Сьмілавічы

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Сьмілавічы
лац. Śmiłavičy
Палац Манюшкаў
Палац Манюшкаў
Першыя згадкі: 1582
Краіна: Беларусь
Вобласьць: Менская
Раён: Ігуменскі
Сельсавет: Сьмілавіцкі
Вышыня: 157 м н. у. м.
Насельніцтва: 5496 чал. (2018)[1]
Часавы пас: UTC+3
Тэлефонны код: +375 1714
Паштовы індэкс: 223216
СААТА: 6258835906
Нумарны знак: 5
Геаграфічныя каардынаты: 53°44′54.6″ пн. ш. 28°0′33.0″ у. д. / 53.7485° пн. ш. 28.009167° у. д. / 53.7485; 28.009167Каардынаты: 53°44′54.6″ пн. ш. 28°0′33.0″ у. д. / 53.7485° пн. ш. 28.009167° у. д. / 53.7485; 28.009167
Сьмілавічы на мапе Беларусі ±
Сьмілавічы
Сьмілавічы
Сьмілавічы
Сьмілавічы
Сьмілавічы
Сьмілавічы
Галерэя здымкаў у Вікісховішчы
http://www.smilovichi.info

Сьмі́лавічы[2] — мястэчка ў Беларусі, на рацэ Волме. Адміністрацыйны цэнтар сельсавету Ігуменскага раёну Менскай вобласьці. Насельніцтва на 2018 год — 5496 чалавек[1]. Знаходзяцца за 30 км на захад ад Ігумену, за 21 км ад чыгуначнай станцыі Рудзенск (лінія Менск — Асіпавічы), на аўтамабільных дарогах Менск — Магілёў (М4) і Р69.

Сьмілавічы — даўняе мястэчка гістарычнай Меншчыны. Да нашага часу тут захаваўся палацава-паркавы комплекс Манюшкаў, помнік архітэктуры XVIII—XIX стагодзьдзяў. Сярод мясцовых славутасьцяў вылучаўся кляштарны комплекс місіянэраў з касьцёлам Сьвятога Вінцэнта ў стылі віленскага барока, помнік архітэктуры XVIII ст., зруйнаваны савецкімі ўладамі.

Назва[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Дасьледнік А. Ненадавец у кнізе «Легенды і паданьні Міншчыны»[3] прыводзіць легенду пра паходжаньне тапоніму Сьмілавічы. У ёй у якасьці слова, ад якога ўзьнікла назва, прапаноўваецца тэрмін сьмільга — 'несьвядомыя і слабыя духам людзі'. Магчыма, тапонім утварыўся ад прозьвішча з гэтай асновай. Паводле іншай вэрсіі — ён можа паходзіць ад славянскага ўласнага імя Сьмілька, або Сьміламір.

Гісторыя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Асноўны артыкул: Гісторыя Сьмілавічаў

Вялікае Княства Літоўскае[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Ад пачатку сваёй гісторыі Сьмілавічы ўваходзілі ў склад Бакштанскай воласьці, якая ўпершыню ўпамінаецца пад 1451 годам як уладаньне Кезгайлаў. Па згасаньні гэтага роду ў сярэдзіне XVI ст. маёнтак перайшоў у супольнае валоданьне Завішаў і Шэметаў.

Першы пісьмовы ўпамін пра Сьмілавічы як сяло Менскага павету Менскага ваяводзтва датуецца 1582 годам. Наступны раз паселішча ўпамінаецца пад 1592 годам, калі паміж жыхарамі некалькіх сёлаў адбылася бойка празь мёд.

Прыкладна ў гэты час на ўскрайку сёньняшніх Сьмілавічаў пасяліліся татары. Назва мясцовасьці Татарская Слабада захоўвалася яшчэ ў XIX ст.

