Тураў

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Тураў
лац. Turaŭ
Помнік Кірылу Тураўскаму на Замчышчы
Помнік Кірылу Тураўскаму на Замчышчы
Герб Турава Сьцяг Турава
Першыя згадкі: 980
Горад з: 2004
Магдэбурскае права: ?[1]
Краіна: Беларусь
Вобласьць: Гомельская
Раён: Жыткавіцкі
Плошча: 5,46029 км²
Насельніцтва (2018)
колькасьць: 2765 чал.[2]
шчыльнасьць: 506,38 чал./км²
Часавы пас: UTC+3
Тэлефонны код: +375 2353
Паштовы індэкс: 247980
СААТА: 3216510000
Нумарны знак: 3
Геаграфічныя каардынаты: 52°4′9″ пн. ш. 27°44′10″ у. д. / 52.06917° пн. ш. 27.73611° у. д. / 52.06917; 27.73611Каардынаты: 52°4′9″ пн. ш. 27°44′10″ у. д. / 52.06917° пн. ш. 27.73611° у. д. / 52.06917; 27.73611
Тураў на мапе Беларусі ±
Тураў
Тураў
Тураў
Тураў
Тураў
Тураў
Галерэя здымкаў у Вікісховішчы

Ту́раў — места ў Беларусі, на рацэ Прыпяці. Уваходзіць у склад Жыткавіцкага раёну Гомельскай вобласьці. Насельніцтва на 2018 год — 2765 чалавек[2]. Знаходзіцца за 25 км на паўночны захад ад места і чыгуначнай станцыі Жыткавічаў. Аўтамабільныя дарогі на Давыд-Гарадок, Жыткавічы, Лельчыцы. Рачная прыстань.

Тураў — найстарэйшы горад дрыгавічоў і сталіца адной зь першых дзяржаваў на беларускай этнічнай тэрыторыі. Колішняя катэдра Тураўскага біскупства Літоўскай мітраполіі. Места гістарычнай Піншчыны (частка Берасьцейшчыны, на захадзе Палесься), колішняя сталіца графства і старажытны замак Вялікага Княства Літоўскага[3]. Да нашага часу тут захавалася Замчышча, помнік археалёгіі XII ст., а таксама драўляная царква Ўсіх Сьвятых, помнік архітэктуры XIX ст. Сярод мясцовых славутасьцяў вылучалася мураваная абарончая вежа, помнік архітэктуры XIII ст., зруйнаваны расейскімі ўладамі.

Назва[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Асноўны артыкул: Тора (імя)

У наш час існуе два найбольш вядомыя тлумачэньні паходжаньня тапоніму Тураў. Першае зьвязвае назву паселішча з імем вараскага князя Тура (паўночнагерманскім імём ÞóriR[4]), які лічыцца ягоным заснавальнікам[5] і ўпамінаецца ў «Аповесьці мінулых часоў» пад 980 годам. Зрэшты, гэта адзіная летапісная згадка пра «заморскага» Тура (Туры) як заснавальніка і першага ўладара гораду[6]. У 1880 годзе япіскап менскі і тураўскі Яўгені ў «Нарысе гісторыі Турава», прыкладзеным да выданьня твораў Кірылы Тураўскага, пісаў, што ў народнай гаворцы «які-небудзь Турдаў, Турбенд і інш. мог называцца і проста Тур[7]». Таксама ён зазначыў, што існаваньне імя Тур у пэўных сфэрах усходнеславянскага грамадзтва пацьвярджаецца, відаць, назвай царквы Турава бажніца ў старажытным Кіеве, якая ўпамінаецца ў летапісе пад 1146 годам[7].

Другое папулярнае тлумачэньне найменьня Тураў узыходзіць да назвы дзікага быка тура. Так, этнограф Павал Шпілеўскі лічыў, што летапіснае сьцьверджаньне пра нейкага заморскага Тура (Туры) як заснавальніка і першага гаспадара Турава — даніна народнай легендзе[6]. Сваю думку дасьледнік даводзіў наступным чынам: «па-першае, мы сустракаем масу назваў сёлаў, вёсак, рэк, палёў, урочышчаў і г. д. з коранем „тур“ на ўсёй прасторы славянскіх пасяленьняў, і выводзіць гэтыя назвы не ад славянскага, а ад вараскага кораня — неверагодна; па-другое, у землях дрыгавічоў было мноства тураў, на якіх палявалі кіеўскія князі, напр., Уладзімер Манамах…»[8].

