Данія

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі.

Перайсьці да: навігацыя, пошук



Гэты артыкул зьяўляецца выбраным. Мы ўпэўненыя, што ён — адзін зь лепшых у беларускай Вікіпэдыі. Калі Вы напісалі ці пабачылі артыкул ня горшай якасьці, калі ласка, прапануйце яго ў выбраныя.


Kongeriget Danmark
Сьцяг Даніі Герб Даніі
(Сьцяг) (Герб)
Нацыянальны дэвіз: (няма)1
Месцазнаходжаньне Даніі
Афіцыйная мова Дацкая
Сталіца Капэнгаген
Найбуйнейшы горад Капэнгаген
Урад Канстытуцыйная манархія
Маргрэт II
Андэрс Фог Расмусэн
Плошча
 - Агульная
 - % вады
131-е месца ў сьвеце
43 094 км²
1,6
Насельніцтва
 - Агульнае (2005)
 - Шчыльнасьць
108-е месца ў сьвеце
5 415 978
126/км²
СУП
 - Агульны (2005)
 - на душу насельніцтва
43 месца ў сьвеце
$188 мільярдаў
$34 718 (6-е месца)
Валюта Дацкая крона (DKK)
Часавы пас
 - улетку
CET (UTC+1)
CEST (UTC+2)
Незалежнасьць
прыняцце Канстытуцыі

5 чэрвеня 1849
Дзяржаўны гімн «Der er et yndigt land»
Аўтамабільны знак DK
Дамэн верхняга ўзроўню .dk
Тэлефонны код +45
1 Дэвіз каралевы: Guds hjælp, Folkets kærlighed, Danmarks styrke (па-беларуску: Божая помач, народная любоў, дацкая моц).

Карале́ўства Да́нія (па-дацку: Kongeriget Danmark) — краіна ў паўночнай Эўропе на ўзьбярэжжах Балтыйскага і Паўночнага мораў. Геаграфічна Данія ўключае ў сябе паўвыспу Юландыя (Jylland), па якой мяжуе зь Нямеччынай, і 405 выспаў, зь якіх 79 населеныя, а на найбольшай зь іх — Зэляндыі (Sjælland) — месьціцца сталіца Даніі Капэнгаген. Даніі належаць таксама Фарэрскія выспы ў Паўночнай Атлянтыцы і найвялікшая ў сьвеце выспа Грэнляндыя. Дзяржаўны лад — канстытуцыйная манархія.

Зьмест

[рэдагаваць] Гісторыя

[рэдагаваць] Раньняя гісторыя

Як сьведчаць археалягічныя знаходкі, людзі стала засялілі Скандынавію не пазьней як 12 800 гадоў таму, па адыходзе апошняга ледавіка; земляробства зьявілася тут каля 3 тыс. гадоў да н. э. Прыкладна дзьвюмастамі гадамі н. э. датаваныя першыя знойдзеныя рунічныя надпісы. Целы сваіх памерлых насельнікі тагачаснай Даніі, як і многія іншыя паганцы-індаэўрапейцы, спальвалі і хавалі ў курганах — аж да ХІ стагодзьдзя н. э., да хрысьціянізацыі Даніі каля 980 году каралём Гарольдам Чарназубым (ад ягонай мянушкі бярэ сваю назву сучасная тэхналёгія Bluetooth). Цягам ХХ стагодзьдзя ў балотах Даніі (як і Англіі) неаднаразова знаходзілі «балотныя целы» — выдатна захаваныя з дахрысьціянскіх часоў у кіслым асяродзьдзі трупы людзей, забітых і кінутых (часам зь вяроўкай на шыі) у балота.

