Арганізацыя Паўночнаатлянтычнай дамовы
| Арганізацыя Паўночнаатлянтычнай дамовы | |
| па-ангельску: North Atlantic Treaty Organisation | |
Сьцяг |
|
Дзяржавы-ўдзельніцы |
|
| Абрэвіятура | АПАД |
|---|---|
| Дата ўтварэньня | 4 красавіка 1949 (64 гады таму) |
| Тып | вайсковая |
| Юрыдычны статус | міжнародная арганізацыя |
| Штабкватэра | Брусэль, Бэльгія |
| Сяброўства | 28 дзяржаваў Паўночнага паўшар’я |
| Афіцыйныя мовы | ангельская, француская |
| Генэральны сакратар | Андэрс Фог Расмусэн |
| Сайт | www.nato.int |
Арганізацыя Паўночнаатлянтычнай дамовы (NATO, НАТА, НАТО) (па-ангельску: North Atlantic Treaty Organisation, па-француску: l'Organisation du Traité de l'Atlantique Nord, OTAN)), таксама вядомая як Паўночнаатлянтычны альянс — гэта міжнародная арганізацыя па калектыўнай бясьпецы, заснаваная ў 1949 годзе дзеля выкананьня Паўночнаатлянтычнай дамовы, падпісанай у Вашынгтоне 4 красавіка 1949 году. Штаб-кватэра арганізацыі знаходзіцца ў Брусэлі. Рабочыя мовы — ангельская і француская.
Зьмест |
Мэты дзейнасьці[рэдагаваць]
Мэты дзейнасьці Паўночнаатлянтычнага альянсу зацьверджаныя ў Артыкуле 5 Паўночнаатлянтычнай дамовы:
Удзельнікі пагаджаюцца з тым, што ўзброеная атака супраць аднаго ці некалькіх зь іх у Эўропе ці Паўночнай Амэрыцы будзе расцэненая як атака супраць іх усіх. Адпаведна, яны пагаджаюцца ў выпадку такой агрэсіі кожны выканаць свае абавязкі па забесьпячэньні калектыўнай бясьпекі, аказаць дапамогу атакаванаму ці атакаваным удзельнікам разам з астатнімі ўдзельнікамі празь неабходныя для гэтага меры ўключна з ваеннымі, з мэтаю падтрыманьня бясьпекі ў паўночнаатлянтычным рэгіёне.
Дамова не зьмяшчае зьвестак пра патэнцыйных ворагаў і канкрэтныя меры па калектыўнай абароне. Тым ня меней, першапачаткова альянс ствараўся для супрацьстаяньня дэмакратычных краінаў пагрозе з боку СССР і камуністычнага блёку. Паводле дамовы, напад на адну краіну-ўдзельніка арганізацыі расцэньваўся як агрэсія супраць усіх краінаў NATO. На шчасьце, упершыню гэтае палажэньне спрацавала толькі ў 2001 годзе пасьля падзеяў 11 верасьня[1].
Гісторыя[рэдагаваць]
Антыгітлераўская кааліцыя СССР, ЗША, Вялікабрытаніі і іншыя распалася практычна адразу пасьля перамогі ў Другой сусьветнай вайне. Былыя саюзьнікі распачалі перадзел сьвету на сфэры ўплыву і прыступілі да рэалізацыі мер па ваенна-палітычным замацаваньні сваіх партыкулярных посьпехаў.
17 сакавіка 1948 году пяць заходнеэўрапейскіх краінаў — Бэльгія, Вялікабрытанія, Люксэмбург, Нідэрлянды і Францыя — падпісалі Брусэльскі дагавор, на падставе якога яны стварылі субрэгіянальную сыстэму калектыўнай абароны — Заходнеэўрапейскі зьвяз. Паралельна ім СССР і сацыялістычныя краіны Ўсходняй Эўропы заключылі паміж сабой дагаворы аб дружбе, супрацоўніцтве і ўзаемнай дапамозе. Заходнеэўрапейцы пайшлі далей і пачалі абмеркаваньне з ЗША і Канадай праекту Паўночнаатлянтычнага ваенна-палітычнага альянсу, запрасіўшы да ўдзелу ў гэтым працэсе шэраг іншых краінаў Заходняй Эўропы — Данію, Ісьляндыю, Італію, Нарвэгію і Партугалію. Перамовы завяршыліся падпісаньнем у Вашынгтоне 4 красавіка 1949 дагавора паміж гэтымі дванаццацьцю краінамі. У 1952 да яго далучыліся Грэцыя і Турцыя, у 1955 — ФРГ (у 1990 — дзеяньне дагавора пашырылася на тэрыторыю былой НДР), у 1982 — Гішпанія, у 1999 — Вугоршчына, Польшча, Чэхія, у 2004 — Баўгарыя, Латвія, Летува, Румынія, Славаччына, Славенія, Эстонія, у 2009 — Альбанія, Харватыя. Перамовы аб магчымым далучэньні вядуцца з Македоніяй, Грузіяй, Чарнагорыяй, Сэрбіяй, Босьніяй і Герцагавінай і Ўкраінай.
СССР у 1954 прапанаваў сябе ў якасьці магчымага ўдзельніка НАТО дзеля захаваньня міру і адзінства ў Эўропе, але сябры арганізацыі адверглі савецкую ініцыятыву. У выніку ў 1955 СССР са сваімі ўсходнеэўрапейскімі саюзьнікамі, каб зьменшыць пагрозу з боку аб’яднанага Захаду, стварылі Арганізацыю Варшаўскага дагавора.
У 1958 НАТО сутыкнулася зь першым вялікім унутраным крызысам. Прэзыдэнт Францыі Шарль дэ Голь выступіў супраць гегемоніі ЗША ў справах Заходняй Эўропы. У прыватнасьці, ён падверг крытыцы асаблівыя адносіны ЗША і Вялікабрытаніі, прапанаваўшы замест гэтага аформіць трохбаковы дырэктарат з роўнымі палітычнымі правамі Францыі, Вялікабрытаніі і ЗША. Атрымаўшы адмову, дэ Голь пачаў вывад сваёй краіны з НАТО. У наступныя гады штаб-кватэра НАТО і камандаваньне аб’яднанымі ўзброенымі сіламі НАТО ў Эўропе былі пераведзены з Парыжа адпаведна ў Брусэль і Монс (Бэльгія), амэрыканскія ваенныя базы на францускай тэрыторыі былі закрытыя, Францыя распачала ўласную праграму стварэньня ядзернай зброі і пакінула (часова, з 1966 па 1995) ваенную арганізацыю НАТО.
У 1974 з ваеннай арганізацыі НАТО выйшла Грэцыя, пратэстуючы супраць турэцкага ўварваньня на Кіпр (вярнулася ў 1980).
Ва ўмовах блёкавага супрацьстаяньня, калі на ўліку была кожная краіна, выкарыстоўваліся любыя магчымасьці для пашырэньня альянсу: інтэгравалі ў НАТО дэнацыфікаваную Заходнюю Нямеччыну і постфранкісцкую Гішпанію, вялі работу з нэўтральнымі краінамі з мэтай пераканаць іх адмовіцца ад свайго статусу. Разгорнуты комплекс сакрэтных апэрацыяў ваенных і палітычных разьведак краін НАТО па падрыхтоўцы партызан на выпадак савецкай акупацыі паставіў пад кантроль палітычнае і грамадзкае жыцьцё шэрагу краін Заходняй Эўропы, у прыватнасьці не дапусьціў прыход да ўлады левых сілаў у Італіі (апэрацыя «Гладыё»).