Як адзначаюць А. Крывіцкі і М. Саскевіч, назву «тур» фіксуюць старажытныя пісьмовыя помнікі (напрыклад, буй-тур Усевалада ў «Слове аб палку Ігаравым»), у паўднёвых і заходніх славян захаваліся ўтварэньні ад гэтае назвы сярод найменьняў жывёл, расьлінаў, у тапаніміцы, у асобных песьнях, былінах і інш. Тым ня менш, дасьледнікі лічаць гэтую гіпотэзу «занадта спрошчанай і гістарычнай слаба матываванай»[8].

Аляксандар Крывіцкі і Мікалай Саскевіч выводзяць назву паселішча ад зарослай цяпер пратокі ад Прыпяці ў в. Пагост, разьмешчанай непадалёк ад утоку ў Прыпяць ракі Сьцьвіга. Дасьледнікі адзначаюць, што паводле ўспамінаў старэйшых жыхароў памянёнай вёскі, яшчэ ў даваенныя часы Тур была досыць шырокай і дастаткова глыбокай пратокай, якая была часткаю гаспадарскае воднае сыстэмы Пагоста: пратока была важнаю прыстаньню на Прыпяці і Сьцьвізе адначасна, асабліва пры сплаве лесу. Старажытная пратока Тур мела асаблівае значэньне для падтрыманьня комплексу жыльлёвых, гаспадарчых, абарончых, абрадавых і іншых групаў збудаваньняў тагачасных насельнікаў Турава праз разгалінаваную водную сыстэму. На думку дасьледнікаў, такое гідранімічнае паходжаньне назвы зьяўляецца «больш блізкім да рэальных падзеяў таго часу» і родніць Тураў з паўночным Полацкам[9].

Існуюць таксама і менш вядомыя тлумачэньні найменьня Тураў. Некаторыя выводзяць гэтую назву ад слова «тура́» (тур) — 'вежа', іншыя мяркуюць, што на месцы, дзе ўзьнік Тураў, у язычніцкай старажытнасьці было капішча — месца пакланеньня нейкаму паважанаму ідалу-заступніку Туру[10]. Аднак наяўнасьць асобнага славянскага божышча пад гэтаю назваю А. Прохараў лічыць «не зусім абгрунтаванаю»[11].

Таксама існуе і іншая мясцовая легенда пра паходжаньне Турава: у часе набегаў нейкіх «туркаў» адзін зь іх, перабіраючыся па тонкім лёдзе на кані недзе там, дзе потым паўстаў Тураў, праваліўся пад лёд і ўтапіўся (паводле іншай вэрсіі — толькі згубіў сваю багатую шапку), аднак, на думку А. Крывіцкага і М. Саскевіча, гэта адвольны народны жарт, пабудаваны на сугуччы найменьня «Тур» і слова «турак»[12].

Гісторыя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Тураўскае княства[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Панарама места. Н. Орда, 1875 г.

Першы пісьмовы ўпамін пра Тураў зьмяшчаецца ў «Аповесьці мінулых часоў» і датуецца 980 годам: «бе бо Рогволод перешел из заморья имяше волость свою Полотьске, а Тур Турове, от него же Туровици прозвашаяся»[a].

Старажытны горад узьнік на сутоках рэк Язды і Струменя, прытокаў Прыпяці, якая ў сваю чаргу ўпадае ў Дняпро, а ён — у Чорнае мора. Гэты рачны шлях здаўна быў вядомы вікінгам, якія актыўна карысталіся ім для гандлю з Канстантынопалем.

Першым вядомым тураўскім князем быў Сьвятаполк, сын кіеўскага князя Ўладзімера, пад чыёй уладай знаходзілася Русь, у тым ліку і Тураўскае княства. Сьвятаполк заняў тураўскі сталец у 988 годзе. Неўзабаве ў 1005 годзе ўтварылася Тураўскае біскупства.