Гарольдаў камень з рунічнымі надпісамі

[рэдагаваць] Эпоха вікінгаў

Шырока разрэклямаваным пэрыядам дацкай (роўна як і швэдзкай) гісторыі зьяўляецца «эпоха вікінгаў» (7931066), пад час якой піраты са Скандынавіі рабавалі землі па ўзьбярэжжах кантынэнтальнае Эўропы, служылі наймітамі Бізантыйскіх імпэратараў, калянізавалі Ісьляндыю, Фарэрскія выспы, Грэнляндыю і ўсходняе ўзьбярэжжа Паўночнай Амэрыкі, а дацкія каралі некаторы час кіравалі Англіяй. Канец гэтае эпохі звычайна датуецца годам нарманскай заваёвы Англіі; аб’ектыўнымі прычынамі заняпаду сталіся вайсковае і сацыяльнае разьвіцьцё фэадальнага грамадзтва ў Эўропе, а таксама няўхільнае пагаршэньне клімату ў Паўночнае Атлянтыцы, асабліва ад ХІІІ стагодзьдзя — наступ Малога ледавіковага перыяду. Падвышанай увазе да «эпохі вікінгаў» і да ўласна піратаў-вікінгаў — якія нават для тагачаснага скандынаўскага насельніцтва былі хутчэй маргіналамі — мы абавязаныя, напэўна, значна пазьнейшым акалічнасьцям: рамантычным у ХІХ стагодзьдзі і турыстычным у стагодзьдзі ХХ.

[рэдагаваць] Сярэднявечча

У час Сярэднявечча пэрыяды грамадзянскіх войнаў чаргаваліся з пэрыядамі цэнтралізацыі ўлады, падвышэння падаткаў і дзяржаўнага будаўніцтва; вяліся войны — пераважна з нямецкімі княствамі на поўдні і суседняй Швэцыяй. Вальдэмар Вялікі (11311182), чарговы «моцны» кароль, пабудаваў замак у вёсцы Havn, адкуль і пачаўся цяперашні КапэнгагенKøbenhavn — і зьдзейсніў некалькі «крыжовых паходаў» дзеля падпарадкавання земляў сучаснай Эстоніі (распаўсюджаная легенда аб паходжанні дацкага сцяга, Данеброгу, сьцвярджае, што ён нібыта ўпаў з нябёсаў у 1219 годзе ў пераломны момант адной з сутычак у Эстоніі). З 1397 па 1521 гады Данія, Нарвэгія і Швэцыя (а таксама сённяшняя Фінляндыя, Ісьляндыя, Фарэрскія выспы і Грэнляндыя) былі аб'яднаныя уніяй (вядомай як Кальмарская унія) і фактычна знаходзіліся пад уладай дацкіх манархаў.

[рэдагаваць] Новы час

Карона Імпэрыі. Замак Разэнборг

Рэфармацыя пачалася ў Даніі ў 1536 годзе, і хутка Лютэранская царква сталася афіцыйнай дзяржаўнай царквой Даніі; па канфіскацыі зямель, што належалі Рымска-каталіцкай царкве, даходы караля ўзраслі ўтрая. Як апірышча пратэстанцтву, Данія была ўцягнутая ў Трыццацігадовую вайну і ў выніку паразы (1658) згубіла, у прыватнасьці, свае найбагацейшыя правінцыі на поўдні сучаснай Швэцыі, у Сканіі — гістарычна дацкія землі. Першай дацкай «далёкай» калёніяй было невялічкае паселішча і форт Транкебар на паўднёвым узбярэжжы Індыі (ад 1620 году; у 1845 прададзены Вялікабрытаніі). Данія пабудавала таксама чатыры замкі на заходнім узбярэжжы Афрыкі (у адным з тых замкаў, захаваным дасёння, месьціцца рэзыдэнцыя прэзідэнта Ганы) і калянізавала некалькі выспаў у Карыбскім моры. Прыгоннае права ў Даніі праіснавала з 1733 па 1788 гады і было скасаванае на просьбы шырокіх буржуазных мас. Пад час Напалеонаўскіх войнаў Данія ўзяла бок Францыі і ў выніку ў 1814 годзе страціла Нарвегію.

