Бярэзіна (басэйн Нёмана)
| Рака | |
| Бярэзіна | |
| Заходняя Бярэзіна | |
| Агульныя зьвесткі | |
| Выток | каля в. Бортнікі |
| Вусьце | Нёман |
| Краіны басэйну | Беларусь |
| Даўжыня | 226 км |
| Сярэднегадавы сьцёк | 30 м³/с |
| Плошча басэйну | 4 тыс. км² |
| Нахіл воднай паверхні | 0,8 ‰ |
Бярэзіна, Заходняя Бярэзіна — рака ў Гарадзенскай і Менскай абласьцях Беларусі, правы прыток Нёману. Даўжыня 226 км. Плошча вадазбору 4 тыс. км². Выдатак вады ў вусьці 30 м³/с. Агульнае падзеньне 172 м. Сярэдні нахіл воднай паверхні 0,8 ‰.
Зьмест |
[рэдагаваць] Асноўныя прытокі
- Праваруч: Бярозка (даўжыня 6 км), Краўлянка (даўжыня 20 км), Альшанка (даўжыня 60 км), Чарніца (даўжыня 20 км), Чапунька (даўжыня 38 км)
- Леваруч: Дворышча (7 км), Іслач (даўжыня 102 км), Волка (даўжыня 36 км)
[рэдагаваць] На рацэ
- Зоны адпачынку: Барок (12 км на поўнач ад места Маладэчна)
- Вадасховішчы: Сакаўшчынскае
[рэдагаваць] Агульныя зьвесткі
Пачынаецца каля вёскі Бортнікі Маладэчанскага раёну, на вышыні 300 м па-над узроўнем мора, цячэ ў Валожынскім і Іўеўскім раёнах.
Даліна выразная, яе шырыня ў верхняй частцы 0,5—3 км, ніжэй за вёску Гародзькі 3—4 км. Абалона нізкая, асушаная, месцамі ўзгорыстая, шырыня ў вярхоўі 0,2—0,5 км, на астатніх дзялянках ад 0,3 да 3 км. Рэчышча моцназьвілістае, шырыня ракі ў вярхоўі 5—20 м, у сярэдняй і нізкай плыні 20—35 м, паблізу вусьця да 50 м.
Найвышэйшы ўзровень разводзьдзя ў высокай і сярэдняй плыні ў канцы сакавіка, у нізкай — у пачатку красавіка. Замярзае ў 2-й палове сьнежня, крыгалом у сярэдзіне сакавіка[1].
[рэдагаваць] Рэльеф
Верхняя і сярэдняя часткі вадазбору разьмяшчаюцца на паўднёва-ўсходніх схілах Ашмянскай грады і паўночна-заходніх схілах Менскага ўзвышша, нізоўе на Нёманскай нізіне. Водападзел, зь невялікім выняткам у паўднёва-заходняй частцы, добра выяўлены, мае плыўныя абрысы, на поўначы аддзяляе басэйн ракі Вяльля, на ўсходзе — вадазборы рэчак Сьвіслач і Пціч. Агульная працягласьць водападзельнай лініі каля 310 км.
Верхняя і сярэдняя часткі вадазбору адметныя дробнаўзгорыстым рэльефам, ніжняя ўяўляе сабой плоскую забалочаную раўніну, амаль паўсюдна пакрытую ляснымі масівамі (Налібоцкая пушча).
[рэдагаваць] Расьліннасьць
Лясныя масівы займаюць 30% плошчы вадазбору, зь іх каля 8% прыходзіцца на забалочаны лес. Разьмеркаваньне лясоў нераўнамернае, найбольшая лясістась назіраецца ў ніжняй частцы вадазбору (Налібоцкая пушча). У лясох пераважаюць іглічныя пароды, часьцей за ўсё хвоя.
[рэдагаваць] Гаспадарчая дзейнасьць
Мясцовае суднаходства ад вёскі Бакшты (за 45 км ад вусьця) — у пэрыяд высокай вады. Амаль усе прытокі Заходняй Бярэзіны каналізаваныя. У басэйне ракі каля 20 каналаў даўжынёй больш за 5 км (агульная даўжыня звыш 150 км).
На вадазборы праводзіліся мэліярацыйныя працы, у выніку якіх, станам на 1 студзеня 2006 году 16,1% плошчы басэйну мэліяраваныя, працягласьць адкрытай асушальнай сеткі складае 2365 км[2].
[рэдагаваць] Крыніцы
- ^ Блакiтная кнiга Беларусi: энцыкл. / Рэдкал.: Н. А. Дзісько, М. М. Курловіч, Я. В. Малашэвіч і інш.; Маст. В. Г. Загародні. — Мн.: БелЭн, 1994.
- ^ Гідрамэтцэнтар Беларусі(рас.)
[рэдагаваць] Літаратура
- Блакiтная кнiга Беларусi: энцыкл. / Рэдкал.: Н. А. Дзісько, М. М. Курловіч, Я. В. Малашэвіч і інш.; Маст. В. Г. Загародні. — Мн.: БелЭн, 1994. — 415 с. ISBN 5-85700-133-1.
- Ресурсы поверхностных вод СССР. Описание рек и озёр и расчёты основных характеристик их режима. Т. 5. Белоруссия и Верхнее Поднепровье. Ч. 1-2. — Л., 1971.
- Природа Белоруссии: Попул. энцикл. / БелСЭ; Редкол.: И. П. Шамякин (гл.ред.) и др. — Мн.: БелСЭ, 1986. — 599 с., 40 л. ил.
- Государственный водный кадастр: Водные ресурсы, их использование и качество вод (за 2004 год) / М-во природных ресурсов и охраны окружающей среды. — Мн., 2005. — 135 с.
| Прытокі Нёмана (ад вытоку да вусьця) | ||
|---|---|---|
| На тэрыторыі Беларусі |
Лоша (л) · Тур’я (л) · Сула (п) · Вуша (л) · Сэрвач (л) · Валоўка (л) · Вуса (п) · Бярэзіна (п) · Бярозка (л) · Пліса (л) · Дудлянка (п) · Гаўя (п) · Налібоўка (л) · Дзітва (п) · Ізва (л) · Еленка (п) · Моўчадзь (л) · Лебяда (п) · Тур’я (п) · Шчара (л) · Ельня (п) · Зальвянка (л) · Рось (л) · Дубніца (п) · Сьвіслач (л) · Котра (п) · Горніца (л) · Гараднічанка (п) · Ласосна (л) · Гажанка (п) · Аўгустоўскі канал (л) · Чорная Ганча (л)
|
|
| На тэрыторыі Летувы |
Белая Ганча (л) · Мерачанка (п) · Вэркнэ (п) · Стрэва (п) · Вяльля (п) · Нявежа (п) · Дубіса (п) · Мітува (п) · Юра (п) · Геге (п) · Мінія (п)
|
|