XII—XIII стагодзьдзі — час росквіту Турава. Горад меў магутную лінію ўмацаваньняў. У той час тут было каля 40 (паводле паданьняў — 75—80) цэркваў і манастыроў. Сярод іх былі прынамсі, дзьве саборныя цэрквы: Прачыстай Багародзіцы і Сьвятых Апосталаў Пятра і Паўла. Існавалі прынамсі, два, а магчыма, што тры манастыры: Мікольскі мужчынскі, жаночы сьвятой вялікамучаніцы Варвары, япіскапскі Барысаглебскі (першы ўпамін у сярэдзіне ХІІ ст.). Магчымае, але малаімавернае існаваньне саборнай царквы Сьвятой Соф’і[13]. У канцы XIII ст. у Тураве збудавалі мураваную абарончую вежу (разабраная ў XIX ст.). У гэтыя часы ў горадзе жыў вядомы асьветнік Кірыла Тураўскі. У 1158 годзе Тураў вытрымаў дзесяцітыднёвую аблогу паўднёварускіх князёў і такім чынам атрымаў незалежнасьць ад Кіева[14], а ў 1160 годзе — трохтыднёвую аблогу валынскіх князёў. Узімку 1241 году горад поўнасьцю зруйнавалі мангола-татары. Менавіта тады, як сьведчыць паданьне, быў закіданы немаўлятамі славуты калодзеж Тура, па чым на працягу сямі гадоў зь яго струменіла жаночае малако.

Пэрыяд дабрабыту скончыўся ў выніку некалькіх фэўдальных канфліктаў, а па тым як рачны гандлёвы шлях страціў сваю актуальнасьць (Эўропа і Бізантыя былі зьвязаныя ў абыход Кіева) Тураў страціў асноўную сваю прывабнасьць.

Тураўскае княства ў пэрыяд фэўдальнай раздробленасьці падзялілася на некалькі ўдзельных княстваў — Тураўскае, Пінскае, Слуцкае, Клецкае і іншыя — і страціла сваё значэньне. У гэты час хутка рос Пінск, які апярэджваў у сваім гаспадарчым разьвіцьці Тураў.

Вялікае Княства Літоўскае[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Канстантын Астроскі

У XII—XIV стагодзьдзях пачалося аб’яднаньне абшараў колішніх Полацкага, Тураўска-Пінскага і Смаленскага княстваў вакол Наваградку. Далучэньне Турава да Вялікага Княства Літоўскага адбылося ў 1320-я гады. У першай траціне XIV ст. спынілася старажытная дынастыя тураўскіх князёў, у выніку чаго места перайшло да вялікіх князёў літоўскіх (у 1430 годзе — у валоданьні вялікага князя Сьвідрыгайлы Альгердавіча). З XV ст. Тураў знаходзіўся ў складзе Троцкага ваяводзтва і належаў князям Глінскім.

З канца XV ст. крымскія татары неаднойчы ўчынялі рабаўнічыя набегі на тэрыторыю сучаснай Беларусі. У 1497 годзе яны забілі непадалёку ад Мазыру мітрапаліта кіеўскага і ўсяе Русі Макарыя. У час вайны 1500—1503 гадоў з Маскоўскай дзяржавай Іван III неаднаразова інструктаваў Менглі-Гірэя, каб крымскія загоны накіроўваліся ў бок Слуцку, Турава, Пінску з мэтай аслабіць усходнія межы Вялікага Княства Літоўскага. Карыстаючыся тым, што асноўныя сілы Вялікага Княства ваявалі ў гэты час з Масквой, крымчакі неаднаразова спусташалі літоўскія землі. Увосень 1502 году яны перайшлі Прыпяць і пачалі рабаваць ваколіцы Турава і Пінску. Славуты слуцкі князь Сямён Алелькавіч перахапіў крымчакоў за 6 міль ад Бабруйску і ўшчэнт разьбіў іх, вызваліўшы вялікі палон.