[рэдагаваць] Найноўшы час

У неспакойны для Еўропы рэвалюцыйны час кароль Фрэдэрык VII (а дацкіх каралёў ад пачатку ХVІ стагодзьдзя называюць па чарзе толькі Хрысьціянамі і Фрэдэрыкамі) падпісаў 5 чэрвеня 1849 году Канстытуцыю і ператварыў Данію з абсалютысцкай у канстытуцыйную манархію. Апошняя тэрытарыяльная страта — зямлі Шлезвіг-Гольштайн у выніку вайны з Прусіяй — адбылася ў 1864 годзе. Пад час Першае сусьветнае вайны Данія трымалася нэўтралітэту і цалкам захавала свае людзкія і матэрыяльныя рэсурсы; больш за тое, ёй прапанавана было вярнуць Шлезвіг-Гольштайн, але кіраўніцтва краіны зьініцыявала рэферэндум сярод жыхароў аспрэчанай правінцыі, паводле вынікаў якога ў 1920 годзе ад Нямеччыны да Даніі адышоў толькі паўночны Шлезвіг. У 1940 амаль без супраціву здалася Нямеччыне і карысталася, прынамсі да 1943 году, значнай самастойнасьцю ва ўнутранай палітыцы. Вызваленая амэрыканскімі войскамі 5 траўня 1945 году; пасля вайны адмовілася ад палітыкі нэўтралітэту і ўступіла ў НАТО. Зьяўляецца, поруч з Беларуссю, краінай-заснавальніцай ААН, уваходзіць у Эўразьвяз (хоць і адмовілася на рэферэндуме ў 2000 годзе ад уводу эўра), ратыфікавала Шэнгенскія пагадненні.

[рэдагаваць] Краіна

[рэдагаваць] Геаграфія

Прыблізныя каардынаты Даніі 56°00 N, 10°00 E. Агульная плошча (без уліку Фарэрскіх выспаў і Грэнляндыі) 43 094 км²; азёры займаюць прыблізна 700 км². Найвышэйшы пункт 171 м (ненаселенае месца Møllehøj), найніжэйшы — 7 м ніжэй за ўзровень мора (Lammefjord). Па сушы мяжуе з Нямеччынай, даўжыня мяжы 68 км; даўжыня берагавой лініі - 7 314 км. Клімат марскі ўмераны (Cfb, паводле класіфікацыі Кёпэна), пад уплывам цёплае плыні Гальфстрыму. У структуры землекарыстання ралля займае 54%, лясы 13% (з іх 72% знаходзяцца ў прыватнае уласнасьці). Адміністрацыйна-тэрытарыяльны падзел: на 13 вобласьей (amter, адз.лік.: amt) і 271 раёнаў (kommuner, адз.лік: kommune); на 1 студзеня 2007 году заплянаваная рэформа існуючага падзелу, якая прывядзе да ўзбуйнення вобласьцяў і раёнаў і скарачэння іх колькасьці, адпаведна, да пяцёх і 98-мі. Найбуйнейшыя гарады — сталіца Капэнгаген (насельніцтва 501 664 чалавек на 1 студзеня 2004[1]), а таксама О́рхус (Århus, 228 547 чалавек), О́льборг (Aalborg, 121 549 чалавек) і О́дэнсэ (Odense, 145 554 чалавек).

Прынц Кароны Фрэдэрык з прынцэсай Мэры на Фарэрах. Чэрвень 2005

[рэдагаваць] Палітыка

Данія — парлямэнцкая прадстаўнічая дэмакратычная канстытуцыйная манархія з 1849 году, найстарэйшая манархія ў Эўропе з амаль неразрыўнай лініяй спадкаемства: першыя каралі Даніі, вядомыя з Х стагодзьдзя — продкі цяперашняй каралевы Маргрэт II (Margrethe Alexandrine Þórhildur Ingrid). Заканадаўчую ўладу мае аднапалатны (дзвюхпалатны да рэферэндуму 1953 году) прадстаўнічы орган — Folketing, у якім 179 дэпутацкіх месцаў. Каралева прызначае прэм'ер-міністра (звычайна старшыню партыі, якая набрала на выбарах больш за ўсіх галасоў) і кабінет міністраў; парлямэнт можа выказаць недавер і распусьціць кабінет. Парлямэнцкія выбары адбываюцца раз на чатыры гады па прапарцыйнай сыстэме з нізкім парогам у 2%, што спрыяе шматпартыйнасьці: так, па выніках выбараў 2005 году, у парлямэнце прадстаўленыя 7 партый. Пасьля выбараў 2001 году, парлямэнцкую большасьць складае ліберальна-кансэрватыўная кааліцыя на чале з прэм'ер-міністрам Андэрсам Фогам Расмусэнам, старшынёй «Левай партыі» (Venstre[2] — у дацкай палітычнай сыстэме тэрмін «левыя» азначае не сацыялістаў, а лібералаў). Судздзі прызначаюцца дзейсным манархам і не падуладныя парлямэнту ці ўраду; пазбаўленым ад пасады судздзя можа быць толькі ў выключных выпадках па рашэнні адмысловага пабочнага суду.