У першай чвэрці XVII ст. у маёнтку Бакшты засталіся два ўласьнікі: сын памерлага ў 1604 годзе Андрэя Завішы Крыштап, які сканцэнтраваў у сваіх руках завішанскую частку воласьці, і князь Багдан Агінскі, які нейкім чынам набыў тую частку, што папярэдне належала Шэметам. Па сьмерці апошняга ў 1625 годзе засталіся сыны Аляксандар, Ян і Самуэль. Саўладальнікі Бакштаў парадніліся паміж сабой: князёўна Аляксандра, дачка Аляксандра Агінскага, каля 1645 году выйшла за сына Крыштапа Завішы Андрэя Казімера. Па сьмерці Аляксандра Агінскага ў 1667 годзе яго долю Бакштаў успадкаваў яго сын Марцыян (1632—1690). Нашчадкі Самуэля, памерлага ў 1657 годзе, таксама мелі долю ў Бакштах (у Дукоры і інш.) Іхнае ўладаньне часам, у адрозьненьне ад маёнтку Сьмілавічы-Бакшты, называлася Сьмілавічы-Дукора. На сродкі Крыштапа Завішы ў першай палове XVII ст. у Сьмілавічах-Бакштах збудавалі папяровы млын. У 1613—1644 гадох на ім вялася вытворчасьць паперы зь філігранямі з выявай гербу «Лебедзь» і подпісам па краях «На Бакштах Завіша» (на 1735 год млын ужо ня дзейнічаў).

У вайну Маскоўскай дзяржавы з Рэччу Паспалітай (1654—1667) войскі Маскоўскай дзяржавы разрабавалі і спустошылі Сьмілавічы. Паводле падымнага тарыфу Менскага павету за 1667 год, Крыштапу Завішы ў маёнтку Сьмілавічы-Бакшты належала 346 дымоў, а Марцыяну Агінскаму — 117. Значная частка ўладаньняў Агінскіх — мястэчка Дукора зь вёскамі ў памеры 170 дымоў — на той момант знаходзілася ў закладзе ў Казімера Навацкага. У наступным 1668 годзе князь Марцыян Агінскі, крайчы вялікі, у сваёй частцы Сьмілавічаў, якія тады былі ўжо мястэчкам, ахвяраваў валоку зямлі (крыху больш 21 га) на карысьць царквы. У створаным з гэтай нагоды дакумэнце ўпамінаецца, што мястэчка і ўся воласьць належаць яму і пану Завішу супольна, прычым падданыя розных паноў сяліліся ўперамешку — «хлоп праз хлопа сядзяць». Тая частка мястэчка, дзе пераважалі ўладаньні Агінскага, называлася Шахоўнічы. Крыштап Завіша памёр у 1670 годзе. Ягоная частка маёнтку перайшла да сыноў Андрэя Казімера (1618—1678) і Яна Юрыя (каля 1620—1671). Марцыян Агінскі, які ў канцы жыцьця даслужыўся да высокіх пасад ваяводы троцкага і канцлера вялікага, не пакінуў нашчадкаў. І ягоная доля Бакштаў па сьмерці ў 1690 годзе адышла да пляменьніка Крыштапа Станіслава Завішы — сына ягонай сястры і Андрэя Казімера Завішы. Такім чынам дзьве часткі Сьмілавічаў сканцэнтраваліся, нарэшце, у адных руках.

У Вялікую Паўночную вайну ў 1710 годзе два палкі войска Вялікага Княства Літоўскага кватаравалі ў Сьмілавіцкім маёнтку. Прыкладна да гэтага часу належыць прывілей Крыштапа Станіслава Завішы (памылкова датаваны 1736 годам) мясцовым жыдам, у якім ён дазволіў ім адкрыць школу (малітоўны дом).

Сын Крыштапа Станіслава Завішы Ігнаці атрымаў графскі тытул — ён тытуляваўся графам на Бакштах, Бярдычаве і Завішыне. З гэтай нагоды маёнтак Бакшты-Сьмілавічы часам называўся ў гэты час Бакштанскім графствам. Ігнаці, як і ягоны дзед, у 1727 годзе пабраўся шлюбам з прадстаўніцай роду Агінскіх — князёўнай Марцыбелай, дачкой ваяводы віленскага Казімера Дамініка Агінскага (унука Самуэля). Ігнаці Завіша ў 1738 годзе памёр без нашчадкаў, а ягоныя маёнткі засталіся ў руках удавы. У 1747 годзе Марцыбела Агінская заснавала ў Сьмілавічах кляштар каталіцкага ордэну місіянэраў і збудавала для яго мураваны касьцёл. На забесьпячэньне кляштару яна вылучыла фальварак і сяло Волма, а таксама сяло Клінок. З гэтага часу азначаныя паселішчы перасталі адносіцца да маёнтку Сьмілавічы-Бакшты, утвараючы ўласнасьць манахаў-місіянэраў.

