Нясьвіж
| Нясьвіж | |||||
Меская ратуша |
|||||
|
|||||
| Першыя згадкі: | 1223 | ||||
| Магдэбурскае права: | 23.04.1586 | ||||
| Вобласьць: | Менская | ||||
| Раён: | Нясьвіскі | ||||
| Насельніцтва: | 14 033[1] (2009) | ||||
| Часавы пас: | UTC+3 | ||||
| Тэлефонны код: | +375 1770 | ||||
| Паштовы індэкс: | 222603, 222620 | ||||
| Геаграфічныя каардынаты: | 53°13′ пн. ш. 26°40′ у. д. / 53.217° пн. ш. 26.667° у. д.Каардынаты: 53°13′ пн. ш. 26°40′ у. д. / 53.217° пн. ш. 26.667° у. д. | ||||
|
Нясьвіж на мапе Беларусі
Нясьвіж
|
|||||
| Афіцыйны сайт(рас.)(анг.) | |||||
Нясьві́ж — места ў Беларусі, каля вытокаў ракі Вушы на балтыйска-чарнаморскім водападзеле. Адміністрацыйны цэнтар Нясьвіскага раёну Менскай вобласьці. Насельніцтва 14 тыс. чал. (2009). Знаходзіцца за 112 км на паўднёвы захад ад Менску, за 14 км ад чыгуначнай станцыі Гарадзея (лінія Менск — Баранавічы), аўтамабільныя дарогі злучаюць места з Баранавічамі, Клецкам, Наваградкам і шашай Менск — Слуцак.
Нясьвіж — даўняя рэзыдэнцыя магнацкага роду Радзівілаў, магдэбурскае места гістарычнай Наваградчыны. Да нашага часу тут захаваліся выдатныя помнікі дойлідзтва, у тым ліку палацава-замкавы комплекс Радзівілаў, улучаны ў Сьпіс сусьветнай спадчыны ЮНЭСКО, і Фарны касьцёл — першы ў колішняй Рэчы Паспалітай і другі ў Эўропе твор архітэктуры стылю барока.
Зьмест |
Назва [рэдагаваць]
На думку беларускага географа В. Жучкевіча тапонім «Нясьвіж» ўтварыўся ў выніку супрацьпастаўленьня з адмоўнай часьцінкай не-, дзе аснова «сьвідзь» — сьвідзіна, зарасьнік хмызьняку каля ракі або возера. Гэтая ж аснова прысутнічае ў назвах ракі Сьцьвіга і возера Сьвідна[2].
Гісторыя [рэдагаваць]
- Асноўны артыкул: Гісторыя Нясьвіжа
Згодна з сучаснымі энцыкляпэдычнымі даведнікамі[3][4] першы пісьмовы ўспамін пра Нясьвіж датуецца 1446, калі вялікі князь Казімер перадаў яго Мікалаю Яну Неміровічу. Тым часам традыцыйна адлік гісторыі места вядзецца ад 1223[5][6] — паведамленьня пра князя Юрыя Нясьвіскага, які браў удзел у бітве на Калцы. Магчыма, ягонымі нашчадкамі былі князі нясьвіскія Рыгор і Іван, згаданыя ў 1388. Аднак факт існаваньня самога паселішча ў гэты час не пацьвярджаецца археалягічнымі зьвесткамі[7].
З 1492 Нясьвіжам валодаў род Кішкаў. У 1513 дачка гетмана вялікага Станіслава Кішкі — Ганна — пабралася шлюбам з Янам Радзівілам «Барадатым». У 1533 места канчаткова перайшло ў валоданьне Радзівілаў, якія збудавалі тут драўляны замак.
Цягам XVI ст. Нясьвіж быў адным з галоўных цэнтраў Рэфармацыі (кальвінізму) у Вялікім Княстве Літоўскім. Імёны дзеячоў таго часу, што жылі тут, набылі шырокую вядомасьць — Сымон Будны, Лаўрэн Крышкоўскі, Мацей Кавячынскі, Салямон Рысінскі, Даніла Набароўскі і інш. пісьменьнікі, паэты, філёзафы. У 1547 Мікалай Радзівіл «Чорны» атрымаў тытул князя Сьвятой Рымскай імпэрыі, у выніку чаго места зрабілася цэнтрам княства. У 1562 ён заснаваў тут друкарню, у якой выйшлі першыя на тэрыторыі сучаснай Беларусі кнігі на старабеларускай мове.