[рэдагаваць] Эканоміка

Сукупны ўнутраны прадукт (СУП) у 2005 годзе склаў $187,721 млрд, або 0,315% сусьветнай эканомікі[3]. Данія — самадастатковая краіна ў сэнсе забяспечанасьці энерганосьбітамі (нафта, газ, вецер) і сельскагаспадарчай прадукцыяй (зерне, бульба, прадукты жывёлагадоўлі). Буйнейшыя гандлёвыя партнёры — Нямеччына (18,7% экспарту, 23,1% імпарту), Швэцыя (адпаведна 12,6% і 13%) і Вялікабрытанія (8,5% і 7%). Цягам другой паловы ХХ стагодзьдзя структура дацкай эканомікі заўважна зьмянілася: з аргарна-індустрыяльнай краіны Данія зрабілася краінай постіндустрыяльнай, з выразным дамінаваннем сфэры паслугаў (75.9% СУП і 79% працоўных месцаў) і значнай перавагай індустрыяльнай вытворчасьці (22.1% СУП, 17% занятых — у 1960 годзе было 40%) над сельскай і рыбнай гаспадаркай (2% СУП, 4% занятых — у 1960 годзе было 20%). У сярэднім на адно прадпрыемства прыпадае 10 працоўных месцаў. Гадавы прырост СУП у апошнія пяць год складаў 1,3% (2001), 0,5% (2002) 0,7% (2003), 2,4% (2004) і 2,2% (2005); беспрацоўе ў той жа час вагалася паміж 5%–6%. Традыцыйна высокія выдаткі дзяржавы на сацыяльнае забеспячэнне (бясплатная адукацыя, часткова бясплатная медыцына, вялікія выплаты беспрацоўным і пенсіі) адбіваюцца на працоўных Даніі ў выглядзе высокіх падаходных падаткаў (ад 9%-44% для звыш-бедных і бедных гаспадарак, і да 44%-62% для сярэдняга класу) і на ўсіх грамадзянах, вымушаных плаціць 25% ПДВ нават пры пакупках ежы. Галоўнае пытанне, што стаіць перад дацкай, роўна як і іншымі сацыяльна-арыентаванымі рынкавымі эканомікамі — як забяспечыць стабільны эканамічны рост пры існых сацыяльных стандартах і дэмаграфічных тэндэнцыях.

[рэдагаваць] Транспарт

Цягнік Дацкай дзяржаўнай чыгункі (DSB) прыбыў у Гамбург (Нямеччына)

На 1 студзеня 2004 году[4] даўжыня аўтамабільных дарог Даніі складала 72 075 км, з іх 1 027 км хуткасных магістраляў. Узровень аўтамабілізацыі насельніцтва — 659 машын на тысячу сем'яў. Сярэдні расход паліва для зарэгістраваных у 2004 годзе машын з бензынавымі і дызельнымі рухавікамі склаў 6½ літраў на 100 км, ці на літр менш чым у 1998. Большасьць пасажырскіх перавозак у Даніі — 77% — здзяйсняецца аўтамабілямі, 12% аўтобусамі і 7% чыгункай; вага велаперавозак няўхісна зьмяншаецца: за 2002 год сярэдні датчанін накатаў на ровары 435 км. Даўжыня чыгуначнага палатна — 2 785 км, або 64 км на 1 тыс. км² тэрыторыі (2004); амаль чвэрць дарог электрыфікаваныя. Жыхары Капэнгагену ганарацца адкрытымі ў 20022003 гадах дзвюма лініямі мэтро[5] агульнай працягласьцю ў 17 км; вагончыкі італьянскай вытворчасці (па тры на састаў) рухаюцца без кіроўцы з сярэдняй хуткасцю 40 км/г, выяжджаючы па-за цэнтрам гораду на паверхню. Рэгулярныя пасажырскія авіярэйсы ў Даніі прымаюць 10 аэрапортаў, прычым на Капенгагенскі[6] прыпадае 84% авіяперавозак. Дацкі гандлёвы флот налічвае каля 450 караблёў і зьяўляецца 16-м у сьвеце і 6-м у Еўразьвязе.

