Гомельская вобласьць
| Адміністрацыйна-тэрытарыяльная адзінка | |
| Гомельская вобласьць Гомельская вобласць |
|
| Герб | Сьцяг |
| Агульныя зьвесткі | |
| Краіна | Беларусь |
| Статус | вобласьць |
| Адміністрацыйны цэнтар | Гомель |
| Улучае | 21 раён |
| Найбуйнейшыя гарады | Мазыр Рэчыца Жлобін Рагачоў |
| Дата ўтварэньня | 15 студзеня 1938 року |
| Старшыня аблвыканкаму | Уладзімер Дворнік |
| Насельніцтва (2011) |
1 435 000[1] (15%, 1-е месца) |
| Шчыльнасьць | 36 чал./км² |
| Нацыянальны склад | беларусы — 88,2% расейцы — 7,7% украінцы — 2,1%[2] |
| Плошча | 40,4 тыс. км² |
| Месцазнаходжаньне Гомельскай вобласьці | |
| Мэдыя-зьвесткі | |
| Часавы пас | UTC +2 |
| Код ISO 3166-2 | BY-HO |
| Тэлефонны код | +375-23 |
| Паштовыя індэксы | 246 ххх, 247 ххх |
| Код аўтам. нумароў | 3 |
| Афіцыйны сайт | |
Го́мельская во́бласьць — адміністрацыйна-тэрытарыяльная адзінка ў Беларусі. Плошча вобласьці складае 40,4 тыс. км². Насельніцтва — 1 435 000[1] чалавек (2011). Адміністрацыйны цэнтар — места Гомель.
Зьмест |
[рэдагаваць] Гісторыя
- ХII—ХIII стст.: са складу Чарнігаўскага часова вылучылася Гомельскае ўдзельнае княства.
- 1535: утварылася Гомельскае староства.
- 1566: тэрыторыя Гомельшчыны ўваходзіла ў Рэчыцкі і Мазырскі паветы Менскага ваяводзтва Вялікага Княства Літоўскаа, пазьней Рэчы Паспалітай Абодвух Народаў.
- 1772: Гомель — цэнтар Беліцкага павету Магілёўскай губэрні Расейскай імпэрыі, у 1852 Беліцкі павет быў пераназваны ў Гомельскі.
- 1 студзеня 1919: Гомельскі раён у складзе Беларускай ССР.[3]
- 26 красавіка 1919: Гомельская губэрня у складзе РСФСР.
- 15 студзеня 1938: Гомельская вобласьць БССР.
- 27 ліпеня 1990: Гомельская вобласьць у складзе незалежнай Беларусі.
[рэдагаваць] Геаграфічнае становішча
Гомельская вобласьць разьмешчаная ў паўднёва-ўсходняй частцы Беларусі. Тэрыторыя вобласьці складае 40,4 тыс. км².
На захадзе вобласьць мяжуе зь Берасьцейскай, на паўночным захадзе — зь Менскай, на поўначы — з Магілёўскай абласьцямі Беларусі, на усходзе — з Бранскай вобласьцю Расеі, на паўднёвым захадзе — з Чарнігаўскай, на поўдні — з Кіеўскай, Жытомірскай і Ровенскай абласьцямі Ўкраіны.
[рэдагаваць] Рэльеф
Гомельская вобласьць разьмешчаная ў паўднёва-заходняй частцы Ўсходне-Эўрапейскай раўніны. Заходняя частка вобласьці займае Прыпяцкае Палесьсе — моцна забалочаная і залесеная нізіна, разьмешчаная на вышыні 120—140 м над узроўнем мора. У правабярэжжы Прыпяці сустракаюцца моцна размытыя марэнавыя ўзгоркі і ўзвышшы, найбуйнейшыя зь іх — Мазырская града (вышыня 206 м). З усходу да Палескай нізіны далучаецца Прыдняпроўская нізіна. На ўсходзе і поўночным усходзе ад Дняпра нізіна паступова падвышаецца і пераходзіць у Чачэрскую раўніну.
[рэдагаваць] Карысныя выкапні
Зямныя нетры Гомельшчыны багатыя карыснымі выкапнямі. Найбольш значныя — паліўна-энэргетычная сыравіна: торф, нафта, спадарожны газ, каменны і буры вугаль, гаручыя сланцы.
Першая ў Беларусі прамысловая нафта была здабытая ў 1964 року каля Рэчыцы. Аднак запасы ўласнай нафты невялікія і пакрываюць толькі да 4% патрэбаў краіны ў гаруча-змазвальных матэрыялах.