7 траўня 1583 у Нясьвіжы пачалося будаваньне замка, у 1584 тут заснавалі езуіцкі калегіюм, у 1591 — кляштар бэнэдыктынак. У 1593 завяршылася будоўля касьцёла Божага Цела пры кляштары езуітаў. У 1598 пачаў дзейнічаць кляштар бэрнардынаў.
23 красавіка[3] 1586 кароль і вялікі князь Стэфан Баторы надаў Нясьвіжу Магдэбурскае права і герб «у правай частцы герба, залатога колеру, палова чорнага арла; у левай — дзесяць касых вырубаў — залатога, блакітнага й чырвонага колераў»[8], а па вяртаньні з вандроўкі ў Сырыю, Палестыну і Эгіпет Мікалай Радзівіл «Сіротка» заснаваў Нясьвіскую ардынацыю.
Да кан. XVI ст. Радзівілы ператварылі Нясьвіж ў фартэцыю. Места рэарганізавалі паводле заходнеэўрапейскіх прынцыпаў: прастакутнае плянаваньне з 2 мураванымі брамамі на восі галоўнай вуліцы (пазьней зьявілася яшчэ некалькі брамаў), у цэнтры — прастакутны Рынак з ратушай; места атачалі ўмацаваны вал і роў. За Слуцкай брамай, на супрацьлеглым беразе Вушы ўтварылася прадмесьце Новае Места (у 1626 тут збудавалі езуіцкую капліцу Сьвятога Ізыдора), а ў 1625 на паўночна-заходнім баку ад Старога Места — прадмесьце Казімер.
У 1625 Нясьвіж зьведаў вялізны мор, што паспрыяла адкрыцьцю тут у 1627 аптэкі, у 1651 мор паўтарыўся. У Трынаццацігадовую вайну двойчы ў 1654 і 1659 места руйнавалі казакі і маскоўскія войскі, аднак замак здолеў вытрымаць аблогі. У 1672 у Нясьвіжы заснавалі дамініканскі кляштар. На 1673 у месьце было 366 дымоў[3]. У 1681 кароль і вялікі князь Ян Сабескі сваім прывілеем заснаваў Нясьвіскі кірмаш. За часамі Вялікай Паўночнай вайны (1700—1721) у 1706 места разрабавалі швэдзкія войскі.
Адбудова Нясьвіжа вялася ў 1720-я, калі вакол муроў узьвялі новыя валы. У 1724 Радзівілы ўтварылі ў замку капэлу, а ў 1740 з ініцыятывы Ф. У. Радзівіл, пачаў дзейнічаць прыдворны тэатар. У 1740-я М. К. Радзівіл «Рыбанька» заклаў мануфактуру шаўковых паясоў (пазьней пераведзеная ў Слуцак), у 1747 — кадэцкі корпус, а ў 1752 — дывановую і суконную мануфактуры. У прадмесьці Альба, дзе з канца XVI ст. знаходзілася замеская рэзыдэнцыя, Радзівілы ўзьвялі мураваны палац «Эрмітаж», іншыя пабудовы, уладкавалі набярэжныя каналаў.
- Даўнія графічныя выявы Нясьвіжа
-
Места на гравюры Т. Макоўскага, XVII ст.
-
Панарама, 1-я пал. XIX ст.
-
Альтанка ў Альбе
Цягам XVIІІ ст. Нясьвіж быў значным культурным цэнтрам, тут дзейнічалі кадэцкі корпус для прыватнага войска Радзівілаў і школа флёцкіх афіцэраў (у Альбе), балетная і музычная школы, капэла і тэатар Радзівілаў. У 1750—1791 у месьце працавала друкарня, дзе выдаваліся падручнікі і мастацкія творы на польскай і лацінскай мовах. У 1755 у парку «Альба» збудавалі летні палац пад назвай «Кансаляцыя».
