Менскае ваяводзтва

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Перайсьці да: навігацыі, пошуку
Адміністрацыйна-тэрытарыяльная адзінка
Менскае ваяводзтва
Miensk-Pahonia. Менск-Пагоня (1720).jpg
Герб
Агульныя зьвесткі
Краіна Вялікае Княства Літоўскае (1566−1569)
Рэч Паспалітая (1569−1793)
Адміністрацыйны цэнтар Менск
Ваяводы Ваяводы менскія
Кашталяны Кашталяны менскія
Насельніцтва гл. Дэмаграфія
Плошча 55,5 тыс. км²
Час існаваньня 15661793
Месцазнаходжаньне Менскага ваяводзтва
Менскае ваяводзтва на мапе
На мапе Рэчы Паспалітай

Ме́нскае ваяво́дзтва[a] — адміністрацыйна-тэрытарыяльная адзінка ў цэнтральнай і паўднёва-ўсходняй частцы Вялікага Княства Літоўскага. Плошча каля 55,5 тыс. км² (найбуйнейшае ваяводзтва ў краіне). Сталіца — места Менск. Найбуйнейшыя месты: Мазыр і Рэчыца.

Сымболіка[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Герб ваяводзтва меў наступны выгляд: «у чырвоным полі рыцар у срэбных латах і са срэбным шчытом з залатым шасьціканцовым крыжом, які заносіць над галавой срэбны меч з залатым этэсам і скача на срэбным кані з залатым ўзбраеньнем, збруяй і вачамі; сядло чырвонае з залатой акантоўкай»[1] (паводле іншых зьвестак, «Пагоня цялістага колеру ў белым полі»[2]).

Ваяводзкая харугва была чырвонага («гвазьдзіковага») колеру з выявай гербу Пагоня ў белым полі[3][4][5].

Гісторыя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Утварылася згодна з адміністрацыйна-тэрытарыяльнай рэформай (15651566) на аснове колішняга Менскае княства. Рэформа таксама ўсталявала межы ваяводзтва і паветаў — Менскага і Рэчыцкага.

У часе складаньня Люблінскай уніі (1569) шляхта Мазырскага павету Кіеўскага ваяводзтва адмовілася ад пераходу пад юрысдыкцыю Каралеўства Польскага. Павет далучыўся да Менскага ваяводзтва[6].

З 1599 у Менску праз рок, па чарзе з Наваградкам, пачалі праводзіцца вясновыя сэсіі Галоўнага Трыбуналу Вялікага Княства Літоўскага, кожная зь іх працягвалася 22 тыдні, пачынаючы ад панядзелку па Трох Каралях.

У Трынаццацігадовую вайну (16541667) войскі Маскоўскай дзяржавы акупавалі і спустошылі значную частку тэрыторыі ваяводзтва. У 1662 Барысаўскае староства перайшло ў склад Аршанскага павету Віцебскага ваяводзтва. У 1667 у склад Рэчыцкага павету ўвайшло Лоеўска-Любецкае староства (8 тыс. км²)[7]. У Вялікую Паўночную вайну ў 1708 войскі караля Швэцыі Карла XII учынілі значныя разбурэньні на абшарах ваяводзтва, асабліва ў Менскім павеце.

У выніку першага падзелу Рэчы Паспалітай (1772) страціла значную частку Рэчыцкага павету і ўлучыла ў свой склад рэшту Аршанскага павету Віцебскага ваяводзтва. У 1775 у зьвязку з акупацыяй усходніх ваяводзтваў Расейскай імпэрыяй, Менскую сэсію Трыбуналу перанесьлі ў Горадню.

20 сьнежня 1793 адбылася ліквідацыя ваяводзтва ў выніку другога падзелу Рэчы Паспалітай, ягоная тэрыторыя ўвайшла ў склад Менскай губэрні Расейскай імпэрыі.

Дэмаграфія[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У сярэдзіне XVII ст. Менскае ваяводзтва налічвала 35 510 дымоў. Паводле сучасных падлікаў, да Трынаццацігадовай вайны (16541667) колькасьць насельніцтва складала каля 248 тыс. чал., па вайне яно скарацілася да 94 тыс. чал.[8]

Станам на 1790 рок колькасьць насельніцтва складала каля 307 тыс. чал. (шчыльнасьць 422 чал. на 1 квадратную мілю)[9].

Геаграфія[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Частка Менскага і Амсьціслаўскага ваяводзтваў (Парыж, 1665)

На поўначы межавала з Полацкім і Віцебскім ваяводзтвамі, на захадзе — зь Віленскім і Наваградзкім ваяводзтвамі, на поўдні зь Берасьцейскім і Кіеўскім ваяводзтвамі, на ўсходзе — з Маскоўскай дзяржавай і Амсьціслаўскім ваяводзтвам[2]. Частка мяжы з Наваградзкім ваяводзтвам праходзіла ракою Пціч, да яе ўтоку ў Прыпяць. На захадзе, ўздоўж ракі Славесна, ішла мяжа зь Берасьцейскім ваяводзтвам.

