Невель
| Невель | |||||
Панарама: грэка-каталіцкая царква, касьцёл і праваслаўная царква, зьнішчаныя ў 1950-я |
|||||
|
|||||
| Першыя згадкі: | XV ст. | ||||
| Магдэбурскае права: | 3 сакавіка 1623 | ||||
| Вобласьць: | Пскоўская | ||||
| Раён: | Невельскі | ||||
| Насельніцтва: | 16263 (2009) | ||||
| Часавы пас: • летні час: |
UTC+3 UTC+4 |
||||
| Тэлефонны код: | +7 182510 | ||||
| Аўтамабільны код: | 60 | ||||
| Геаграфічныя каардынаты: | 56°01′ пн. ш. 29°56′ у. д. / 56.017° пн. ш. 29.933° у. д.Каардынаты: 56°01′ пн. ш. 29°56′ у. д. / 56.017° пн. ш. 29.933° у. д. | ||||
|
Невель на мапе Расеі
Невель
|
|||||
Не́вель — места ў Расеі, на беразе возера Невель. Адміністрацыйны цэнтар Невельскага раёну Пскоўскай вобласьці. Насельніцтва 16 633 чал. (2009). Знаходзіцца за 242 км на паўднёвы ўсход ад Пскова, вузел чыгуначных лініяў Вялікія Лукі — Полацак і Новасакольнікі — Віцебск.
Невель — магдэбурскае места гістарычнай Полаччыны, на беларускай этнічнай тэрыторыі.
Зьмест |
Назва [рэдагаваць]
Тапонім «Невель» утварыўся ад назвы возера Невель (Неўль). Тым часам гідронім, імаверна, паходзіць ад балцкага «nevo» — балоцістае месца.
Гісторыя [рэдагаваць]
Папярэднікам Невеля лічыцца горад Емянец Полацкага княства, першы ўспамін пра які датуецца 1185. Паводле беларускага дасьледніка Міхася Ткачова, гэты тапонім утварыўся ад назвы ракі Еменка, якая ўпадала ў возера Невель[1].
Уласна Невель ўпершыню згадваецца ў XV ст. як места ў Таропецкай воласьці Вялікага Княства Літоўскага[2]. У XVI ст. паселішча мела значэньне абароннага пункту (замка) на мяжы Літвы і Масквы. У 1562 гетман вялікі Мікалай Радзівіл «Руды» з войскам колькасьцю 4 тыс. (паводле іншых зьвестак 1,5 тыс.) чал. разьбіў пад Невелем 15- (25-) -тысячнае маскоўскае войска, аднак таго ж году па аблозе 45-тысячным войскам места захапіла Маскоўская дзяржава. У 1580 кароль і вялікі князь Стэфан Баторы вызваліў Невель, аднак паводле Ям-Запольскага міру (1582) яго мусілі перадаць маскоўскаму гаспадару.
У 1617 Невель вярнуўся да Вялікага Княства Літоўскага, дзе ўвайшоў у склад Полацкага ваяводзтва. 3 сакавіка 1623 кароль і вялікі князь Уладзіслаў Ваза надаў месту Магдэбурскае права і герб: «у срэбным полі павержаны вой — Галіяф, над якім стаіць Давід зь мечам»[2] (пацьвярджаліся каралём і вялікім князем Станіславам Аўгустам Панятоўскім 14 лістапада 1762). Цягам 1633—1634 Невель быў сталіцай павету Смаленскага ваяводзтва. У 1649 кароль і вялікі князь Ян Казімер перадаў Невельскае староства Янушу Радзівілу, які збудаваў тут касьцёл. З пачаткам Трынаццацігадовай вайны (1654—1667) у 1655 Невель захапілі маскоўскія войскі Аляксея Міхайлавіча. але ў адпаведнасьці з мірнай дамовай (1678) места засталося за Вялікім Княствам Літоўскім.
У 1678 Невель пацярпеў ад вялікага пажару[3]. Станам на 1681 тут было 367 двароў, на 1700 — 394, на 1712 — 270[3]. У 1731 у месьце налічвалася 403 дымы[3].