[рэдагаваць] Народ

[рэдагаваць] Дэмаграфія

Насельніцтва Даніі, па дадзеных на 1 студзеня 2005, складала 5 млн 411 тыс 405 чалавек[7]. Меркаваная працягласьць жыцця — 74,9 года для мужчын і 79,5 года для жанчын; найчасьцейшыя прычыны сьмерцяў — рак і сардэчныя хваробы. Сярэдні век датчанаў складае амаль 40 гадоў (39,6 на 1 студзеня 2005) і працягвае ўзрастаць. Сярэдні рост — 180,9 см, і таксама мае тэндэнцыю да павялічэння. Паказьнік пладавітасьці (колькасць дзяцей, народжаных у сярэднім адной жанчынай) роўны 1,7 і зьяўляецца адносна высокім для Эўропы — хоць для простага ўзнаўлення папуляцыі ён павінны быць не ніжэйшым за 2,1. Працягвае павялічвацца век, у каторым жанчыны нараджаюць першае дзіця: у 2003 годзе ён складаў у сярэднім 30,1 года. Скарачаецца колькасьць шлюбаў: у 2005 годзе толькі 45% жанчын а трыццацёх год былі пабраныя, тады як у 1970 такіх было 88%. За той жа час сярэдні шлюбны век жанчын узрос з 22,8 да 30,5 года, і мужчын з 25,1 да 32,9 года. Больш за траціну дарослых увогуле жывуць асобна. Цягам 2003 году было здзейснена 15 567 абортаў (12,5 на тысячу жанчын). Незабітых дзяцей часьцей называюць Jens, Peter, Lars (хлопчыкаў) або Kirsten, Mathilde, Anne (дзяўчынак); найбольш распаўсюджанае прозьвішча — Jensen, што значыць Янаў сын — Іваноў (56 на тысячу). Важнай крыніцай павялічэння насельніцтва Даніі застаецца іміграцыя: колькасць імігрантаў складае ўжо 452 095 чалавек, альбо 8% усяе папуляцыі. Палова з іх еўрапейскага паходжання (Нарвэгія, Швэцыя, Нямеччына, б. Югаславія, Польшча), хоць краінай-лідэрам па пастаўкам мігрантаў у Данію застаецца Турэччына.

[рэдагаваць] Рэлігія і свабоды

Афіцыйная рэлігія ў Даніі — евангелічнае лютэранства: Евангелічная Лютэранская Царква Даніі, Folkekirken, ахоплівае 84,7% насельніцтва[8]. Царкоўны падатак складае ад 0,42% да 1,51% з чалавека ў залежнасьці ад месца жыхарства і даходу. Паводле арганізацыі «Рэпарцёры без межаў», па паказьніку свабоды друку ў 2005 годзе знаходзілася на першым месцы з 167-х краін[9]. Прычым свабодны ў Даніі не толькі друк: можна свабодна, напрыклад, вывешваць над ратушнай плошчай вясёлкавыя палатніны ды ладзіць адпаведныя шэсьці[10]; аднаполыя «шлюбы» ўзаконеныя пад назвай «зарэгістраваных партнёрстваў». У 2004 годзе сярэдні датчанін штодзень праводзіў ля тэлевізара 2 гадзіны 44 хвіліны. Найбольш папулярнымі кінафільмамі за 1976–2004 гады ў Даніі аказаліся «Titanic» і «The Lord of the Rings: The Fellowship of the Ring» — адпаведна 1,36 і 1,33 млн. прададзеных квіткоў[11].

[рэдагаваць] Адукацыя і навука

Базавая дзевяцігадовая адукацыя зьяўляецца ў Даніі абавязковай для кожнага дзіцяці ад 7-мі год. Найбольш распаўсюджаная форма атрымання такой адукацыі — гэта наведванне мясцовай «народнай школы» (Folkeskole, ахоплівае каля 88% дзяцей) або прыватнай школы з 1-га па 9-ты ці, пры жаданні, 10-ты клас. Як школьную, гэтак і вышэйшую адукацыю грамадзяне краіны могуць атрымаць бясплатна. Статус вышэйшых у 2003 годзе мелі 162 навучальныя ўстановы, з іх 6 універсітэтаў або універсітэцкіх цэнтраў, у каторых навучаліся 78 993 студэнтаў[12]. Сярод 25–64-гадовых датчанаў 28% мелі ў 2002 годзе вышэйшую адукацыю; меркаваная сярэдняя працягласьць адукацыі дзяцей, толькі пайшоўшых у школу, ацэньваецца ў 16,1 года. У Даніі налічваецца амаль 5 тысячаў асьпірантаў. Па дадзеных арганізацыі ISI Web of Knowledge[13], 51 159 навуковых артыкулаў, прынамсі адзін з аўтараў, якіх мае дацкі адрас, за 2001 — пачатак 2006 году было ўнесена ў каталог Science Citation Index Expanded (параўн. з 21 686 — з украінскімі адрасамі, 70 690 — з польскімі, і толькі 1 291 — з беларускімі). На навуковыя даследаванні і распрацоўкі ў 2003 годзе было выдаткавана 2,63% СУП, прычым прыватныя выдаткі роўніліся 1,83% СУП, г.зн. больш за дзьве траціны ад усяе сумы.