Двойчы ў 1764 і 1768 расейскія войскі акупавалі Нясьвіж у выніку палітычнага супрацьстаяньня Кацярыны II ды Караля Станіслава Радзівіла. А ў 1772 расейскія акупанты канфіскавалі гістарычныя і мастацкія каштоўнасьці замка, бібліятэку (10 тыс. кніжак) вывезьлі ў Пецярбург і разьмеркавалі ў Акадэмію навук[3]. У 1773 з утварэньнем Адукацыйнай камісіі ў Нясьвіжы адкрылася павятовая падакруговая школа. У 1792 расейскія войскі зноў акупавалі места.
У выніку другога падзелу Рэчы Паспалітай (1793) Нясьвіж апынуўся ў складзе Расейскай імпэрыі, дзе ў 1795 зрабіўся цэнтрам павету Менскай губэрні (з 1796 пазаштатнае места Слуцкага павету). У вайну 1812 году места як уладаньне Дамініка Радзівіла, які з аддзелам дзейнічаў у складзе войскаў Напалеона, занялі царскія войскі. Улады Расейскай імпэрыі канфіскавалі каштоўнасьці замка: калекцыі мэдалёў і манэтаў адправілі ў Харкаўскі ўнівэрсытэт, сакральныя прадметы — у Маскву, іншыя старажытнасьці — у розныя расейскія музэі і зборы[4]. У 1813 са сьмерцю Д. Радзівіла спынілася ў мужчынскім пакаленьні тутэйшая галіна роду.
Па здушэньні вызвольнага паўстаньня ў 1835 расейскія ўлады закрылі дамініканскую школу. У 1875 у яе будынках адкрылася Нясьвіская настаўніцкая сэмінарыя. Паводле вынікаў перапісу (1897), у месьце дзейнічалі 2 каталіцкія касьцёлы, праваслаўная царква, сынагога, 7 габрэйскіх малітоўных дамоў.
- Нясьвіж на малюнках Напалеона Орды, XIX стагодзьдзе
У Першую сусьветную вайну ў лютым—сьнежні 1918 Нясьвіж занялі нямецкія войскі, 6 жніўня 1919 — польскія войскі, у ліпені 1920 — бальшавікі[4]. З кастрычніка 1920 места знаходзілася пад польскай уладай.
Згодна з Рыскай мірнай дамовай (1921) Нясьвіж апынуўся ў складзе міжваеннай Польскай Рэспублікі, дзе зрабіўся цэнтрам павету Наваградзкага ваяводзтва. У гэты час адкрыліся беларуская гімназія, мескі музэй у будынку ратушы, дзе зьберагаліся старажытныя пэргамэнтныя дакумэнты, залатыя ключы ад мескіх брамаў і інш. У кастрычніку 1926 тут адбылася сустрэча маршала Юзэфа Пілсудзкага з буйнымі абшарнікамі.
У 1939 Нясьвіж увайоў у БССР, ад гэтага часу радзівілаўская ардынацыя спыніла сваё існаваньне. У 1940 места зрабілася цэнтрам раёну Баранавіцкай вобласьці. У Другую сусьветную вайну з 28 чэрвеня 1941 да 2—4 ліпеня 1944 Нясьвіж знаходзіўся пад нямецкай акупацыяй. У 1944 савецкая ўлада пераўтварыла колішні замак Радзівілаў у санаторы.
У 1993 утварыўся гістарычна-культурны музэй-запаведнік «Нясьвіж», у 1995 адкрыўся Нясьвіскі гістарычна-краязнаўчы музэй. У 1996 адбыўся першы Фэст камэрнай музыкі «Музы Нясьвіжа». У 1997 у Нясьвіжы прайшло сьвята — Дзень беларускай пісьменнасьці. Цягам 2006—2011 праводзілася рэканструкцыя замка Радзівілаў, якую беларускія архітэктары крытыкуюць за недастатковую навуковасьць і прафэсіяналізм, вынікам чаго стаўся разбуральны характар «рэстаўрацыйных» працаў[9].
