Докшыцкі раён

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Перайсьці да: навігацыі, пошуку
Адміністрацыйна-тэрытарыяльная адзінка
Докшыцкі раён
Flag of Dokšycy and Dokšycy Rajon.svg
Сьцяг
Агульныя зьвесткі
Краіна Беларусь
Уваходзіць у Віцебская вобласьць
Адміністрацыйны цэнтар Докшыцы
Дата ўтварэньня 15 студзеня 1940
Мовы ва ўжытку Родная мова:
 · беларуская — 90,44 %,
 · расейская — 8,77 %
Размаўляюць дома:
 · па-беларуску — 76,96 %,
 · па-расейску — 16,54 %[1]
Насельніцтва (2009)
26 828 чал.[1] (72-е месца)
Шчыльнасьць 11,83 чал./км² (99-е месца)
Нацыянальны склад беларусы — 94,85 %,
расейцы — 3,02 %,
іншыя — 2,13 %[1]
Плошча 2267,61[2] км² (21-е месца)
Вышыня па-над узр. м.
 · найвышэйшы пункт

 264,4[3] м
Месцазнаходжаньне Докшыцкага раёну
Докшыцкі раён на мапе
Мэдыя-зьвесткі
Часавы пас UTC +3
Тэлефонны код +375-21-57
Паштовыя індэксы 211 7хх
Афіцыйны сайт
Commons-logo.svg   Дадатковыя мультымэдыйныя матэрыялы

До́кшыцкі раён — адміністрацыйна-тэрытарыяльная адзінка на паўночным захадзе Віцебскай вобласьці Беларусі. Плошча раёну складае 2267,61 км². Насельніцтва — 26 828 чалавек (2009). Адміністрацыйны цэнтар — горад Докшыцы, разьмешчаны каля вытокаў Бярэзіны, за 195 км ад Віцебску і за 132 км ад Менску.

Мяжуе з Пастаўскім, Глыбоцкім, Ушацкім, Лепельскім раёнамі Віцебскай вобласьці і Мядзельскім, Лагойскім і Барысаўскім раёнамі Менскай вобласьці.

У раёне 274 населеныя пункты, у тым ліку горад Докшыцы і гарадзкі пасёлак Бягомель; 11 сельсаветаў (Бягомскі, Бярозкаўскі, Бярэзінскі, Валкалацкі, Докшыцкі, Крулеўшчынскі, Крыпульскі, Параф’янаўскі, Порплішчанскі, Сітцаўскі, Тумілавіцкі).

Гісторыя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Докшыцкі край у пэрыяд 1939—1941 гадоў[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Былы Касьцёл Найсьв. Тройцы (да 1914) у Докшыцах

Пасьля ўваходжаньня Заходняй Беларусі ў склад БССР у сьнежні 1939 году — студзені 1940 году на новадалучанай тэрыторыі быў уведзены новы адміністрацыйна-тэрытарыяльны падзел. У выніку 15 студзеня 1940 году на мапе побач зь Бягомльскім раёнам Менскай вобласьці зьявіўся Докшыцкі раён Вялейскай вобласьці. Адміністрацыйным цэнтрам стаў горад Докшыцы.

Утвораны раён займаў тэрыторыі былых Докшыцкай, Параф’янаўскай і Порплішчанскай воласьцей Дзісьненскага павету. Агульная тэрыторыя раёну складала 894,6 км², насельніцтва — 36 468 чалавек. Сярод іх беларусаў было 26 721, палякаў — 2406, габрэяў — 3120, татараў — 212, летувісаў — 6. Раён налічваў 369 населеных пунктаў, 7027 сялянскіх гаспадарак, у тым ліку 4260 хутарскіх, 83 памешчыцкія маёнткі і фальваркі[4].