У 1507 годзе фэўдалы, якія шукалі хаўрусу з Масквой і нярэдка адкрыта пераходзілі на бок Маскоўскай дзяржавы, узьнялі паўстаньне пад кіраўніцтвам Міхала Глінскага. Аднак у 1508 годзе паўстаньне пацярпела паразу. Па тым, як М. Глінскі зьбег у Маскоўскае княства, Тураў перайшоў да Канстантына Астроскага, які заняўся ягоным узнаўленьнем. У 1521 годзе места паўторна разбурылі татары, і Астроскія мусілі яшчэ раз будаваць на Замкавай гары ўмацаваны замак — апошні, рэшткі якога захаваліся да XIX ст. і апісваліся вядомым падарожнікам Паўлам Шпілеўскім. Астроскія кіравалі Туравам больш за стагодзьдзе (з 1508 да 1621 году), пакуль яго не аддалі ў якасьці выкупу за княжну з роду Сапегаў.

У выніку адміністрацыйна-тэрытарыяльнай рэформы 1565—1566 гадоў Тураў увайшоў у склад Пінскага павету Берасьцейскага ваяводзтва. У гэты час места складалася з асноўнай часткі і двух прадмесьцяў — Заяцэльля і Запясочча.

Панарама паводле Н. Орды, 1882 г.

У вайну Маскоўскай дзяржавы з Рэччу Паспалітай (1654—1667) маскоўскія захопнікі некалькі разоў спусташалі Тураў. Масква ажыцьцяўляла свае даўнія пляны захапіць Літву і распачала крывавую вайну, якая забрала больш за палову насельніцтва Вялікага Княства. У ліпені 1654 году казакі, наляцеўшы на вёскі і мястэчкі Тураўшчыны, «сялян мучылі, насьмерць забівалі, маёмасьць іх усю забіралі, іншыя вёскі агнём палілі…» Пазьней сюды прыходзіў казацкі полк нейкага Грышкі Чорнага. Казакі зьяўляліся тут і разам з маскоўскімі ратнікамі. У верасьні 1654 году на Тураўскую і Сьмядынскую (ніжэй плыньню Прыпяці) воласьці напала маскоўскае войска. Паводле заявы тураўскага падстаросты Хведара Ляўковіча, чужынцы «ня толькі ў дамах сялянскіх што змаглі адшукаць забралі, але, сялян у лясах знаходзячы, некаторых насьмерць пазамучвалі…» 24 верасьня яны «да апошняй халупы» спалілі вёскі Верасьніцу, Букчу, Глінную, Храпін, Колкі, і спустошылі дзясяткі іншых. Забіралі ўсё да драбніцы. У Астражанцы і Сьмядыні замардавалі нават папоў, у Гліннай сьвятога айца расстралялі, а недамучаных людзей жывых засыпалі зямлёй. Целы мерцьвякоў выкідвалі з дамавінаў. Урэшце, пагаспадарыўшы ў апусьцелым Тураве, захопнікі пакінулі яго, а мяшчанам, якія паразьбягаліся, ды ўсёй воласьці сказалі вяртацца ў места, запэўніўшы, што чапаць іх ня будуць. Аднак 30 кастрычніка, калі людзі вярнуліся, на іх накінулася варожае войска. Хапалі ўсё ў хатах, рынкавых каморах, а найбольш — «вымучвалі» ў жыхароў грошы. Некалькі чалавек пры гэтым забілі. Вялізны статак кароў (за 6 тысячаў) быў адагнаны ва Ўкраіну[15]. Неўзабаве войска Вялікага Княства Літоўскага пад камандаю Януша Радзівіла вызваліла Тураў. Па выгнаньні маскоўскіх захопнікаў у Тураве засталося толькі 111 дымоў, тады як у 1648 годзе іх было 401[16].

У XVIII ст. Тураўскі маёнтак зваўся графствам, хоць ягоныя ўладальнікі не былі графамі. Паводле зьвестак за 1790 год, у Тураве было 497 дымоў[16].

Пад уладай Расейскай імпэрыі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У выніку другога падзелу Рэчы Паспалітай (1793 год) Тураў апынуўся ў складзе Расейскай імпэрыі. Часткай Тураўскага маёнтку ў гэты час валодаў граф, маршалак Галоўнага Літоўскага трыбуналу Іван Салагуб. Другую частку, якая належала дзяржаве, расейскія ўлады перадалі як узнагароду за шчырую службу генэралу Селябіну. У Тураве ў той час налічвалася каля пяцісот будынкаў, было сем цэркваў і сынагога. У 1793 годзе ангельская акцыянэрная кампанія Піта і Форстэра купіла ў Салагуба лясныя ўгодзьдзі і пачала па-драпежніцку секчы лес і адпраўляць яго Прыпяцьцю, Дняпром і Бугам за мяжу. Пра злачынства даведаліся ў Пецярбургу, і ў 1800 годзе выйшаў спэцыяльны ўказ імпэратара Паўла I, які прадпісаў ліквідаваць дамову і ўзяць маёнтак у дзяржаўны скарб.