НАТО з самага пачатку праектавалася для ўдзелу ў глябальнай міжблёкавай вайне, адпаведна былі адбудаваны яе палітычная і ваенная структуры. На практыцы выкарыстоўваліся асобныя магчымасьці НАТО (пераважна, абмен разьведінфармацыяй) пры вырашэньні яе сябрамі менш маштабных задач (канфлікт вакол Фальклендзкіх астравоў, Паўночнаірляндзкі канфлікт і г. д.).
Шматлікія ж непаразуменьні і спрэчкі паміж сябрамі НАТО вырашаліся безь яе ўдзелу (у двухбаковым парадку ці пры пасярэдніцтве ААН), што пацьвярджае характар НАТО як арганізацыі менавіта калектыўнай абароны, а не калектыўнай бясьпекі.
На працягу «халоднай вайны» асноўным праціўнікам НАТО была Арганізацыя Варшаўскага дагавору. Ліквідацыя апошняй у 1991 прывяла да г. зв. «крызысу ідэнтычнасьці» НАТО, зьвязанага з пошукам абгрунтаваньня неабходнасьці захаваньня арганізацыі, зь якога яна выйшла ў сярэдзіне 1990-х, умяшаўшыся ў канфлікты на Балканах, спачатку пад эгідай ААН, а потым самастойна.
Юрыдычная прырода[рэдагаваць]
Сутнаснае прызначэньне НАТО — забесьпячэньне бясьпекі дзяржаваў-сяброў ва ўсіх сфэрах у адпаведнасьці з асноўнымі прынцыпамі міжнароднага права. Фундамэнтальны прынцып дзейнасьці арганізацыі — супрацоўніцтва і ўзаемадзеяньне сувэрэнных дзяржаў, заснаванае на непадзельнасьці бясьпекі. НАТО падтрымлівае г. зв. трансатлянтычную сувязь, пры якой бясьпека Паўночнай Амэрыкі непасрэдна зьвязана зь бясьпекай Эўропы.
З прававога пункту гледжаньня, НАТО — міжнародная (міжурадавая) арганізацыя. Узяўшы за аснову дактрынальнае азначэньне міжнароднай арганізацыі як аб’яднаньня дзяржаваў, створанага на падставе міжнароднага дагавора для выкананьня пэўных мэт, якое мае адпаведную сыстэму органаў, валодае правамі і абавязкамі, адрознымі ад правоў і абавязкаў дзяржаваў-сяброў, і заснаванае ў адпаведнасьці з міжнародным правам, можна, такім чынам, гаварыць аб наступных пяці прыкметах, якія складаюць паняцьце міжнароднай арганізацыі зь юрыдычнага погляду: дагаворная аснова; наяўнасьць пэўных мэт; адпаведная арганізацыйная структура; самастойныя правы і абавязкі; заснаваньне ў адпаведнасьці зь міжнародным правам.
1. Дагаворная аснова (канвэнцыйны базыс) Паўночнаатлянтычнага альянсу прадстаўлена Вашынгтонскім дагаворам 1949 і чатырнаццацьцю пагадненьнямі — 1952 (два), 1955, 1980, 1999 (тры) і 2004 (сем пагадненьняў) гадоў — аб далучэньні Грэцыі, Турцыі, ФРН, Гішпаніі, Вугоршчыны, Польшчы, Чэхіі, Баўгарыі, Латвіі, Летувы, Румыніі, Славаччыны, Славеніі і Эстоніі да НATА. Суб’ектамі дагавора зьяўляюцца дзяржавы. Гэта вызначае юрыдычную прыроду міжнароднай арганізацыі, сьведчыць аб яе міждзяржаўным характары, адрозьніваючы тым самым ад міжнародных няўрадавых арганізацыяў.
2. Наяўнасьць пэўных мэт — важная прыкмета ў вызначэньні правамернага характару міжнароднай арганізацыі, яе арганізацыйнай структуры, кампэтэнцыі, якой надзеленая арганізацыя. НATO стваралася, каб аб’яднаць намаганьні краін-сяброў для калектыўнай абароны і захаваньня міру і бясьпекі. Заключаны ў адпаведнасьці са Статутам ААН. Паўночнаатлянтычны пакт ставіць перад НATO і мэты Аб’яднаных Нацыяў, зафіксаваныя ў прэамбуле і арт. 1 Статута: вызваліць наступныя пакаленьні ад бедзтваў вайны, пацьвердзіць веру ў асноўныя правы чалавека і ў роўнасьць правоў вялікіх і малых нацыяў, стварыць умовы, пры якіх могуць захоўвацца справядлівасьць і павага да абавязацельстваў, што вынікаюць з дагавораў і іншых крыніц міжнароднага права, садзейнічаць сацыяльнаму прагрэсу і паляпшэньню ўмоў жыцьця пры большай волі, ажыцьцяўляць міжнароднае супрацоўніцтва ў вырашэньні міжнародных праблем эканамічнага, сацыяльнага, культурнага і гуманітарнага характару, падтрымліваць міжнародны мір і бясьпеку і з гэтай мэтай прадпрымаць эфэктыўныя калектыўныя меры для прадухіленьня і спыненьня пагрозы міру і падаўленьня актаў агрэсіі ці іншых парушэньняў міру.
3. Як правіла, аснову сыстэмы органаў міжнароднай арганізацыі складаюць наступныя віды органаў: 1) вышэйшы, 2) выканаўчы, 3) адміністрацыйны, 4) спэцыяльныя камітэты і камісіі. Структура НATА не адпавядае гэтай сыстэме, характэрнай для большасьці сучасных міжнародных арганізацыяў, і больш нагадвае сыстэму органаў ААН зь яе галоўнымі і дапаможнымі органамі. Дагавор устанаўлівае стварэньне Рады і дапаможных органаў, зь якіх першым будзе створаны Камітэт абароны. Такім чынам, Рада (Паўночнаатлянтычная Рада) — вышэйшы орган НАТО. У выканаўчым органе, які закліканы кіраваць арганізацыяй паміж сэсіямі вышэйшага органа, НATO ня мае патрэбы. Паняцьце сэсійнасьці тут умоўнае, таму што ёсьць магчымасьць зьбіраць прадстаўнікоў дзяржаваў-сяброў у любы момант (пры тым, што і ў звычайных умовах яны сустракаюцца не радзей за адзін раз на тыдзень). Функцыі, якія, як правіла, выконваюць вынканаўчыя органы, — забесьпячэньне эфэктыўнасьці дзейнасьці міжнароднай арганізацыі, ажыцьцяўленьне сувязі зь дзяржавамі-сябрамі і іншымі міжнароднымі арганізацыямі, складаньне бюджэту арганізацыі, падрыхтоўка павесткі дня пасяджэньняў вышэйшага органа і разгляд пытаньняў пэрсаналу — у асноўным перададзены Міжнароднаму сакратарыяту НATА. Між тым, у большасьці міжнародных арганізацыяў сакратарыят — орган адміністрацыйны.
