Станіслаў Ляшчынскі

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Перайсьці да: навігацыі, пошуку
Станіслаў Ляшчынскі
Stanislaw Leszczynski1.jpg
Кароль польскі
Вялікі князь літоўскі
12 ліпеня 1704 — 8 ліпеня 1709
Папярэднік Аўгуст II
Наступнік Аўгуст II
Кароль польскі
Вялікі князь літоўскі
12 верасьня 1733 — 26 студзеня 1736
Папярэднік Аўгуст II
Наступнік Аўгуст III
Герцаг Лятарынгіі
1737 — 1766
Папярэднік Франц I
Наступнік анэксія Францыяй
Асабістыя зьвесткі
Нарадзіўся 20 кастрычніка 1677, Львоў
Памёр 23 лютага 1766, Люнэвіль
Пахаваны Катэдральны сабор сьвятых Станіслава і Вацлава, Кракаў
Нашчадкі Ганна Ляшчынская,
Марыя Ляшчынская
Дынастыя Ляшчынскія
Жонка Катажына Апалінская
Бацька Рафал Ляшчынскі
Маці Ганна Ляшчынская

Станіслаў Ляшчынскі (20 кастрычніка 1677 — 23 лютага 1766) — кароль польскі, вялікі князь літоўскі (17041706; 17331736).

Нарадзіўся ў сям’і польскага магната, палітычнага дзяяча і вялікага падскарбія кароннага Рафала Ляшчынскага і Анны Ябланоўскай, празь якую меў сваяцкія сувязі з родам Сабескіх. Атрымаўшы добрую адукацыю, павандраваўшы па Эўропе й вярнуўшыся ў Польшчу, Станіслаў атрымаў дробную пасаду старасты, а ў 1699 годзе — познанскага ваяводы, распачаў актыўную дзейнасьць на соймах. У 1698 годзе пабраўся шлюбам з Катарынай Апалінскай з значнага магнацкага роду. Меў дачок Ганну і Марыю.

Жыцьцё й дзейнасьць[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Перадумовы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Пасьля сьмерці Яна Сабескага 17 чэрвеня 1696 году ў Рэчы Паспалітай распачалася барацьба за карону. На яе прэтэндавалі розныя асобы, якія імкнуліся атрымаць падтрымку ў магнатаў краіны. Найбольш вострая барацьба была паміж дзьвюма групоўкамі, якія падтрымлівалі саксонца Аўгуста Вэтына (стаўленіка Расеі і Аўстрыі) і француза Франсуа Людовіка дэ Бурбон графа Конці (вылучэнца Францыі). Адбылася падвоеная элекцыя, на адным сойме абралі Конці, а на наступны дзень пры дапамозе расейскіх войскаў на іншым сойме абралі Аўгуста, які быў каранаваны. Аднак падобны вынік не задаволіў значную частку магнатаў, і ў краіне стварылася моцная апазыцыя, да якой належалі й Ляшчынскія.

У 1700 годзе распачалася Паўночная вайна, напачатку пасьпяховая для Швэцыі. Кароль Рэчы Паспалітай Аўгуст II быў хаўрусьнікам Пятра I, у наступным 1701 годзе швэдзкія войскі зьявіліся на тэрыторыі Рэчы Паспалітай, унутраная апазыцыя Аўгусту перайшла на бок швэдаў. Аўгуст II уцёк, Карл XII дамогся абвяшчэньня ў лютым 1704 году бескаралеўя й прызначэньня новых выбараў. Кандыдатуры мажлівых каралёў разглядаў Карл XII.

