Сьвідрыгайла Альгердавіч

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Перайсьці да: навігацыі, пошуку
Сьвідрыгайла
Śvidrygajła. Сьвідрыгайла (A. Guagnini, 1578).jpg
Сьвідрыгайла (уяўны партрэт). З хронікі А. Гваньіні «Апісаньне эўрапейскай Сарматыі» (1578)
Вялікі князь літоўскі
1430 — 1432
Папярэднік Вітаўт Вялікі
Наступнік Жыгімонт Кейстутавіч
Асабістыя зьвесткі
Нарадзіўся 1355
Памёр 1452
Дынастыя Гедымінавічы
Бацька Альгерд
Маці Іўліяна Аляксандраўна

Сьвідрыгайла Альгердавіч (у праваслаўі Леў, у каталіцтве Баляслаў; каля 1370[1] — 10 лютага 1452) — вялікі князь літоўскі (14301432). Сын Альгерда і яго другой жонкі цьвярской князёўны Юльяны, малодшы брат Ягайлы.

Жыцьцяпіс[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У лютым 1386 году перад каранацыяй Ягайлы польскай каронай у Кракаве быў у складзе дэлегацыі Вялікага Княства Літоўскага, перайшоў з праваслаўя ў каталіцтва[2]. Атрымаў ад Ягайлы ва ўдзел Віцебскае княства. Калі гаспадаром зрабіўся Вітаўт, той у 1392 годзе пазбавіў Сьвідрыгайлу віцебскага пасаду. З таго часу быў у апазыцыі да Вітаўта, але ў выніку прыміраўся зь ім.

У 1396 годзе зьехаў у Лівонію да крыжакаў, з вайсковай сілай якіх завалодаў Віцебскам. Вітаўт са сваім войскам адбіў места, паланіў Сьвідрыгайлу-Баляслава i адправіў яго да Ягайлы ў Польшчу. 12 жніўня 1399 г. у складзе войска Вялікага княства Літоўскага ўдзельнічаў у бітве на рацэ Ворскле(be). У 1400 годзе прысягнуў Вітаўту за княжацкі пасад у Падольлі. Праз 2 гады ўцёк у Прусію, адкуль з крыжакамі зьдзейсьніў некалькі паходаў на ВКЛ. У 1407-м па замірэньні атрымаў ад Вітаўта княжацкі пасад у Северску. Праз 2 гады вялікакняская варта пасадзіла яго на 9 гадоў у цьвердзь Камянец (Берасьцейскі павет) па выяўленьні перамоваў з крыжакамі аб зрынаньні Вітаўта[3].

Пасьля сьмерці Вітаўта ў 1430 годзе згодна з умовамі Гарадзельскай уніі вялікі князь літоўскі мусіў абірацца са згоды Ягайлы і польскіх паноў. Але князі і баяры, якія сабраліся на сойм ў Вільні, без узгадненьня абвясьцілі вялікім князем літоўскім Сьвідрыгайлу. Не жадаючы канфлікту з ВКЛ Ягайла пагадзіўся з гэтым выбарам.

Сьвідрыгайла хоць і быў ахрышчаны ў каталіцтва, але быў вядомы як супраціўнік уніі з Польшчай і даўні супернік Вітаўта і Ягайлы. Верагодна менавіта гэтым кіравалася незалежніцкая партыя, якая складалася ў большасьці з праваслаўных пры яго абраньні на пасаду. Польскі храніст Ян Длугаш кажа, што Сьвідрыгайла меў павагу ў праваслаўных, бо хоць сам быў каталіком, але меў вялікую прыхільнасьць да іх веры.

Стаўшы вялікім князем, Сьвідрыгайла пачаў раздаваць важныя дзяржаўныя пасады амаль выключна праваслаўным, якія складалі большасьць ягонага атачэньня. Гэтым была незадаволена прапольская партыя, якая складалася ў большасьці з каталікоў. Ранейшы Гарадзельскі прывілей, хоць ён і абмежавана дзейнічаў у ВКЛ, даваў новаахрышчаным каталікам перавагі перад праваслаўнымі, але Сьвідрыгайла ўвогуле не зважаў на гэта. Незадаволенасьць каталікоў добра адлюстроўваюць словы кракаўскага біскупа Зьбігнева Алясьніцкага, які ў 1432 годзе пісаў, што праваслаўныя пры Сьвідрыгайле трымаюць у сваіх руках амаль усе найважнейшыя гарады і пасады, чаго не было пры Вітаўце.