4. НАТО мае самастойныя правы і абавязкі, адрозныя ад правоў і абавязкаў дзяржаваў-сяброў. Ва ўстаноўчым акце міжнароднай арганізацыі асобныя артыкулы адрасаваны непасрэдна дзяржавам-сябрам, іншыя — міжнароднай арганізацыі, у асобе яе органаў. У арт. 8 Вашынгтонскага дагавора абвешчана, што
«кожны бок, які дамаўляецца, заяўляе, што ні адно зь міжнародных пагадненьняў, якія маюць у цяперашні час сілу, паміж ім і любым іншым бокам, які дамаўляецца, не знаходзіцца ў супярэчнасьці з палажэньнямі гэтага дагавора, і абавязуецца не прымаць ніякага міжнароднага абавязацельства, якое супярэчыць гэтаму дагавору».
Арт. 9 дагавора, наадварот, зьвернуты непасрэдна да арганізацыі:
«Рада стварае такія дапаможныя органы, якія могуць аказацца неабходнымі, у прыватнасьці, яна неадкладна створыць Камітэт абароны, які будзе рэкамэндаваць меры для прымяненьня артыкулаў 3 і 5».
Магчымасьць міжнароднай арганізацыі мець самастойныя правы і абавязкі, асобныя ад правоў і абавязкаў дзяржаваў-сяброў, фарміруе арганізацыю як суб’екта міжнароднага права, які валодае сваёй прававой воляй і правы якога непасрэдна зьвязаныя зь міжнароднай правасуб’ектнасьцю. Да такіх правоў належыць права на заключэньне міжнародных пагадненьняў, права на прывілеі і імунітэты, права на прадстаўніцтва і іншыя правы, зьвязаныя зь міжнароднай правасуб’ектнасьцю. Вонкава міжнародная арганізацыя, у тым ліку і НATO, выступае самастойна, як адзінае цэлае, прадстаўленае генэральным сакратаром арганізацыі.
5. Пад заснаваньнем ў адпаведнасьці зь міжнародным правам разумеецца правамерны характар міжнароднай арганізацыі, неабходнасьць адпаведнасьці яе статута і дзейнасьці агульнапрызнаным прынцыпам і нормам міжнароднага права і, перш за ўсё, нормам jus cogens у сэнсе арт. 53 Венскай канвэнцыі аб праве міжнародных дагавораў 1969. Лічыцца, што імпэратыўнымі нормамі jus cogens зьяўляюцца прынцыпы Статута ААН, а Паўночнаатлянтычны пакт у цэлым тэкстуальна сумяшчальны са Статутам ААН. У той жа час, не адпавядаюць главе VІІІ Статута ААН палажэньні Вашынгтонскага дагавора аб яго тэрытарыяльнай сфэры дзеяньня: некалькі кантынэнтаў і велізарныя прасторы Сусьветнага акіяна. НАТО таксама не выконвае арганізацыйна-прававых мераў, якія накладаюцца на яе, як на рэгіянальную арганізацыю ў адпаведнасьці з главой VІІІ, але працягвае настойваць на гэтым статусе, каб мець магчымасьць ажыцьцяўляць прымусовыя дзеяньні адносна іншых дзяржаў, як у выпадку зь легітымацыяй агрэсіі НАТО супраць Югаславіі.
Арганізацыйная структура[рэдагаваць]
- Паўночнаатлянтычная Рада (па-ангельску: The North Atlantic Council, NAC), вышэйшы палітычны орган НАТО, складаецца з пастаянных прадстаўнікоў (у рангу пасла) усіх краін-сяброў, якія праводзяць пасяджэньні як мінімум раз на тыдзень. Рада таксама зьбіраецца на міністэрскім і на вышэйшым узроўнях, але, у любым выпадку, ён мае аднолькавыя паўнамоцтвы ў прыняцьці рашэньняў, незалежна ад узроўню, на якім гэта было зроблена. Рашэньні прымаюцца на аснове кансэнсусу. Старшынствуе на пасяджэньнях Генэральны сакратар НАТО.
Рада — адзіны орган, стварэньне якога прама прадугледжана тэкстам Паўночнаатлянтычнага дагавора. Рада надзелены паўнамоцтвамі ўтвараць дадатковыя органы. Так былі створаны камітэты і плянавыя групы для забесьпячэньня работы Рады і падрыхтоўкі рэкамэндацыяў у спэцыяльных галінах.
Пытаньні, якія разглядае Рада, датычацца ўсіх аспэктаў дзейнасьці арганізацыі і, звычайна, засноўваюцца на дакладах і рэкамэндацыях, якія рыхтуюцца па запыту Рады ніжэйшымі камітэтамі. Пытаньні таксама могуць быць паднятыя нацыянальнымі пастаяннымі прадстаўнікамі ці Генэральным сакратаром.
- Камітэт плянаваньня абароны (па-ангельску: Defence Planning Committee, DPC), палітыка-ваенны орган НАТО, звычайна складаецца з пастаянных прадстаўнікоў усіх краін-сяброў (акрамя Францыі) і як мінімум двойчы на год склікаецца на ўзроўні міністраў абароны і разглядае пытаньні, зьвязаныя з сумесным абарончым плянаваньнем. Камітэт плянаваньня абароны забясьпечвае кіраваньне ваеннымі структурамі НATO і, у межах сваёй кампэтэнцыі, мае тыя функцыі і паўнамоцтвы, што і Паўночнаатлянтычная Рада ў межах яе кампэтэнцыі.
- Група ядзернага плянаваньня (па-ангельску: Nuclear Planning Group, NPG), асноўны орган для кансультацыяў па ўсіх пытаньнях, што адносяцца да ролі ядзерных сілаў у палітыцы бясьпекі і абароны НАТО. У групе ўдзельнічаюць усе краіны-сябры, за выключэньнем Францыі. Ісьляндыя ўдзельнічае як назіральнік. Група, як правіла, зьбіраецца два разы на год на ўзроўні міністраў абароны, звычайна разам з Камітэтам плянаваньня абароны, а таксама на ўзроўні паслоў — па меры неабходнасьці.
- Генэральны сакратар (па-ангельску: The Secretary General), вышэйшая службовая асоба НATO. Ён адказвае за арганізацыю і кіраўніцтва працэсам кансультацыяў і выпрацоўкі рашэньняў у Паўночнаатлянтычным альянсе. Узначальвае пасяджэньні Паўночнаатлянтычнай Рады, Камітэту плянаваньня абароны, Групы ядзернага плянаваньня, іншых галоўных камітэтаў. Ён дзейнічае як галоўны афіцыйны прадстаўнік (па-ангельску: principal spokesman) арганізацыі ў яе зьнешніх стасунках. Генэральнаму сакратару падпарадкаваны Міжнародны сакратарыят. З 2004 пасаду Генэральнага сакратара займае Яап дэ Хооп Схэфэр (Нідэрлянды).
Пад непасрэдным кіраўніцтвам Генэральнага сакратара знаходзяцца Кабінэт (па-ангельску: Private Office) і Адміністрацыя (па-ангельску: Office of the Secretary General) Генэральнага сакратара. Кабінэт дапамагае Генэральнаму сакратару і яго намесьніку (які кіруе шэрагам рабочых груп) па ўсіх аспэктах іх працы. У яго штаце знаходзяцца юрысконсульт і спэцыяльны дарадчык па справах Цэнтральнай і Ўсходняй Эўропы.