У выніку першага падзелу Рэчы Паспалітай (1772) Невель апынуўся ў складзе Расейскай імпэрыі, дзе зрабіўся цэнтрам павету Полацкага намесьніцтва, з 1796 Беларускай, з 1802 Віцебскай губэрні. Станам на 1780 у месьце існавалі праваслаўны манастыр, грэка-каталіцкая царква і касьцёл. На 1799 у Невельскім павеце дзейнічалі 21 драўляная праваслаўная царква, 1 мураваная і 11 драўляных грэка-каталіцкіх, 1 мураваны і 2 драўляныя касьцёлы; у самім месьце на гэты ж час 6 драўляных цэркваў, дзьве мураваныя, адзін касьцёл і мураваны мужчынскі манастыр, 2 мураваныя і 144 драўляныя прыватныя будынкі, 2 крамы, 2 вадзяныя млыны, 2 вучэльні, 15 мураваных і 37 драўляных крамаў, 15 вуліцаў. У пач. XX ст. Невель знаходзіўся на скрыжаваньні 2 чыгунак і меў разьвітую прамысловасьць, у гэты час ад колішняга замка засталіся толькі валы[4].
25 сакавіка 1918 Невель абвяшчаўся часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. 1 студзеня 1919 згодна з пастановай І зьезду КП(б) Беларусі места ўвайшло ў склад Беларускай ССР, дзе зрабілася цэнтрам павету («падраёну») Віцебскага раёну[5]. Аднак 16 студзеня маскоўскія бальшавікі адабралі Невель разам зь іншымі этнічна беларускімі тэрыторыямі ў склад РСФСР, з 1924 у Пскоўскай губэрні (з 1957 у Пскоўскай вобласьці). У 1926 кіраўніцтва БССР прасіла вярнуць места у склад Беларусі, але Масква не задаволіла гэтую просьбу[6]. У Другую сусьветную вайну з 1941 да 1944 Невель знаходзіўся пад нямецкай акупацыяй.
- Места на старых здымках
-
Грэка-каталіцкая царква па мураўёўскай перабудове
Насельніцтва [рэдагаваць]

- XVIII стагодзьдзе: 1780 — 835 мяшчанаў і 123 юдэі[2]; 1799 — 2908 чал., зь іх мяшчанаў-хрысьціянаў 1793, юдэяў 767; купцоў-хрысьціянаў 107, юдэяў 7; шляхты 53, духавенства 17, вайскоўцаў 33[2]
- XIX стагодзьдзе: 1896 — 9062 чал., зь іх паводле веры: праваслаўных 3467, каталікоў 596, раскольнікаў 185, пратэстантаў 142, юдэяў 4587, магамэтанаў 15, іншых 70; паводле стану: шляхты 140, духоўнага стану 85, ганаровых грамадзянаў і купцоў 248, мяшчанаў 6875, вайсковага стану 1093, сялянаў 525, іншых 96[7]
- XX стагодзьдзе: 1959 — 14 634 чал. (6465 муж. і 8169 жан.)[8]; 1970 — 17,8 тыс. чал.[9]; 1993 — 22,2 тыс. чал.[10]
- XXI стагодзьдзе: 2002 — 18 545 чал.[11]; 2009 — 16 633 чал.; 1 студзеня 2010 — 16 395 чал.; 14 кастрычніка 2010 (перапіс) — 16 324 чал.
Эканоміка [рэдагаваць]
Завод аўтаматычных тэлефонных станцыяў; швацкае аб’яднаньне; малочна-кансэрвавы камбінат; абутковая і мэблевая фабрыкі; ільнозавод.
Транспарт [рэдагаваць]
Невель знаходзіцца на аўтамабільнай магістралі E95 і зьяўляецца чыгуначным вузлом. Дзейнічаюць 2 чыгуначныя вакзалы — Невель-1 і Невель-2. Невель-1 разьмяшчаецца на чыгуначнай лініі Вялікія Лукі — Полацак, а Невель-2 — на чыгуначнай магістралі Санкт-Пецярбург — Віцебск.
