Палацава-замкавы комплекс у Нясьвіжы

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Перайсьці да: навігацыі, пошуку
Архітэктурны, жылы і культурны комплекс рода Радзівілаў у горадзе Нясьвіж
Architectural, Residential and Cultural Complex of the Radziwill Family at Nesvizh*
Сусьветная спадчына ЮНЭСКО

Г. Нясьвіж - Палацава-паркавы ансамбль DSC07374.JPG
Палацава-замкавы комплекс Радзівілаў
Краіна Рэспубліка Беларусь
Тып Культурны
Крытэры ii, iv, vi
Спасылка 1196
Рэгіён** Эўропа і Паўночная Амэрыка
Каардынаты 53°13′22.36″ пн. ш. 26°41′30.25″ у. д. / 53.2228778° пн. ш. 26.6917361° у. д. / 53.2228778; 26.6917361Каардынаты: 53°13′22.36″ пн. ш. 26°41′30.25″ у. д. / 53.2228778° пн. ш. 26.6917361° у. д. / 53.2228778; 26.6917361
Гісторыя ўключэньня
Уключэньне 2005  (29-я сэсія)
* Назва ў афіцыйным сьпісе па-ангельску
** Рэгіён паводле клясыфікацыі ЮНЭСКО

Пала́цава-за́мкавы ко́мплекс у Нясьві́жы (Нясьві́скі за́мак) — рэзыдэнцыя князёў Радзівілаў у 1620 стагодзьдзях. Разьмешчаны на паўночна-ўсходняй ускраіне Нясьвіжу. Унікальны помнік архітэктуры ўключаны ЮНЭСКА ў сьпіс сусьветнай спадчыны.

Гісторыя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Узьнікненьне замка[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Першы драўляны замак пачынае будавацца пры Мікалаі Радзівіле Чорным у 1551 годзе па прывілеі караля Жыгімонта II Аўгуста. У 1583 годзе князем Мікалаем Радзівілам Сіроткам была пачатая перабудова замка па праекце італьянскага архітэктара Яна Марыі Бэрнардоні.

Нясьвіскі замак узьвялі на паўвысьпе, на правым беразе ракі Ўшы, у форме чатырохкутніка, памерамі 170 на 120 мэтраў. Замак меў разьвітую фартыфікацыйную сыстэму. Па пэрымэтры ён быў абкружаны высокім земляным валам, абкладзеным каменьнем. Вал быў апаясаны ровам, узровень вады ў якім рэгуляваўся. Акрамя таго, з двух бакоў знаходзіліся штучныя вадаёмы — вялікія копанкі. Унутры вала былі мураваныя стайні і 4 патаемныя ўваходы. Уверсе вал пераходзіў у бруствэр з дадатковымі ўмацаваньнямі. За бруствэрам былі зробленыя стралковыя вочкі, акопы. З боку замка бруствэр абараняўся яшчэ адной каменнай сьцяной.

Вялікі замкавы двор абкружалі тры будынкі. Насупраць уяздной брамы знаходзіўся галоўны корпус — трохпавярховы палац, у кутах якога ўзвышаліся васьмігранныя мураваныя вежы. З правага боку ад уваходу стаяў трохпавярховы корпус з высокай вартавой вежай. Там, хутчэй за ўсё, зьмяшчаліся казармы і іншыя службы. Трэці будынак, двухпавярховы гаспадарчы корпус, стаяў зь левага боку ад уезду.

Фактычна Нясьвіскі замак стаў першапачаткоўцам новага тыпу бастыённых абарончых будаваньняў у Беларусі — г. зв. новаітальянскай сыстэмы.

Ліцейная гарматная майстэрня[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У Нясьвіскім замку ўпершыню ў Беларусі зьявілася ліцейная гарматная майстэрня — людвісарня. Ужо ў 1576 годзе тут былі зробленыя першыя сем гарматаў. Магчымасьць адліваць у замку зброю не аднойчы дапамагала на доўгі час стрымліваць варожую аблогу.

Замак у 18 стагодзьдзі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У 1706 годзе, падчас Паўночнай вайны, замак быў захоплены швэдамі. Яны ўзарвалі ўмацаваньні і бастыёны, зьнішчылі большую частку ваеннай амуніцыі, раскапалі валы, утапілі гарматы.

