Дняпро
Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі.
| Рака | |
| Дняпро | |
| Рака Дняпро каля Лоева | |
| Агульныя зьвесткі | |
| Выток | каля в. Аксеніна (Расея) |
| Вусьце | Дняпроўскі ліман |
| Краіны басэйну | Беларусь, Украіна, Расея |
| Даўжыня | 2290 км |
| Сярэднегадавы сьцёк | 1670 м³/с |
| Плошча басэйну | 504 тыс. км² |
| Нахіл воднай паверхні | 0,08 ‰ |
| Месцазнаходжаньне | |
Дняпро́ (па-расейску: Днепр, па-ўкраінску: Дніпро) — рака ў Расеі, Беларусі і Ўкраіне (у тым ліку ў Віцебскай, Магілёўскай і Гомельскай абласьцях Беларусі). Трэцяя паводле даўжыні і плошчы басэйну рака Эўропы (пасьля Волгі і Дунаю). Даўжыня 2201 км (да пабудовы вадасховішчаў 2285 км), на тэрыторыі Беларусі 700 км. Плошча вадазбору 504 тыс. км², у Беларусі 63,7 тыс. км² (без басэйна Прыпяці). Сярэднярочны расход вады ў вусьці 1670 м³/с, каля Воршы 123 м³/с, каля Рэчыцы 364 м³/с. Агульнае падзеньне ракі ў Беларусі 54 м. Сярэдні нахіл воднай паверхні 0,08 ‰.
Зьмест |
[рэдагаваць] Асноўныя прытокі
- Праваруч: Аршыца, Адроў, Лахва, Друць, Бярэзіна, Прыпяць, Ірпень, Інгулец, Цецяраў.
- Леваруч: Ухлясьць, Ржаўка, Сож, Дзясна, Сула, Самара, Ворскла, Рось, Псёл.
[рэдагаваць] На рацэ
- Месты: Дарагабуж, Смаленск, Дуброўна, Ворша, Копысь, Шклоў, Магілёў, Быхаў, Рагачоў, Жлобін, Стрэшын, Рэчыца, Лоеў, Кіеў, Канеў, Чаркасы, Крамянчуг, Днепрадзяржынск, Днепрапятроўск, Запарожжа, Нікапаль, Энэргадар, Новая Кахоўка, Хэрсон.
- Вадасховішчы: Кіеўскае, Канеўскае, Крамянчускае, Днепрадзяржынскае, Дняпроўскае, Кахоўскае.
- ГЭС: Кіеўская, Канеўская, Крамянчуская, Днепрадзяржынская, Дняпроўская, Кахоўская.
- Курорты: Рагачоў, Горваль (на сутоках Дняпра і Бярэзіны), Белы Бераг.
- Зоны адпачынку: Дняпроўка, Дняпро, Арціслаўка, Любуж, Сідаравічы, Салтанава, Прыбярэжная, Лоеў (у міжрэччы Дняпра і Сажа) ды іншыя.
[рэдагаваць] Агульныя зьвесткі
Пачынаецца зь невялікага балота на Валдайскім узвышшы за 2.0 км на паўднёвы ўсход ад вёскі Аксеніна Андрэеўскага раёну Смаленскай вобласьці на вышыні 236 м над узроўнем мора, упадае ў Дняпроўскі ліман Чорнага мора. Шчыльнасьць рачной сеткі басэйну Дняпра на тэрыторыі Беларусі 0,39 км/км².
Асноўны сьцёк ракі фармуецца ў высокай плыні. Галоўная крыніца жыўленьня — сьнегавыя воды (у высокай плыні каля 50%). Грунтавыя воды складаюць 27%, дажджавыя 23% рочнага сьцёку. Веснавое разводзьдзе звычайна праходзіць адной, у асобныя гады дзьвюма ці трыма хвалямі. Сярэдняя вышыня над самай нізкай межаньню каля Воршы 5,9 м, Магілёва 6,2 м, Рэчыцы 4 м. Вышыня найвялікшага ўзроўню 4 — 7 м, у вярхоўі, дзе абалона вузкая, да 12 м. Замярзае ў канцы лістапада — пачатку сьнежня, крыгалом у сярэдняй плыні ў канцы сакавіка — пачатку красавіка. На Беларусі найвялікшая таўшчыня лёду 60 — 80 см (у пачатку сакавіка). Веснавы ледаход 4 — 9 дзён. Каля Воршы найбольшы расход вады 2000 м³/с (1931), найменшы 8 м³/с (1892), каля Рэчыцы адпаведна 4970 м³/с (1953) і 36 м³/с (1921). Рочны сьцёк завіслых наносаў на Беларусі 250 тыс. т. Вада ў рацэ гідракарбанатна-кальцыёвай клясы, умерана жорсткая, павышанай і сярэдняй мінэралізацыі. Для памяншэньня забруджваньня Дняпра пры прамысловых і камунальных прадпрыемствах ствараюцца ачышчальныя збудаваньні, вядзецца кантроль за гідрахімічным рэжымам ракі, аднак стан ракі пакуль не паляпшаецца. У выніку Чарнобыльскай катастрофы значая чатска глеяў, жывёльнага ды расьліннага сьвету Дняпра была забруджаная радыёактыўнымі нуклідамі.