Элекцыя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Прэтэндэнтаў на карону было шмат. На разгляд Карлу трапілі кандыдатуры старэйшых сыноў Яна Сабескага Якуба і Канстанціна, а таксама вылучэнца Францыі (хаўрусьніцы Швэцыі) Франсуа Людовіка дэ Бурбона графа Конці. Аднак, па шэрагу розных акалічнасьцяў абраньне ніводнага зь іх не магло ажыцьцявіцца. Карлу патрэбны быў новы кароль, які б цалкам залежаў выключна ад яго. У такіх абставінах Карл XII зьвярнуў увагу на маладога Ляшчынскага. Супраць кандыдатуры мусілі паўстаць Патоцкія, Любамірскія, Радзівілы й іншыя значныя роды краіны, якія лічылі сябе больш вартымі каралеўскага пасаду. Аднак штыкі швэдаў былі тады больш красамоўным аргумэнтам, і таму 12 ліпеня 1704 году пад наглядам швэдзкіх войскаў у Варшаве на адпаведным сойме адбылася афіцыйная элекцыя Станіслава Ляшчынскага. Праўда, яна была зробленая насуперак традыцыі, бо дакумэнт пра абраньне адмовіўся падпісаць прымас Міхал Радзяёўскі, замест яго гэта зрабіў познанскі біскуп Мікалай Сьвянціцкі. Яшчэ перад элекцыяй новы кароль абвясьціў, што перадасьць карону больш законнаму прэтэндэнту Якубу Сабескаму, калі той будзе вызвалены.

Станіслаў Ляшчынскі, Ян Матэйка

У верасьні 1705 году пад наглядам швэдзкіх войскаў сабраўся Каранацыйны сойм у Варшаве, і 3 кастрычніка ў касьцёле Сьвятога Яна Станіслаў урачыста падпісаў pacta conventa, а на другі дзень арцыбіскуп Львоўскі Канстанцы Зялінскі правёў каранацыю Ляшчынскага. Каранацыя прайшла зь пэўным адыходам ад традыцыяў, яна прайшла ня ў Кракаве, а ў Варшаве, і праводзіў яе ня прымас, а арцыбіскуп Львоўскі, што надавала ёй рысы непаўнавартасьці. Неўзабаве пасьля каранацыі была падпісаная мірная дамова паміж Рэччу Паспалітай і Швэцыяй. Кароль Станіслаў залежаў ад Карла ня толькі палітычна, але й матэрыяльна, бо амаль адразу пасьля элекцыі прыхільнікі Аўгуста II захапілі й вынішчылі маёнткі Ляшчынскага. Таму ён быў вымушаны пазычаць грошы за мяжою ці ў Карла.

Такім чынам, у Рэчы Паспалітай было адразу два абраныя і ўмоўна легітымныя каралі. Хоць Аўгуст часова адмовіўся ад вяртаньня кароны й знаходзіўся ў роднай Саксоніі, аднак Карл XII у 1706 годзе робіць выправу ў Саксонію. У выніку Альтранштацкага міру Аўгуст II адмовіўся ад кароны й афіцыйна прызнаў за караля Станіслава. Але ў выніку гэтай дамовы на волю выйшлі браты Сабескія, што ўскладніла становішча Ляшчынскага, бо ён раней абяцаў перадаць карону Якубу Сабескаму. Але перамоваў аб перадачы кароны нават не вялося, бо Карла задавальняла караляваньне Станіслава.

Расейскі фактар[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Аднак караляваньне Станіслава не задавальняла Пятра I, хаўрусьніка Аўгуста й ворага Карла. Войскі Пятра ўвайшлі ў Рэч Паспалітую, рабуючы ВКЛ, з мэтай вярнуць карону Аўгусту й перашкодзіць прасоўваньню швэдаў да межаў Расеі. Швэдзкае войска намагалася даць расейскаму генэральную бітву, аднак гэта не было ў плянах расейцаў — расейскія войскі ўнікалі сутыкненьняў. Пасьля Палтаўскай бітвы 7 ліпеня 1709 году Ляшчынскі застаўся без падтрымкі. Аўгуст жа, даведаўшыся пра перамогу Пятра I, зь дзесяцітысячным войскам увайшоў у Рэч Паспалітую.