Асноўная ж частка маёнтку Сьмілавічы па сьмерці Марцыбелы ў 1760 годзе адышла да князя Міхала Казімера Агінскага (1728—1800), які быў сынам яе брата Юзэфа, ваяводы троцкага. У 1791 годзе князь Агінскі прадаў маёнтак Сьмілавічы шляхцічу Станіславу Манюшку, які папярэдне працаваў у яго аканомам гэтага маёнтку. У гэты час у мястэчку было 85 двароў (43 хрысьціянскіх, 31 юдэйскіх і 13 татарскіх). Тут працавалі два вадзяныя млыны, адзін зь якіх выкарыстоўваўся як лесапільня; дзейнічаў кляштар з мураваным касьцёлам Сьвятога Вінцэнта, а таксама дзьве царквы — у гонар Сьвятога Юрыя і Прачыстай Багародзіцы. Да Сьмілавіцкага маёнтку належалі 22 паселішчы.

Па сьмерці Станіслава Манюшкі пры падзеле бацькоўскіх уладаньняў Сьмілавічы атрымаў ягоны сын Казімер, які значна пераабсталяваў сядзібу і заснаваў у ёй батанічны сад. Па сьмерці Казімера Манюшкі маёнтак адышоў да ягонага малодшага брата Аляксандра, які пачаў будаваць у мястэчку новы мураваны палац. Адзіная дачка Аляксандра Манюшкі Паўліна выйшла за Лявона Ваньковіча, да якога ў выніку гэтага шлюбу перайшоў і маёнтак Сьмілавічы.

Пад уладай Расейскай імпэрыі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У выніку Другога падзелу Рэчы Паспалітай (1793 год) Сьмілавічы апынуліся ў складзе Расейскай імпэрыі, дзе з 1795 году сталі цэнтрам воласьці Ігуменскага павету. На 1797 год у мястэчку існавала паштовая станцыя, у якой было 12 коней, 6 фурманаў. Асноўным відам транспарту быў гужавы.

На 1844 год у Сьмілавічах было 62 двары, у сярэдзіне XIX ст. працавала суконная фабрыка, прадукцыя якой прадавалася ў Менску і Менскай губэрні. На 1859 год працавала Сьмілавіцкае паштова-тэлеграфнае аддзяленьне. У 1863 годзе ў мястэчку адкрылася земская народная вучэльня, у якой на 1867 год навучалася 137 дзяцей (зь іх 34 дзяўчынкі). У 1867 годзе ў Сьмілавічах дзейнічалі 2 касьцёлы, адзін зь якіх расейскія ўлады перарабілі пад царкву Маскоўскага патрыярхату.

У пачатку 1880-х гадоў у Сьмілавічах было 95 двароў, дзейнічалі валасная ўправа, 3 царквы, касьцёл, мячэт, 3 юдэйскія малітоўныя дамы, 2 вадзяныя млыны на рацэ Волме, вінакурны і піваварны заводы, суконная фабрыка, 30 крамаў, адзін раз на тыдзень праводзіўся таржок. Да канца XIX ст. межы мястэчка пашырыліся, а колькасьць двароў і жыхароў значна вырасла, ажывіўся гандаль. Паводле Слоўніка геаграфічнага Каралеўства Польскага і іншых краёў славянскіх тут было 375 драўляных будынкаў (352 у мястэчку і 22 на прадмесьці, званым Татарская Слабада), працавалі мужчынская і жаночая царкоўна-прыходзкія школы, шпіталь, паштовая станцыя, паліцэйскі пастарунак, валасная ўправа, мячэт, 2 юдэйскія дамы малітвы, суконная фабрыка і шматлікія невялікія татарскія гарбарні[4].

Паводле вынікаў перапісу 1897 году, у Сьмілавічах было 498 двароў, працавалі валасная ўправа, 2 царквы (драўляная і мураваная), капліца, касьцёл, мячэт, 5 юдэйскія малітоўных дамы, 2 земскія народныя вучэльні (жаночая і мужчынская), 2 царкоўна-прыходзкія школы, прыёмны пакой на 2 ложкі для хворых, паштовая станцыя, паштова-тэлеграфнае аддзяленьне, хлебазапасны магазын, суконная фабрыка, некалькі гарбарняў, 58 дробных крамаў, 2 заезныя дамы, 9 корчмаў, устаноўка для прыгатаваньня сельтэрскай вады; таржкі ў нядзельныя і сьвяточныя дні, быў рынкавы пляц. Побач зь мястэчкам знаходзіўся аднайменны маёнтак: 1 двор, 83 жыхары, дзейнічаў вінакурны завод.