У межах Беларусі даліна пераважна трапэцападобная, ніжэй вусьця Сажа невыразная. Шырыня яе да Магілёва 0,8 — 3 км, ніжэй (да вусьця Сажа) 5 — 10 км, у межах Палескай нізіны зьліваецца з прылеглай мясцовасьцю. Схілы даліны ўмерана стромкія і спадзістыя, вышынёй 12 — 35 м, парэзаныя ярамі, лагамі, далінамі прытокаў. Абалона на значным працягу ад Магілёва — двухбаковая тэраса, якая ўзвышаецца над межанным узроўнем вады на 5 — 8 м, шырыня яе 0,1 — 1 км. Ад Магілёва да Жлобіна пашыраецца да 6 км, у межах Гомельскага Палесься да 10 км. Паверхня абалоны ніжэй Магілёва перасечаная старыцамі, рукавамі, пратокамі і затокамі, большай часткай адкрытая і разараная. Ёсць павышаныя грывістыя дзялянкі, пясковыя ўзгоркі і прырэчышчавыя валы.
Рэчышча на вялікім працягу моцназьвілістае, багатае перакатамі і мелямі, найбольш выразнымі на дзялянцы паміж вусьцямі рэчак Друць і Сож. За 9 км вышэй Воршы рака праразае граду дэвонскіх вапнякоў, утварае каля вёскі Прыдняпроўе так званыя Кабяляцкія парогі. Шырыня ракі 60 — 120 м, паміж вусьцямі Бярэзіны і Сажа 0,2 — 0,6 км, ніжэй 0,8 — 1,5 км, а ў зоне падпору ад Кіеўскага вадасховішча 3 — 5 км. Дно роўнае, пясковае, часам пяскова-жвіровае. Берагі ад спадзістых да стромкіх, на лукавінах разбураюцца, вышынёй ад 0,5 м да 10 м, у асобных месцах наладжаныя берагавыя замацаваньні.
Азёрнасьць вадазбору нязначная (меней за 1%), у большасьці сваёй гэта невялікія азёры.
[рэдагаваць] Рэльеф
Вярхоўі вадазбору ракі ў межах Смаленскага і Аршанскага ўзвышшаў, правабярэжжа сярэдняй часткі высокай плыні на Цэнтральнабярэзінскай раўніне, левабярэжжа на Аршанска-Магілёўскай раўніне, што на поўдні пераходзіць у нізіну Беларускага Палесся. На поўдні ад Рагачова па левабярэжжы ракі цягнецца Прыдняпроўская нізіна.
Рэльеф раўнінна-пагорысты. Найбольш узьнёслая паўночная частка ўяўляе складаную сыстэму буйнаўзгорыстых марэнавых узвышшаў (Аршанскае, Менскае), якія чаргуюцца са слабаўвагнутымі, часта забалочанымі нізінамі і моцна падзеленымі плятопадобнымі дзялянкамі. Адносныя вышыні асобных грудоў вагаюцца ад 30 — 50 да 120 м. Цэнтральная частка, якая ахоплівае вадазборы рэчак Бярэзіна і Сож, пераважна раўнінная, месцамі сустракаюцца хвалістыя і дробнаўзгорыстыя дзялянкі дновай марэны з адноснымі вышынямі 5 — 30 м. Левабярэжжа да места Жлобін моцна падзеленае далінамі, ярамі, бэлькамі і прыпаднятае адносна правабярэжжы на 40 — 60 м. Паўднёвая частка вадазбору зьвязаная зь дзюнава-грудкаватымі пясковымі ўтварэньнямі вышынёй 5 — 8 м і асобнымі моцна размытымі марэнавымі грудамі, узвышшамі і градамі вышынёй да 10 — 60 м над навакольнай мясцовасьцю.
