Смаленскае ваяводзтва
| Адміністрацыйна-тэрытарыяльная адзінка | |
| Смаленскае ваяводзтва | |
| Герб | |
| Агульныя зьвесткі | |
| Краіна | Вялікае Княства Літоўскае |
| Адміністрацыйны цэнтар | Смаленск |
| Ваяводы | Ваяводы смаленскія |
| Кашталяны | Кашталяны смаленскія |
| Плошча | 53 тыс. км² |
| Час існаваньня | 1508—1667 |
| Месцазнаходжаньне Смаленскаага ваяводзтва | |
Смале́нскае ваяво́дзтва[а 1] — адміністрацыйна-тэрытарыяльная адзінка на ўсходзе Вялікага Княстве Літоўскага. Плошча каля 53 тыс. км²[1]. Сталіца — места Смаленск.
Зьмест |
Сымболіка[рэдагаваць]
Герб ваяводзтва меў наступны выгляд: «залаты скіпэтар на тле шэрага дыску, зьмешчанага на чырвонай харугве»[2].
Гісторыя[рэдагаваць]
|
Гербы Смаленшчыны, XV ст.
|
||
Утварылася ў 1508 на аснове Смаленскага намесьніцтва (колішняга Смаленскае княства). У 1514 тэрыторыю ваяводзтва акупавалі войскі Маскоўскай дзяржавы.
3 чэрвеня 1611 войскі Вялікага Княства Літоўскага вызвалілі Смаленск. Па вызваленьні цягам 1611—1626 дзевяць местаў Смаленшчыны атрымалі Магдэбурскае права.
У 1613 Вальны сойм аднавіў Смаленскае ваяводзтва ў складзе Вялікага Княства Літоўскага, што вызнала Масква пры складаньні Дэвулінскага замірэньня (1618)[3]. У склад ваяводзтва ўвайшлі смаленскія землі зь местамі Белы, Дарагабуж, Рослаў, Смаленск, Сярпейск, маскоўскія «ўезды» Невель і Себеж з Красным Гарадком, Северская зямля з Трубчэўскім княствам, Почапская воласьць.
У 1620-я—1640-я на Смаленшчыне правялі валочную памеру. У 1621 смаленскі соймік накіраваў першых паслоў на Вальны сойм Рэчы Паспалітай. У 1626 у Старадубе прайшоў першы павятовы шляхоцкі соймік.
У 1633 утварыўся Невельскі павет, скасаваны аднак у 1634. Паводле Палянскага міру (1634) у складзе Маскоўскай дзяржавы апынуліся часткі Смаленскага (з Масальскам і Сярпейскам) і Старадубскага (з Трубежам) паветаў агульнай плошчай каля 30 тыс. км². У 1635 на тэрыторыі Севершчыны ўтварылася Чарнігаўскае ваяводзтва ў складзе Каралеўства Польскага. У 1638 заснаваная Смаленская каталіцкая дыяцэзія.
У 1646 з Кіеўскага ваяводзтва ў склад Старадубскага павету перайшоў Лоеўска-Любецкае староства. У 1638 Невельская, Себеская і Краснагорская воласьці перайшлі да Полацкага ваяводзтва.
У Трынаццацігадовую вайну (1654—1667) войскі Маскоўскай дзяржавы захапілі Смаленшчыну. Згодна з Андрусаўскім замірэньнем (1667) пад уладай Масквы апынуліся Смаленскі і Старадубскі паветы агульнай плошчай 45 тыс. км² (з апошняга ў складзе ВКЛ засталося толькі Лоеўска-Любецкае староства плошчай 8 тыс. км², улучанае ў Рэчыцкі павет). Пазьней ваяводзтва існавала толькі намінальна да канчатковага скасаваньня ў 1793.
Геаграфія[рэдагаваць]
На поўначы межавала з Наўгародзкай землёю, на ўсходзе — з Маскоўскай дзяржавай, на поўдні — зь Севершчынай (з 1635 Чарнігаўскім ваяводзтвам) і Амсьціслаўскім ваяводзтвам, на захадзе — зь Віцебскім ваяводзтвам.
Адміністрацыйна-тэрытарыяльны падзел[рэдагаваць]
Ваяводзтва падзялялася на два паветы: Смаленскі і Старадубскі.
| Назва | Цэнтар | Староствы |
|---|---|---|
| Смаленскі павет | Смаленск | Смаленскае Дарагабускае Рослаўскае |
| Старадубскі павет | Старадуб | Старадубскае |
Ваяводзкі соймік праводзіўся ў Смаленску, павятовыя соймікі — у Смаленску і Старадубе. З 1667 року соймікі праходзілі ў Вільні: смаленскія — у касьцёле бэрнардынаў, старадубскія — у касьцёле кармэлітаў босых.
Мясцовая шляхта абірала чатырох паслоў на Вальны сойм Рэчы Паспалітай, а таксама чатырох дэпутатаў на Галоўны Трыбунал.
Ураднікі[рэдагаваць]
- Асноўныя артыкулы: біскупы смаленскія, ваяводы смаленскія і кашталяны смаленскія
У Сэнаце Рэчы Паспалітай Смаленскае ваяводзтва мела двух сьвецкіх прадстаўнікоў — ваяводу і кашталяна, а таксама духоўнага — біскупа.
Згодна зь Люблінскай уніяй (1569) ваявода смаленскі паводле значнасьці займаў месца па падольскім і перад люблінскім, кашталян — па камянецкім і перад люблінскім. Біскуп смаленскі займаў апошняе месца, па інфлянцкім, бо ачольваў наймалодшае біскупства[2]. За ўвесь час свайго існаваньня (у тым ліку і намінальны) ваяводзтва мела 18 біскупаў, 33 ваяводы, 27 кашталянаў.
Ваяводзкі мундзір складаўся з малінавага («кармазыновага») кунтуша, цёмна-сініх («гранатовых») жупана і адваротаў. Для Старадубскага павету — «сапфіровы» кунтуш, залатыя жупан і адвароты.
Заўвагі[рэдагаваць]
Крыніцы[рэдагаваць]
- ^ Вячаслаў Насевіч. Тэрыторыя, адміністрацыйны падзел // Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / рэд. Г. П. Пашкоў і інш. Т. 1: Абаленскі — Кадэнцыя. — Мінск: Беларуская Энцыклапедыя, 2005. С. 39.
- ^ а б Województwo smoleńskie // Słownik geograficzny Królestwa Polskiego i innych krajów słowiańskich. Tom V: Kutowa Wola — Malczyce. — Warszawa, 1884. S. 342.
- ^ Валерый Пазднякоў. Смаленскае ваяводства // Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / рэд. Г. П. Пашкоў і інш. Т. 2: Кадэцкі корпус — Яцкевіч. — Мінск: Беларуская Энцыклапедыя, 2005. С. 598.
Літаратура[рэдагаваць]
- Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / рэд. Г. П. Пашкоў і інш. Т. 2: Кадэцкі корпус — Яцкевіч. — Мінск: Беларуская Энцыклапедыя, 2005. — 788 с.: іл. ISBN 985-11-0378-0.
|
||||||||||||||||||||