  • пачатак 1940: на тэрыторыі раёну працавала 3 малочныя заводы, 2 вінакурні, 6 млыноў з мэханічнымі рухавікам, 6 лесапілак, 2 шкіпінарныя прадпрыемствы, 2 цагельні, 2 электрастанцыі (Блонь і Крулеўшчына); 34 пачатковыя і 10 няпоўных сярэдніх школаў (5485 вучняў, 92 настаўнікі), 11 клюбаў, 12 чырвоных куткоў, 5 бібліятэкаў.
  • люты 1940: на Докшыччыне былыя памешчыкі, чыноўнікі, каляністы-асаднікі, польскія паліцыянты і вайскоўцы, а таксама частка заможных сялянаў, якія апынуліся на савецкай тэрыторыі былі арыштаваныя ці высланыя ва ўсходнія раёны СССР.
Бягомльская царква Ўсіх Сьвятых (ХІХ ст.)
  • 24 сакавіка 1940: на тэрыторыі пяці вобласьцей Заходняй Беларусі адбыліся першы выбары ў Вярхоўны Савет СССР і Вярхоўны савет БССР. Па Докшыцкай выбарчай акрузе быў абраны дэпутат Мікалай Адамавіч Войніч. Фармаваньне мясцовых органаў савецкай улады было завершанае да канца 1940 году.
  • чэрвень 1940: раённая партыйная арганізацыя налічвала 6 першасных партарганізацыяў, 46 чальцоў КП(б)Б, 42 кандыдаты ў чальцы КП(б)Б. У камсамольскую арганізацыю ўступілі 148 чалавек.
  • 12 кастрычніка 1940: былі зацьверджаныя 14 сельсаветаў раёну: Бярозаўскі (з 16 ліпеня 1954 году — Крыпульскі), Валодзькаўскі, Гнязьдзілаўскі, Грабучанскі, Докшыцкі, Крулеўшчынскі, Несьцераўшчынскі, Параф’янаўскі, Порплішчанскі, Старасельскі (з 16 ліпеня 1954 году — Сітцаўскі), Таргуноўскі, Тумілавіцкі, Юркаўшчынскі, Янкаўскі.

У 1940 годзе ў раёне была створаная Докшыцкая МТС, арганізавана 9 калгасаў (аб’ядноўвалі 476 гаспадаркі). У 1941 годзе было створана яшчэ 7 калгасаў (аб’ядноўвалі 162 гаспадаркі).

  • красавік 1941: былі ўведзеныя гранічныя нормы землекарыстаньня ў залежнасьці ад мясцовых умоваў, складу сям’і і г. д., што выклікала незадаволенасьць і супраціў часткі сялянства. Усе незадаволеныя неўзабаве былі сасланыя органамі НКУС за межы рэспублікі[5].

Докшыцкі край у гады Вялікай Айчыннай вайны[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Узяцьце Докшыцкага раёну нямецкімі войскамі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

2 ліпеня 1941 году гітлераўскія войскі ўжо знаходзіліся на тэрыторыі Докшыцкага раёну. Праз Докшыцы па дарозе ад Даўгінава да Беразіно рухаліся нямецкія рэгулярныя часткі, якія 2 ліпеня авалодалі Бягомлем і выйшлі на пераправы каля вёскі Кальнік. Адступаючыя савецкія вайсковыя часткі спрабавалі заняць абарону на старой граніцы, затым на ўсходнім беразе Бярэзіны, асабліва ў месцах пераправаў і паблізу мастоў. Пасьля няўдалай спробы 28 чэрвеня 1941 году адбіць Лагойск да 50-й стралковай дывізіі, якая вяла баі на поўдні Бягомльскага раёна далучыўся 288-ы стралковы полк, адкінуты зь Менску[6].

На участку ад возера Палік і вёскі Хаўхоліца (Барысаўскі раён) да вёскі Студзёнка часткі дывізіі здолелі арганізаваць часовую абарону, дзе 3—4 ліпеня ішлі інтэнсіўныя баявыя дзеяньні. Неўзабаве 50-я дывізія і іншыя часткі ня здолелі стрымаць нямецкія танкі, былі адкінутыя ў лясы і адступалі да Лепелю[6].

