Чорнае мора

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі.

Перайсьці да: навігацыя, пошук
Мапа Чорнага мора.
Выгляд Чорнага мора з космасу

Чо́рнае мо́ра — (у старажытнасьці: Pontus Euxinus) мора якое знаходзіцца паміж паўвыспай Малая Азія на поўдні, Каўказам на ўсходзе, Усходнеэўрапейскай нізінай на поўначы і Балканскай паўвыспай на захадзе. Адносіцца да Атлантычнага акіяна.

Па адной з вэрсій, назва паходзіць ад таго, што з-за наяўнасьці ў вадзе серавадароду на якары, які знаходзіўся на глыбіні больш за 150 мэтраў, адкладаліся хімічныя элемэнты чорнага колеру. Маракі, бачачы гэтую зьяву, назвалі мора “Чорным”.

Мора зьяўляецца найвялікшым рэзэрвуарам бескіслароднай вады ў сьвеце.

Чорнае мора злучана пратокамі Басфор і Дарданэлы з Міжземным морам. Паўночная частка, аддзеленая Крымскай паўвыспай, мае назву: Азоўскае мора, злучанае з Чорным морам Керчанскай пратокай. Плошча паверхні складае 422.000 км² (разам з Азоўскім морам), аб'ём 555.000 км³, сярэдняя глыбіня 1.315 мэтраў, максымальная глыбіня 2.258 мэтраў, даўжыня з захаду на ўсход 1.150 км, з поўдня на поўнач 580 км. Берагавая лінія мае невялікую колькасьць заток: Ягарлыцкая, Тэндароўская, Каркініцкая, Еўпатарыйская, Севастопальская, Балаклаўская, Тэадарыйская. Існуюць утвораныя рэкамі ліманы. Асноўныя рэкі, якія ўпадаюць у Чорнае мора: Дунай, Днестр, Паўднёвы Буг і Дняпро. Да найважнейшых партоў адносяцца: Канстанца (Румынія), Бургас і Варна (Баўгарыя), Наварасійск (Расея), Адэса (Украіна), Поці (Грузія), Трабзон і Самсун (Турцыя).

Чорнае мора зьяўляецца геалягічна маладым (існуе гіпотэза, што яно ўтварылася каля 5600 года да н.э.) і зьяўляецца рэшткамі вялікага Сармацкага мора. Салёнасьць на паверхні складае 18,3 o/oo, на дне дасягае 22,5 o/oo. Розьніцу салёнасьці на паверхні і ў глыбіні падтрымлівае абмен вадой з морам Міжземным. З-за розніцы салёнасьці, адсутнасьці абмену вады з глыбіні і паверхні вядзе да зьнікненьня кіслароду і ўзьнікненьня серавадароду. Гэта зьяўляецца прычынай адсутнасьці арганічнага жыцьця ў глыбіні. У паўднёва-заходняй частцы існуюць радовішчы нафты.

Тэмпэратура вады ад 27° летам да 5° зімой. Клімат кантынэнтальны. Марскія цячэньні двух відаў: першыя выкліканыя абменам вады з Мармуровым морам, другія ўтвараюцца цыклянарным укладам вятроў.

Існуе гіпотэза, што легенды аб вялікім патопе, якія сустракаюцца ў розных культурах сьвету (таксама і ў Бібліі), зьвязаны са зьнікненьнем скал, якія блакавалі праход паміж Міжземным морам і Чорным, пералівам вялізных масаў вады і затапленьнем вялікай тэрыторыі.

У Чорным моры жыве каля 185 відаў рыб, але рыбалоўства слаба разьвіта, гадавая лоўля рыб складае 100 000 тон рыбы, у асноўным: анчоўсы і скумбрыі.

У наш час Чорнае мора не грае вялікай ролі ў камунікацыях, але ў старажытнасьці тут ішлі вялікія купецкія шляхі (нават з Балтыйскага мора, які меў назву “З варагаў у грэкі” і праходзіў праз тэрыторыю Беларусі). Знайшло гэта адлюстраваньне ў міфах і легендах, зь якіх найбольш вядомыя “Вандроўка за залатым руном” і міф пра амазонак, якія павінны былі жыць у гэтых мясьцінах.

У наш час на берагах Чорнага мора вельмі разьвіты турыстычны бізнэс. На берагах Румыніі, Баўгарыі і Крыма (Украіна), знаходзяцца курорты міжнароднага значэньня.

[рэдагаваць] Вонкавыя спасылкі

 Чорнае морасховішча мультымэдыйных матэрыялаў

Асабістыя прылады