Юры Бандажэўскі

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Юры Бандажэўскі
Дата нараджэньня 9 студзеня 1957(1957-01-09) (67 гадоў)
Месца нараджэньня
Месца вучобы Гарадзенскі дзяржаўны медінстытут
Занятак лекар, прафэсар унівэрсытэту, імунолаг, патоляг
Навуковая сфэра мэдыцына
Месца працы Гомельскі дзяржаўны мэдычны ўнівэрсытэт
Вядомы як дасьледнік уздзеяньня малых доз апрамяненьня на чалавека
Навуковая ступень доктар мэдычных навук[d]

Юры Іванавіч Бандажэўскі (1957; п. Радунь Воранаўскага раёну[1], цяпер Беларусь) — беларускі лекар і навуковец. Доктар мэдычных навук (1987), прафэсар (1989), правадзейны чалец Нью-Ёрскай акадэміі навук. Заснавальнік і першы рэктар Гомельскага дзяржаўнага мэдычнага ўнівэрсытэту (1 лістапада 1990 — 18 чэрвеня 2001).

Жыцьцяпіс[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Скончыў Гарадзенскі дзяржаўны медінстытут. У 31 год стаў самым маладым у СССР доктарам мэдыцыны (1987 год), а ў 33 — прафэсарам. Вядомы дасьледаваньнямі на тэму ўплыву на здароўе чалавека малых доз радыяцыі. Аўтар больш 240 навуковых працаў.

У 1994 г. на запрашэньне Міжнароднага агенцтва атамнай энэргіі (Вена, Аўстрыя) азнаёміўся ў Парыжы (Францыя) з замерамі ўсплёску цэзу радыёлягічнымі станцыямі з пачатку 1960-х гадоў у Эўропе. Бэльгійскія радыёлягі паказалі яму кампутарную мапу замераў, дзе ўсплёск цэзу ў 1965—1966 гадах за Масквой (на паўночны ўсход) адлюстроўваўся мацней, чым пры Чарнобыльскай катастрофе 1986 году[2].

У траўні 1999 г. паказаў у парлямэнце Беларусі мапу забруджваньня краіны цэзам-137 у 1960-я гады з маскоўскай кнігі 1974 году «Глябальныя выпадзеньні цэзу-137 і чалавек»[3]. У той манаграфіі дасьледнікі зь Інстытуту біяфізыкі Міністэрства аховы здароўя СССР[4] згадалі забруджваньне малака звыш 1 нанакюры/літар у Лунінецкім, Пінскім і Столінскім раёнах Берасьцейскай вобласьці і Лельчыцкім раёне Гомельскай вобласьці Беларускай ССР у сувязі зь ядравымі выбухамі 1961—1962 гадоў[5].

На пачатку ліпеня 1999 г. прачытаў даклад пра шкоднасьць малых дозаў радыяцыі на канфэрэнцыі ў Варшаве (Польшча)[6]. Адразу па вяртаньні ў Беларусь 13 ліпеня быў арыштаваны. 18 чэрвеня 2001 Вайсковая калегія Вярхоўнага суда Рэспублікі Беларусь прызнала яго вінаватым у атрыманьні хабару ад студэнтаў й асуджаны на 8 гадоў пазбаўленьня волі з канфіскацыяй маёмасьці[7]. «Міжнародная амністыя» прызнала яго вязьнем сумленьня, лічачы, што Бандажэўскага пасадзілі за крытыку дзеяньняў беларускіх уладаў пасьля катастрофы на ЧАЭС[8]. У 2001 годзе Бандажэўскі стаў 25-м уладальнікам Пашпарту волі, які дае права выбіраць у якасьці месца жыхарства любую краіну эўрапейскага кантыненту. Пасьля вызваленьня па амністыі 5 жніўня 2005 году жыве ў Францыі.

Асабістае жыцьцё[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У 1978 годзе ажаніўся з Галінай Бандажэўскай, лекарам-пэдыятарам. Мае дзьвюх дачок.

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ Сёньня онлайн‑канфэрэнцыя з прафэсарам Бандажэўскім // Газэта «Наша ніва», 23 красавіка 2007 г. Праверана 14 чэрвеня 2015 г.
  2. ^ Уладзімер Пернікаў. Юры Бандажэўскі: «Мы жывём у радыяцыйным акружэньні задоўга да Чарнобыля» // Зьвязда : газэта. — 9 лютага 1999. — № 16 (23617). — С. 5. — ISSN 1990-763x.
  3. ^ Сяргей Абламейка. Бандажэўскі: 50 гадоў радыяцыйнай экспансіі ў Беларусі // Радыё «Свабода», 26 красавіка 2012 г. Праверана 14 чэрвеня 2015 г.
  4. ^ Тацяна Равяка. Да ісьціны шлях складаны // Дзеяслоў : часопіс. — Лістапад-сьнежань 2005. — № 6 (19). — С. 226-240.
  5. ^ Аляксандар Марэй, Рудольф Бархудараў, Натальля Новікава. Глябальныя выпадзеньні цэзу-137 і чалавек = Глобальные выпадения цензия-137 и человек / рэд. Е.В. Авалава. — Масква: Атамвыдавецтва(ru), 1974. — С. 94, 102. — 168 с. — 1655 ас.
  6. ^ Тацяна Жалезка, «Наша газэта». Чарнобыль вачыма прафэсара Бандажэўскага // Беларуская Салідарнасьць, 2 сьнежня 2010 г. Праверана 14 чэрвеня 2015 г.
  7. ^ Падумайце, што будзе заўтра // Праваабарончы цэнтар «Вясна», 7 кастрычніка 2005 г. Праверана 14 чэрвеня 2015 г.
  8. ^ Call for the release of medical academic Professor Bandazhevsky, Belarus (анг.)