[рэдагаваць] Асобы і брэнды

Кубікі LEGO вядомыя па ўсім свеце не менш за казкі Андэрсэна

У экспартным варыянце культурнага пантэону Даніі дамінуюць тры постаці: гэта казачнік Ганс Хрысьціян Андэрсэн, філёзаф Сёрэн К'еркегор ды фізык жыдоўскага паходжання Нільс Бор. Выхаванцам савецкай школы павінны быць памятныя таксама астраном Ці́хо Бра́ге (15461601), чые запісы назіранняў планетных рухаў леглі ў падмурак кеплеравых законаў нябеснай механікі; астраном О́ле Ро́мэр (16441710), які упершыню вылічыў хуткасьць сьвятла; фізык Ганс Э́рстэд (17771851), які назіраў сувязь паміж пераменным токам і магнітным полем. А аматары «элітарнага» мінімалісцкага кіно[14] чулі пра рэжысёра Ларса фон Трыера, да чыйго кабінету ў капэнгагенскай студыі вядзе доўгі калідор дацкамоўных цытат з яшчэ больш вядомага, хаця і не дацкага, дзеяча Мао Дзэ Дуна. З Даніі ў 1949 годзе пачалі сваё пераможнае шэсьце па сьвеце дзіцячыя кубікі LEGO[15] (па-дацку leg godt — гуляй добра), вытворчасьць якіх сёння дасягае 600 штук штосэкунду. Дацкаму бровару належаць піўныя брэнды «Carlsberg» і «Tuborg»[16]. Але ўсё ж, мабыць, найбольш вядомая дацкая фігура — прыдуманы англійскім драматургам Шэкспірам Гамлет, прынц Дацкі, які жыў, паводле п'есы, у рэальным замку Кронборг на поўначы ад Капэнгагену.

[рэдагаваць] Крыніцы

  1. ^ http://www.dst.dk/HomeUK/Statistics/ofs/Publications/Yearbook/2005.aspx
  2. ^ http://venstre.dk
  3. ^ http://www.imf.org/external/pubs/ft/weo/2005/02/data/dbcoutm.cfm?SD=2001&ED=2005&R1=1&R2=1&CS=3&SS=2&OS=C&DD=1&OUT=2&C=128&S=NGDP_RPCH-NGDPD-NGDPDPC-PPPWGT-PPPSH-PPPEX-PPPPC-PCPIPCH-LUR-GGB_NGDP-BCA_NGDPD-BCA&CMP=0&x=35&y=13
  4. ^ http://www.dst.dk/HomeUK/Statistics/ofs/Publications/Yearbook/2005.aspx
  5. ^ http://www.m.dk
  6. ^ http://www.kastrup.dk
  7. ^ http://www.dst.dk/HomeUK/Statistics/ofs/Publications/Yearbook/2005.aspx
  8. ^ http://www.interchurch.dk/mkreng/council.php?key=297
  9. ^ http://www.rsf.org/rubrique.php3?id_rubrique=554
  10. ^ http://copenhagenpride.dk
  11. ^ http://www.dst.dk/HomeUK/Statistics/ofs/Publications/Yearbook/2005.aspx
  12. ^ http://www.dst.dk/HomeUK/Statistics/ofs/Publications/Yearbook/2005.aspx
  13. ^ http://www.thomsonisi.com
  14. ^ http://www.dogme95.dk
  15. ^ http://www.lego.com
  16. ^ http://carlsberg.com

[рэдагаваць] Вонкавыя спасылкі


Асабістыя прылады
На іншых мовах