Плян Турава (А. Крукоўскі, 1926 г.)

Згодна з імянным царскім ўказам ад 6 верасьня 1795 году ў краі пачала працаваць паштовая сувязь. Паштовая дарога прайшла ад Мазыру да Давыд-Гарадку праз Жыткавічы (8 коней, 4 паштальёны), Тураў (тое самае) і далей празь Ленін (тое самае).

Новыя беды і разбурэньні прынесла краю расейска-француская вайна. Ваенныя спусташэньні абязьлюджвалі цэлыя мясцовасьці. У 1812—1817 гадох насельніцтва Турава з прычыны голаду зьменшылася амаль на тры чвэрці. У 1834 годзе мястэчка пацярпела ад пажару, у якім згарэла 5 цэркваў. Паўстаньне Кастуся Каліноўскага не ахапіла край, хоць хвалі яго, глухія зьвесткі пра змагароў за лепшую долю супраць іншаземных прыгнятальнікаў даходзілі і сюды. Паводле ўспамінаў мясцовых жыхароў, у тутэйшых непраходных лясах і балотах хаваліся рэшткі разьбітага ў 1864 годзе войска паўстанцаў. У 1865 годзе ў Тураве выявілі старажытнае эвангельле.

Напісаную каля 1857 году і выдадзеную ў 1867 годзе кнігу пра гісторыю Тураўскай япархіі народжаны на Піншчыне архімандрыт Урадавага сыноду Расейскай імпэрыі Анатолі (Станкевіч)(uk)[17] пачынаў наступнымі словамі[18]: «Якім бедным ня быў бы выгляд цяперашняга Турава, але ўсё-ткі памяць пра Тураў, як калыску праваслаўя ў Літве, сьвятая для ўсякага руса-ліцьвіна» (рас. «Как ни беден вид теперешнего Турова, но все-таки память о Турове, как колыбели православия в Литве, священна для всякого руссо-литвина»)[b].

На 1886 год у Тураве было 370 двароў, дзейнічалі 3 царквы, капліца, сынагога і 3 юдэйскія малітоўныя дамы. На 1892 год у мястэчку было каля 500 дамоў. Паводле вынікаў перапісу 1897 году, у Тураве было 667 двароў, дзейнічалі 4 царквы, касьцёл, капліца і сынагога, працавалі пошта, фатаграфія, прыстань, цагельня, 2 хлебазапасныя магазыны, 50 крамаў і 4 карчмы, штогод праводзіўся 2 кірмашы. У аднайменным фальварку дзейнічаў паравы млын. На 1909 год — 675 двароў.

За часамі Першай сусьветнай вайны ў лютым 1918 году Тураў занялі войскі Нямецкай імпэрыі.

Найноўшы час[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

25 сакавіка 1918 году згодна з Трэцяй Устаўной граматай Тураў абвяшчаўся часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. 1 студзеня 1919 году ў адпаведнасьці з пастановай І зьезду КП(б) Беларусі ён увайшоў у склад Беларускай ССР[20].

У сьнежні 1918 — жніўні 1919 году — Тураў кантралявалі савецкія войскі, з жніўня 1919 да 15 ліпеня 1920 году — польскія войскі. 18 ліпеня 1920 году ў месьце канчаткова замацаваліся саветы. На 1924 год тут было 856 двароў.

У 1924—1962 гадох Тураў быў цэнтрам раёну (з 1939 году — у складзе Мазырскай вобласьці). У 1926 годзе ў мястэчку жыло 5393 чалавекі (на тысячу жыхароў — 55 рамесьнікаў). Да 1939 году насельніцтва мястэчка ў выніку войнаў, масавых рэпрэсіяў павялічылася толькі на 46 чалавек. Згодна з указам Прэзыдыюму Вярхоўнага Савету БССР ад 27 верасьня 1938 году, Тураў атрымаў афіцыйны статус пасёлку гарадзкога тыпу.