- Места на старых здымках
-
Панарама места. Ю. Барэці, 1894
Насельніцтва [рэдагаваць]

- XVII стагодзьдзе: 1673 — 2,4 тыс. чал.[3]
- XVIII стагодзьдзе: 1800 — 2,7 тыс. чал.[4]
- XIX стагодзьдзе: 1880 — 8177 чал., зь іх каля 5 тыс. юдэяў і 1 тыс. каталікоў[10]; 1 студзеня 1896 — 10 237 чал. (5448 муж. і 4789 жан.), зь іх паводле веры: праваслаўных 2890, каталікоў 1545, пратэстантаў 32, юдэяў 5692, іншых 78; паводле стану: шляхты 165, духоўнага стану 59, ганаровых грамадзянаў і купцоў 63, мяшчанаў 7885, вайсковага стану 791, сялянаў 1180, іншых 94[11].
- XX стагодзьдзе: 1921 — 6840 чал.; 1939 — 8,5 тыс. чал.; 1959 — 6,7 тыс. чал.[4]; 1973 — 9,6 тыс. чал.[12]; 1989 — 14,0 тыс. чал.; 1991 — 15 тыс. чал.[13]; 1998 — 15,1 тыс. чал.[4]
- XXI стагодзьдзе: 2006 — 14,3 тыс. чал.; 2007 — 12 684 чал.; 2008 — 14,3 тыс. чал.; 2009 — 14 033 чал. (перапіс)[1].
Адукацыя [рэдагаваць]
У Нясьвіжы працуюць 4 сярэднія, вячэрняя, музычная і дзіцяча-юнацкая спартовая школы, 7 дашкольных установаў.
- Нясьвіская дзяржаўная беларуская гімназія
- Нясьвіскі дзяржаўны раённы агульнаадукацыйны ліцэй
- Нясьвіскі дзяржаўны каледж імя Якуба Коласа
Мэдыцына [рэдагаваць]
Мэдычныя паслугі надаюць меская лякарня, паліклініка і радзільны дом.
Культура [рэдагаваць]
Дзейнічаюць цэнтральная раённая, дзіцячая і меская бібліятэкі, кінатэатар, дзіцячая школа мастацтваў.
- Нясьвіскі народны тэатар імя Ўршулі Радзівіл; рэжысэр — Валеры Мароз
- Народны ансамбль песьні «Млечны шлях» Нясьвіскага раённага Цэнтру культуры
- Народны вакальна-інструмэнтальны ансамбль «Нясьвіж» Нясьвіскага раённага Цэнтру культуры
- Народны ансамбль песьні «Ліра» Нясьвіскага РТМА
Забудова [рэдагаваць]
Вуліцы і пляцы [рэдагаваць]
| Цяперашняя назва | Гістарычная назва |
| Гейсіка вуліца | Фарная вуліца |
| Дзяржынскага вуліца | Альбянская вуліца |
| Карла Лібнэхта вуліца | Міхаліская вуліца[14] |
| Ракасоўскага вуліца | Дамініканская вуліца |
| Савецкая вуліца | Віленская вуліца |
| Чкалава вуліца | Бэнэдыктынская вуліца[15] |
Эканоміка [рэдагаваць]
Прадпрыемствы мэдычнай (завод мэдычных прэпаратаў), харчовай, швацкай прамысловасьці.
| Пералік прамысловых прадпрыемстваў Нясьвіжа |
|---|
|
Турыстычная інфармацыя [рэдагаваць]
Нясьвіж — пэрспэктыўны цэнтар турызму міжнароднага значэньня. Спыніцца можна ў гасьцініцы «Нясьвіж», турыстычныя паслугі надае сядзіба «Нясьвіская».
У месьце працуе Нясьвіскі гістарычна-краязнаўчы музэй. У 1996 заснаваны Нацыянальны гістарычна-культурны музэй-запаведнік «Нясьвіж». З 1995 у месьце праводзіцца нацыянальны фэстываль старажытнай і камэрнай музыкі «Музы Нясвіжа».
