Чарнобыльская катастрофа
| Чарнобыльская катастрофа | |
Чацьверты рэактар ЧАЭС пасьля аварыі |
|
| Краіна | |
|---|---|
| Месца | Прыпяць, Украінская ССР |
| Тып катастрофы | радыяцыйная аварыя |
| Дата | 26 красавіка 1986 |
| Час | 01:23:45 (EEST) |
| Геаграфічныя каардынаты | 51°23′22″ пн. ш. 30°05′56″ у. д. / 51.38944° пн. ш. 30.09889° у. д.Каардынаты: 51°23′22″ пн. ш. 30°05′56″ у. д. / 51.38944° пн. ш. 30.09889° у. д. |
|
Чарнобыльская катастрофа на мапе Ўкраіны
Чарнобыльская катастрофа
|
|
Чарнобыльская катастрофа — радыяцыйная аварыя, што адбылася 26 красавіка 1986 году на Чарнобыльскай АЭС ва Ўкраінскай ССР (цяпер Украіна). Выбух і наступаваны за ім пажар спрычынілі масавы выкід радыяактыўных рэчываў у атмасфэру, якія распаўсюдзіліся на большую частку Эўропы. Барацьба па стрымліваньні радыяактыўнага забруджваньня і прадухіленьні шырэйшай катастрофы задзейнічала больш за 500 000 рабочых і каштавала каля 18 млрд рублёў, што стала моцным ударам па эканоміцы СССР[1].
Аварыя адбылася падчас выпрабаваньняў абсталяваньня АЭС групай Аляксандра Акімава 26 красавіка 1986 на чацьвертым рэактары Чарнобыльскай атамнай станцыі. Раптоўны выкід атамнай энэргіі, наступная за ім спроба аварыйнага адключэньня рэактара і паўторнае павышэньне магутнасьці спрычынілі пашкоджаньне гермэтычнай абалонкі, што выклікала сэрыю выбухаў. У выніку гэтых падзеяў агаліліся графітавыя стрыжні, якія пры кантакце з паветрам пачалі расьпякацца[2]. Запачаткаваныя ад выбуху клубы пажару ўтварылі надзвычай радыяактыўнае воблака, якое перамяшчалася над большай часткай СССР і Эўропы. Цягам 1986—2000 гг., 350 400 чалавек былі эвакуяваныя з найбольш моцна забруджаных тэрыторыяў Беларусі, Украіны і Расеі[3][4]. Паводле афіцыйных пасьлясавецкіх зьвестак[5][6], каля 60% радыяактыўных ападкаў аселі на тэрыторыі Беларусі.
Аварыя выклікала скептычнае стаўленьне да бясьпечнасьці савецкай ядзернай індустрыі і ядзернай энэргетыкі ўвогуле, што запаволіла яе разьвіцьцё на некалькі гадоў і прымусіла савецкае кіраўніцтва стаць менш засакрэчаным у дачыненьні да ядзерных працэдураў. Для Расеі, Украіны і Беларусі гэты інцыдэнт зазначыў пачатак працяглай дэкантамінацыі і грашовых затратаў на лячэньне пацярпелых ад Чарнобыльскай катастрофы.
Зьмест |
Характарыстыкі АЭС [рэдагаваць]
Чарнобыльская АЭС разьмешчаная на тэрыторыі Ўкраіны паблізу гораду Прыпяць, у 18 кілямэтрах ад гораду Чарнобыль, у 16 кілямэтрах ад мяжы з Рэспублікай Беларусь і ў 110 кілямэтрах ад Кіева.
Да часу аварыі на ЧАЭС выкарыстоўваліся чатыры рэактары РБМК-1000 (рэактар вялікай магутнасьці канальнага тыпу) з электрычнай магутнасьцю 1000 МВт (цеплавая магутнасьць 3200 Мвт) кожны. Яшчэ два аналягічныя рэактары будаваліся па суседзтве. ЧАЭС вырабляла прыкладна дзясятую частку электраэнергіі УССР.
Аварыя [рэдагаваць]
Прыкладна ў 1:24 26 красавіка 1986 году на 4-м энергаблёку Чарнобыльскай АЭС адбыўся выбух, які цалкам разбурыў рэактар. Будынак энергаблёку часткова абваліўся, пры гэтым загінулі 2 чалавекі — апэратар помпаў ГЦН (Галоўны Цыркуляцыйны Насос) Валер Хадамчук (цела ня знойдзена, завалена пад абломкамі двух 130-тонавых барабан-сэпаратараў) і супрацоўнік пуска-наладкавага аддзелу Ўладзімер Шашанок (памёр ад пералому хрыбетніка і шматлікіх апёкаў а 6:00 у Прыпяцкай МСЧ, раніцай 26-га красавіка). У розных памяшканьнях і на даху пачаўся пажар. Пасьля астаткі актыўнай зоны расплавіліся. Сумесь з расплаўленага мэталу, пяску, бэтону і часьцінак паліва расьцяклася па падрэактарных памяшканьнях і там застыла. У выніку аварыі адбыўся выкід у навакольнае асяродзьдзе радыёактыўных рэчываў, у тым ліку нуклідаў урану, плютону-240 (пэрыяд паўраспаду 6537 гадоў)[7], ёда-131 (пэрыяд паўраспаду 8 дзён), цэзія-134 (пэрыяд паўраспаду 2 гады), цэзія-137 (пэрыяд паўраспаду 33 гады), стронцыя-90 (пэрыяд паўраспаду 28 гадоў).