У Другую сусьветную вайну ўлетку 1941 году яго захапілі войскі Трэцяга Райху, а ўжо ў кастрычніку пачало сваю дзейнасьць савецкае падпольле. 5 ліпеня 1944 году ў места ўвайшлі савецкія войскі. У 1962 годзе Тураўскі раён ліквідавалі, а само мястэчка ўвайшло ў склад Жыткавіцкага раёну.

3 жніўня 2004 году Савет Міністраў Рэспублікі Беларусь надаў Тураву статус места. У верасьні таго ж году ў Тураве прайшлі Дні беларускага пісьменства. У наш час у Тураве ствараецца турыстычная інфраструктура, у 2008 годзе тут збудавалі новы гатэль. Адзінае прамысловае прадпрыемства, якое працуе на сёньня — кансэрвавы завод, што выпускае кансэрваваную гародніну і сокі. З 2011 году пачалося будаваньне малочнага заводу[21].

Геаграфія[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Паблізу Турава ёсьць азёры Аблуква, Галава, Плішчын, працякаюць рэкі Глушыца, Перадоль, Струмень, Язда.

Насельніцтва[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Дэмаграфія[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • XIII стагодзьдзе: 1200-я гады — каля 6 тыс. чал.
  • XVII стагодзьдзе: 1648 год — 401 чал.; 1649 год — 3 тыс. чал.; 1667 год — 111 чал.
  • XVIII стагодзьдзе: 1793 год — 500 чал.
  • XIX стагодзьдзе: 1858 год — 2030 чал.[22]; 1866 год — 2662 чал.; 1892 год — да 2900 чал.[23]; 1897 год — 4297 чал.[22]
  • XX стагодзьдзе: 1909 год — 6435 чал.; 1923 год — 6217 чал.; 1924 год — 5264 чал.; 1926 год — 5393 чал.; 1933 год — 4,5 тыс. чал.[24]; 1939 год — 5439 чал.; 2000 год — 3,5 тыс. чал.[25]
  • XXI стагодзьдзе: 2002 год — 3,2 тыс. чал.[26] 2003 год — 3,2 тыс. чал.; 2004 год — 3,2 тыс. чал.[27]; 2006 год — 3,1 тыс. чал.[28]; 2008 год — 3100 чал.; 2009 год — 2967 чал.[29] (перапіс); 2010 год — 2,9 тыс. чал.; 2011 год — 2846 чал.; 2016 год — 2795 чал.[30]; 2017 год — 2770 чал.[31]; 2018 год — 2765 чал.[2]

Адукацыя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У Тураве працуюць 2 сярэднія і музычная школы, дашкольная ўстанова.

Мэдыцына[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Мэдычнае абслугоўваньне насельніцтва ажыцьцяўляе местачковая лякарня.

Культура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Дзейнічаюць 2 дамы культуры, 3 бібліятэкі.

Мас-мэдыя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Выдаецца газэта «Вольныя навіны».

Эканоміка[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

4 студзеня 2010 году заснавалі «Тураўскі малочны камбінат», які пачаў выпуск італьянскіх сыроў 13 траўня 2013 году і стаў градаўтваральным прадпрыемствам для Турава і Жыткавіцкага раёну. У 2017 годзе яго доля ў прамысловай вытворчасьці Жыткавіцкага раёну склала 75 %[32].

Турыстычная інфармацыя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Уваход у Экалягічны музэй Прыпяцкага Нацыянальнага парку

Інфраструктура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Дзейнічаюць Тураўскі краязнаўчы музэй і Тураўскі музэй прыроды.