Акупацыйны рэжым[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

З прыходам нямецкіх войскаў у раёне ўсталяваўся акупацыйны рэжым і былі ліквідаваныя савецкія органы ўлады. Для больш эфэктыўнага правядзеньня акупацыйнай палітыкі нямецкае камандваньне стварыла дапаможную мясцовую ўладу — раённыя ўправы пры шэфах раёнаў на чале з бургамістрамі. На тэрыторыях былых сельсаветаў былі створаныя валасныя ўлады, якія ўзначальвалі бургамістры. У кожную вёску прызначаўся стараста. Галоўнай функцыяй грамадзкай улады было ўсталяваньне і падтрыманьне нямецкага парадку на падначаленыя тэрыторыі. У адпаведнасьці з дырэктывай вышэйшага нямецкага камандваньня за час акупацыі ў Докшыцкім раёне былі зьнішчаныя 104 вёскі[7].

Як і на іншых акупаваных нямецкай арміяй тэрыторыях была ўсталяваная палітыка генацыду ў дачыненьні да асобаў габрэйскай нацыянальнасьці. Ужо ў першыя месяцы акупацыі ў Докшыцах было створана гета, у якім за час яго існаваньня былі зьнішчаныя 2653 габрэя[7]. Зона гета пачыналася ад саду сынагогі, уключала ў сябе некалькі суседніх алеяў і частку галоўнай вуліцы імя Касьцюшкі.

Першы пагром адбыўся ў красавіку 1942 году, калі мясцовая паліцыя ўварвалася ў гета дзеля помсты за гады савецкай улады. На наступную раніцу схопленыя габрэі былі расстраляныя на мясцовых могілках. Другая выправа адбылася напачатку траўня 1942 году, калі на сьвітанку гета акружыла паліцыя. Шматлікія габрэі пачалі хавацца ў пабудаваныя сховішчы, але немцамі яны былі знойдзеныя і ўсе, каго там знайшлі былі расстраляныя. 29 траўня 1942 году гета было канчаткова ліквідаванае і ў чэрвені ў Докшыцах не засталося ніводнага габрэя[7].

Геаграфія[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Большая частка тэрыторыі раёну разьмешчана ў межах Верхнебярэзінскай і Нарачанска-Вялейскай нізінаў. На поўнач — адгор'і Сьвянцянскіх градаў, на поўдзень — Менскае ўзвышша. Паверхня ўзгорыста-раўнінная. Найвышэйшы пункт Докшыцкага раёну знаходзіцца каля вёскі Лусьцічы (264,4 мэтра над узроўнем мора)[3].

Докшыцкі раён разьмяшчаецца на водападзеле басэйнаў Чорнага і Балтыйскага мораў. Тут бяруць пачатак рэкі Вілія і Бярэзіна. Вілія і Сэрвач нясуць свае воды ў Нёман, а Бярэзіна — у Дняпро.

На тэрыторыі ёсьць тры гідралягічныя заказьнікі рэспубліканскага значэньня: Верхневялейскі, Галубіцкая пушча і Сэрвач, створаныя для захаваньня воднай экасыстэмы.

Рэкі і азёры[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

На тэрыторыі раёна знаходзяцца азёры: Сэрвач, Плаўна, Вольшыца, Медззол, Межужол, Манец, Дамашкаўскае, Станіслаўскае, Чорнае, Маскавіца і Камайскае. Самае вялікае возера — Сэрвач, якое знаходзіцца ў басэйне ракі Сэрвач за 18 км на паўночны захад да горада Докшыцы, каля вёска Вешняе і Шантараўшчына.

Прыродныя рэсурсы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

На тэрыторыі раёна знаходзяцца радовішчы торфу, гліны, пясчана-жвіровага матэрыялу. 35% ад агульнай плошча раёну займаюць сельскагаспадарчыя ўгодзьдзі, 48% — лясы. У Докшыцкім раёне знаходзіцца паўночнай частка Бярэзінскага біясфэрнага запаведніка плошчай 200 км.

Жывёльны сьвет і расьліннасьць[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Бягомльскі лес

У сьнежні 1924 году экспэдыцыя навуковых работнікаў па ахове прыроды выявіла каля дваццаці сем’яў рачнога бабра — каштоўнага зьвера, які на той час лічыўся зьнішчаным у Беларусі. Гэта паслужыла падставай для стварэньня 30 студзеня 1925 году першага ў Беларусі Бярэзінскага запаведніка. На тагачаснай яго тэрыторыі яшчэ захоўваліся папуляцыі лася, мядзьведзя, дзіка, бабра, выдры, эўрапейскай норкі і іншых жывёлаў, многія зь якіх былі на мяжы зьнішчэньня.