Ліквідацыя наступстваў [рэдагаваць]
Калектыўны подзьвіг зьдзейсьнілі 28 байцоў-пажарнікаў у першую гадзіну пасьля аварыі на Чарнобыльскай АЭС 26 красавіка 1986 году. Асабліва тады адзначыўся майстар спорту СССР старэйшы лейтэнант Васіль Ігнаценка, кандыдат у майстры спорту лейтэнант унутранай службы Віктар Кібянок, першаразраднік лейтэнант унутранай службы Уладзімер Правік, маёр унутранай службы Леанід Цялятнікаў і шмат іншых.
Доўгачасовыя наступствы [рэдагаваць]
- Асноўны артыкул: Наступствы Чарнобыльскай катастрофы
Забруджваньню падвергнулася больш 200 000 км² на тэрыторыі Беларусі (прыкладна 70%), Расеі і Ўкраіны. Радыёактыўныя рэчывы распаўсюджваліся ў выглядзе аэразоляў, якія паступова асаджваліся на паверхню зямлі. Высакародныя газы расьсеяліся ў атмасфэры і не ўносілі ўнёсак ў забруджваньне прылеглых да станцыі рэгіёнаў. Забруджваньне было вельмі нераўнамерным, яно залежыла ад кірунку ветра ў першыя дні пасьля аварыі. Найболей моцна забруджваліся вобласьці, у якіх у гэты час прайшлі дажджы. Вялікая частка стронцыя і плютонія выпала ў межах 100 км ад станцыі, бо яны ўтрымоўваліся ў асноўным у буйнейшых часьціцах. Ёд і цэзій распаўсюдзіліся на шырэйшую тэрыторыю.
З пункта гледжаньня ўзьдзеяньня на насельніцтва ў першыя тыдні пасьля аварыі найбольшую небясьпеку ўяўляў радыёактыўны ёд, мелы параўнальна малы пэрыяд паўраспаду (восем дзён) і тэлур. У цяперашні час (і ў найблізкія дзесяцігодзьдзі) найбольшую небясьпеку ўяўляюць ізатопы стронцыя і цэзія з пэрыядам паўраспаду каля 30 гадоў. Найбольшыя канцэнтрацыі цэзія-137 выяўленыя ў павярхоўным пласьце глебы, адкуль ён пападае ў расьліны й грыбы. Забруджваньню таксама падвяргаюцца казуркі і жывёлы, якія імі сілкуюцца. Радыёактыўныя ізатопы плутонія і амэрыцыя захаваюцца ў глебе на працягу сотняў, а магчыма і тысяч гадоў, аднак іх колькасьць па-за межамі зоны адчуджэньня невяліка. Тым ня менш, некаторыя экспэрты лічаць, што праблемы, зьвязаныя з забруджваньнем трансуранавымі элемэнтамі, патрабуюць дадатковага вывучэньня. У выніку бэта-распаду Pu-241 на радыёактыўна забруджаных тэрыторыях адбываецца ўтварэньне амэрыцыя-241. У цяперашні час унёсак Am-241 у агульную альфа-актыўнасьць складае 50%. Рост актыўнасьці глеб, забруджаных трансуранавымі ізатопамі, за рахунак Am-241 будзе працягвацца да 2060 г. і яго ўнёсак складзе 66,8%. У прыватнасьці, у 2086 годзе альфа-актыўнасьць глебы на забруджаных плютоніем тэрыторыях Рэспублікі Беларусь будзе ў 2,4 разы вышэй, чым у пачатковы пасьляаварыйны пэрыяд.
У гарадах асноўная частка небясьпечных рэчываў назапашвалася на роўных участках паверхні: на лужках, дарогах, дахах. Пад узьдзеяньнем ветру і дажджоў, а таксама ў выніку дзейнасьці людзей, ступень забруджваньня моцна зьнізілася і цяпер узроўні радыяцыі ў большасьці месцаў вярнуліся да фонавых значэньняў. У сельскагаспадарчых абласьцях у першыя месяцы радыёактыўныя рэчывы адкладаліся на лісьці расьлін і на траве, таму забруджваньню падвяргаліся траваядныя жывёлы. Затым радыёнукліды разам з дажджом або апалым лісьцем патрапілі ў глебу, і цяпер яны паступаюць у сельскагаспадарчых расьлінах, у асноўным праз каранёвую сыстэму. Узроўні забруджваньня ў сельскагаспадарчых раёнах значна зьнізіліся, аднак у некаторых рэгіёнах колькасьць цэзія ў малацэ ўсё яшчэ можа перавышаць дапушчальныя значэньні. Гэта адносіцца, напрыклад, да Гомельскай і Магілёўскай вобласьцей у Беларусі, Бранскай вобласьці ў Расеі, Жытомірскай і Роўненскай вобласьці на Ўкраіне.
