Ельск
| Ельск | |||||
|
|||||
| Першыя згадкі: | XVI ст. | ||||
| Горад з: | 1971 | ||||
| Вобласьць: | Гомельская | ||||
| Раён: | Ельскі | ||||
| Насельніцтва: | 9,6 тыс. (2008) | ||||
| Часавы пас: | UTC+3 | ||||
| Тэлефонны код: | +375 2354 | ||||
| Паштовы індэкс: | 247831 (247872, 247873) | ||||
| Геаграфічныя каардынаты: | 51°49′ пн. ш. 29°09′ у. д. / 51.817° пн. ш. 29.15° у. д.Каардынаты: 51°49′ пн. ш. 29°09′ у. д. / 51.817° пн. ш. 29.15° у. д. | ||||
|
Ельск на мапе Беларусі
Ельск
|
|||||
Е́льск — места ў Беларусі, адміністрацыйны цэнтар Ельскага раёну Гомельскай вобласьці. Насельніцтва 9,6 тыс. чал. (2008). Знаходзіцца за 177 км на паўднёвы захад ад Гомелю. Чыгуначная станцыя на лініі Каленкавічы — Оўруч. Аўтамабільныя дарогі злучаюць места з Мазыром, Нароўляй, Оўручам.
Зьмест |
Назва [рэдагаваць]
Паводле распаўсюджанага меркаваньня, у аснове тапоніму «Ельск» найменьне дрэва — елка[1]. Аднак гэтую вэрсію крытыкуюць з тае прычыны, што елка здаўна ўтварала лясы толькі паблізу паўночных ускраінаў Палесься, і ў наш час места атачае хваёвы лес. Апроч таго, суфікс -ск, як правіла, не фармаваў геаграфічныя найменьні ад пазначэньняў розных расьлінаў, дрэваў. Звычайна назвы населенных пунктаў на -ск утвараліся ад найменьняў водных аб’ектаў — рэкаў, азёраў, на берагах якіх узьнікалі адпаведныя паселішчы. Таму больш абгрунтаваным выглядае, што тапонім «Ельск» пайшоў ад назвы зьніклай да нашага часу рэчкі. Тым часам гідронім, імаверна, меў фіна-вугорскае паходжаньне[2].
Згодна з Геаграфічным слоўнікам Каралеўства Польскага і іншых славянскіх краёў, у даўнія часы Ельск быў цэнтрам тэрыторыі, падуладнай «вараскім» князям. Нашчадкі гэтых валадароў — выхадцаў зь зямлі прыбалтыйска-палабскіх ці паморскіх славянаў называліся «князямі Ельскімі»[3]. Ад назвы мястэчка ўтварылася прозьвішча шляхецкага роду Ельскіх (іхны родавы герб «Пелеш» — у аснове сучаснага гербу Ельску).
Тапонім «Каралін» узьнік у кан. XVIII ст. і паходзіць, відаць, ад імя ўладальніка паселішча — Караля. Тым часам паводле народнага паданьня, у аднаго з Аскеркаў нарадзілася дачка Караліна, у гонар якой нібыта і пераназвалі населены пункт.
5 лютага 1931 мястэчка Каралін афіцыйна перайменавалі ў Ельск. Існуюць зьвесткі, што раней, яшчэ па перайменьні паселішча расейскімі ўладамі ў Мікалаеў (1915), местачкоўцы зьвярталіся з просьбай надаць яму назву Ельск[2].
Гісторыя [рэдагаваць]
Упершыню Ельск згадваецца ў XVI ст. як вёска ў складзе Мазырскага павету, уладаньне францускіх эмігрантаў Спадаў[4]. У кан. XVII мясьціна перайшла да Аскеркаў.
