 5 — 10 м і верхняя (5 — 5,5 м) 15 — 20 м. Толькі на асобных дзялянках абалона пашыраецца да 300 — 500 м (зрэдку да 3 км).

Рэчышча зьвілістае, зарастае пераважна каля берагоў. Шырыня яго да вусьця ракі Вула 60 — 120 м, зрэдку да 190 м, каля мяжы з Латвіяй 100 — 140 м, зрэдку да 240 м. На рацэ існуюць парогі — на працягу 12 км вышэй Віцебска цягнецца Вярхоўскі парог, утвораны выхадам блізка да дзённай паверхні дэвонскіх далямітаў: парожыстыя дзялянкі трапляюцца ў сутоках Дзісны і Заходняй Дзвіны каля места Дзісна, а таксама каля места Дрыса. Дно пяскова-камяністае і пясковае або пяскова-аточнае. Берагі ўмерана-стромкія, супясковыя, радзей — пяскова-гліністыя з валунамі, вышынёй да 8 м, зрэдку да 22 м.

Жыўленьне ракі мяшанае (пераважна сьнегавое зь вялікай доляй грунтавога). Асаблівасьць рэжыму — высокае веснавое разводзьдзе, нізкая летня-восеньская межань з частымі дажджавымі паводкамі, устойлівая зімовая межань. На пэрыяд веснавога разводзьдзя прыпадае 56 %, летня-восеньскую межань 33 % , зімовую — 11 % рочнага сцёку. Веснавое разводзьдзе доўжыцца 60 — 70 дзён (з канца сакавіка да 1-й дэкады чэрвеня). Сярэдняя вышыня над самай нізкай межаньню 4,4 — 9 м, найвялікшы ўзровень у межах Беларусі 13,5 м (1931). Летне-восеньская межань (доўжыцца 4 — 5 месяцаў) нярэдка парушаецца дажджавымі паводкамі вышынёй да 6 м. Зімовая межань каля 70 — 80 дзён. Замярзае ў 1-й дэкадзе сьнежня, крыгалом у 1-й дэкадзе красавіка. Найбольшая таўшчыня лёду 50 — 78 см (люты — сакавік). Веснавы ледаход 4 — 10 дзён. Найвялікшы расход вады каля Віцебску 3320 м³/с (1991), Полацку 4060 м³/с (1956), найменшы адпаведна 8 м³/с (1940) і 25,4 м³/с (19381939). Рочны сьцёк завіслых наносаў каля 320 тыс. т. Вада на працягу року (за выключэньнем пэрыядаў веснавога разводзьдзя і летне-восеньскіх паводак) гідракарбанатна-кальцыевай клясы з рэзка выражаным гідракарбанатным характарам. Для памяншэньня забруджваньня Заходняй Дзьвіны на прамысловых і камунальных прадпрыемствах ствараюцца ачышчальныя збудаваньні, вядзецца кантроль за гідратэхнічным рэжымам ракі, аднак стан ракі пакуль не паляпшаецца. У 1990 у Наваполацку адбылася аварыя, якая адмоўна паўплывала на іхтыяфаўну да самага вусьця ракі, падобная аварыя адбылася і ў 2007 року.

[рэдагаваць] Рэльеф

Рэльеф пераважна градава-пагорысты. З падвышаных формаў вылучаюцца паўночна-заходні ўскраек Смаленскай грады, Аршанска-Віцебскія вышыні, горы Катарсы, Браслаўская града і Невельска-Гарадоцкія вышыні. Значную частку вадазбору займаюць шырокія нізіны: Полацкая, Чашніцкая і Сураская. Сярэдняя вышыня вадазбору 187 м, сярэдні ўхіл 9,51 ‰.

[рэдагаваць] Расьліннасьць

Расьліннасьць прадстаўленая пераважна мяшаным лесам зь перавагай іглічных пародаў. Масівы сухога лесу, якія займаюць каля 27 % плошчы вадазбору, разьмешчаныя нераўнамерна. У вярхоўі (да вусьця ракі Мяжы) яны займаюць каля паловы тэрыторыі, ніжэй па плыні ў асноўным засяроджаныя па правабярэжжы, у Полацкай нізіне.

Балоты мохавыя або травяныя, забалочаныя землі і забалочаныя лясы займаюць 20% плошчы. Большасцьь балатоў разьмешчана ў верхняй частцы вадазбору (П'янішнік, Красны Мох, Бельскі Мох, Вялікасельскае балота і інш.).

[рэдагаваць] Азёрнасьць

Азёрнасьць вадазбору каля 3 %. Левабярэжныя азёры адметныя ланцугападобным разьмяшчэньнем (Жыжыцкае, Дрысьвяты, Лукомльскае, Дрывяты, Снуды, Струста, Вялінскае, Охват і інш.). Правабярэжныя звычайна невялікія, плыткія, зарослыя. Найвялікшыя зь іх: Асьвейскае, Нешчарда, Езярышча.

[рэдагаваць] Жывёльны сьвет

- каштоўныясудак, мінога ручаёвая, стронга ручаёвая, галавень.

[рэдагаваць] Гаспадарчая дзейнасьць

Са старажытных часоў Заходняя Дзьвіна — важны гандлёвы шлях, у ІХ — ХІ стст. па ёй праходзіла адно з асноўных адгалінаваньняў шляху з варагаў у грэкі. Рака злучана Бярэзінскай воднай сыстэмай (ня дзейнічае) з Дняпром. Суднаходства ажыцьцяўляецца ад Веліжа (Расея) да Дрысы, у нізкай плыні (у межах Латвіі) — на асобных дзялянках. Суднаходству перашкаджаюць парогі.

Значная частка (больш за 16%) плошчы вадазбору ў межах Беларусі па стане на 1 студзеня 2006 року мэліяраваная. Мэліярацыйныя працы ў большай ступені праведзеныя ў басэйнах такіх прытокаў Заходняй Дзвіны як: Каспля (20.3%), Крывінка (31.2%), Вула (20.2%), Дзісна (23.5%), Масьніца (47.8%), Янка (42.9%).[1]

[рэдагаваць] Крыніцы

  1. ^ Гідрамэтцэнтар Беларусі(рас.)

[рэдагаваць] Літаратура

  • Блакiтная кнiга Беларусi: Энцыкл. / БелЭн; Рэдкал.: Н.А. Дзiсько i iнш. — Мн.: БелЭн, 1994.
  • Ресурсы поверхностных вод СССР. Описание рек и озёр и расчёты основных характеристик их режима. Т. 5. Белоруссия и Верхнее Поднепровье. Ч. 1–2. — Л., 1971.
  • Природа Белоруссии: Попул. энцикл./ БелСЭ; Редкол.: И.П. Шамякин (гл.ред.) и др. — Мн.: БелСЭ, 1986. — 599 с., 40 л. ил.
  • Государственный водный кадастр: Водные ресурсы, их использование и качество вод (за 2004 год) / М-во природных ресурсов и охраны окружающей среды. — Мн., 2005. — 135с.

[рэдагаваць] Вонкавыя спасылкі

Commons-logo.svg  Дзьвінасховішча мультымэдыйных матэрыялаў