[рэдагаваць] Расьліннасьць
Значная частка тэрыторыі (каля 25%) занятая ляснымі масівамі, разьмяшчэньне іх нераўнамернае. Вялікія лясныя масівы знаходзяцца на вадазборах правабярэжных прытокаў (рака Бярэзіна, рака Друць). Левабярэжжа аблесенае значна менш. Лясы тут сустракаюцца параўнальна невялікімі дзялянкамі, найвялікшыя зь іх засяроджаныя ў нізоўе Сажа. Лясы мяшаныя, асноўныя пароды — хвоя, елка, дуб.
[рэдагаваць] Жывёльны сьвет
- шчупак, акунь, плотка, лешч, лінь, карась, верхаводка, гусцяра;
- каштоўныя — судак, мінога ўкраінская, галавень, падуст, вусач. (вядзецца аматарскае і прамысловае рыбалоўства).
[рэдагаваць] Гаспадарчая дзейнасьць
Дняпро з даўніх часоў меў вялікае значэньне як транспартная артэрыя, што злучае Балтыйскае мора з Чорным. Па Дняпры праходзіла асноўная частка шляху з варагаў у грэкі. З 12 стагодзьдзя праз качэўнікаў у нізоўях Дняпро пачынае губляць сваё значэньне як міжнародны гандлёвы шлях — суднаходства па Дняпры ажыцьцяўлалася толькі ў верхнім цячэньні. У сярэдзіне 18 стагодзьдзя, пасьля ліквідацыі Крымскага ханства, суднаходства зноў аднавілася па ўсім цячэньні. Да 20 стагодзьдзя ў ніжэйшым цячэньні суднаходству заміналі парогі, якія былі ўзарваныя ў 1930-я рр. Цяпер басэйн Дняпра злучаны з басэйнамі іншых рэчак (Заходняя Дзьвіна, Нёман, Вісла), Бярэзінскай воднай сыстэмай, Агінскім каналам, Дняпроўска-Бускім каналам.
На вадазборы праведзеныя мэліярацыйныя працы, у выніку якіх па стане на 01 студзеня 2006 году мэліяраваныя каля 14% плошчы басэйну, здадзеныя ў эксплуатацыю каля 38500 км адкрытай асушальнай сеткі каналаў. У большай ступені мэліярацыйныя працы (асушваньне) праведзеныя ў басэйнах прытокаў ракі Дняпра: Друць (11%), Дабосна (28%), Бярэзіна (15%), Ведрыч (25%), Сож (11%).[1]
[рэдагаваць] Гідранімія
Большасьць дасьледчыкаў лічаць паходжаньне назвы сармацкім і выводзяць яе ад выразу дану апара, што азначае задняя рака (адносна Днястра). Iншыя лічаць, што назва ракі паходзіць ад каранёў дан (дон), што значыць вада, рака і пр (прс), што значыць прыкладна пырскі, якія ўтвараюцца парогамі ў нізкай плыні ракі.
Iншыя вядомыя назвы Дняпра: Барыстэн (па-грэцку: Βορυσθένης — паўночная рака), згадваецца ў працах старажытнагрэціх гісторыкаў Герадота, Страбона і ў некаторых старажытнарымскіх (Плінія Старэйшага), хаця ў рымскіх працах пераважае назва Данапрыс. Славутыч — Славянская, мэтафарычная назва часоў Русі. Вар (верагодна, ад імя індаэўрапейскага бога вады Варуна), гунская назва ракі, ад яе паходзіць печанеская назва Варух або Варуч. Буры-Чай (ад імя бога вайны Барын-Буры, які, паводле паданьня, адпачываў на гэтай рацэ), старажытнабулгарская назва. па-турэцку: Узу — доўгая. Элтэкс, назва, якая ўжывалася ў сярэднявечнай Iталіі.
[рэдагаваць] Галерэя
[рэдагаваць] Крыніцы
- ^ Гідрамэтцэнтар Беларусі(рас.)
[рэдагаваць] Літаратура
- Блакiтная кнiга Беларусi: Энцыкл. / БелЭн; Рэдкал.: Н. А. Дзiсько i iнш. — Мн.: БелЭн, 1994.
- Ресурсы поверхностных вод СССР. Описание рек и озёр и расчёты основных характеристик их режима. Т. 5. Белоруссия и Верхнее Поднепровье. Ч. 1—2. — Л., 1971.
- Природа Белоруссии: Попул. энцикл./ БелСЭ; Редкол.: И. П. Шамякин (гл.ред.) и др. — Мн.: БелСЭ, 1986. — 599 с, 40 л. ил.
- Государственный водный кадастр: Водные ресурсы, их использование и качество вод (за 2004 год) / М-во природных ресурсов и охраны окружающей среды. — Мн., 2005. — 135 с.
[рэдагаваць] Вонкавыя спасылкі
Дняпро — сховішча мультымэдыйных матэрыялаў

