Караль Станіслаў Радзівіл «Пане Каханку»
| Караль Станіслаў Радзівіл | |
Караль Станіслаў Радзівіл «Пане Каханку» |
|
Герб «Трубы» |
|
| Асабістыя зьвесткі | |
| Нарадзіўся: | 27 лютага 1734 Нясьвіж, Вялікае Княства Літоўскае |
| Памёр: | 21 лістапада 1790 Белая, Вялікае Княства Літоўскае |
| Род: | Радзівілы |
| Бацькі: | Міхал Казімер Радзівіл «Рыбанька» Францішка Ўршуля зь Вішнявецкіх |
| Жонка: | Марыя Караліна зь Любамірскіх, Тэрэза Караліна з Жавускіх |
Ка́раль Стані́слаў Радзіві́л (мянушка «Пане Каханку»; 27 лютага 1734, Нясьвіж — 21 лістапада 1790, Белая) — дзяржаўны дзяяч Вялікага Княства Літоўскага. Падчашы (1752) і мечнік вялікі літоўскі (1752—1762), ваявода віленскі (1762—1764, 1768—1790).
Караль Станіслаў Радзівіл быў найбольш заможным магнатам Рэчы Паспалітай другой паловы XVIII стагодзьдзя і адным з найбагацейшых прадстаўнікоў арыстакратыі ў Эўропе. Ягоная лятыфундыя ахоплівала 16 местаў і 683 вёскі, а вакол асобы князя вілося шмат легендаў. Трымаў Львоўскае староства, X ардынат на Нясьвіжы, VIII ардынат на Алыцы.
Зьмест |
[рэдагаваць] Біяграфія
Зь нясьвіскай лініі роду Радзівілаў, сын Міхала Казімера «Рыбанькі» і Францішкі Ўршулі зь Вішнявецкіх.
Навучаўся ў Нясьвіскім езуіцкім калегіюме. У 1742 атрымаў пад сваю каманду кавалерыйскую харугву ў войску Вялікага Княства Літоўскага[1]. У 1752 заступіў на пасады падчашага і мечніка вялікага літоўскага, у 1762 — ваяводы віленскага. 3 жніўня 1757 узнагароджаны ордэнам Белага Арла.
Вядомы пад мянушкай «Пане Каханку» паводле свайго ўлюбёнага зварота да ўсіх, не вылучаючы і пагарджанага караля — «худапахолка», а таксама дзеля адрозьненьня ад канцлера Караля Станіслава Радзівіла (1669—1719).
Выступаў супраць партыі Чартарыйскіх. На чале сваіх надворных войскаў уступіў у бойку з расейцамі пад Слонімам, але пацярпеў паразу і мусіў ратавацца ў Малдове, пазьней выехаў у Вугоршчыну і Саксонію[2]. У часе знаходжаньня ў Дрэздэне да яго прыйшла вестка пра адабраньне пасады ваяводы і сэквэстраваньня маёнткаў.
Дзякуючы намаганьням расейскага амбасадара Мікалая Рапніна, вярнуўся ў краіну і зрабіўся ў 1767 генэральным маршалкам Радамскай канфэдэрацыі. Выказаўшы прысягу на вернасьць каралю Станіславу Аўгусту Панятоўскаму, атрымаў назад усе страчаныя ўладаньні.
У 1768 выступіў супраціўнікам гарантыйнага трактату, паводле якога Рэч Паспалітая рабілася расейскім пратэктаратам, і зрабіўся генэральным маршалкам Барскай канфэдэрацыі. Калі расейскія войскі з баямі ўзялі Нясьвіж і Слуцак, мусіў зьехаць у Прусію. Да 1777 знаходзіўся на эміграцыі ў Вугоршчыне, Турэччыне, Чэхіі, Нямеччыне, Францыі, Вэнэцыі. У часе Чатырохгадовага Сойму быў адным з найвыразьнейшых супраціўнікаў рэформаў, караля і партыі Чартарыйскіх. Сфармаваў полк, які перадаў у склад войскаў Вялікага Княства Літоўскага.
Трымаў тэатар і аркестар у Нясьвіжы, збудаваў летнюю рэзыдэнцыю ў Альбе, аднавіў палац у Слуцку.
У шлюбе з Марыяй Каралінай Любамірскай, потым з Тэрэзай Каралінай Жавускай.
[рэдагаваць] Ацэнкі
Варта адзначыць, што вобраз Караля Станіслава II Радзівіла ў літаратуры і ў аповядах экскурсаводаў падаецца аднабока, нават скажона, далёкім ад гістарычнай праўды[3].
З аднаго боку ён быў прадстаўлены як адзін з найбольшых п’яніцаў і гулякаў Саскай эпохі[4], а зь іншага — як прыклад шляхетнасьці, самарытанства і патрыятызму. Невымерна багаты і ўплывовы, здабыў сябе сярод шляхты велічэзную папулярнасьць дзякуючы шчодрасьці, сармацкім звычаям, схільнасьці да гутарак і жартаў, зь іншага боку, вядомы быў дзікімі выбрыкамі і раздражняльнасьцю.