Адміністрацыя Генэральнага сакратара складаецца з Выканаўчага сакратарыята, Упраўленьня інфармацыі і прэсы і Службы бясьпекі НATO. Выканаўчы сакратарыят (па-ангельску: Executive Secretariat) забясьпечвае функцыянаваньне Рады НATO, Рады Эўра-атлянтычнага партнёрства, Камітэта плянаваньня абароны, Групы ядзернага плянаваньня і ўсіх структур, утвораных вышэйназванымі органамі. На Выканаўчы сакратарыят ускладзена і адміністрацыйнае забесьпячэньне праграмы «Партнёрства дзеля міру».
Упраўленьне інфармацыі і прэсы (па-ангельску: Office of Information and Press) складаецца са Службы СМІ (па-ангельску: Press and Media Service) і Інфармацыйнай службы (па-ангельску: Information Service). Дырэктар Упраўленьня ўзначальвае таксама Камітэт па інфармацыі і культурных сувязях (па-ангельску: the Commitee on Information and Cultural Relations).
Служба бясьпекі НATO (па-ангельску: NATO Office of Security) каардынуе і ажыцьцяўляе палітыку ўнутранай бясьпекі НATO. Дырэктар службы — галоўны саветнік Генэральнага сакратара па пытаньнях бясьпекі і старшыня Камітэта НATO па бясьпецы (па-ангельску: NATO Security Committee). Ён кіруе Службай бясьпекі штаб-кватэры і адказвае за ўсеагульную бясьпеку ў блёку.
- Міжнародны сакратарыят (па-ангельску: International Staff) забясьпечвае дзейнасьць Рады НATO і яе камітэтаў. Міжнародны сакратарыят складаецца з Адміністрацыі Генэральнага сакратара, пяці аддзелаў (палітычны, плянаваньня і палітыкі абароны, матэрыяльна-тэхнічнага забесьпячэньня абароны, інфраструктуры і плянаваньня выкарыстаньня цывільных службаў пры надзвычайным становішчы, па навуцы і навакольным асяродзьдзі), кіраўніцтва справамі і кабінэта фінансавага кантралёра. Кожны з аддзелаў узначальваецца памочнікам генэральнага сакратара. Акрамя таго, Міжнародны сакратарыят — гэта некалькі цывільных агенцтваў і арганізацыяў, разьмешчаных у розных краінах-сябрах. Гэтыя арганізацыі працуюць па спэцыяльных накірунках, такіх, як камунікацыі ці тылавое забесьпячэньне.
Пэрсанал Міжнароднага сакратарыята набіраецца непасрэдна арганізацыяй альбо па накіраваньнях урадаў краін-сяброў тэрмінам на тры—чатыры гады. Супрацоўнікі міжнароднага сакратарыята адказныя перад Генэральным сакратаром і абавязваюцца захоўваць поўную ляяльнасьць арганізацыі на ўвесь час знаходжаньня на пасадзе.
- Ваенны камітэт (па-ангельску: Military Committee), вышэйшы ваенны орган НАТО, дае палітычным уладам блёку рэкамэндацыі па ваенных пытаньнях дзейнасьці ў зоне адказнасьці НATО, забясьпечвае Галоўнаму камандаваньню НATО магчымасьць выкананьня сваіх функцыяў. Знаходзіцца пад палітычным кіраўніцтвам Паўночнаатлянтычнай Рады і Камітэта плянаваньня абароны, а калі закранаюцца ядзерныя пытаньні, то і Групы ядзернага плянаваньня. Камітэт складаецца з начальнікаў штабаў кожнай краіны-сябра (у тым ліку і Францыі, якая да 1996 году была прадстаўлена вайсковай місіяй у Ваенным камітэце). Ісьляндыя ня мае ўзброеных сіл, але можа быць прадстаўлена цывільнай асобай. Начальнікі штабаў сустракаюцца не радзей, як два разы на год. У астатні час краіны прадстаўлены нацыянальнымі ваеннымі прадстаўнікамі, што прызначаюцца начальнікамі штабаў.
- Інтэграваная вайсковая структура (па-ангельску: Integrated Military Structure) знаходзіцца пад палітычным кантролем і бягучым кіраўніцтвам вышэйшага ўзроўню. Яе прызначэньне — у забесьпячэньні арганізацыйных рамак абароны тэрыторыяў краін-сяброў ад зьнешніх пагроз. Яна ўключае ў сябе сетку вайсковага камандаваньня, што пакрывае ўсю Паўночнаатлянтычную зону.
НATO мае два галоўных цэнтра камандаваньня — Саюзнае камандаваньне аб’яднаных узброеных сілаў у Эўропе (па-ангельску: Supreme Allied Commander Europe, SACEUR), разьмешчанае ў так званым ШЭЙПе (па-ангельску: SHAPE — Supreme Headquarters Allied Powers Europe), непадалёку ад Монса (Бэльгія), і Саюзнае камандаваньне аб’яднаных узброеных сілаў у зоне Атлянтычнага акіяна (па-ангельску: Supreme Allied Commander Atlantic, SACLANT) у Норфалку (штат Вірджынія, ЗША). Існуе таксама Рэгіянальная стратэгічная група Канады—ЗША (па-ангельску: Canada—U.S. Regional Planning Group, CUSRPG), разьмешчаная ў Арлінгтоне (ЗША), якой даручана каардынаваць плянаваньне абароны Паўночнай Амэрыкі.
- Міжнародны ваенны штаб (па-ангельску: International Military Staff) забясьпечвае дзейнасьць Ваеннага камітэта і арганізуе выкананьне яго рашэньняў. Супрацоўнікі Міжнароднага ваеннага штаба маюць такі ж статус у арганізацыі, як і супрацоўнікі Міжнароднага сакратарыята, але падпадаюць пад адміністрацыйную ўладу начальніка штаба альбо кіраўніка самастойнага агенцтва НАТО, у якім яны непасрэдна працуюць. Начальнік Міжнароднага ваеннага штаба выбіраецца Ваенным камітэтам і можа быць прадстаўніком любой краіны, але мець адрознае грамадзянства ад старшыні Ваеннага камітэта.
У арганізацыйным пляне Міжнародны ваенны штаб падразьдзяляецца на наступныя аддзелы: разьведкі, плянаваньня і палітыкі, апэрацыяў, матэрыяльна-тэхнічнага забесьпячэньня, сувязі і сыстэм інфармацыі, узбраеньняў і стандартызацыі. Пры начальніку Міжнароднага ваеннага штаба створаны Сытуацыйны цэнтар НATO (па-ангельску: NATO Situation Centre), прызначаны дапамагаць Паўночнаатлянтычнай Радзе, Камітэту плянаваньня абароны і Ваеннаму камітэту ў выкананьні імі сваіх функцыяў у крызысныя пэрыяды. Цэнтар кругласутачна назірае за палітычным, ваенным і эканамічным станам у сфэрах, якія цікавяць НATO, наглядае і абслугоўвае сыстэмы сувязі НATO, забясьпечвае магчымасьці для хуткай арганізацыі кансультацыяў і камандных дзеяньняў падчас пэрыядаў напружанасьці.
Пасьля абвешчаных пасьля студзеньскага саміту 1994 году ініцыятыў Паўночнаатлянтычная Рада заснавала некалькі дадатковых структур, якія дапамагаюць НATO у выкананьні яе новых задач.
Камітэт палітыка-вайсковага кіраваньня па праграме «Партнёрства дзеля міру» (па-ангельску: Political-Military Steering Committee on Partnership for Pease, PMSE) зьяўляецца важнейшым рабочым форумам «Партнёрства». Ён зьбіраецца ў розных канфігурацыях: гэта і сустрэчы з асобнымі краінамі-партнёрамі, і з усімі краінамі—ўдзельніцамі Рады Эўра-атлянтычнага партнёрства.
