Павал I

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Перайсьці да: навігацыі, пошуку

Павал Пятровіч (1 кастрычніка [ст. ст. 20 верасьня] 1754, Санкт-Пецярбург, Расейская імпэрыя24 сакавіка [ст. ст. 12 сакавіка] 1801, Санкт-Пецярбург) — імпэратар Расейскай імпэрыі (1796—1801) з дынастыі Раманавых, сын Пятра III Фёдаравіча і Кацярыны II Аляксееўны.

Біяграфія[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Выхоўваўся ізалявана ад бацькоў пры двары сваёй бабулі Лізаветы, якая жадала зрабіць яго спадчыннікам замест Пятра III. Зь дзяцінства адрозьніваючыся слабым здароўем рос вельмі нэрвовым, уразьлівым і надмерна запальчывым, падазроным да навакольных яго людзям. З 1783 г. жыў у Гатчыне, дзе меў свой двор і невялікую армію. У 1794 г. Кацярына II вырашыла адхіліць свайго сына ад трона і перадаць яго старэйшаму ўнуку Аляксандру Паўлавічу, але сустрэла процідзеяньне з боку вышэйшых дзяржаўных саноўнікаў ды яе сьмерць 6 лістапада 1796 г. перашкодзіла гэтаму. У 1796 г. наведаў Койданаў. З гэтай нагоды ў сядзібным палацы магнатаў Радзівілаў быў дадзены ўрачысты абед.

Стаўшы імпэратарам пачаў з ломкі ўсіх парадкаў кацярынінскага праўленьня: пераймяноўваліся гарады, амніставаліся вязьні, у тым ліку удзельнікі паўстаньня Тадэвуша Касьцюшкі, скарачалася колькасьць губэрняў. Указам ад 12 сьнежня 1796 г. Полацкая і Магілёўская губэрні аб’ядноўваліся ў Беларускую з цэнтрам у Віцебску, а Віцебская і Слонімская ў Літоўскую з цэнтрам у Вільні. Пацьвердзіў кіраваньне і судаводзтва на былых землях ВКЛ на аснове Статуту ВКЛ 1588 году. З 1799 г. у Беларускай, Менскай ды Літоўскай губэрнях уводзілася пасада фіскалаў, якім ставілася ў абавязак «выведваць аб усялякіх злоўжываньнях улады і маўклівым уціску абывацеляў». Заканадаўча зацьвердзіў прынцып пераходу прастола па праве першародзтва па мужчынскай лініі. Праводзіў курс на ўзмацненьне рэжыму асабістай ўлады, а парадкі, заведзеныя ў Гатчыне, былі перанесеныя на ўсё расейскае войска. Асьцерагаючыся распаўсюджваньні ў Расеі ідэй Францускай рэвалюцыі забараніў выезд маладых людзей за мяжу на вучобу, быў цалкам забаронены імпарт кніг, ажна да нотаў, зачыненыя друкарні.

Быў прыхільнікам каталіцкай царквы і прыпыніў пачаты Кацярынай ІІ перавод уніятаў у праваслаўе ды нават прапанаваў рымскаму папежу, зьневажанаму рэвалюцыянэрамі Францыі перасяліцца ў Расейскую імпэрыю. Даў прытулак ў Расейскай імпэрыі Мальтыйскаму ордэну, прыняўшы статут Вялікага Магістра і пратэктары ордэна. Ордэнская сыстэма Расейскай імпэрыі ды Мальтыйскага Ордэна былі часткова інтэграваныя.

Зьнешняя палітыка адрозьнівалася непасьлядоўнасьцю. У 1798 г. Расейская імпэрыя ўвайшла ў антыфранцускую кааліцыю зь Вялікабрытаніяй, Аўстрыяй, Турэччынай, Каралеўствам абедзьвюх Сыцыліяў. Па патрабаваньні саюзьнікаў галоўнакамандуючым расейскімі войскамі быў прызначаны А. Сувораў. Аднак ужо ў кастрычніку 1798 г. Расея разарвала зьвяз з Аўстрыяй ды адклікала свае войскі з Эўропы. У 1800 г. заключыў пагадненьне з Н. Банапартам, якога пасьля перавароту 18 брумэра 1799 г. не лічыў больш рэвалюцыянэрам.

Быў двойчы жанаты. У 1773, не дасягнуўшы і 20 гадоў, ажаніўся на гесэн-дармштатскай прынцэсе Вільгельміне (у праваслаўі — Натальлі Аляксееўне), але праз тры гады яна памерла падчас родаў, і ў тым жа 1776 Павел ажаніўся другасна, на прынцэсе Сафіі-Дарацеі (у праваслаўі — Марыі Фёдараўне), ад якой меў 4 сыноў і 6 дачак, зь якіх імпэратарамі былі Аляксандар I ды Мікалай I.

Быў задушаны ва ўласнай спальні ў выніку палацавага перавароту, а да ўлады прыведзены ягоны сын Аляксандар I.

Незадоўга перад сваім забойствам паслаў войска Данское у паход на Індыю, які быў адменены адразу пасьля ягонай сьмерці.

Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • Павел І. // Беларуская савецкая энцыклапедыя. Т. VII. Мінск. 1973. С. 586—587.
  • Пазняк С. Павел І. // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі ў 6 тамах. Т. 5. Мінск. 1999. С. 363.
  • Павел І. // Беларуская энцыклапедыя ў 18 тамах. Т. 11. Мінск. 2000. С. 463.
  • Павел І // Памяць: Гісторыка-дакументальная хроніка Дзяржынскага раёна / рэд. кал. Л.М. Драбовіч і інш.; рэд.-уклад. А.І. Валахановіч. — Мн.: БелТА, 2004.— С. 104.

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Commons-logo.svg  Павал Iсховішча мультымэдыйных матэрыялаў