У пачатку XX ст. у Сьмілавічах было 454 двары. Большую частку насельніцтва складалі жыды. Тут бытавалі гарбарныя, кавальскія, млынавыя, бандарныя, ганчарныя, кравецкія, шавецкія, шорныя, ткацкія і інш. промыслы і рамёствы. Насельніцтва займалася земляробствам, жывёлагадоўляй, агародніцтвам і дробным гандлем. У нядзелі і сьвяточныя дні адбываліся таржкі.

У час рэвалюцыі 1905—1907 гадоў у Сьмілавіцкай воласьці адбылося некалькі сялянскіх выступленьняў. Яны праявіліся ў самавольных парубках лясоў, захопе сенажацяў зямянаў. У жніўні 1914 году група мабілізаваных на фронт у часе руху паштовым трактам з Ігумена ў Менск разграмілі некалькі маёнткаў, у тым ліку і Сьмілавічы. Сялянскія хваляваньні ў Сьмілавіцкай воласьці адбыліся таксама ў верасьні 1917 году.

На 1917 год у мястэчку Сьмілавічах было 633 двары; у аднайменным маёнтку быў 1 двор. За часамі Першай сусьветнай вайны ў лютым 1918 году мястэчка занялі войскі Нямецкай імпэрыі.

Найноўшы час[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

25 сакавіка 1918 году згодна з Трэцяй Устаўной граматай Сьмілавічы абвяшчаліся часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. Жыхары мястэчка атрымалі Пасьведчаньні Народнага Сакратарыяту БНР[5]. 1 студзеня 1919 году ў адпаведнасьці з пастановай І зьезду КП(б) Беларусі Сьмілавічы ўвайшлі ў склад Беларускай ССР. З восені 1919 да ліпеня 1920 году мястэчка займалі польскія войскі.

У 1924—1931 і 1935—1938 гадох Сьмілавічы былі цэнтрам раёну, з 1924 году — цэнтар сельсавету. У 1926 годзе тут працавала беларуская сямігадовая школа. Апроч таго, у мястэчку дзейнічалі Народны дом, 3 клюбы, 86 чырвоных куткоў, бібліятэка, некалькі гурткоў ліквідацыі непісьменнасьці сярод дарослых. У 1930-я гады савецкія ўлады зруйнавалі помнік архітэктуры XVIII ст. касьцёл і кляштар місіянэраў. У Другую сусьветную вайну з чэрвеня 1941 да ліпеня 1944 году мястэчка знаходзілася пад акупацыяй Трэцяга Райху. У гэты час у Сьмілавічах і ваколіцах дзейнічалі партызаны.

3 1960 году Сьмілавічы знаходяцца ў складзе Чэрвеньскага раёну. 2 лістапада 1963 году яны атрымалі афіцыйны статус гарадзкога пасёлку[6].

Насельніцтва[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Дэмаграфія[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • XVIII стагодзьдзе: 1791 год — 564 чал. (257 муж. і 307 жан.)
  • XIX стагодзьдзе: 1881 год — 500 чал.; 1889 год — 1676 чал., зь іх 464 хрысьціянаў, 222 магамэтанаў і 990 юдэяў; 1897 год — 3498 чал.
  • XX стагодзьдзе: 1901 год — 3335 чал.; 1917 год — 2766 чал.[6], зь іх 215 беларусаў, 73 палякі, 2102 жыды ў мястэчку Сьмілавічах і 126 чал. у маёнтку Сьмілавічах; 1975 год — 5,7 тыс. чал.[7]; 2000 год — 5625 чал.
  • XXI стагодзьдзе: 2001 год — 5,1 тыс. чал.[8]; 2006 год — 5,3 тыс. чал.[9]; 2008 год — 5,3 тыс. чал.; 2009 год — 4654 чал.[10] (перапіс); 2015 год — 5079 чал.[11]; 2016 год — 5212 чал.[12]; 2017 год — 5386 чал.[13]; 2018 год — 5496 чал.[1]

Адукацыя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У Сьмілавічах працуюць саўгас-тэхнікум, завочны сельскагаспадарчы каледж, прафэсійна-тэхнічная вучэльня № 203, 2 сярэднія агульнаадукацыйныя і дзіцячая музычная школы, школа-інтэрнат, 2 дашкольныя дзіцячыя ўстановы.