Сумесны камітэт па праблеме распаўсюджваньня зброі (па-ангельску: Joint Committee on Proliferation, JCP) распрацоўвае супольную палітыку ў галіне распаўсюджваньня ўзбраеньняў і зьяўляецца палітычным форумам для кансультацыяў па гэтай праблеме.
Часовая група каардынаваньня палітыкі (па-ангельску: Provisional Policy Coordination Group, PPCG) працуе над праблемай падтрыманьня міру і над тым, як павысіць эфэктыўнасьць НATO ў гэтай галіне, распрацоўвае канцэпцыю аб’яднаных тактычных войскаў. Група адказвае за супрацоўніцтва з Заходнеэўрапейскім зьвязам.
- Большасьць з арганізацыйных структур НАТО разьмешчана ў яе штаб-кватэры. Штаб-кватэра NATO (па-ангельску: the NATO Headquarters) у Брусэлі зьяўляецца палітычным цэнтрам Альянсу і пастаянным месцам знаходжаньня Паўночнаатлянтычнай Рады. Тут разьмяшчаюцца пастаянныя прадстаўніцтвы дзяржаваў-сяброў, Генэральны сакратар і Міжнародны сакратарыят, нацыянальныя вайсковыя прадстаўніцтвы, старшыня Ваеннага камітэта і Міжнародны вайсковы штаб і шмат якіх агенцтваў НATO.
Каля 4 тысяч чалавек працуюць у штаб-кватэры NATO на поўнай стаўцы. Зь іх больш за 2000 — сябры нацыянальных прадстаўніцтваў пры НATO. Прыкладна тысячу чалавек налічвае Міжнародны сакратарыят і да 500 — Міжнародны ваенны штаб.
- У дадатак да апісаных вышэй камандных структур існуе шэраг ваенных агенцтваў, дасьледчых і навучальных устаноў, падпарадкаваных Ваеннаму камітэту або вярхоўным галоўнакамандуючым.
Дарадчая група па аэракасьмічных дасьледаваньнях (па-ангельску: Advisory Group for Aerospace Research and Development, AGARD) была ўтворана ў 1952 для спрыяньня распрацоўкам і абмену інфармацыяй у галіне аэракасманаўтыкі паміж краінамі НATO. Штаб-кватэра AGARD знаходзіцца ў Парыжы.
Ваеннае агенцтва па стандартызацыі (па-ангельску: Military Agency for Standartisation, MAS), галоўнае ваеннае агенцтва па стандартызацыі ў НATO. Створана ў Лёндане ў 1951 з мэтай садзеяньня апэратыўнай, працэдурнай і матэрыяльна-тэхнічнай стандартызацыі сярод сяброў НATO дзеля наданьня войскам Альянсу большай эфэктыўнасьці ў сумесных апэратыўных мерапрыемствах. З 1970 разьмяшчаецца ў штаб-кватэры НATА ў Брусэлі.
Кансультацыйны камітэт NATO па ваеннай электроніцы (па-ангельску: NATO Electronic Warfare Advisory Committee, NEWAС) заснаваны ў 1966. Закліканы павысіць магчымасьці электронных службаў НATO падчас баявых дзеяньняў. Аналізуе прагрэс, дасягнуты на нацыянальным узроўні і ў інтэграцыйных вайсковых структурах наконт магчымасьцей вайсковага электроннага забесьпячэньня. NEWAC складаецца з прадстаўнікоў кожнай краіны-сябры НATА і вярхоўных галоўнакамандуючых.
Вучэбная група NATO (па-ангельску: NATO Training Group, NTG) аб’ядноўвае ўсе намаганьні ў рамках НATА па трэніроўках і вучэньнях на шматнацыянальнай аснове, спрыяе правядзеньню трэніровак і вучэньняў сярод краін-сяброў.
Камітэт кіраўнікоў ваенна-мэдыцынскіх службаў краін NATO (па-ангельску: Committee of the Chiefs of Military Medical Services in NATO, COMEDS), таксама вядомы як EUROMED. Складаецца з вышэйшых ваенна-мэдыцынскіх чыноўнікаў краін-сяброў, дзейнічае як цэнтар па разьвіцьці, каардынацыі і кансультаваньні Ваеннага камітэта ў гэтай галіне.
Мэтэаралягічная група Ваеннага камітэта (па-ангельску: Military Committee Meteorogical Group, MCMG) дае спэцыяльныя парады Ваеннаму камітэту ў сфэры мэтэаралёгіі, дапамагае яму ў выпрацоўцы адпаведнай палітыкі і тэхнікі.
Шэсьць спэцыялізаваных агенцтваў па тэлекамунікацыях, сыстэмах сувязі і інфарматыцы (па-ангельску: Military Telecommunications and Communications and Information Systems (CIS) Agencies) забясьпечваюць вайсковы камітэт экспэртнай падтрымкай у гэтай галіне ваеннай тэхнікі. Паміж сабой яны спэцыялізуюцца на камунікацыйнай і камп’ютэрнай бясьпецы (ACCSA), лініях сувязі (ALLA), радыёчастотах (ARFA), тактычных сродках сувязі (ATCA), узаемасувязі баз даных (ADSIA), марской сувязі (ANCA). Разьмяшчаюцца ў Брусэлі, за выключэньнем ANCA, месцазнаходжаньне якога — Лёндан.
Тэхнічны цэнтар Вярхоўнага галоўнакамандаваньня аб’яднанымі войскамі ў Эўропе (па-ангельску: SHAPE Technical Centre) разьмяшчаецца ў Гаазе і працуе пад палітычным кіраўніцтвам Вярхоўнага галоўнакамандуючага аб’яднанымі ўзброенымі сіламі ў Эўропе (SACEUR). Задача цэнтра заключаецца ў тэхнічнай дапамозе ШЭЙПу і ў правядзеньні дасьледаваньняў для аб’яднанага камандаваньня ў Эўропе. Сфэра інтарэсаў тэхнічнага цэнтра: гатоўнасьць войскаў і вайсковых структур, новыя тэхналёгіі ўзбраеньняў, камандаваньне і кантроль (інфарматызацыя і аўтаматызацыя гэтых працэсаў), інжынэрныя сыстэмы і апэратыўная дапамога.
Цэнтар падводных дасьледаваньняў Вярхоўнага галоўнакамандуючага войскамі ў зоне Атлянтыкі (па-ангельску: SACLANT Undersea Research Centre, SACLANTCEN) створаны ў 1959 каля Спэцыі ў Італіі і афіцыйна стаў структурай НАТО ў 1963. Распрацоўвае парады SACLANT у галіне барацьбы з падводнымі лодкамі і мінамі. Праводзіць і акіянаграфічныя дасьледаваньні.
У 1996 пачало працу агенцтва па нагляду за навуковым і тэхналягічным працэсам у Альянсе — Арганізацыя па дасьледаваньнях і тэхналёгіях (па-ангельску: Research and Technology Organisation, R&TO). Створаная для больш пасьпяховага кіраўніцтва дасьледчымі праграмамі ў рамках ужо існуючых Дарадчай групы па аэракасьмічных дасьледаваньнях (AGARD) і Групы абарончых дасьледаваньняў (па-ангельску: Defence Research Group, DRG), R&TO кіруецца Радай (па-ангельску: R&T Board), які, у сваю чаргу, замяніў сабой органы кіраваньня AGARD і DRG. Рада каардынуе абмен навуковай інфармацыяй паміж краінамі-сябрамі. Складаныя сыстэмы навукова-дасьледчых супольнасьцей краін прадстаўленыя трыма элемэнтамі: урадавая, прамысловая і акадэмічная навука ў галіне абароны.