У вонкавай палітыцы валадараньне Сьвідрыгайлы пачалося з канфлікта з Польшчай. Спрэчкі за Падольле былі яшчэ пры Альгердзе і Вітаўце, а пры Сьвідрыгайле зноў абвастрыліся, а ў канцы 1430 году перарасьлі ва ўзброеную барацьбу. Адбыўся канчатковы разрыў паміж Сьвідрыгайлам і Ягайлам. Пасьля безвыніковых перамоваў польскі кароль у чэрвені 1431 году пачаў вайну і накіраваў сваё войска на Валынь. Сьвідрыгайла шукаў хаўрусьнікаў — яго падтрымліваў імпэратар Сьвятой Рымскай імпэрыі Жыгімонт Люксэмбурскі, які абяцаў вялікаму князю каралеўскую карону, а таксама Тэўтонскі ордэн, які жадаў рэваншу пасьля паражэньня 1410 году. У чэрвені 1431 году Сьвідрыгайла падпісаў абаронча-наступальную дамову зь вялікім магістрам Тэўтонскага ордэна Паўлам Русдорфам, таксама дапамогу абяцалі татары і малдаўскі гаспадар.

Страта палітычных пераваг, гарантаваных Гарадзельскім прывілеем, а таксама разрыў з Польшчай, выклікалі натуральную незадаволенасьць каталіцкай часткі князёў і баяр, а таксама і тых праваслаўных якія лічылі за лепшае прапольскую арыентацыю ВКЛ. Былі незадаволеныя і тыя каталікі і праваслаўныя, хто меў уладу пры Вітаўце і быў адхілены ад яе Сьвідрыгайлам. Не абышлося без падбухторваньня з боку Польшчы, якая падтрымлівала прапольскую (ці супрацьсьвідрыгайлаўскую) апазыцыю ў ВКЛ і дапамагала ў падрыхтоўцы замаху на Сьвідрыгайлу. Спробу замаху ўначы 1 верасьня 1432 году ажыцьцявілі ў Ашмяне Жыгімонт Кейстутавіч (каталік) і Сямён Іванавіч Гальшанскі (праваслаўны), але Сьвідрыгайле пашчасьціла ўратавацца і ўцячы ў Полацак.

Адразу пасьля гэтага прапольская партыя ябвясьціла вялікім князем аднаго са змоўнікаў, малодшага брата Вітаўта — Жыгімонта Кейстутавіча. Яго ўладу прызналі Вільня, Трокі, Коўня, Жамойць і Горадня, ўзброенай сілай было падпарадкавана Берасьце. Пасьля гэтага, імаверна бачачы свае цяжкае становішча на бок Жыгімонта перайшла Новагародчына. Аднак Полацкая, Віцебская і Смаленская землі, Севершчына, Кіеўшчына, Валынь не прызналі Жыгімонта, а лічылі вялікім князем Сьвідрыгайлу.

Жыгімонт адразу аднавіў зьвяз з Польшчай, падпісаўшы унію ў Горадні, ў якой пацьвердзіў вярхоўную ўладу Ягайлы на ўмовах Віленка-Радамскай уніі 1401 году, такім чынам абмежаваўшы самастойнасьць ВКЛ часам свайго жыцьця. Каб змагацца зь Сьвідрыгайлам Ягайла прыслаў Жыгімонту польскае войска. Так у ВКЛ пачалася грамадзянская вайна 14321437 гадоў. Трэба адзначыць, што гэтая вайна ня мела нацыянальна-рэлігійнага характару, бо ў абодвух супрацьлеглых лягерах былі як праваслаўныя, так і каталікі. Насамрэч яна зьяўлялася змаганьнем княска-баярскіх партыяў паміж сабою. Напрыклад, Сьвідрыгайла лічыў сябе заўзятым каталіком і пры гэтым узначальваў у асноўным праваслаўную партыю, але гэтая партыя змагалася не за веру, а за сваё дамінуючае становішча ў дзяржаве і ў ёй таксама былі князі і баяры каталіцкага веравызнаньня, якія выступалі супраць уніі з Польшчай і за хаўрус з Тэўтонскім ордэнам.