Гравюра Нясьвіжу 17 стагодзьдзя зь відам на Палацава-замкавы комплекс Радзівілаў

Толькі праз дваццаць гадоў Нясьвіскі замак быў адноўлены. Перабудаваньне замка ўзначаліў Міхал Казімір Радзівіл Рыбанька. Па праекце архітэктара Казімера Ждановіча вакол сьцен былі ўзьведзеныя новыя валы. Сам замак пераўтвараецца ў палацава-замкавы ансамбль. Галоўны палацавы корпус надбудавалі, дапоўніўшы трохпавярховымі аб'ёмамі. Разам з двума іншымі перабудаванымі карпусамі яны ўтварылі адчынены двор. Ускладніліся ўпрыгожваньні фасадаў, сьцены сталі дзяліцца пілястрамі. Рызаліт быў падняты да чатырох з паловай паверхаў і завершаны франтонам, упрыгожанымі багатым рэльефным дэкорам і скульптурнымі ўстаўкамі ў стылі позьняга барока.

Была перабудаваная і брама замка, на другім паверсе якой зьмяшчаўся знакаміты архіў Радзівілаў. Побач з брамай у 1740 годзе зьявілася палацавая капліца. Бакавыя корпусы таксама былі часткова перабудаваныя і злучаныя з цэнтральным корпусам трохпавярховымі будынкамі, а з уязной брамай галерэямі. У выніку гэтых перабудоў палац набыў замкнёную па пэрымэтры, блізкую да пяцікутніка форму.

Замак у 19 стагодзьдзі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Пасьля вайны 1812 году, падчас якой уладальнік замка Дамінік Геранім Радзівіл выступіў на баку Францыі, сам замак на доўгі час застаўся ў занядбаньні. Толькі ў 1865 годзе ён вярнуўся да законных нашчадкаў. Замак пачаў аднаўляцца. У гэты ж час вакол яго быў створаны цудоўны парк зь пяці розных паркавых кампазыцыяў: Замкавы парк, Стары парк, Японскі сад, Новы парк, Ангельскі парк. Агульная плошча парку складае звыш 90 гектараў.

Замак у 20 стагодзьдзі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Замак на купюры ў 100000 беларускіх рублёў
Нясьвіскі замак на паштовай марцы Беларусі

Род Радзівілаў валодаў замкам да 1939 году, пакуль апошнія нашчадкі не былі вымушаныя пакінуць Нясьвіж. У часы панаваньня радзянскай улады ў замку знаходзіўся прафсаюзны санаторый. За гэтыя часы будынак палаца здрахлеў, шматлікія элемэнты дэкору былі зьнішчаныя. Толькі пасьля абвяшчэньня незалежнасьці Беларусі будынак быў перададзены пад кантроль Міністэрства Культуры. Але і яно не даглядзела за замкам: у ноч з 24 на 25 сьнежня 2002 году цэнтральны корпус палаца з-за неахайнасьці будаўнікоў-рэстаўратараў ахапіла полымя. Былі зьнішчаныя ўнікальныя драўляныя перакрыцьці і аўтэнтычныя росьпісы столі.

Бягучая рэстаўрацыя замка[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Бягучая рэстаўрацыя Палацава-замкавага комплексу Радзівілаў у Нясьвіжы

Пасьля пажару пачалося чарговае аднаўленьне палаца. Але з-за браку грошаў рэстаўрацыя ідзе павольна, пры гэтым выкарыстоўваюцца сучасныя матэрыялы і спрэчныя рашэньні па абнаўленьні палаца. Рэстаўратары прапануюць дадаць элемэнты першапачатковага будынку 16 стагодзьдзя ў барочна-клясыцыстычны выгляд замка, які фармаваўся на працягу апошніх двух стагодзьдзяў. Гэта можа парушыць гарманічнасьць унікальнага помніку архітэктуры. Беларускі бок не аднойчы атрымліваў прапановы з-за мяжы ў дапамозе рэстаўрацыі Нясьвіскага замка. Але гэтыя прапановы былі адкінутыя.

Адкрыцьцё першай часткі адноўленага комплексу плянавалася ў 2006 годзе. Зараз тэрміны перанесеныя яшчэ на адзін год. Цалкам здаць палац у эксплюатацыю плянуецца ў ліпені 2011 году, хоць афіцыйным тэрмінам рэканструкцыі зьяўляецца 2012 год.

У 2005 годзе Палацава-замкавы комплекс Радзівілаў уключаны ЮНЭСКА ў сьпіс сусьветнай спадчыны.

Цікавыя факты[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • На рэвэрсе беларускай банкноты наміналам 100 000 тыс. рублёў, прысьвечанай Нясьвіскаму палацу, была зьмешчаная адрэтушаваная выява Напалеона Орды, на якой замест радзівілаўскіх арлоў выяўленыя праваслаўныя крыжы, пры тым, што Радзівілы вызнавалі каталіцтва[1].

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Histvalue sign export.svg Аб’ект Дзяржаўнага сьпісу гісторыка-культурных каштоўнасьцяў Рэспублікі Беларусь, шыфр  610Г000466

Commons-logo.svg  Палацава-замкавы комплекс у Нясьвіжысховішча мультымэдыйных матэрыялаў