Турыстычная інфармацыя [рэдагаваць]
Дзейнічае Невельскі краязнаўчы музэй (у будынку колішняй паштовай станцыі).
Выдатныя мясьціны [рэдагаваць]
- Гістарычная забудова (XIX — пач. ХХ стст.; фрагмэнты)
- Паштовая станцыя
- Плябанія пры зруйнаваным касьцёле Сьв. Юр’я
- Царква Найсьв. Тройцы
- Царква Сьв. ап. Іаана Багаслова
Страчаная спадчына [рэдагаваць]
- Замак (XVI ст.)
- Касьцёл Сьв. Юр’я (XVIII ст.)
- Сабор Усьпеньня Прасьв. Багародзіцы
- Сынагога
Вядомыя асобы [рэдагаваць]
- Казімер Бржушкевіч (нар. 1922) — мастак
- Рыгор Вайцінскі (1893—1953) — савецкі партыйны дзяяч, навуковец-кітаезнавец
- Сяргей Вышалескі (1874—1958) — выбітны навуковец-вэтэрынар, акадэмік
- Іван Дэйніс (1900—1985) — беларускі краязнавец, пэдагог
- Яўген Зайцаў (1908—1992) — беларускі мастак
- Марыя Юдзіна (1899—1970) — савецкая піяністка
Крыніцы [рэдагаваць]
- ^ Уладзімер Міхневіч. Невель, Пскоўская вобласьць // «Беларуская рэдакцыя Польскага Радыё», 19 студзеня 2009.
- ^ а б в г Невель // Цітоў А. Геральдыка беларускіх местаў (XVI — пачатак XX ст.). — Мн.: Полымя, 1998.
- ^ а б в Васіль Варонін. Невель // Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / рэд. Г. П. Пашкоў і інш. Т. 2: Кадэцкі корпус — Яцкевіч. — Мінск: Беларуская Энцыклапедыя, 2005. С. 353.
- ^ Смоліч А. Географія Беларусі. — Вільня: Друкарня «Віленскага Выдавецтва» Б. А. Клецкіна, 1922. С. 290.
- ^ У якіх межах былі абвешчаныя Беларуская Народная Рэспубліка і БССР? // 150 пытанняў і адказаў з гісторыі Беларусі / Уклад. Іван Саверчанка, Зьміцер Санько. — Вільня: Наша Будучыня, 2002.
- ^ Беларускія тэрыторыі ў 20-м стагодзьдзі: вернутае // «Радыё Свабода», 8 сакавіка 2007.
- ^ Невель, уездный город Витебской губернии // Энциклопедический словарь Брокгауза и Ефрона. Санкт-Петербург, 1890—1907.
- ^ Всесоюзная перепись населения СССР 1959 года
- ^ Невель // Большая советская энциклопедия, 3-е изд.: в 30 т. / Гл. ред. А.М. Прохоров. — М.: Сов. энциклопедия, 1969—1978.
- ^ Невель // Большой энциклопедический словарь / Гл. ред. В. П. Шишков. — М.: НИ «Большая Российская энциклопедия», 1998. — 640 с.: ил. ISBN 5-85270-262-5.
- ^ Всероссийская перепись населения 2002 года
Літаратура [рэдагаваць]
- Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / рэд. Г. П. Пашкоў і інш. Т. 2: Кадэцкі корпус — Яцкевіч. — Мінск: Беларуская Энцыклапедыя, 2005. — 788 с.: іл. ISBN 985-11-0378-0.
- Цітоў А. Геральдыка беларускіх местаў (XVI — пачатак XX ст.). — Мн.: Полымя, 1998.— 287 с. ISBN 985-07-0131-5.
- Newel // Słownik geograficzny Królestwa Polskiego i innych krajów słowiańskich. Tom VII: Netrebka — Perepiat. — Warszawa, 1886. S. 27—29.
Вонкавыя спасылкі [рэдагаваць]
Невель — сховішча мультымэдыйных матэрыялаў
|
|||||||||||||
|
||||||||