НATO валодае трыма навучальнымі ўстановамі. Абарончы каледж НATO (па-ангельску: NATO Defence College) заснаваны ў Парыжы ў 1951, пераведзены ў 1966 у горад Рым. Рыхтуе афіцэраў і цывільны пэрсанал для заняцьця ключавых пастоў у НATO і нацыянальных адміністрацыях.
Школа НATO (па-ангельску: NATO (SHAPE) School), разьмешчаная каля Обэрамэргаў у Нямеччыне, — адзін з галоўных цэнтраў падрыхтоўкі ваенных і цывільных спэцыялістаў для службы ў НАТО. Створаная ў 1953, у 1966 перайшла пад апэратыўны кантроль SACEUR. З 1953 падрыхтоўку ў школе прайшлі больш як 50 000 афіцэраў і цывільных асоб. Кожны год каля 6 тысяч слухачоў наведваюць курсы па спэцыяльнасьцях: ядзерная, біялягічная і хімічная абарона, вайсковая электроніка, камандаваньне і кантроль, мабільныя войскі, шматнацыянальныя войскі, падтрыманьне міру, ахова навакольнага асяродзьдзя, крызыснае кіраваньне.
Школа сродкаў сувязі і інфармацыйных сыстэм (па-ангельску: NATO Communicatians and Information Systems (CIS) School) забясьпечвае ўзмоцненую падрыхтоўку цывільнага і ваеннага пэрсаналу перад накіраваньнем іх на працу ў камунікацыйныя і інфармацыйныя службы НATO. Разьмяшчаецца школа на базе італьянскіх ВПС у Лаціне.
Мэханізм супрацоўніцтва[рэдагаваць]
Усе краіны-сябры НATO у поўнай ступені ўдзельнічаюць на палітычным узроўні супрацоўніцтва ў рамках Альянсу і ўсе аднолькава прынялі на сябе абавязкі, што ўтрымліваюцца ў арт. 5 Паўночнаатлянтычнай дамовы і сымбалізуюць непадзельнасьць іх бясьпекі, а менавіта, што напад на адну ці некалькі краін разглядаецца як напад на ўсе краіны-сябры. Ніводная краіна-чалец НATO не павінная спадзявацца толькі на свае ваенна-палітычныя намаганьні і эканамічныя рэсурсы. Роўнасьць бясьпекі краін-сяброў — у адсутнасьці залежнасьці паміж ёй і тымі нацыянальнымі вайсковымі магчымасьцямі, што ўкладзеныя ў агульную стабільнасьць.
Спосаб функцыянаваньня НАТО забясьпечвае ўлік патрэбаў краін-сяброў у адпаведнасьці зь іх становішчам у арганізацыі. Так, Ісьляндыя, ня маючы ўзброеных сілаў, прадстаўлена ў ваенных органах НАТО цывільным прадстаўніком.
Францыя, застаючыся паўнавартым сябром арганізацыі і яе палітычных структураў, выйшла ў 1966 з інтэграванай вайсковай структуры НATO, ня ўдзельнічала ў працы Камітэта плянаваньня абароны, Групы ядравага плянаваньня і Ваеннага камітэта. Рэгулярныя кантакты з ваеннымі структурамі НATO ажыцьцяўляліся праз францускую ваенную місію пры Ваенным камітэце, а таксама праз удзел у асобных галінах супрацоўніцтва (сродкі сувязі, узбраеньні, матэрыяльна-тэхнічнае забесьпячэньне і г. д.). З 1995 году Францыя аднавіла работу ў Камітэце плянаваньня абароны і Ваенным камітэце, але адносіны з інтэграванай вайсковай структурай НАТО не зьмяніліся: яны працягваюць рэгулявацца двухбаковымі пагадненьнямі.
Гішпанія ўдзельнічае ў працы Камітэта плянаваньня абароны, Групы ядравага плянаваньня і Ваеннага камітэта. У адпаведнасьці з вынікамі нацыянальнага рэфэрэндуму 1986 году, Гішпанія ня ўдзельнічае ў інтэграванай вайсковай структуры НATO, але бярэ ўдзел у калектыўным абарончым плянаваньні. Дамовы аб вайсковай каардынацыі дазваляюць гішпанскім войскам супрацоўнічаць зь іншымі саюзнымі войскамі ў спэцыяльных галінах, застаючыся пры гэтым па-за межамі інтэграванай вайсковай структуры. У 1996 годзе гішпанскі парлямэнт пагадзіўся з рашэньнем ураду аб пераходзе да поўнага ўдзелу Гішпаніі ў аб’яднанай вайсковай структуры НАТО.
Усе без выключэньня краіны НATO ўдзельнічаюць у працы Камітэта палітыка-вайсковага кіраваньня па праграме «Партнэрства дзеля міру» і іншых групах, што дзейнічаюць па праграмах Рады эўра-атлянтычнага партнэрства і «Партнэрства дзеля міру».
Адрозьненьні паміж краінамі-сябрамі НATO могуць таксама быць вынікам геаграфічнага, палітычнага, ваеннага або канстытуцыйнага становішча. Так, удзел Нарвэгі і Даніі ў ваенных плянах НATO абмяжоўваецца нацыянальным заканадаўствам, па якім немагчыма разьмяшчэньне ядравай зброі і замежных войск на іх нацыянальнай тэрыторыі ў мірны час.
Выпрацоўка палітыкі НАТО і падрыхтоўка канкрэтных мерапрыемстваў ажыцьцяўляецца на падставе рэгулярных узаемных кансультацыяў краін-сяброў. Такія кансультацыі могуць мець некалькі формаў:
- аднабаковае прадастаўленьне інфармацыі кім-небудзь з удзельнікаў;
- двухбаковы ці шматбаковы інфармацыйны абмен;
- паведамленьне іншым удзельнікам пра рашэньні, прынятыя на нацыянальным узроўні (у тым ліку з мэтай атрымаць ухваленьне з боку партнэраў);
- папярэдняе паведамленьне пры акцыі, якія рыхтуюцца;
- папярэднія кансультацыі з мэтай узгадненьня паралельных дзеяньняў, якія будуць ажыцьцяўляцца кожным з удзельнікаў індывідуальным чынам;
- кансультацыі з мэтай выпрацоўкі такіх рашэньняў, якія павінныя прымацца ці ажыцьцяўляцца на калектыўнай аснове.
Рэгулярныя кансультацыі па палітычных пытаньнях таксама маюць месца ў межах Рады эўра-атлянтычнага партнэрства і пры сустрэчах Паўночнаатлянтычнае рады і палітычных камітэтаў з партнэрамі па супрацоўніцтве — дзяржавамі, якія не зьяўляюцца сябрамі НАТО.
Галоўнымі форумамі НATO для інтэнсіўных кансультацыяў падчас пэрыядаў палітычнай напружанасьці зьяўляюцца Паўночнаатлянтычная рада і Камітэт плянаваньня абароны пры падтрымцы Ваеннага камітэта і палітычных камітэтаў. Стабільнасьць камунікацыйнага працэсу забясьпечвае Сытуацыйны цэнтар НATO, які круглыя суткі падтрымлівае сувязь з сталіцамі дзяржаў-сяброў НATO і галоўнакамандуючымі войскамі НATO.