Шторочная здабыча торфу складае каля 1 млн т (17% ад усяго торфу, што здабываецца ў Беларусі). Распрацавана каля 1500 тарфянішчаў. Найбуйнейшыя тарфяныя масівы знаходзяцца ў Жлобінскім, Рэчыцкім, Брагінскім і Сьветлагорскам раёнах.
Выведаныя два радовішчы сланцаў, якія маюць прамысловае значэньне, — Любанское (0,9 млрд т) і Тураўскае (2,7 млрд т). Запасы бурага вуглю ў Жыткавіцкім і Брынеўскім радовішчах ацэньваюцца ў 99,3 млн т.
Амаль ва ўсіх раёнах вобласьці ёсьць сыравіна для будаўнічых матэрыялаў: цэмэнтавыя і легкаплаўкія гліны, сылікатныя і будаўнічыя пяскі, крэйда, будаўнічае каменьне. Запасы будаўнічага каменьню складаюць 8,5 млн тыс. м³. На іх базе пабудаваны друзавы завод «Глушкавічы». Гліны для вытворчасьці цэглы і дахоўкі здабываюцца ў 17 раёнах вобласьці.
На базе такіх радовішчаў працуюць 11 заводаў па выпуску цэглы. Найбуйнае ў рэспубліцы радовішча тугаплаўкіх глінаў і суглінкаў «Гарадок» з запасамі 30,6 млн т забясьпечвае працу Рэчыцкага камбінату будматэрыялаў, а радовішчы легкаплаўкіх глінаў, запасы якіх складаюць 33,5 млн м³, — Петрыкаўскага керамзытавага заводу. Выведаныя тры радовішчы шкляных і фармовачных пяскоў з агульнымі прамысловымі запасамі ў 89,9 млн т. На базе аднаго зь іх створаны абагачальны камбінат у в. Леніна.
Запасы калійных соляў ацэньваюцца ў 236 млн т, крэйды — у 3533 тыс. т. Даўсанітавыя руды радовішча «Заазёрнае» могуць даць сыравіну, якая замяняе ўвазныя з Расеі і Ўкраіны алюміній і кальцынаваную соду.
Наладжваецца прамысловае засваеньне радовішча «Дыябазавае», руды якога неабходныя для вытворчасьці бэрылію і рэдказямельных элемэнтаў царыявай групы; працягваецца распрацоўка радовішчаў дыямэнтаў (Жлобінска-Рагачоўская дзялянка Паўноча-Прыпяцкай нізіны); рыхтуецца прамысловае засваеньне новых відаў сыравіны (гіпсу, базальтавых валокнаў, мінэральных сарбэнтаў, ёдабромных расолаў).
Мазырскае, Давыдаўскае і Старобінскае радовішчы ўтрымліваюць больш за 22 млрд т каменнай солі (прамысловыя катэгорыі). Вядомая ўсім харчовая соль «Экстра» вырабляецца Мазырскім солевыварочным камбінатам з запасаў Мазырскага радовішча.
Каля месцаў знаходжаньня мінэральных водаў адкрытыя санаторыі і прафілякторыі. Наладжана бутыляваньне мінэральных водаў.
[рэдагаваць] Клімат і расьліннасьць
Клімат у рэгіёне ўмерана кантынэнтальны, зь цёплым летам і мяккай зімой. Сярэдняя тэмпэратура студзеня — мінус 6 °C, ліпеня — плюс 18 °C.
Узімку пераважаюць паўднёвыя ветравеі, улетку заходнія і паўночна-заходнія. Хуткасьць ветравею ў сярэднім за рок складае каля трох мэтраў у сэкунду. Сярэднярочная колькасьць ападкаў вагаецца ў межах 550—660 мілімэтраў.
У вобласьці адзін з самых працяглых у краіне вэгетацыйных перыядаў (191—209 дзён). Клімат спрыяе вырошчваньню цукровых буракоў, кукурузы, хуткасьпелых гатункаў вінаграду і іншых культураў.
Пад лесам занятыя 45% тэрыторыі (хваёвыя, бярозавыя, чорнаалешнікавыя, дубовыя). Балоты займаюць 13% плошчы. На тэрыторыі вобласьці разьмешчаныя Нацыянальны парк Прыпяцкі, Палескі радыяцыйна-экалягічны запаведнік, 11 біялягічных, 5 ляндшафтавых заказьнікаў нацыянальнага значэньня. Зарэгістраваныя 17 батанічных і 71 геалягічны помнік прыроды.