Ляшчынскі 19 жніўня 1709 году выдаў маніфэст, згодна зь якім прапанаваў прызначыць новыя выбары. Аднак гэта супярэчыла плянам Пятра I. Пад пагрозай наступу расейскага й саксонскага войскаў, Станіслаў выяжджае да Шчэціна, на тэрыторыю Памор’я, якое тады мела нэўтральны статус і куды яшчэ раней была перавезеная каралеўская сям’я. У сьнежню 1710 году Карл XII, які яшчэ знаходзіўся ў турэцкім палоне, абвясьціў Ляшчынскага генэральным упаўнаважаным у Швэцыі, з тым, каб той сабраў там войска і рушыў у Рэч Паспалітую. Пасьля гэтага ў Пятра I і Аўгуста II зьявіліся падставы для нападу на Памор’е. Станіслаў Ляшчынскі ўцёк у Швэцыю, дзе сустрэлі яго ня вельмі добра, бо кепскім было ўжо стаўленьне да самога Карла. Але Станіслаў усё ж празь некаторы час з 10 тысячамі жаўнераў пайшоў на Памор’е, аднак выправа была не ўдалая.

У той час Аўгуст хоць меў моц, але ня меў каралеўскага тытула, бо выракся яго. Станіслаў жа ня меў моцы, але быў адзіным на той час каралём Рэчы Паспалітай. Першым былі прыкладзены намаганьні, каб другі выракся кароны. Аўгуст II забраў у дрэздэнскіх банкіраў расьпіскі Ляшчынскіх на вялікія сумы грошай, і аддаў іх асабістаму ворагу Станіслава Флемінгу, які заняў усе маёнткі Ляшчынскіх прапануючы вярнуць іх за адмову ад кароны нават прыплаціўшы. 5 сьнежня 1712 году была падпісаная Рыбніцкая дамова, паводле якое Ляшчынскі згаджаўся адмовіцца ад прэтэнзіяў на карону і вяртаў Аўгусту Альтранштацкі акт, за што той абвяшчаў амністыю прыхільнікам Станіслава, выплачваў яму 100 тысячаў дукатаў адначасна, а таксама па 150 тысячаў талераў штогод. Землі Ляшчынскага павінны былі вярнуцца да яго толькі са згоды Рэчы Паспалітай. Але на гэтую дамову патрабаваўся дазвол Карла, і Станіслаў паехаў да яго. Швэд жа не жадаў слухаць пра капітуляцыю, да таго ж хутка султан загадаў арыштаваць швэда. Станіслава султан таксама пакінуў пры сабе, праўда, з прапановай дапамагчы ў вяртаньні кароны — ягоную карту цяпер браўся згуляць сам султан. За гэтую паслугу ён патрабаваў аддаць Турцыі Ўкраіну. Але пакуль ішлі гэтыя перамовы, туркі заключылі мір зь Пятром I, і Ляшчынскі мусіў уцячы ў Швэцыю. Сюды ж празь некаторы час прыбыў Карл XII, які даў свайму былому вылучэнцу невялікі маёнтак на ўтрыманьне і пэнсію.

За мяжой[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Ляшчынскі шукаў грошы, бо швэды часьцяком забываліся выплачваць яму пэнсію, і абараняўся ад замахаў на сваё жыцьцё, якія рабіў уладальнік маёнткаў Станіслава, ягоны вораг Флемінг. Да гэтага ў 1717 годзе памерла васемнаццацігадовая дачка Станіслава Ганна, а на наступны год Карл XII. Ляшчынскі пераехаў у ва Францыю. У 1719 годзе кароль Рэчы Паспалітай атрымаў дазвол на жыцьцё ў Францыі ў невялікім Вісэмбургу разам зь сям’ёй і дваром, а таксама невялікае штогадовае грашовае ўтрыманьне ў 20 тысячаў ліўраў. У жніўні 1725 году быў адбыўся шлюб дачкі Станіслава Марыі з каралём Людовікам. Станіслаў Ляшчынскі як каралеўскі цесьць адразу атрымаў новую штотыднёвую пэнсію ў 2 тысячы ліўраў. Ён не ўдзельнічаў у палітыцы, а зрабіўся філёзафам. Ад 1725 году жыў у замку Шамбор.

