Інфлянцкая вайна

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Маскоўскія войскі ў Лівоніі. Ананімная гравюра з «Zeyttung» у Нюрнбэргу, 1561 год

Інфля́нцкая вайна́[1], Ліво́нская вайна́[2] (15581582) — вайна паміж Маскоўскай дзяржавай з аднаго боку, і Вялікім Княствам Літоўскім (Рэччу Паспалітай), Швэдзкім і Дацкім каралеўствамі зь іншага за тэрыторыі Інфлянтаў (Лівоніі).

У 1558 годзе маскоўскі цар Іван IV, больш вядомы як Іван Жахлівы, распачаў вайну супраць былога Лівонскага ордэна. На той час Ордэн уяўляў сабой канфэдэрацыю — саюз 5 княстваў, створаных нямецкімі рыцарамі. Асноўнай мэтай маскоўскага цара было здабыць выхад да Балтыйскага мора, гэта давала магчымасьць самастойна гандляваць з Эўропай без дапамогі шматлікіх пасрэднікаў. Атрымаўшы выхад да Балтыкі, Масква магла больш актыўна ўдзельнічаць і ў эўрапейскіх справах. Лівонія была аб’яўлена спадчынай маскоўскіх князёў на той падставе, што маўляў, у старажытныя часы гэтай тэрыторыяй валодалі князі Кіеўскай Русі. Сваёй спадчынай Масква таксама абвясьціла і частку Вялікага Княства Літоўскага — беларускія і ўкраінскія землі з Полацкам, Віцебскам, Воршай, Магілёвам, Кіевам і іншымі буйнымі гарадамі.

Гісторыя Латвіі
Гісторыя Эстоніі
Герб Эстоніі

Вялікая маскоўская армія ў першыя месяцы ваенных дзеяньняў у Прыбалтыцы захапіла Нарву, Дэрпт, падступіла да Рэвеля. Ордэн запрасіў перамір’я, адначасова актыўна пачаў шукаць саюзьнікаў у Эўропе, аднак Швэцыя, Данія і Польшча адмовіліся ваяваць супраць Масквы, толькі Вялікае Княства Літоўскае, разумеючы небясьпеку маскоўскага заваяваньня Лівоніі, вырашыла дапамагчы Ордэну. У 1559 годзе Лівонія перайшла пад пратэктарат ВКЛ, у выніку ваенныя дзеяньні аднавіліся, і зноў пасьпяхова для Івана IV. У ліпені 1561 году войска ВКЛ на чале зь Мікалаем Радзівілам Рудым уступіла ў Лівонію, але было разьбітае каля гораду Пярну. Ордэн фактычна перастаў існаваць. Апошні магістар Кетлер перадаў у сакавіку 1562 году Мікалаю Радзівілу Чорнаму (стрыечны брат Мікалая Радзівіла Рудога) пячатку Ордэна і ключы ад Рыгі. Каб пашырыць кола ўдзельнікаў вайны, Кетлер перадаў эстонскія землі Швэцыі, востраў Эзэль Даніі, Лівонію — ВКЛ, за сабой захаваў толькі Курляндыю на правах спадчыннага сьвецкага княства. Адначасова вялікі князь Жыгімонт Аўгуст прызначыў Кетлера сваім намесьнікам у Лівоніі. Так перастала існаваць ваенна-царкоўная дзяржава — Лівонскі ордэн.

У адказ на гэта атрады Івана IV у пачатку 1562 году спустошылі ваколіцы Амсьціслава, Шклова, Воршы, Віцебску, Дуброўны, Капылю. Для генэральнага наступленьня на Полацак пад Мажайскам рыхтавалася армія ў 60 тысячаў чалавек. 31 студзеня 1563 году гэтае войска асадзіла Полацак, а праз два тыдні гераічнай абароны (15 лютага) захапіла горад. Вільня запрасіла міру, але патрабаваньні маскоўскага цара былі празьмерныя — Полацак і Лівонія мусілі далучыцца да Масквы. У 1564 годзе ваенныя дзеяньні аднавіліся. Невялікаму войску Мікалая Радзівіла Рудога ўдалося разьбіць дзьве маскоўскія арміі — каля ракі Ула 25 студзеня і пад Воршай 2 лютага 1564 году. Спробы Івана IV пранікнуць у цэнтар дзяржавы былі сарваныя. Але маскоўскі цар добра замацаваўся ў паўночнай Беларусі — у 1566—1569 гадах ён збудаваў каля Полацку некалькі цьвердзяў: Суша, Сокал, Сітна, Красны, Казяны, Усьвяты, Туроўля. У гэтых умовах княству патрабаваўся саюзьнік, бо аднаму яму адбіць напады маскоўскага цара было немагчыма. Найбольш імаверным саюзьнікам была Польшча, зь якой у 1569 годзе склалі Люблінскую унію. У 1570 годзе новая дзяржава — Рэч Паспалітая пайшла на перамір’е з Іванам IV, апошняму таксама патрабавалася часова замірыцца зь Літвой і Польшчай, бо пачаліся ваенныя дзеяньні супраць Швэцыі. Хутка памёр апошні прадстаўнік дынастыі Ягелонаў бязьдзетны Жыгімонт II Аўгуст, таму ваенныя дзеяньні аднавіліся толькі празь некалькі гадоў, калі ў Рэчы Паспалітай усталяваўся ўнутраны парадак.

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ Андрэй Янушкевіч. Інфлянцкая вайна 1558—1582 // ВКЛ. Энцыкл. — Мн.: 2005 Т. 1. С. 670.
  2. ^ Лівонская вайна 1558—1582 // ВКЛ. Энцыкл. — Мн.: 2005 Т. 2. С. 196.

Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]