Сьвідрыгайла (уяўны партрэт). Ю. Азямблоўскі, XIX ст.

Сьвідрыгайла абапіраючыся на Полацак з восені 1432 году пачаў рабіць вайсковыя выправы землі, што прызналі Жыгімонта. Узімку і ўлетку 1433 году войска Сьвідрыгайлы хадзіла да Вільні і Новагародку, заняло шэраг невялікіх гарадоў, але ўвогуле вайсковыя дзеяньні былі для іх няўдалыя. Не надалі абяцанай дапамогі татары і малдаўскі гаспадар. Толькі Лівонскі ордэн пасылаў свае войскі супраць Жыгімонта. У сваю чаргу Жыгімонт Кейстутавіч пры падтрымцы польскіх войскаў ваюючы землі, што захавалі адданасьць Сьвідрыгайлу, у 1433 годзе дахадзіў да Амсьціслава.

Маючы колькасную перавагу, Сьвідрыгайла ня здолеў плённа яе выкарыстаць, да таго ж хутка страціў галоўнага хаўрусьніка. Польска-чэскае войска напала на Новую Марку і падышло да Гданьску, вялікі магістар Тэўтонскага ордэна мусіў скласьці з Польшчай замірэньне. У выніку дамовы, складзенай у канцы 1433 году ў Ленчыцах, Ордэн выракся хаўрусу зь Сьвідрыгайлам. Вызначальнымі для зыходу вайны былі прывілей 1432 году, выдадзены Ягайлам для Луцкай зямлі і агульназемскі прывілей, выдадзены Жыгімонтам у Троках 6 траўня 1434 году. Гэтыя прывілеі абвяшчалі роўнасьць правоў праваслаўных і каталікоў у межах ВКЛ — правы, што гарантаваліся каталікам Гарадзельскім прывілеем, пашыраліся на ўсіх падданых незалежна ад веравызнаньня. У прывілеі Жыгімонта адзначалася, што такая роўнасьць была заўжды, але гэтым актам яна афіцыйна пацьвярджаецца. Хоць у Троцкім прывілеі дэкляравалася, што пасады ваяводаў і кашталянаў віленскага і троцкага могуць займаць толькі каталікі, але ж праваслаўнае баярства атрымала гарантыі недатыкальнасьці сваіх зямельных уладаньняў, свабоду распараджэньня зямлёй, ільготы ад дзяржаўных павіннасьцяў. Гэтым зьняліся асноўныя супярэчнасьці ў грамадзтве і Сьвідрыгайла пачаў страчваць падтрымку.

Сьвідрыгайла спадзяваўся на дапамогу каталіцкага Захаду, зьвярнуўся да Базэльскага сабору. У 1433 годзе ў Базэль прыйшоў ліст нібыта ад праваслаўных баяраў зь Віцебску, якія выказалі жаданьне падпарадкавацца Рыму, а ў наступным годзе на царкоўным саборы зьявілася дэлегацыя Сьвідрыгайлы, якая пацьвердзіла яго пляны уніі і папрасіла дапамогі ў барацьбе з Жыгімонтам і Ягайлам. Але гэта была памылкаю, бо праваслаўныя пасьля Троцкага прывілея і так пакідалі лягер Сьвідрыгайлы, а яго намер увесьці царкоўную унію яшчэ больш адштурхнуў іх. Паспрыяла гэтаму і тое, што князь улетку 1435 году загадаў спаліць у Віцебску мітрапаліта Герасіма, бо падазраваў апошняга ў пераходзе на бок Жыгімонта.