[рэдагаваць] Гідраграфія
Усе рэкі рэгіёну належаць басэйну Дняпра, які праходзіць па тэрыторыі вобласьці з поўначы на поўдзень на працягу 400 км. Буйнейшыя суднаходныя прытокі Дняпра — Прыпяць, Бярэзіна (праваруч), Сож (леваруч). Буйныя прытокі Прыпяці — Случ, Пціч, Трэмля, Іпа (леваруч), Сьцьвіга, Убарць, Славечна, Жалонь (праваруч). Найвялікшае возера — Чырвонае, у абалонах рэчак сустракаюцца невялікія азёры-старыцы. Створаная шчыльная сетка мэліярацыйных каналаў.
[рэдагаваць] Экалёгія
Асноўны цяжар наступстваў катастрофы на Чарнобыльскай АЭС прыйшоўся менавіта на Гомельскую вобласьць.
З найбольш забруджаных тэрыторыяў у чыстыя раёны краіны адселеныя больш за 135 тысячаў чалавек з 470 населеных пунктаў, у тым ліку з 295 населеных пунктаў Гомельшчыны.
За рокі, якія мінулі пасьля аварыі, створаная і функцыянуе сыстэма радыяцыйнага кантролю і маніторынгу, якая распрацаваная і фінансуецца за кошт дзяржаўнага бюджэту. Дзейнічае сыстэма правядзеньня ахоўных захадаў у аграпрамысловай вытворчасьці, што дазваляе трымаць пад кантролем вытворчаьсць сельскагаспадарчай прадукцыі, зьдзяйсьняецца комплекс захадаў па падвышэньні ўзроўню мэдыцынскага абслугоўваньня пацярпелага насельніцтва, дзейнічае, хоць і не ў поўным аб’ёме, сыстэма сацыяльнай абароны ўсіх катэгорыяў пацярпелага насельніцтва. Створаная заканадаўчая і нарматыўна-прававая база па ўсіх кірунках пераадоленьня наступстваў катастрофы.
[рэдагаваць] Транспарт
Праз тэрыторыю вобласьці праходзяць важныя міжнародныя чыгуначныя лініі Санкт-Пецярбург — Жлобін — Адэса, Вільня — Менск — Жлобін — Карасьцень — Кіеў, Берасьце — Гомель. Іх агульная працягласьць — 1859,4 км. У транспартным абароце агульная вага чыгуначнага транспарту складае больш за 90%, у пасажырскім абароце — 50%. Буйнейшыя вузлы Гомель, Жлобін, Калінкавічы. Галоўныя аўтамагістралі вобласьці Санкт-Пецярбург — Гомель — Кіеў, Менск — Гомель, Бранск — Гомель — Пінск — Берасьце. Даўжыня дарог з цьвёрдым пакрыцьцём 9,7 тыс. км. Па Дняпры, Прыпяці, Беразіне, Сожу зьдзяйсьняецца суднаходства. У Гомелі і Мазыры ёсьць аэрапорты.
[рэдагаваць] Прамысловасьць і сельская гаспадарка
У гаспадарчым комплексе вобласьці галоўнае месца займае прамысловасьць. Яна спэцыялізуецца на вытворчасьці сталі і пракаце, машынабудаваньні, хімічнай, лясной, дрэваапрацоўчай, лёгкай і харчовай галінах. Вырабляюцца прадукты нафтаперапрацоўкі, серная кіслата, фосфарныя ўгнаеньні, кормаўборачныя камбайны, падшыпнікі, станкі, шкло, папера, кардон, шпалеры, будматэрыялы, мэбля, кухонная соль, мыла, перапрацоўваецца сельскагаспадарчая прадукцыя. Каля траціны вырабаў экспартуецца ў 70 краінаў сьвету. Дзейнічае вольная эканамічная зона «Гомель-Ратон». Справавыя сувязі з суседнімі краінамі разьвіваюцца ў рамках эўрарэгіёну «Дняпро».
Роля сельскагаспадарчай вытворчасці ў вобласьці ў цэлым зьнізілася пасьля чарнобыльскай катастрофы. Паменшыліся плошчы палёў (зараз 35,3% тэрыторыі), скарацілася пагалоўе жывёлін. Асноўная спэцыялізацыя — мяса-малочная жывёлагадоўля, вырошчваньне зерневых (пераважаюць жыта, ячмень), бульбы. У прымескіх гаспадарках разьвітая птушкагадоўля.
[рэдагаваць] Насельніцтва
У Гомельскай вобласьці пражывае 1 млн 495 тыс. чалавек (на 1 студзеня 2005 року), 30% зь якіх — у сельскай мясцовасьці.