У цяперашні час у Бярэзінскім запаведніку растуць 800 відаў судзінных расьлінаў, 216 відаў імхоў, 238 відаў лішайнікаў, 317 відаў водарасьцей і 463 віды грыбоў, зь якіх вэнэрын чаравічок, лілея кудравая, пальцагалоўнік чырвоны, глядыёлус чарапітчаты, арніка чорная[8].

Западвеная фаўна прадстаўлена 56 відамі сысуноў, 230 відамі птушак, 3 відамі рэптыліяў, 11 відамі земнаводных, 34 відамі рыб[8]. Запаведнік таксама зьяўляецца месцам абітаньня зубра, бурага мядзьведзя, рысі, бабра, выдры; з птушак — беркут, даўгахвостая няясыць, лебедзь-шыпун, чорны бусел, трохпалы дзяцел.

Прыродныя помнікі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • Сітцаўскі парк — узор садова-паркавага мастацтва XVII стагодзьдзя.
  • Дуб-велікан — помнік прыроды рэспубліканскага значэньня з 1963 году. Вышыня — 26 мэтраў, дыямэтар ствала — 2 мэтры, кроны — 27—28 мэтраў, узрост — амаль 500 год.
  • Варганская гара — утвораны ледавіком пагорак і культавае месца, на якім знаходзіцца гарадзішча першага тысячагодзьдзя.
  • Сьцёп-камень (або камень Сьцяпан) — прыродны помнік язычніцкага культу (паміж вёскамі Красьнікі і Жамойск)

Вядомыя асобы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • Віталь Баравы, сьвятар, нарадзіўся ва ўжо неіснуючай вёсцы Несьцераўка каля Параф’янава

Сымболіка[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

28 лютага 2011 году ўказам прэзыдэнта «Об учреждении официальных геральдических символов административно-территориальных единиц Витебской области» зацьверджаны сьцяг раёну[9].

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ а б в Вынікі перапісу 2009 году
  2. ^ «Государственный земельный кадастр Республики Беларусь» (па стане на 1 студзеня 2010 г.)(рас.)
  3. ^ а б Палачанін, Ф.А. Прыродна-геаграфічнае апісанне Докшыцкага раёна. Флора і фауна. Помнікі прыроды // Докшыцкі край. — Менск: Беларусь: 2009. — С. 9. — 181 с. — ISBN 978-985-01-0822-7
  4. ^ Палачанін, Ф.А. Наш край пасля уз’яднання Заходняй беларусі з БССР // Докшыцкі край. — Менск: Беларусь: 2009. — С. 22. — 181 с. — ISBN 978-985-01-0822-7
  5. ^ Палачанін, Ф.А. Наш край пасля уз'яднання Заходняй беларусі з БССР // Докшыцкі край. — Менск: Беларусь: 2009. — С. 25. — 181 с. — ISBN 978-985-01-0822-7
  6. ^ а б Палачанін, Ф.А. Прыродна-геаграфічнае апісанне Докшыцкага раёна. Флора і фауна. Помнікі прыроды // Докшыцкі край. — Менск: Беларусь: 2009. — С. 25—26. — 181 с. — ISBN 978-985-01-0822-7
  7. ^ а б в Палачанін, Ф.А. Прыродна-геаграфічнае апісанне Докшыцкага раёна. Флора і фауна. Помнікі прыроды // Докшыцкі край. — Менск: Беларусь: 2009. — С. 27. — 181 с. — ISBN 978-985-01-0822-7
  8. ^ а б Палачанін, Ф.А. Прыродна-геаграфічнае апісанне Докшыцкага раёна. Флора і фауна. Помнікі прыроды // Докшыцкі край. — Менск: Беларусь: 2009. — С. 12. — 181 с. — ISBN 978-985-01-0822-7
  9. ^ Об учреждении официальных геральдических символов административно-территориальных единиц Витебской области. Указ Президента Республики Беларусь от 28.02.2011 г. № 86(рас.)

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Commons-logo.svg  Докшыцкі раёнсховішча мультымэдыйных матэрыялаў