Месца і роля ў сьвеце[рэдагаваць]
Трансфармацыя НАТО[рэдагаваць]
Лёнданскі саміт НАТО 1990, Рымскі саміт НАТО 1991, Стратэгічная канцэпцыя НАТО 1991, Рада эўра-атлянтычнага партнёрства, Праграма «Партнёрства дзеля міру», Вашынгтонскі саміт НАТО 1999, Стратэгічная канцэпцыя НАТО 1999.
Апэрацыі НАТО[рэдагаваць]
- Асноўны артыкул: Апэрацыі НАТО
- Апэрацыі 1992—1993 у былой Югаславіі: нагляд ваенна-марскімі сіламі за выкананьнем эмбарга ў Адрыятыцы, усталяванага ў адпаведнасьці з рэзалюцыяй № 787 Рады Бясьпекі ААН; кантроль зоны, забароненай для палётаў над Босьніяй і Герцэгавінай, забясьпечаны самалётамі НATO, у адпаведнасьці з рэзалюцыяй № 781 Рады Бясьпекі ААН.
- Авіяўдары па пазыцыях войскаў басьнійскіх сэрбаў вакол Сараева, Гораждзэ, Біхачу, абстрэл аэрадрома Ўдбіна ў Сэрбскай Краіне ў 1994—1995. Апэрацыя «Абдуманая сіла» (па-ангельску: Delіberate Force).
- Ажыцьцяўленьне ваеннага аспэкту мірнага дагавора па Босьніі 1995 у рамках шматнацыянальных «выканаўчых» сілаў (па-ангельску: Implementation Force, IFOR): апэрацыя «Сумесная спроба» (па-ангельску: Joint Endeavour) сьнежань 1995 — сьнежань 1996.
- Стабілізацыйныя сілы (па-ангельску: Stabilisation Force, SFOR).
- Апэрацыя супраць Фэдэратыўнай Рэспублікі Югаславія «Аб’яднаная сіла» (па-ангельску: Operation Allied Force) ў 1999.
- Апэрацыі пасьля 11 верасьня 2001 (па-ангельску: Operation Eagle Assist, Operation Active Endeavour). Ваенная прысутнасьць НАТО ў Аўганістане ў рамках Міжнародных сілаў садзейнічаньня бясьпецы (па-ангельску: International Security Assistance Force, ISAF) з 2003.
Узаемадзеяньне зь іншымі арганізацыямі[рэдагаваць]
Арганізацыя Аб’яднаных Нацыяў, Арганізацыя па бясьпецы і супрацоўніцтве ў Эўропе, Эўрапейскі Зьвяз, Арганізацыя Дагавора аб калектыўнай бясьпецы, Рада Эўропы.
Сябры[рэдагаваць]
- Краіны-заснавальнікі (4 красавіка 1949)
- Бэльгія
- Канада
- Данія
- Францыя (з 1993 удзельнічае толькі ў палітычнай структуры арганізацыі)
- Ісьляндыя
- Італія
- Люксэмбург
- Нідэрлянды
- Нарвэгія
- Партугалія
- Вялікая Брытанія
- Злучаныя Штаты Амэрыкі
Далучыліся пазьней:
- Грэцыя (18 лютага 1952)
- Турэччына (18 лютага 1952)
- Нямеччына (9 траўня 1955 — Заходняя Нямеччына; у 1957 да яе далучыўся Заарлянд; і 3 кастрычніка 1990 — землі былой НДР)
- Гішпанія (30 траўня 1982)
Былыя краіны Варшаўскай дамовы, што далучыліся пасьля заканчэньня «халоднай вайны»:
2009 г.
Пашырэньне[рэдагаваць]
Для пашырэньня складу NATO распрацаваны адмысловы мэханізм, паводле якога краіны-кандыдаты павінны штогод рабіць справаздачу аб прагрэсе, дасягнутым у наступных накірунках:
- Палітыка і эканоміка: Краіны павінны дэманстраваць імкненьне вырашаць міжнародныя, міжэтнічныя і тэрытарыяльныя канфлікты мірнымі сродкамі, з увагай да законнасьці і правоў чалавека.
- Абарона і войска: Краіна павінна быць здольнай рабіць адпаведны ўнёсак у забесьпячэньне калектыўнай бясьпекі і ўдзельнічаць у апэрацыях альянсу.
- Рэсурсы: Войска краіны-кандыдата павінна быць адпаведным чынам забясьпечанае матэрыяльна.
- Бясьпека: Забесьпячэньне інфармацыйнай бясьпекі краіны-кандыдата.
- Заканадаўства: Забесьпячэньне сумяшчальнасьці нацыянальнага заканадаўства і сяброўства ў NATO.
NATO забясьпечвае кандыдатам адпаведную тэхнічную дапамогу ў выкананьні крытэраў сяброўства[2].
На цяперашні момант кандыдатам на ўступленьне ў NATO зьяўляецца Македонія.
Актыўна вядуцца перамовы і дэ-факта прынятае прынцыповае рашэньне аб будучым прыняцьці ў склад арганізацыі Грузіі (пасьля вырашэньня тэрытарыяльных канфліктаў) і Ўкраіны (пасьля дасягненьня ўнутрыпалітычнага кансэнсусу што да далучэньня).
Супрацоўніцтва зь іншымі краінамі[рэдагаваць]
Эўраатлянтычнае супрацоўніцтва[рэдагаваць]
Для пашырэньня супрацоўніцтва паміж 26 краінамі Альянсу і 20 краінамі-партнэрамі былі распрацаваныя дзьве праграмы.
- Праграма Партнэрства дзеля міру была распрацаваная ў 1994 і базуецца на індывідуальных двухбаковых адносінах паміж краінай-партнэрам і NATO: кожная краіна можа абраць ступень свайго ўдзелу.[3]
- Праграма Рада Эўраатлянтычнага партнэрства была прынятая 29 траўня 1997 г. і зьяўляецца форумам для рэгулярнай каардынацыі, кансультацыяў і дыялёгу паміж усімі 46 яе ўдзельнікамі. [4]
Краіны-партнэры NATO:
|
|
- Мальта была далучылася да «Партнэрства дзеля міру» ў 1994 г., але пакінула праграму ў 1996 г.
- Кіпр ня стаў удзельнікам «Партнэрства дзеля міру» з-за супрацьстаяньня Турэччыны па пытаньні Паўночнага Кіпру.
- Босьнія і Герцагавіна, Сэрбія і Чарнагорыя зьяўляюцца кандыдатамі на далучэньне да праграмы «Партнэрства дзеля міру». Іх далучэньне залежыць ад правядзеньня рэформаў у вайсковай і палітчынай сфэрах.
Міжземнаморскі дыялёг[рэдагаваць]
Міжземнаморскі дыялёг — гэта прынятая ў 1994 г. праграма каапэрацыі паміж NATO і сям’ю краінамі Міжземнаморскага рэгіёну:[5]
Структура[рэдагаваць]
Палітычная структура[рэдагаваць]
Сыстэма прыняцьця рашэньняў і структура кіраваньня NATO вызначаная ў Паўночнаатлянтычнай дамове. Кожная краіна-ўдзельнік мае сваю дэлегацыю ў штаб-кватэры альянсу ў Брусэлі, Бэльгія. Дэлегацыя ўзначальваецца пастаянным прадстаўніком у статусе амбасадара.