Стары новы кароль[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Станіслаў Ляшчынскі

1 лютага 1733 году памёр Аўгуст II. Было абвешчанае чарговае бескаралеўе, і Ляшчынскі атрымаў магчымасьць заняць каралеўскую пасаду з дапамогай Францыі, якая высунула яго на пасаду караля для паслабленьня расейскага ўплыву ў Рэчы Паспалітай і атрыманьня палітычнай перамогі на яе тэрыторыі. Аднак з гэтым не пагадзіліся Расея і Аўстрыя і, ня гледзячы на тое, што Аўгуст II ня меў вялікай падтрымкі, падртымалі і высунулі на пасаду караля ягонага сына Аўгуста III. У як вынік супрацьстаяньня распачалася вайна за польскую спадчыну, якая працягвалася з 1733 да 1735 году. Дваццацітысячнае расейскае войска перайшло межы Рэчы Паспалітай і рушыла на дапамогу Аўгусту III. У гэты ж час нібыта пачала свой рух невялікая француская дапамога Ляшчынскаму, сам Станіслаў пераапрануўшыя гандляром праехаў празь Нямеччыну і нечакана для ўсіх зьявіўся ў Кракаве падчас Элекцыйнага сойму, на якім прысутнічала дваццаць тысячаў шляхты. На сойме за Ляшчынскага прагаласавалі 12 тысячаў шляхты, і 12 верасьня 1733 году прымас абвясьціў Станіслава каралём. Аднак вайсковай дапамогі ў яго не было і ён ня мог супрацьстаяць расейскім войскам, якая празь некалькі дзён зьявілася ля Кракава. Станіслаў вымушаны быў уцячы да мора ў Гданьск, каб чакаць францускай дапамогі.

5 кастрычніка 1733 году ў Кракаве з дапамогай расейскіх войскаў быў абраны новы кароль Аўгуст III, які і быў неўзабаве каранаваны, але афіцыйна прызнаны каралём Аўгуст III быў толькі па сканчэньні вайны за польскую спадчыну на варшаўскім сойме 1736 году. Расейскія войскі рушылі на Гданьск, каб зьнішчыць Станіслава. Станіслаў так і не дачакаўся францускай дапамогі, бо ў гэты час пачалася франка-аўстрыйская вайна. У лютым 1734 году пачалася аблога Гданьску расейцамі. Амаль паўгода цягнулася гераічная абарона гораду, але ніякай дапамогі не было. Калі ж не засталося ніякай надзеі, Ляшчынскі ўцёк пераапрануўшыся селянінам у Прусію, а адтуль у Францыю.

Зноў за мяжой[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Франка-аўстрыйская вайна скончылася мірам у верасьні 1734 году, па яго ўмовах Станіслаў Ляшчынскі захоўваў тытул караля, аднак замест Рэчы Паспалітай атрымоўваў ад Людовіка XV заваяваную французамі Лятарынгію. Рэальна кіраваць гэтай правінцыяй яго дапусьцілі не адразу. Некалькі гадоў зь ім вялі перамовы, і ў выніку была падпісаная дамова, згодна зь якой Ляшчынскі ня мог атрымліваць прыбыткі ад гаспадаркі Лятарынгіі, а жыў толькі на афіцыйна прызначаную ўрадам пэнсію, нібыта чыноўнік. Кароль тут меў вялікія і прыгожыя палацы, працягваў сваю мэцэнацкую і філязофскую дзейнасьць — вядомая яго палеміка з Русо. Атрымаўшы ў кіраваньне Лятарынгію, 26 студзеня 1736 году Ляшчынскі адрокся ад пасады караля польскага і вялікага князя літоўскага. Пасьля сьмерці Аўгуста III 86-гадовы Ляшчынскі прапанаваў францускаму ўраду зноў падтрымаць яго ў якасьці прэтэндэнта на карону, аднак ягоную кандыдатуру адмовіліся разглядаць. Разам з тым дачка Ляшчынскага сталася каралевай Францыі.

23 лютага 1766 году Станіслаў Ляшчынскі памёр на 89-м годзе жыцьця. Старэнькі кароль грэў ногі ля каміну, і, заснуўшы, згарэў.[1] Пахаваны ў горадзе Нансі, дзе жыў апошнімі гадамі і дзе яму пастаўлены помнік.

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ Каляндар // Наша Ніва, №39, 2002 г.

Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • Cieślak E. Stanisław Leszczyński. Wrocław, 1994.

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Commons-logo.svg  Станіслаў Ляшчынскісховішча мультымэдыйных матэрыялаў