Славутасьці[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Царква Ўсіх Сьвятых
  • Замчышча, дзе знаходзяцца рэшткі помніка дойлідзтва XII ст. — Тураўскай царквы, падмуркі якой выявіў М. Каргер у час археалягічных раскопак у 1962—1963 гадох. Сьцены царквы, складзеныя з плінфы, захаваліся на ўзроўні 0,3—0,5 м. /ны даюць паставу меркаваць пра яе архітэктуру: 6-слуповы 3-апсыдны аб’ём, апсыды ўпрыгожваюцца роўнымі пілястрамі, падлога — з паліваных плітак. Слупы ў сечыве крыжовыя, у паўднёва-заходняй частцы — круглая вежа зь вітымі ўсходамі.
  • Крыжы каменныя. Два зь іх, паводле легенды, прыплылі супраць плыні Прыпяці, трэці — «вырас зь Зямлі». Гэты крыж «расьце» на Барысаглебскіх могілках па дарозе на Давыд-Гарадок, два іншыя знаходзяцца ў Цэркве Ўсіх Сьвятых, збудаванай яшчэ ў 1810 годзе.
  • Могілкі: Барысаглебскія; юдэйскія
  • Помнік Кірылу Тураўскаму
  • Царква Ўсіх Сьвятых (1810)

Страчаная спадчына[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • Вежа (2-я палова XIII ст., зруйнаваная ў 1830 годзе) — фартыфікацыя Тураўскага замка, якая адносілася да тыпу валынскіх вежаў. Знаходзілася на дзядзінцы Замчышча (Замкавая гара). Узьведзеная ў з цэглы на вапнавай рашчыне, мела круглую форму. Унутраны дыямэтар — каля 11 м, падзялялася на некалькі баявых ярусаў
  • Гасьціны двор (XVIII ст., зруйнаваны ў XIX ст.). Стаяў на Рынку паблізу замка. Гэта быў прастакутны 2-павярховы будынак замкнёнай кампазыцыі з унутраным дваром і двухсхільным дахам. Ягоны памер — 43х21 м. На кожным паверсе знаходзілася 36 крам і 12 складзкіх памяшканьняў
  • Помнік Аляксандру II. У 1870-я гады на Красным пляцы расейскія ўлады паставілі помнік цару-«вызваліцелю» Аляксандру II ў гонар вызваленьня сялянаў ад прыгоннай залежнасьці. У 1918 годзе рэвалюцыйна настроеныя месьцічы з падбухторваньня бальшавікоў разбурылі яго.
  • Сынагога Вялікая (XIX ст.)
  • Царква Сьвятога Кірылы (1802)
  • Царква Сьвятога Міхала Арханёла
  • Царква Сьвятога Прарока Ільлі (1850)
  • Царква Сьвятога Спаса (1801)
  • Царква Сьвятых Апосталаў Пятра і Паўла

У Тураве зацьвердзілася першая япіскапская катэдра ў Літве з часоў князя кіеўскага Ўладзімера. Места было цэнтрам праваслаўя ў Літве. У XVI ст. на Тураўшчыне налічвалася каля 80 цэркваў і два саборы. Практычна ўсе яны былі згубленыя ў час шматлікіх войнаў.

Краявід Прыпяці з боку места
Краявід Прыпяці з боку места

Асобы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Заўвагі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ ПСРЛ. Т. 1. — М., 1962. С. 76.
  2. ^ «Руса-ліцьвіны» (рас. «руссо-литвины») таксама ўпамінаюцца ў іншым месцы кнігі[19]