У такім становішчы Сьвідрыгайла, пакуль яшчэ меў даволі шмат прыхільнікаў, вырашыў даць прапольскай партыі генэральную бітву. У ліпеню 1435 году разам з войскамі Лівонскага ордэна ён рушыў на Жыгімонта. Войска Сьвідрыгайлы ўзначальваў дасьведчаны войскаводзец Жыгімонт Карыбутавіч. На дапамогу ж Жыгімонту Кейстутавічу прыйшлі польскія харугвы. У бітве пад Вількамірам на рацэ Сьвятой 1 верасьня 1435 году, прыняўшы бой у надзвычай неспрыяльных умовах, войскі Сьвідрыгайлы пацярпелі цяжкую паразу. З 50 князёў-удзельнікаў бітвы на баку Сьвідрыгайлы загінула 13, а 34 трапілі ў палон. Вялікія страты панесла і лівонскае рыцарства: загінуў магістар Франц фон Кірскорф і некалькі камтураў. Сьвідрыгайла з 30 баярамі ўцёк у Полацак. Але пасьля гэтай бітвы, у якой незалежніцкая партыя панесла цяжкія страты, падтрымка Сьвідрыгайлы стала маламагчымай, і ў гэтым жа годзе ўладу Жыгімонта прызнаў Смаленск; Полацак і Віцебск жа адбілі аблогі войскаў Жыгімонта.

Тэўтонскі ордэн падпісаў у Брэсьце Куяўскім «вечны мір» з Жыгімонтам Кейстутавічам і Ягайлам, зноў адмовіўся ад хаўрусу зь Сьвідрыгайлам і прызнаў уладаром ВКЛ Жыгімонта Кейстутавіча, абавязваючыся і ў будучым прызнаваць толькі таго вялікага князя літоўскага, які будзе абраны са згоды Польскага каралеўства, ды не падтрымліваць вялікіх князёў літоўскіх у іх антыпольскіх захадах. Наступным летам Полацак і Віцебск прызналі ўладу Жыгімонта. Нейкі час Сьвідрыгайла яшчэ знаходзіў падтрымку на Кіеўшчыне, Севершчыне і Валыні, але пасьля пакінуў і гэтыя землі, атрымаўшы прытулак у Валахіі. Там Сьвідрыгайла знаходзіўся да забойства Жыгімонта Кейстутавіча, арганізаванага незалежніцкай партыяй. Пасьля гэта ён зьявіўся на Валыні і называў сябе вярхоўным князем літоўскім. Але рада князёў і паноў, узначаленая Янам Гаштольдам 29 чэрвеня 1440 году, абвясьціла вялікім князем трынаццацігадовага Казімера, зрабіўшы гэта ізноў жа без узгадненьня з польскімі панамі.

У тым жа годзе вялікі князь Казімер перадаў Сьвідрыгайлу Валынскае княства, дзе той панаваў да самой сьмерці[4].

Папярэднік
Вітаўт
Вялікі князь літоўскі
14301432
Наступнік
Жыгімонт

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ Śvidryhajła // Zaprudnik J. Historical dictionary of Belarus. — Lamham. — London: Scarecrow Press, 1998. P. 201.
  2. ^ Анатоль Грыцкевіч. Свідрыгайла // Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / рэд. Г. П. Пашкоў і інш. Т. 2: Кадэцкі корпус — Яцкевіч. — Мінск: Беларуская Энцыклапедыя, 2005. С. 556.
  3. ^ Анатоль Мясьнікоў. Самы мяцежны ўладар // Зьвязда : Газэта. — 30 ліпеня 2004. — № 182-183. — ISSN 1990-763x.
  4. ^ Анатоль Грыцкевіч. Свідрыгайла // Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / рэд. Г. П. Пашкоў і інш. Т. 2: Кадэцкі корпус — Яцкевіч. — Мінск: Беларуская Энцыклапедыя, 2005. С. 557.

Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Commons-logo.svg  Сьвідрыгайла Альгердавічсховішча мультымэдыйных матэрыялаў