Адміністрацыйны цэнтар вобласьці — места Гомель — па колькасьці насельніцтва (492 тысячы чалавек) займае ў краіне другое месца пасьля Менску.
Колькасьць працоўных рэсурсаў складае ў рэгіёне каля 920 тысячаў чалавек. Асобы працаздольнага ўзросту складаюць 61,3% усяго насельніцтва.
З агульнай колькасьці, занятыя у народнай гаспадарцы, 63,2% — працоўныя, астатнія — службоўцы.
Каля 118 тысячаў чалавек складаюць тыя, што маюць вышэйшую адукацыю (у тым ліку пяць тысячаў працоўных). Сярэднюю спэцыяльную адукацыю маюць 139 тыс. чалавек. Прафэсійна-тэхнічная адукацыя — 115 тыс. чалавек.
У дзяржаўным сэктары эканомікі занятыя 374 тыс. чалавек, на прадпрыемствах прыватнай і замежнай формаў уласнасьці — 260 тыс. чалавек.
З агульнай колькасьці занятага насельніцтва, у прамысловасьці працуе — 27,5%, сельскай гаспадарцы — 10,8%, гандлю і грамадзкім харчаваньні — 12,2%, адукацыі — 10,9%.
Нацыянальны склад насельніцтва разьмяркоўваецца наступным чынам (перапіс 2009 году)[2]:
Буйнейшыя сельскія населеныя пункты вобласьці (больш за 3 тысячы чалавек): Яроміна, Азершчына, Козенкі, Краснае, Прыбыткі, Пакалюбічы.
[рэдагаваць] Адміністрацыйна-тэрытарыяльны падзел
Вобласьць налічвае 21 раён, 17 местаў, 18 мястэчак, 2608 вёсак.
[рэдагаваць] Крыніцы
- ^ a b О демографической ситуации за январь-декабрь 2010 г.(рас.) Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь, 26 студзеня 2010
- ^ a b Перепись населения — 2009. Гомельская область. Национальный состав населения(рас.) Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь
- ^ У якіх межах былі абвешчаныя Беларуская Народная Рэспубліка і БССР? // 150 пытанняў і адказаў з гісторыі Беларусі / Уклад. Іван Саверчанка, Зьміцер Санько. — Вільня: Наша Будучыня, 2002.— 238 с. ISBN 9986-9229-6-1.
[рэдагаваць] Літаратура
- Гомельская область // Туристская энциклопедия Беларуси / редкол. Г. П. Пашков [и др.]; под общ. ред. И. И. Пирожника. — Мн., 2007.— 648 с. ISBN 978-985-11-0384-9.
[рэдагаваць] Вонкавыя спасылкі
Гомельская вобласьць — сховішча мультымэдыйных матэрыялаў
|
Гомельская вобласьць |
||
|---|---|---|
| Раёны |
Акцябарскі · Брагінскі · Буда-Кашалёўскі · Веткаўскі · Гомельскі · Добрускі · Ельскі · Жлобінскі · Жыткавіцкі · Калінкавіцкі · Кармянскі · Лельчыцкі · Лоеўскі · Мазырскі · Нараўлянскі · Петрыкаўскі · Рагачоўскі · Рэчыцкі · Сьветлагорскі · Хойніцкі · Чачэрскі
|
|
| Гарады |
Буда-Кашалёва · Васілевічы · Ветка · Гомель¹ · Добруш · Ельск · Жлобін · Жыткавічы · Калінкавічы · Мазыр · Нароўля · Петрыкаў · Рагачоў · Рэчыца · Сьветлагорск · Тураў · Хойнікі · Чачэрск
¹ абласное падпарадкаваньне |
|
| Мястэчкі |
Азарычы · Акцябарскі · Бальшавік · Брагін · Зарэчча · Камарын · Капаткевічы · Карма · Касьцюкоўка · Лельчыцы · Лоеў · Парычы · Сасновы Бор · Стрэшын · Уваравічы · Церахоўка
|
|
| Адміністрацыйна-тэрытарыяльны падзел Беларусі | ||
|---|---|---|
| Сталіца | ||
| Вобласьці | ||
| Вобласьці БССР | |
|---|---|
| Вобласьці |
Бабруйская (1944—1954) · Баранавіцкая (1939—1954) · Беластоцкая (1939—1944) · Берасьцейская (1939) · Віцебская (1938) · Вялейская (1939—1944) · Гарадзенская (1944) · Гомельская (1938) · Магілёўская (1938) · Маладэчанская (1944—1960) · Менская (1938) · Палеская (1938—1954) · Полацкая (1944—1954) · Пінская (1939—1954)
|
| Абласныя цэнтры | |