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ Малеч. Магдэбурскае права // Гістарычная брама. № 6 (10), 1998 г. (Архіўная копія)
  2. ^ а б в Численность населения на 1 января 2018 г. и среднегодовая численность населения за 2017 год по Республике Беларусь в разрезе областей, районов, городов и поселков городского типа (рас.) Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь
  3. ^ Ткачоў М. Замкі і людзі. — Мн., 1991. С. 122.
  4. ^ Рыдзевская Е. А. К варяжскому вопросу // Известия Академии наук СССР. Серия VII. № 7, 1934. С. 527.
  5. ^ Краткий топонимический словарь Белоруссии / В.А. Жучкевич. — Мн.: Изд-во БГУ, 1974. — 448 с. С. 380.
  6. ^ а б Крывіцкі, А., Саскевіч, М. А імя яму Тураў… // Спадчына. — Менск: 1994. — № 2. — С. 28.
  7. ^ а б Кирилл еп. Творения Кирилла, епископа Туровского, с предварительным очерком истории Турова и туровской епархии до XIII века. Киев, 1880. 296 с.
  8. ^ а б Крывіцкі, А., Саскевіч, М. А імя яму Тураў… // Спадчына. — Менск: 1994. — № 2. — С. 29.
  9. ^ Крывіцкі, А., Саскевіч, М. А імя яму Тураў… // Спадчына. — Менск: 1994. — № 2. — С. 32—34.
  10. ^ Крывіцкі, А., Саскевіч, М. А імя яму Тураў… // Спадчына. — Менск: 1994. — № 2. — С. 30.
  11. ^ Прохараў, А. Тур // Беларуская міфалогія: Энцыклапед. слоўн. / С. Санько [і інш.]; склад. І. Клімковіч. — 2-ое выд., дап. — Менск.: Беларусь, 2006. С. 510.
  12. ^ Крывіцкі, А., Саскевіч, М. А імя яму Тураў… // Спадчына. — Менск: 1994. — № 2. — С. 31.
  13. ^ Мельнікаў А. А. З неапублікаванай спадчыны: Манаграфіі, артыкулы, вершы, матэрыялы навуковай канферэнцыі, успаміны сучаснікаў / Аляксей Мяльнікаў. — Менск: Выд-ва «Чатыры чвэрці», 2005. — 592 с.: іл. ISBN 985-6734-28-2
  14. ^ Zaprudnik J. Historical dictionary of Belarus. — Lamham. — London, 1998. P. 208.
  15. ^ Сагановіч Г. Невядомая вайна: 1654—1667. — Менск, 1995.
  16. ^ а б ВКЛ. Энцыкл. — Мн.: 2005 Т. 2. С. 676.
  17. ^ Ільїн О. Єпископ Анатолій (Станкевич) та виникнення білоруської національної ідеї // Сіверянський літопис. № 1, 2013. С. 33—34.
  18. ^ Воспоминание о древнем православии Западной Руси. — Москва, 1867. С. 1.
  19. ^ Воспоминание о древнем православии Западной Руси. — Москва, 1867. С. 23.
  20. ^ 150 пытанняў і адказаў з гісторыі Беларусі / Уклад. Іван Саверчанка, Зьміцер Санько. — Вільня: Наша Будучыня, 2002. — 238 с. ISBN 9986-9229-6-1.
  21. ^ Старшыня Гомельскага аблвыканкама Уладзімір Дворнік: «Дрэнных спецыялістаў не бывае» // Звязда.
  22. ^ а б Гарады і вёскі Беларусі. Энцыкл. Т. 1. Кн. 1. — Менск, 2004. С. 515.
  23. ^ Jelski A. Turów // Słownik geograficzny... T. XII. — Warszawa, 1892. S. 649—652.
  24. ^ Памяць: Гіст.-дакум. хроніка Жыткавіцкага р-на / Рэд.-укл. В. Р. Феранц. — Мн.: Ураджай, 1994. — 767 с., [8] л. іл. ISBN 5-7860-0614-X. С. 273
  25. ^ Лысенка П., Скрыпчанка Т. Тураў // ЭГБ. — Мн.: 2001 Т. 6. Кн. 1. С. 540.
  26. ^ БЭ. — Мн.: 2003 Т. 16. С. 36.
  27. ^ Гарады і вёскі Беларусі. Энцыкл. Т. 1. Кн. 1. — Менск, 2004. С. 513.
  28. ^ Туристская энциклопедия Беларуси. — Мн., 2007.
  29. ^ Перепись населения — 2009. Гомельская область (рас.) Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь
  30. ^ Численность населения на 1 января 2016 г. и среднегодовая численность населения за 2015 год по Республике Беларусь в разрезе областей, районов, городов и поселков городского типа (рас.) Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь
  31. ^ Численность населения на 1 января 2017 г. и среднегодовая численность населения за 2016 год по Республике Беларусь в разрезе областей, районов, городов и поселков городского типа (рас.) Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь
  32. ^ Тэлеканал «Беларусь 1». Прэзыдэнт азнаёміўся з ходам прац па рэканструкцыі аварыйнага аўтамабільнага моста ў Жыткавіцкім раёне // Белтэлерадыёкампанія, 28 красавіка 2018 г. Праверана 16 ліпеня 2021 г.

Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]