Мела форму прастакутніка з нашмат даўжэйшымі заходнім і ўсходнім бакамі. Рака Бярэзіна, якая ад вытоку да вусьця працякала тэрыторыяй ваяводзтва, падзяляла ягоны абшар надвая. У паўночнай частцы брала свой выток рака Вяльля. Гэтая мясцовасьць ўяўляла шырокія, ня вельмі ўрадлівыя раўніны. Паўднёва-заходняя частка ваяводзтва (Мазырскі павет) ляжала ў Палесьсі.

Адміністрацыйна-тэрытарыяльны падзел[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Ваяводзтва падзялялася на тры паветы: Менскі, Мазырскі і Рэчыцкі.

Назва Цэнтар Плошча,
тыс. км²
Староствы
Менскі павет Менск 20,8 Менскае (гродавае)
Гайненскае
Радашкоўскае
Краснасельскае
Мазырскі павет Мазыр 4,7 Мазырскае (гродавае)
Бчыцкае (Пціцкае)
Рэчыцкі павет Рэчыца 30,0 Рэчыцкае (гродавае)
Бабруйскае
Гомельскае
Лоеўска-Любецкае
Прапойскае
Рагачоўскае
Чачэрскае

Ваяводзкі соймік праводзіўся ў Менску, тамака ж склікалася паспалітае рушаньне. У павятовых цэнтрах месьціліся падкаморскія, земскія і гродзкія суды, праходзілі павятовыя соймікі.

Мясцовая шляхта абірала шасьцёх паслоў на Вальны сойм Рэчы Паспалітай, а таксама шасьцёх дэпутатаў на Галоўны Трыбунал (тры на «рускую» і тры на «літоўскую» кадэнцыю).

Ураднікі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Асноўныя артыкулы: ваяводы менскія і кашталяны менскія

У Сэнаце Рэчы Паспалітай Менскае ваяводзтва мела двух прадстаўнікоў — ваяводу і кашталяна. Згодна зь Люблінскай уніяй (1569) ваявода менскі паводле значнасьці займаў месца па паморскім і перад інфлянцкім, кашталян — па гданскім і перад інфлянцкім[2].

Па ўвядзеньні ў 1776 року ваяводзкіх мундзіраў, паслы Менскага і Мазырскага паветаў апраналіся ідэнтычна смаленскім — у малінавыя («кармазыновыя») кунтушы зь цёмна-сінімі («гранатовымі») адваротамі, пад імі насілі цёмна-сінія жупаны. Паслы Рэчыцкага павету насілі белая жупаны і такія ж адвароты.

Заўвагі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ ст.-бел. Воеводство Менское; лац. Palatinatus Minscensis, польск. Województwo mińskie

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ Гербы белорусских воеводств в Великом княжестве Литовском. HERALDICUMПраверана 13 кастрычніка 2010 г.
  2. ^ а б в Województwo mińskie // Геаграфічны слоўнік Каралеўства Польскага і іншых славянскіх краёў(пол.). Tom V: Kutowa Wola — Malczyce. — Warszawa, 1884. S. 339.
  3. ^ Вячаслаў Насевіч. Менскае ваяводства // Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / рэд. Г. П. Пашкоў і інш. Т. 2: Кадэцкі корпус — Яцкевіч. — Мінск: Беларуская Энцыклапедыя, 2005. С. 288.
  4. ^ Вячаслаў Насевіч. Мінскае ваяводства // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 5: М — Пуд / Беларус. Энцыкл.; Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (галоўны рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн.: БелЭн, 1999. С. 163.
  5. ^ Менскае ваяводства // Памяць: Гіст.-дакум. хроніка Мінска. У 4 кн. Кн. 1-я. — Мн.: БЕЛТА, 2001. С. 198.
  6. ^ Цітоў А. К. Сфрагістыка і геральдыка Беларусі. — Мн.: РІВШ БДУ, 1999.
  7. ^ Вячаслаў Насевіч. Тэрыторыя, адміністрацыйны падзел // Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / рэд. Г. П. Пашкоў і інш. Т. 1: Абаленскі — Кадэнцыя. — Мінск: Беларуская Энцыклапедыя, 2005. С. 39.
  8. ^ Насельніцтва Беларусі ў сярэдзіне ХVІІ ст. па паветах // Сагановіч Г. Невядомая вайна: 1654—1667. — Мн.: Навука і тэхніка, 1995.
  9. ^ Województwo mińskie // Геаграфічны слоўнік Каралеўства Польскага і іншых славянскіх краёў(пол.). Tom VI: Malczyce — Netreba. — Warszawa, 1885. S. 482.

Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]