Пагост (тып паселішча)

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Перайсьці да: навігацыі, пошуку

Пагост — адміністрацыйна-тэрытарыяльная адзінка на Русі. Упершыню адміністрацыйна-тэрытарыяльна дзяленьне на Русі ўсталявала княгіня Вольга, падзяліўшы Наўгародзкую зямлю на пагосты, усталяваўшы для іх урокі, пагост тым самым асацыяваўся зь месцам прыпынку князя і яго лютвы падчас збору ўроку — пагосьцем (свайго роду заезны двор, ад слоў пагасьцяваць, гасьцяваць).

У наступным пагостамі сталі зваць адміністрацыйна-тэрытарыяльныя адзінкі, якія складаюцца зь некалькіх населеных пунктаў (аналяг сучасных сельскіх селішчаў, муніцыпальных утварэньняў раённага ўзроўню ў абласьцях), а таксама і населеныя пункты, што зьяўляюцца цэнтрамі такіх адміністрацыйна-тэрытарыяльных адзінак. Тэрмін ужываўся на сучасных беларускіх землях да XVIII ст.

У пагосьце меліся абшчынныя могілкі, цэнтральнае капішча (пасьля прыняцьця хрысьціянства — царква), праводзіліся вечавыя сходы, мірскія суды, агульныя для абшчыны сьвяты і абрады і інш. Гэтаксама ў пагост паступала даніна з навакольных паселішчаў.

Зьнікненьне пагоста як гістарычнага тыпу паселішча можна прымяркоўваць да пэрыяду канчатковага запрыгоньваньня абшчынных земляў (XIIIXIV стст.). З гэтага часу пагост як тып паселішча трансфармуецца ў відавы тапонім, ва ўсходніх рэгіёнах Беларусі назва пагост захоўваецца за могілкамі. У адрозьненьні ад Расеі, дзе пагост часам трансфармаўся ў цэнтар воласьці, на тэрыторыі Беларусі ва ўмовах фэадальна-прыгоньннай сыстэмы гаспадараньня на зьмену пагостам прыходзілі сёлы, як цэнтры вотчынных і памесных фэадальных уладаньняў. На месцы некаторых пагостаў узьніклі населеныя пункты.

Тыпы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • Пагост-акруга — некалькі бессыстэмных маладворных населеных адзінак (дворышчаў).
  • Пагост-цэнтар — кампактнае пасяленьне, якое мела радыяльна-кругавую пляноўку.

Ляндшафтава-плянавальная структура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Цэнтар забудовы пагоста вызначаўся царкоўным дваром (цьвінтаром), побач зь якім знаходзіўся грамадзкі сьвіран (крама) і заезны дом. Радыяльна, па кірунках асноўных дарог фармаваліся вуліцы-канцы. Там, дзе дарогі не маглі быць вызначальнымі ў пляноўцы (пры даволі рэдкай сетцы камунікацыяў), двары ставіліся вакол цэнтру (царквы), утвараючы канцэнтрычную структуру забудовы.[1]

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ Беларусы: У 8 т. Т.2. Дойлідства/ А. І. Лакотка; Ін-т мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору; Рэдкал.: В. К. Бандарчык, М. Ф. Піліпенка, А. І. Лакотка. — Мн.: Тэхналогія, 1997. С. 18—19

Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • Сабаленка, Э.Р., Гуркоў, У.С., Іваноў, У.М., Супрун, Дз.Д. Беларускае народнае жыллё. Мн., 1973.
  • Беларусы: У 8 т. Т.2. Дойлідства/ А. І. Лакотка; Ін-т мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору; Рэдкал.: В. К. Бандарчык, М. Ф. Піліпенка, А. І. Лакотка. — Мн.: Тэхналогія, 1997. — 391 с.: іл. ISBN 985-6234-28-X