Разам пастаянныя прадстаўнікі краінаў складаюць Паўночнаатлянтычную раду (North Atlantic Council), ворган, які зьбіраецца як мінімум адзін раз на тыдзень і прымае рашэньні па асноўнай дзейнасьці і функцыянаваньню NATO. Час ад часу Рада зьбіраецца з удзелам міністраў замежных справаў, абароны і прам’ер-міністраў для прыняцьця найбольш важных стратэгічных рашэньняў.
Старшынём на паседжаньнях Паўночнаатлянтычнай рады — генэральны сакратар NATO. Рашэньні прымаюцца на аснове кансэнсусу. Рашэньні не прымаюцца галасаваньнем ці большасьцю, усе краіны прадстаўленыя ў аднолькавай ступені.
Другі па важнасьці чалец дэлегацыі ад краіны — вайсковы прадстаўнік у рангу старэйшага афіцэру нацыянальнага войска. Вайсковыя прадстаўнікі ўтвараюць Ваенны камітэт, які адказны за падрыхтоўку прапановаў і рэкамэндацыяў палітычнаму кіраўніцтву Альянсу адносна мерапрыемстваў датычна забесьпячэньня агульнай абароны. Камітэт ажыцьцяўляе кансультацыі стратэгічнага камандваньня NATO. Як і Паўночнаатлянтычная рада, Ваенны камітэт пэрыядычна сустракаецца на больш высокім узроўні, з удзелам кіраўнікоў генэральных штабоў краін-удзельнікаў Альянсу.
Таксама функцыянуе Парлямэнцкая асамблея NATO, якая складаецца з прадстаўнікоў парлямэнтаў краінаў-удзельнікаў.
Вайсковая структура[рэдагаваць]
Вайсковыя апэрацыі NATO кіруюцца двума стратэгічнымі камандэрамі, адказнымі перад Ваенным камітэтам за агульнае кіраваньне вайсковымі аспэктамі ў сфэры сваёй кампэтэнцыі.
Да 2003 году Стратэгічныя камандэры дзяліліся паводле геаграфічных рэгіёнаў (Эўропа і Амэрыка), аднак цяпер падзел ідзе паводле сфэраў дзейнасьці: Камандваньне трансфармацыямі (трансфармацыя і трэніяваньне войскаў) і Камандваньне апэрацыямі (вайсковыя апэрацыі NATO).
Асобы на чале арганізацыі[рэдагаваць]
| # | Імя | Краіна | Тэрмін |
|---|---|---|---|
| 1 | Генэрал Гастынґс Даянэл Ісмай | Вялікабрытанія | 4 красавіка 1952 — 16 траўня 1957 |
| 2 | Поль-Анры Спаак | Бэльгія | 16 траўня 1957 — 21 красавіка 1961 |
| 3 | Дырк Стрыкер | Нідэрлянды | 21 красавіка 1961 — 1 жніўня 1964 |
| 4 | Мануілё Брозіё | італія | 1 жніўня 1964 — 1 кастрычніка 1971 |
| 5 | Ёзэф Люнс | Нідэрлянды | 1 кастрычніка 1971 — 25 чэрвеня 1984 |
| 6 | Пітэр Карынґтан | Вялікабрытанія | 25 чэрвеня 1984 — 1 ліпеня 1988 |
| 7 | Манфрэд Вёрнэр | Нямеччына | 1 ліпеня 1988 — 13 жніўня 1994 |
| 8 | Сэрджыё Балянцына | Італія | 13 жніўня 1994 — 17 кастрычніка 1994 |
| 9 | Вілі Клэс | Бэльгія | 17 кастрычніка 1994 — 20 кастрычніка 1995 |
| 10 | Сэрджыё Балянцына | Італія | 20 кастрычніка 1995 — 5 сьнежня 1995 |
| 11 | Хаўер Саляна | Гішпанія | 5 сьнежня 1995 — 6 кастрычніка 1999 |
| 12 | Джордж Робэртсан | Вялікая Брытанія | 14 кастрычніка 1999 — 1 студзеня 2004 |
| 13 | Яап дэ Гоп Схэфэр | Нідэрлянды | 1 студзеня 2004 — с.д. |
| # | Імя | Краіна | Тэрмін |
|---|---|---|---|
| 1 | Сэрджыё Балянцына | Італія | 1994 — 2001 |
| 2 | Алесандра Мінута Рыца | Італія | 2001 — с.д. |
Беларусь і NATO[рэдагаваць]
Удзельнікамі NATO зьяўляецца палова суседзяў Беларусі — Польшча, Летува, Латвія. Украіна ў хуткім часе атрымае статус кандыдата на ўступленьне ў Альянс.
Беларусь удзельнічае ў Радзе эўра-атлянтычнага партнёрства з 1992 (да 1997 — Рада Паўночнаатлянтычнага супрацоўніцтва), у праграме «Партнёрства дзеля міру» — з 1995. Удзел у мерапрыемствах Навуковай праграмы НАТО беларускія навукоўцы бяруць з 1993. Пастаяннае прадстаўніцтва Рэспублікі Беларусь пры НАТО адкрыта ў 1998. На беларускіх вайсковых вучэньнях рэгулярна адпрацоўваецца сцэнар адбіцьця атакі з Захаду.
Супрацоўніцтва Беларусі і НАТО вядзецца па наступных асноўных накірунках: адпрацоўка ўзаемадзеяньня пры ліквідацыі надзвычайных сытуацыяў, кіраваньне крызыснымі сытуацыямі, моўная падрыхтоўка афіцэраў, ваенная адукацыя, дэмакратычны кантроль над узброенымі сіламі, плянаваньне і правядзеньне апэрацыяў па падтрыманьні міру, ваенная геаграфія, гуманітарнае разьмініраваньне, меры палітычнага і ваеннага характару, скіраваныя супраць распаўсюджаньня ядзернай, бактэрыялягічнай і хімічнай зброі, плянаваньне, арганізацыя і кіраваньне нацыянальнымі праграмамі ў галіне абарончых дасьледаваньняў і тэхналёгія, стралковая зброя і лёгкія ўзбраеньні.
Вясной 1999 году Беларусь асудзіла агрэсію супраць Югаславіі і часова прыпыніла адносіны з НАТО, пазьней яны былі адноўленыя ў поўным аб’ёме. Восеньню 2001 году Беларусь аказала некаторую практычную дапамогу НАТО пры падрыхтоўцы міжнароднай антытэрарыстычнай ваеннай апэрацыі ў Аўганістане.
Крыніцы[рэдагаваць]
Літаратура[рэдагаваць]
- НАТО: проблемы трансформации и расширения / А. А. Розанов. — Менск: Завигар, 1996. — ISBN 985-6187-03-6
- Мир после Косово = The World After Kosovo Crisis : Реф. сб. / РАН. Ин-т науч. информации по общественным наукам; Ред.-сост. О. А. Жирнов; Отв. ред. Т. Г. Пархалина. — М., 2001. — ISSN 0235-5620
Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць]
Арганізацыя Паўночнаатлянтычнай дамовы — сховішча мультымэдыйных матэрыялаў
- Афіцыйная старонка (анг.)
- Лукашенко: Беларусь не ищет и не будет искать конфронтации с НАТО
- Вступ до НАТО: 20 проти 6 на користь України // Українська правда, 29.05.2006
|
|||||||||||||