Капіталізм
Капіталізм — эканамічная сыстэма, якая функцыянуе на аснове прыватнай уласнасьці, а так сама ўсеагульнай роўнасьці і свабодзе прадпрымальніцтва. Галоўнай мэтай пры прыняцьці эканамічных рашэньняў зьяўляецца павялічэньне капіталу і атрыманьне прыбытку. Капіталістычная сыстэма абапіраецца на наступныя прынцыпы:
- свабоднага абароту тавараў і паслугаў;
- свабоднай канкурэнцыі;
- свабоднага абароту капіталу і сродкаў вытворчасьці.
Назва капіталізм часта ўжываецца для абазначэньня сыстэмы грамадзтва, эканомікі і палітыкі заходніх краінаў.
Нідзе ў сьвеце ня дзейнічае капіталізм у чыстым выглядзе. Звычайна існуюць наступныя абмежаваньні:
- дзяржаўныя манаполіі — прыватныя манаполіі ў чыстым капіталізьме (свабодным рынку), немагчымы па яго прыродзе;
- абмежаваньне абароту капіталу, звычайна праз дзяржаўны кантроль над банкаўскай сыстэмай;
- дзяржаўнае гаспадарчае ўмяшаньне і пратэкцыянізм;
- неаднолькавы падыход да ўдзельнікаў рынку, напрыклад праз ільготнае падаткаабкладаньне;
- абмежаваньні свабоднага абарачэньня таварамі і паслугамі;
- ліцэнзіяваньне і дзяржаўны заказ;
- элемэнты дзяржаўнага кіраваньня эканомікай.
Капіталізм залежыць ад разьвіцьця фінансавай сыстэмы. Асновай фінансавай сыстэмы ў капіталізьме зьяўляюцца банкі і біржы. Для стабільнасьці капіталістычнай сыстэмы неабходна існаваньне стабільнай валюты. Паводле лібэральнай тэорыі, капіталістычная эканоміка становіцца тым менш эфэктыўнай, чым большую ролю ў ёй грае дзяржава.
Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць]
Капіталізм — сховішча мультымэдыйных матэрыялаў