[рэдагаваць] Цікавыя факты
- Караль Станіслаў Радзівіл быў правобразам стольніка Гарэшкі ў паэме Адама Міцкевіча «Пан Тадэвуш».
- Стваральнікі і асноўныя прадстаўнікі рамантычнай літаратуры — Г. Жэвускі і В. Поль, а потым І. Ходзька і Ю. Крашэўскі — стварылі велізарную галерэю твораў, у якіх галоўным героем быў князь і ягоныя прыгоды.
- Вядомы ўласнымі несамавітымі аповедамі, якія пераўзыходзяць сваімі фантазіямі нават барона Мюнхаўзэна. Напрыклад, распавядаў пра трапленьне ў гармату, такую вялікую, што ўлез у яе разам з карэтай, запрэжанай чатырма канямі.
- Пане Каханку любіў распавядаць пра тое, як штурмаваў Гібралтар. Зь ягоных словаў, артылерыя крэпасьці вяла ў наступоўцаў ураганны агонь, аднак князь здолеў на кані прарвацца скрозь град ядраў і картэчы, і ўскочыць на крапасны вал. І тут ён заўважыў, што... сядзіць на адной палове каня. Другую адарвала ядром[5].
- Неяк улетку Караль Станіслаў Станіслаў захацеў пакатацца на санках. Дзеля гэтага дзядзінец Нясьвіскага замка быў пасыпаны сольлю і запрэжаны куліг. Адной зь ягоных улюбёных забаваў была наступная: плаціў вяскоўцам, каб залазілі на дрэвы і кувалі, князь браў зброю і страляў ім у «пятую кропку» перцам[6].
[рэдагаваць] Галерэя
| Папярэднік Цэлястын Чапліц |
Маршалак Сойму Рэчы Паспалітай 1767—1768 |
Наступнік Адам Панінскі Міхал Геранім Радзівіл |
[рэдагаваць] Крыніцы
- ^ Анатоль Грыцкевіч. Радзівіл Кароль Станіслаў // Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / рэд. Г. П. Пашкоў і інш. Т. 2: Кадэцкі корпус — Яцкевіч. — Мінск: Беларуская Энцыклапедыя, 2005. С. 489.
- ^ Анатоль Грыцкевіч. Радзівіл Кароль Станіслаў // Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / рэд. Г. П. Пашкоў і інш. Т. 2: Кадэцкі корпус — Яцкевіч. — Мінск: Беларуская Энцыклапедыя, 2005. С. 490.
- ^ К. Я. Шышыгіна-Патоцкая. Нясвіж і Радзівілы. Мн.: Беларусь, 2007. [1]
- ^ Slownik folkloru polskiego / Pod redakcja J. Krzyzanowskiego. — Warszawa, 1965. Радзівіл «Пане Каханку». «Гістарычная брама» №1 (21), 2003. Праверана 18 студзеня 2009 г.
- ^ Пане Коханку и все-все-все(рас.). Форум «Удел Могултая». Праверана 18 студзеня 2009 г.
- ^ Радзівіл Пане Каханку // «Наша Ніва», 27 лютага 2009.
[рэдагаваць] Літаратура
- Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / рэд. Г. П. Пашкоў і інш. Т. 2: Кадэцкі корпус — Яцкевіч. — Мінск: Беларуская Энцыклапедыя, 2005. — 788 с.: іл. ISBN 985-11-0378-0.
- К. Я. Шышыгіна-Патоцкая. Нясвіж і Радзівілы. Мн.: Беларусь, 2007. — 240 с.: іл. ІSBN 978-985-01-0740-4.
[рэдагаваць] Вонкавыя спасылкі
Караль Станіслаў Радзівіл «Пане Каханку» — сховішча мультымэдыйных матэрыялаў
- Karol Stanisław Panie Kochanku Radziwiłł(анг.) Dynasties and Aristocratic Families. Genealogia dynastyczna. Праверана 18 студзеня 2009 г.
|
|
|||||||||||||||||||
|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|
|
|||||||||||||||||||
- Асобы па альфабэце
- Ваяводы віленскія
- Ардынаты на Нясьвіжы
- Радзівілы
- Нарадзіліся 27 лютага
- Нарадзіліся ў 1734 годзе
- Нарадзіліся ў Нясьвіжы
- Выбітныя асобы Вялікага Княства Літоўскага
- Мечнікі вялікія літоўскія
- Падчашыі вялікія літоўскія
- Барскія канфэдэраты
- Удзельнікі Вялікага Сойму 1788—1792
- Узнагароджаныя ордэнам Белага арла
- Памерлі 21 лістапада
- Памерлі ў 1790 годзе
- Памерлі ў Белай