Значнаму забруджваньню падвергнуліся лясы. З-за таго, што ў лясной экасыстэме цэзій стала рэцыркулюе, а не выводзіцца зь яе, узроўні забруджваньня лясных прадуктаў, такіх як грыбы, ягады і дзічына, застаюцца небясьпечнымі. Узровень забруджваньня рэк і большасьці азёраў у цяперашні час нізкі. Аднак у некаторых «замкнёных» азёрах, зь якіх няма сьцёку, канцэнтрацыя цэзію ў вадзе і рыбе яшчэ на працягу дзесяцігодзьдзяў можа ўяўляць небясьпеку.
Забруджваньне не абмежавалася 30-кілямэтровай зонай. Было адзначана падвышанае ўтрыманьне цэзію-137 у лішайніку і мясе аленяў у арктычных абласьцях Расеі, Нарвэгіі, Фінляндыі і Швэцыі. З-за павышэньня радыяцыйнага фону прыйшлося адсяліць шэраг вёсак па-за 30-цікілямэтровай зонай адчуджэньня (у Гомельскай і Магілёўскай абласьцях Беларусі і Бранскай вобласьці Расеі).
Беларусь [рэдагаваць]
Забруджваньне цэзам-137 закранула 66% плошчы краіны (звыш 130 тысячаў квадратных кілямэтраў), у тым ліку са шчыльнасьцю вышэйшай за 1 Кюры/кв.км амаль 20% сельскагаспадарчых угодзьдзяў (звыш 18 тыс. кв.км) і чвэрць лесу (амаль 20 тыс. кв.км).
За 27 гадоў плошча адчужэньня і адсяленьня скарацілася на 15,6% да 2661 кв.км. У абарот вярнулі амаль 170 кв.км земляў. Невыкарыстоўванымі засталіся 2400 кв.км. На 1 студзеня 2013 г. забруджанымі цэзам-137 заставаліся 14,5% плошчы краіны (30 100 кв.км), у тым ліку 11,1% выкарыстоўваных сельскагаспадарчых земляў (9819 кв.км) і 18,6% лесу (15 046 кв.км) Міністэрства лясной гаспадаркі Рэспублікі Беларусь. 69,3% такіх земляў (20 860 кв.км) мелі шчыльнасьць забруджваньня 1-5 Кюры/кв.км, 21,9% (6600 кв.км) — 5-15 Кюры/кв.км, 7,4% (2220 кв.км) — 15-40 Кюры/кв.км, 1,4% (420 кв.км, зь іх 370 кв.км у Гомельскай вобласьці і 50 кв.км у Магілёўскай) — звыш 40 Кюры/кв.км.
Асноўная частка Палескага дзяржаўнага радыяцыйна-экалягічнага запаведніка (плошча — 2160,93 кв.км, Гомельская вобласьць) застанецца па-за гаспадарчым карыстаньнем нават у аддаленай будучыні праз забруджваньне глебы доўгажывучымі ізатопамі плютону і амэрыцу са шчыльнасьцю да 5 Кюры/кв.км[8].
Глядзіце таксама [рэдагаваць]
Крыніцы [рэдагаваць]
- ^ Паводле інтэрвію зь Міхаілам Гарбачовым, Гансам Бліксам і Васілём Несьцярэнкам. The Battle of Chernobyl. Discovery Channel. Relevant video locations: 31:00, 1:10:00.
- ^ Frequently Asked Chernobyl Questions. IAEA Division of Public Information (травень 2005). Праверана 23 сакавіка 2011 г.
- ^ Table 2.2 Number of people affected by the Chernobyl accident (to December 2000) (PDF). UNDP and UNICEF (22 студзеня 2002). Праверана 17 верасьня 2010 г.
- ^ Table 5.3: Evacuated and resettled people. The Human Consequences of the Chernobyl Nuclear Accident (PDF). UNDP and UNICEF (22 студзеня 2002). Праверана 17 верасьня 2010 г.
- ^ ICRIN Project International Chernobyl Portal chernobyl.info. — 2011.
- ^ International Atomic Energy Agency Environmental consequences of the Chernobyl accident and their remediation: Twenty years of experience. Report of the Chernobyl Forum Expert Group ‘Environment’. — Vienna: 2006. — 180 с. — ISBN 92–0–114705–8
- ^ Уладзімер Капуза (26 красавіка 2012) Званы Чарнобыля зьвіняць. Газэта «Зямля і людзі». Праверана 1 студзеня 2013 г.
- ^ Палескаму дзяржаўнаму радыяцыйна-экалягічнаму запаведніку 25 гадоў // Беларускае тэлеграфнае агенцтва, 26 красавіка 2013 г. Праверана 26 красавіка 2013 г.
Вонкавыя спасылкі [рэдагаваць]
Чарнобыльская катастрофа — сховішча мультымэдыйных матэрыялаў
|
|||||
|
||||||||||||||
|
||||||||||||||||