У кан. XVIII ст. назву Ельску зьмянілі на Каралін. Пад 1784 гэтае мястэчка згадваецца ў зьвязку з увядзеньнем грашовага збору для праезду празь яго[4]. У 1775 на сродкі Казімера Аскеркі ў Караліне збудавалі драўляную грэка-каталіцкую царкву Прасьв. Тройцы, будынак якой складаўся з сыстэмы зрубаў (пастаўленых на крыжы) і шатровай званіцы над уваходам; апроч таго, у мястэчку дзейнічалі касьцёл, габрэйскі малітоўны дом.
У выніку другога падзелу Рэчы Паспалітай (1793) Каралін апынуўся ў складзе Расейскай імпэрыі, у Міхалкаўскай воласьці Мазырскага павету. Станам на 1795 тут было 24 двары. У 1842 ўладальнікі маёнтку Горваты збудавалі новы будынак царквы, у ёй захоўваўся абраз Божай Маці. Празь мястэчка праходзіў тракт з Рагачова ў Валынь, паштовая станцыя (8 экіпажаў). Станам на 1886 у Караліне або Ельску (значыцца пад абедзьвюма назвамі) было 44 двары, працавалі вінны завод, тры крамы, школа; дзейнічала царква. У 1873 адкрылася чыгуначная станцыя на лініі Жлобін — Оўруч. Паводле вынікаў перапісу (1897) у мястэчку было 45 двароў, царква, капліца, яўрэйскі малітоўны дом, народная вучэльня, паштовая станцыя, 9 крамаў, карчма. На 1908 — 167 двароў. У 1915 расейскія улады перайменавалі паселішча ў Мікалаеў, але назва не прыжылася. У Першую сусьветную вайну ў лютым — сьнежні 1918 мястэчка займалі нямецкія войскі. У гэты час местачкоўцы зьвярнуліся з просьбай вярнуць паселішчу назву Ельск.
1 студзеня 1919 згодна з пастановай І зьезду КП(б) Беларусі Каралін увайшоў у склад Беларускай ССР. Станам на 1921 тут было 400 двароў, станцыя, цагельня, кравецкая, шавецка-футравая і дрэваапрацоўчая майстэрні, лесапільня, паравы млын з крупарушкай. У 1924 Каралін зрабіўся цэнтрам раёну. 5 лютага 1931 назву мястэчка зьмянілі на Ельск. 27 верасьня 1938 паселішча атрымала афіцыйны статус пасёлку гарадзкога тыпу.
У Другую сусьветную вайну з 23 жніўня 1941 да 11 студзеня 1944 Ельск знаходзіўся пад нямецкай акупацыяй. У 1953 каля мястэчка атрымалі першы прыток нафты ў колькасьці 16,5 тон і 945 м³ газу. У 1954 Ельск увайшоў у склад Гомельскай вобласьці. 5 ліпеня 1971 паселішча атрымала статус места.
Насельніцтва [рэдагаваць]

- XIX стагодзьдзе: 1858 — 300 чал.; 1866 — 422 чал.[5]; 1897 — 600 чал.[6]
- XX стагодзьдзе: 1908 — 910 чал.; 1917 — 1132 чал. у мястэчку Каралін, 273 чал. у маёнтку Каралін, 61 чал. на чыгуначнай станцыі Каралін; 1938 — 3878 чал.; 1954 — 4,8 тыс. чал.; 1970 — 6,5 тыс. чал.; 1971 — 6,7 тыс. чал.; 1992 — 10,6 тыс. чал.[7]; 1994 — 11,1 тыс. чал.
- XXI стагодзьдзе: 2004 — 10,1 тыс. чал.; 2006 — 9,8 тыс. чал.; 2008 — 9,6 тыс. чал.
Адукацыя [рэдагаваць]
У Ельску працуюць 3 сярэднія, музычная і спартовая школы, школа-інтэрнат, школа мастацтваў.
Мэдыцына [рэдагаваць]
Мэдычныя паслугі надае лякарня.
Культура [рэдагаваць]
Дзейнічаюць кінатэатар, дом культуры, бібліятэкі.
Мас-мэдыі [рэдагаваць]
Выдаецца раённая газэта «Народны голас».