Мэдыцына[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Мэдычнае абслугоўваньне насельніцтва ажыцьцяўляюць местачковыя лякарня і амбуляторыя.

Культура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Дзейнічаюць дом культуры, кінатэатар, 2 бібліятэкі, дом дзіцячай творчасьці.

Эканоміка[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Прадпрыемствы лёгкай прамысловасьці і камунальных паслугаў.

Апроч таго, у мястэчку працуюць пошта, аўтаматычная тэлефонная станцыя, ашчадны банк, аўтастанцыя, лазьня, 3 крамы і сталоўка.

Турыстычная інфармацыя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Славутасьці[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • Палацава-паркавы комплекс Манюшкаў (XVIII—XIX стагодзьдзі)
  • Помнікі: стэла на магілах ахвяр нацызму на вуліцы Савецкай (1980); стэла на магілах ахвяр нацызму на вуліцы Чкалава (1965); абэліск на брацкай магіле савецкіх воінаў і партызан (на могілках), якія загінулі ў баях зь немцамі ці памерлі ад ранаў (1960); помнік-стэла на ўшанаваньне памяці настаўнікаў і вучняў Сьмілавіцкай сярэдняй школы, якія загінулі ў час Другой сусьветнай вайны (1968)

У Сьмілавічах знаходзіцца батанічны помнік прыроды дзяржаўнага значэньня — хвоі чорныя.

Страчаная спадчына[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Галерэя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Асобы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • Файбіш-Шрага Зарфін (1899—1975) — францускі мастак беларускага паходжаньня
  • Ібрагім Канапацкі (1949—2005) — грамадзка-палітычны, культурны й рэлігійны дзяяч, гісторык, адзін зь лідэраў татарскага адраджэньня на Беларусі
  • Станіслаў Манюшка (1819—1872) — кампазытар і дырыгент, клясык беларускай і польскай опэры
  • Хаім Суцін (1893—1943) — мастак-эмігрант, працаваў у стылі экспрэсыянізм

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ а б в Численность населения на 1 января 2018 г. и среднегодовая численность населения за 2017 год по Республике Беларусь в разрезе областей, районов, городов и поселков городского типа (рас.) Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь
  2. ^ Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Мінская вобласць: нарматыўны даведнік / І. А. Гапоненка, І. Л. Капылоў, В. П. Лемцюгова і інш.; пад рэд. В. П. Лемцюговай. — Мн.: Тэхналогія, 2003. — 604 с. ISBN 985-458-054-7. (djvu) С. 492.
  3. ^ Ненадавец А. Легенды і паданні Міншчыны. — Менск, 2003.
  4. ^ Jelski A. Śmiłowicze // Słownik geograficzny... T. X. — Warszawa, 1889. S. 886.
  5. ^ Вялікі гістарычны атлас Беларусі. У 4 т. Т. 4. — Мінск, 2018. С. 19.
  6. ^ а б Дулеба Г. Смілавічы // ЭГБ. — Мн.: 2001 Т. 6. Кн. 1. С. 368.
  7. ^ Большая советская энциклопедия, 3-е изд.: в 30 т. / Гл. ред. А.М. Прохоров. — М.: Сов. энциклопедия, 1969—1978.
  8. ^ БЭ. — Мн.: 2002 Т. 15. С. 55.
  9. ^ Туристская энциклопедия Беларуси. — Мн., 2007.
  10. ^ Перепись населения — 2009. Минская область (рас.) Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь
  11. ^ Численность населения на 1 января 2015 г. и среднегодовая численность населения за 2014 год по Республике Беларусь в разрезе областей, районов, городов, поселков городского типа (рас.) Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь
  12. ^ Численность населения на 1 января 2016 г. и среднегодовая численность населения за 2015 год по Республике Беларусь в разрезе областей, районов, городов и поселков городского типа (рас.) Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь
  13. ^ Численность населения на 1 января 2017 г. и среднегодовая численность населения за 2016 год по Республике Беларусь в разрезе областей, районов, городов и поселков городского типа (рас.) Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь

Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]