- Помнікі: С. Буднаму; бюст кн. Ю. Нясьвіскага (1990-я); бюст кн. М. К. Радзівіла Сіроткі; Уладзіславу Сыракомлі; Д. М. Бернардоні; Т. Макоўскаму; Якубу Коласу, скульптуры «Дама ў чорным», «Русалка» і інш.; вазы з надпісамі «1794», «За нашу і вашу свабоду», «1410. Грунвальд», «Gloria victoria».
Выдатныя мясьціны [рэдагаваць]
- Гістарычная забудова (кан. XIX — пач. XX стст.; фрагмэнты)
- Дом на рынку (1721)
- Замкавая вежа (XVI ст.)
- Капліца Булгарына (1747)
- Касьцёл і кляштар бэнэдыктынак (1593—1596)
- Кляштар бэрнардынаў (1598)
- Могілкі: габрэйскія; старыя каталіцкія
- Палацава-замкавы комплекс Радзівілаў (XVI—XVIII стст.)
- Паркі: «Альба» (XVII ст.); Стары (1874)
- Плябанія (XVI—XIX стсі)
- Ратуша і гандлёвыя рады (1586)
- Слуцкая Брама (XVI ст.)
- Фарны касьцёл (1587—1593)
Страчаная спадчына [рэдагаваць]
- Капліца Сьвятога Ізыдора (1626)
- Каплічка (XIX—XX стст.)
- Касьцёл Найсьвяцейшай Тройцы (XVІІI ст.)
- Касьцёл Сьвятога Кацярыны (1598)
- Касьцёл Сьвятога Крыжа і кляштар бэнэдыктынаў (1673)
- Касьцёл Сьвятога Міхала Арханёла (1593—1598)
- Касьцёл Сьвятога Яна і кляштар дамініканаў (XVІI ст.)
- Палацавы комплекс Альба (XVI ст.)
- Сынагога Вялікая (XVII ст.)
- Царква Нараджэньня Божай Маці (XV ст.)
- Царква Праабражэньня Гасподняга (XVII ст.; грэка-каталіцкая)
Галерэя [рэдагаваць]
- Палацава-замкавы комплекс Радзівілаў
-
Замак станам на 2011
- Іншыя выдатныя мясьціны
Месты-сябры [рэдагаваць]
Нясьвіж усталяваў сяброўскія адносіны зь местамі Азэрбайджану, Армэніі, Італіі, Летувы, Нямеччыны, Польшчы, Расеі, Турэччыны і Ўкраіны.
Ляйгінген, Нямеччына (1991)
Злотуў, Польшча (1999)
Пулавы, Польшча (2000)
Расаліні, Італія (2002)
Сіліўры, Турэччына (2003)
Адалянуў, Польшча (2005)
Рэўтаў, Расея (2005)
Баярка, Украіна (2007)
Радзівілішкі, Летува (2007)
Горыс, Армэнія (11 сьнежня 2008)
Біржы, Летува (2009)
Кава дэй Тырэні, Італія (2009)
Тарнаў, Польшча (2009)
Гатчына, Расея (2010)
Вядомыя асобы [рэдагаваць]
- Род Радзівілаў
- Мікалай Радзівіл «Руды» (1512—1584) — ваявода віленскі, гетман і канцлер вялікі літоўскі
- Мікалай Радзівіл «Чорны» (1515—1565) — канцлер вялікі літоўскі і ваявода віленскі
- Жыгімонт Караль Радзівіл (1591—1642) — падчашы вялікі літоўскі і ваявода наваградзкі
- Міхал Казімер Радзівіл (1635—1680) — ваявода віленскі, падканцлер вялікі літоўскі і гетман польны літоўскі
- Караль Станіслаў Радзівіл «Пане Каханку» (1734—1790) — ваявода віленскі
- Міхал Геранім Бжастоўскі (1762—1806) — староста менскі, апошні чашнік вялікі літоўскі
- Адольф Янушкевіч (1803—1857) — беларускі і польскі паэт, этнограф, пісьменьнік
- Міхал Вітушка (1907—2006) — беларускі палітычны дзяяч, кіраўнік беларускага антысавецкага руху
- Зьміцер Касмовіч (1909—1991) — беларускі палітычны і грамадзкі дзяяч, выдавец
Крыніцы [рэдагаваць]
- ^ а б Перепись населения — 2009. Минская область(рас.) Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь
- ^ Жучкевич В. А. Краткий топонимический словарь Белоруссии. — Мн.: Изд-во БГУ, 1974. С. 257.