Забудова [рэдагаваць]
Паводле генэральнага пляну ўва ўсходняй частцы Ельску ўтварыўся мікрараён, забудаваны 3—5-павярховымі жылымі дамамі. У паўднёвай і заходняй частках места разьмяшчаецца 1-павярховая індывідуальная забудова. Прамысловая зона знаходзіцца ў паўночным сэктары.
Эканоміка [рэдагаваць]
Прадпрыемствы лясной, дрэваапрацоўчай, харчовай прамысловасьці.
- Ельская мэблевая фабрыка
- КДУП «Ельскі кансэрвавы завод»
Турыстычная інфармацыя [рэдагаваць]
Дзейнічае Ельскі краязнаўчы музэй. Спыніцца можна ў мескай гасьцініцы[8].
Выдатныя мясьціны [рэдагаваць]
- Царква Прасьв. Тройцы (1769—1780; колішняя грэка-каталіцкая, цяпер у валоданьні БЭМП)
- Могілкі габрэйскія
Страчаная спадчына [рэдагаваць]
- Касьцёл
Вядомыя выхадцы [рэдагаваць]
- Мікалай Анцукевіч (1882—1971) — беларускі пэдагог і філёзаф
Крыніцы [рэдагаваць]
- ^ Жучкевич В. А. Краткий топонимический словарь Белоруссии. — Мн.: Изд-во БГУ, 1974. С. 117.
- ^ а б Аляксандр Рогалеў. Што ж азначае назва Ельск?. Ельская раённая бібліятэка. Праверана 27 студзеня 2012 г.
- ^ Jelsk // Słownik geograficzny Królestwa Polskiego i innych krajów słowiańskich. Tom III: Haag — Kępy. — Warszawa, 1882. S. 561.
- ^ а б Валерый Грынявецкі. Ельск // Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / рэд. Г. П. Пашкоў і інш. Т. 1: Абаленскі — Кадэнцыя. — Мінск: Беларуская Энцыклапедыя, 2005. С. 617.
- ^ Гарады і вёскі Беларусі: Энцыклапедыя ў 15 тамах. Т. 1, кн. 1. Гомельская вобласць / С. В. Марцэлеў; Рэдкалегія: Г. П. Пашкоў (галоўны рэдактар) і інш. — Мн.: БелЭн, 2004.
- ^ Валянціна Антропава. Ельск // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 3: Гімназіі — Кадэнцыя / Беларус. Энцыкл.; Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн.: БелЭн, 1996. С. 349.
- ^ Ельск // Большая советская энциклопедия, 3-е изд.: в 30 т. / Гл. ред. А.М. Прохоров. — М.: Сов. энциклопедия, 1969—1978.
- ^ Ельск // Туристская энциклопедия Беларуси / редкол. Г. П. Пашков [и др.]; под общ. ред. И. И. Пирожника. — Мн., 2007.
Літаратура [рэдагаваць]
- Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 3: Гімназіі — Кадэнцыя / Беларус. Энцыкл.; Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн.: БелЭн, 1996. — 527 с.: іл. ISBN 985-11-0041-2.
- Гарады і вёскі Беларусі: Энцыклапедыя ў 15 тамах. Т. 1, кн. 1. Гомельская вобласць / С. В. Марцэлеў; Рэдкалегія: Г. П. Пашкоў (галоўны рэдактар) і інш. — Мн.: БелЭн, 2004. — 632 с.: іл. ISBN 985-11-0303-9.
- Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / рэд. Г. П. Пашкоў і інш. Т. 1: Абаленскі — Кадэнцыя. — Мінск: Беларуская Энцыклапедыя, 2005. — 684 с.: іл. ISBN 985-11-0314-4.
- Jelsk // Słownik geograficzny Królestwa Polskiego i innych krajów słowiańskich. Tom III: Haag — Kępy. — Warszawa, 1882. S. 561.
Вонкавыя спасылкі [рэдагаваць]
Ельск — сховішча мультымэдыйных матэрыялаў
|
||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||
|
||||||||