Хутар

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Перайсьці да: навігацыі, пошуку
«Хутар у Малай Русі». Канстантын Крыжыцкі, 1884 год.

Ху́тар (па-лацінску: mansus, sors, [casa] coloni[c]a, c.massaricia, c.servula; ст. грэцк.: hide, sulung; сканд.: bol; ст. верх. па-нямецку: huba) — від сельскага паселішча, гаспадаркі з прыналежнай да яго зямлёй; малое вясковае, часьцяком аднадваровае адасобленае паселішча па-за межамі больш буйных вёсак або сёлаў.

У багатых эўрапейскіх краінах, пачынаючы з Раньняга Сярэднявечча, хутар — гаспадарчая адзінка альбо функцыянальны элемэнт арганізацыі зямельнай уласнасьці.

Этымалёгія назвы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Паводле меркаваньня Макса Фасмэра [1], слова «хутар» патрапіла ва ўсходнеславянскія мовы з стара-верхне-нямейкай (па-нямецку: huntari) і швэдзкай (па-швэдзку: hundari) моваў, а таксама з паўднёва-нямецкай (па-нямецку: hufe). Пазьней з усходнеславянскіх моваў слова перайшло ў польскую (па-польску: chutor, futor).

Гісторыя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Хутар як від паселішча ўзьнік дзякуючы экстэнсіўнай апрацоўцы зямлі. Хутары паўставалі падчас асваеньня новых земляў, калі ствараліся адасобленыя гаспадаркі з разьмяшчэньнем усіх гаспадарскіх збудаваньняў у адным месцы побач з зямельным надзелам. Падобнымі да хутараў былі гэтак званыя водрубы і водрубавыя гаспадаркі, у якіх зямельныя ўгодзьдзі і частка гаспадарчых пабудоваў ствараліся побач, а сама сялянская сядзіба знаходзілася ў вёсцы.

Гістарычна для беларускіх земляў быў характэрны іншы тып аднадворнага паселішча — дворышча[2]. Хваля ўтварэньня хутароў на тэрыторыі Беларусі пачынаецца з адмены прыгоннага права ў сярэдзіне XIX ст. На пачатку 20 стагодзьдзя аграрная палітыка царскай Расеі спрыяла ўтварэньню хутаровых гаспадарак з мэтай узмацненьня падтрымкі з боку сялянства. Падчас Сталыпінскай рэформы (19071916) па ўсёй Расейскай імпэрыі былі створаныя 1,6 млн хутаровых гаспадарак з 16 млн дзесяцінаў зямлі. У Віцебскай губэрні, прыкладам, на хутары перасялілася 26,2 % сялянскіх двароў.

Новая хваля стварэньня хутароў мела месца ў час правядзеньня г.зв. Новай эканамічнай палітыкі. У далейшым гэтая палітыка атрымала назву «прышчэпаўшчына» па імені наркама земляробства БССР Зьм. Прышчэпава. Да 1929 на хутары было пераселена 107267 гаспадарак. У гэты час у Заходняй Беларусі хутары скасоўваліся пад час правядзеньня палітыкі камасацыі і парцэляцыі.

У 1927 годзе адбыўся зьезд ВКП(б), на якім было прынята рашэньне аб сацыялістычнай рэканструкцыі сельскай гаспадаркі СССР. А з 1929 году пачалася прымусовая калектывізацыя на сяле. З 1936 году ў БССР пачалося гвалтоўнае перасяленьне сялянаў з водрубаў і хутароў. У чэрвені 1939 Пленум ЦК КП(б)Б зацьвердзіў плян сьсяленьня сялян з хутароў. Усяго па Беларусі да 1941 года было сьселена каля 190 тыс. хутароў. У заходніх абласьцях Беларусі гэты працэс разгарнуўся пасьля Другой Сусьветнай вайны.

Падобнай да хутаровай гаспадаркі зьяўляецца сыстэма фэрмэрскіх паселішчаў і гаспадарак у Канадзе і ЗША.

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ Макс Фасмэр. Этымалягічны слоўнік(рас.)
  2. ^ Беларусы: У 8 т. Т.2. Дойлідства/ А. І. Лакотка; Ін-т мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору; Рэдкал.: В. К. Бандарчык, М. Ф. Піліпенка, А. І. Лакотка. — Мн.: Тэхналогія, 1997. С. 21

Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • Беларусы: У 8 т. Т.2. Дойлідства/ А. І. Лакотка; Ін-т мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору; Рэдкал.: В. К. Бандарчык, М. Ф. Піліпенка, А. І. Лакотка. — Мн.: Тэхналогія, 1997. — 391 с.: шл. ISBN 985-6234-28-X
  • Сабаленка, Э.Р., Гуркоў, У.С., Іваноў, У.М., Супрун, Дз.Д. Беларускае народнае жыллё. Мн., 1973.
  • Енциклопедія українознавства: В 10 томах / Головний редактор Володимир Кубійович. — Париж, Нью-Йорк: Молоде Життя, 1954—1989.
  • Enzyklopädie Brockhaus.
  • Lexikon des Mittelalters.