- ^ а б в г д Пазднякоў В. Нясвіж // Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / рэд. Г. П. Пашкоў і інш. Т. 2: Кадэцкі корпус — Яцкевіч. — Мінск: Беларуская Энцыклапедыя, 2005. С. 368.
- ^ а б в г д е Пазднякоў В. Нясвіж // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 5: М — Пуд / Беларус. Энцыкл.; Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (галоўны рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн.: БелЭн, 1999. С. 342.
- ^ Niaśviž // Zaprudnik J. Historical dictionary of Belarus. — Lamham. — London: Scarecrow Press, 1998. P. 166.
- ^ Чантурыя Ю. Гарады і час // Страчаная спадчына / Т. В. Габрусь, А. М. Кулагін, Ю. У. Чантурыя, М. А. Ткачоў: Уклад. Т. В. Габрусь. — Мн.: Беларусь, 2003.
- ^ Лахманенка Л. Варыяцыі на тэму нясвіжскай цытадэлі // «Звязда» № 119 (26983), 28 чэрвеня 2011.
- ^ Нясвіж // Цітоў А. Геральдыка беларускіх местаў (XVI — пачатак XX ст.). — Мн.: Полымя, 1998.
- ^ Гутарка Наталкі Бабінай з Уладзімерам Папругам. Што зь Нясьвіжам вырабілі // «Наша Ніва», 15 траўня 2008.
- ^ Nieśwież // Słownik geograficzny Królestwa Polskiego i innych krajów słowiańskich. Tom VII: Netrebka — Perepiat. — Warszawa, 1886. S. 118.
- ^ Несвиж // Энциклопедический словарь Брокгауза и Ефрона. Санкт-Петербург, 1890—1907.
- ^ Несвиж // Большая советская энциклопедия, 3-е изд.: в 30 т. / Гл. ред. А.М. Прохоров. — М.: Сов. энциклопедия, 1969—1978.
- ^ Несвиж // Большой энциклопедический словарь / Гл. ред. В. П. Шишков. — М.: НИ «Большая Российская энциклопедия», 1998. — 640 с.: ил. ISBN 5-85270-262-5.
- ^ Дзядзюля А. Некаранаваная сталіца // «Звязда» № 35 (27150), 22 лютага 2012.
- ^ Ціхонка І. Нясвіжская тапаніміка: гісторыя, загадкі, парадоксы // «Нясвіжскія навіны» № 144—147 (10097—10100)
Літаратура [рэдагаваць]
- Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / рэд. Г. П. Пашкоў і інш. Т. 2: Кадэцкі корпус — Яцкевіч. — Мінск: Беларуская Энцыклапедыя, 2005. — 788 с.: іл. ISBN 985-11-0378-0.
- Цітоў А. Геральдыка беларускіх местаў (XVI — пачатак XX ст.). — Мн.: Полымя, 1998.— 287 с. ISBN 985-07-0131-5.
- Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 5: М — Пуд / Беларус. Энцыкл.; Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (галоўны рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн.: БелЭн, 1999. — 592 с.: іл. ISBN 985-11-0141-9.
- Niaśviž // Zaprudnik J. Historical dictionary of Belarus. — Lamham. — London: Scarecrow Press, 1998.— 338 p. ISBN 0-8108-3449-9.
- Nieśwież // Słownik geograficzny Królestwa Polskiego i innych krajów słowiańskich. Tom VII: Netrebka — Perepiat. — Warszawa, 1886. S. 118—122.
Вонкавыя спасылкі [рэдагаваць]
Нясьвіж — сховішча мультымэдыйных матэрыялаў
- м. Нясьвіж на Radzima.org
- Здымкі на Globus.tut.by
- К. Я. Шышыгіна-Патоцкая. «Паданні і легенды Нясвіжу і Радзівілаў»
- «Легенды Несьвіжа»(рас.)
|
|||||||||||||||||||||||||||||||||||||
|
|||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||
|
||||||||