Ракаў
| Ракаў | |||||
Касьцёл Найсьв. Панны Марыі |
|||||
|
|||||
| Магдэбурскае права: | XVII ст. | ||||
| Вобласьць: | Менская | ||||
| Раён: | Валожынскі | ||||
| Сельсавет: | Ракаўскі | ||||
| Насельніцтва: | 2,1 тыс. (2006) | ||||
| Тэлефонны код: | +375 1772 | ||||
| Паштовы індэкс: | 222365 | ||||
| Геаграфічныя каардынаты: | 53°58′26″ пн. ш. 27°04′03″ у. д. / 53.97389° пн. ш. 27.0675° у. д.Каардынаты: 53°58′26″ пн. ш. 27°04′03″ у. д. / 53.97389° пн. ш. 27.0675° у. д. | ||||
|
Ракаў на мапе Беларусі
Ракаў
|
|||||
| Неафіцыйны сайт | |||||
Ра́каў — вёска ў Беларусі, на рацэ Іслач. Цэнтар сельсавету Валожынскага раёну Менскай вобласьці. Насельніцтва 2,1 тыс. чалавек (2006). Знаходзіцца за 40 км на паўднёвы усход ад Валожына, за 39 км ад Менску; за 16 км ад чыгуначнай станцыі Беларусь, каля аўтамабільнай дарогі Менск — Горадня.
Ракаў — даўняе магдэбурскае[1] места гістарычнай Меншчыны, колішняя сталіца графства.
Зьмест |
Гісторыя [рэдагаваць]
Упершыню Ракаў згадваецца ў ХІV ст. як вялікакняскае ўладаньне. У 1465 вялікі князь Казімер перадаў паселішча Кезгайлам, з 1550 — у валоданьні Завішаў. У 2-й пал. ХVІ ст. тут заснавалі кальвінскі збор (дзейнічаў да пач. XVIII ст.). Згодна з адміністрацыйна-тэрытарыяльнай рэформай (1565—1566) мясьціна ўвайшла ў склад Менскага павету Менскага ваяводзтва.
У 1568 Ракаў атрымаў статус мястэчка. У 1-й пал. ХVІІ ст. паселішча перайшло да Сангушкаў, за якімі зрабілася значным гадлёвым местам, цэнтрам графства. У гэты час тут працавала вядомая друкарня. У 1686 Канстанцыя Сангушка з Сапегаў заснавала ў мястэчку дамініканскі кляштар Сьв. Духа.
У 1701 кароль і вялікі князь Аўгуст Моцны надаў Ракаву прывілей на 2 кірмашы. Пачаўся хуткі эканамічны ўздым. Празь мястэчка праходзілі 2 гасьцінцы: Менск — Пяршаі — Валожын — Ашмяны і Ракаў — Вялейка. У 1702 Казімер Сангушка заснаваў тут базылянскі манастыр. У 1742 адбыўся пажар, які зьнішчыў кляштар Сьв. Духа (неўзабаве адбудаваны).
У выніку другога падзелу Рэчы Паспалітай (1793) Ракаў апынуўся ў складзе Расейскай імпэрыі, дзе зрабіўся цэнтрам воласьці Менскага павету. У 1794 за ўдзел у паўстаньні расейскія ўлады канфіскавалі мястэчка ў Сангушкаў і перадалі царскаму фэльдмаршалу Салтыкову. У 1804 Салтыкоў прадаў Ракаў Зьдзяхоўскім. У 1824 мясцовыя вернікі збудавалі драўляны касьцёл і капліцу, у 1830 — змуравалі прымогілкавую капліцу Сьв. Ганны. Па здушэньні вызвольнага паўстаньня (1830—1831) у 1835 расейскія ўлады ліквідавалі кляштар Сьв. Духа, а касьцёл гвалтоўна перарабілі на царкву Маскоўскага патрыярхату. У 1839 царскія ўлады скасавалі базылянскі манастыр, царкву перадалі МП, багатую бібліятэку і архіў, што знаходзіліся пры манастыры — разрабалі, манастырскі шпіталь — зачынілі.
У 1843 у Ракаве збудавалі майстэрні сельскагаспадарчых машынаў (веялкі, малатарні, сячкарні інш.), якія добра разыходзіліся ў Менскім, а таксама ў Пскоўскім, Пецярбурскім паветах; апроч таго, у мястэчку працавалі 2 млыны, цагельня, піваварня. Мясцовыя майстры выраблялі драўляныя малатарні, арфы й сячкарні для навакольных сельскіх гаспадарак. Паводле М. Улашчыка[2], у 1901 тут вырабілі 80 малатарняў. Станам на 1859 у мястэчку было 140 двароў[3].
У кан. XIX — пач. ХХ стст. Ракаў знаходзіўся ў валоданьні Мар’яна Зьдзяхоўскага, прафэсара Кракаўскага і Віленскага ўнівэрсітэтаў. У гэты час у сядзібе Зьдзяхоўскага зьбіраліся вядомыя літаратары й музыканты. Эліза Ажэшка называла Ракаў «Паўночнымі Атэнамі». На 1905 у мястэчку было 740 будынкаў, у 1906 тут збудавалі нэагатычны касьцёл Найсьв. Панны Марыі. У пач. XX ст. існавалі некалькі млыноў, касьцёл Сьв. Духа, капліца Сьв. Ганны, царква, праваслаўная прымогілкавая капліца, каталіцкая і праваслаўная пачатковыя школы, паштовая станцыя і тэлеграф, аптэка; набліжэйшы доктар — у Заслаўі. У 1906—1909 дзейнічала правінцыйнае кола Польскага таварыства «Асьвета» ў Менску, якое займалася падтрымкай польскай адукацыі[4].
Згодна з Рыскай мірнай дамовай (1921) Ракаў апынуўся ў складзе міжваеннай Польскай Рэспублікі, дзе зрабіўся цэнтрам гміны Віленскага ваяводзтва. Непадалёк ад мястэчка праходзіла граніца з БССР, што спрыяла вялікаму эканамічнаму ўздыму. У гэты час Ракаў быў улюблёным мейсцам кантрабандыстаў, шпіёнаў з абодвух бакоў, тут адкрываліся рэстарацыі, публічныя дамы.
У 1939 Ракаў увайшоў у БССР. Статус паселішча панізілі да вёскі. У Другую сусьветную вайну зь ліпеня 1941 да ліпеня 1944 мястэчка знаходзілася пад нямецкай акупацыяй.
- Мястэчка на старых фатаздымках
Насельніцтва [рэдагаваць]
- XIX стагодзьдзе: 1859 — 1501 чал.; 1897 — 3641 чал., зь іх 59,5% юдэяў, 27,9% каталікоў, 12% праваслаўных
- XX стагодзьдзе: 1921 — 3323 чал.
- XXI стагодзьдзе: 2006 — 2,1 тыс. чал.
Інфрастуруктура [рэдагаваць]
У Ракаве працуюць сярэдняя школа, лякарня і пошта.
Эканоміка [рэдагаваць]
Ракаў — вядомы ў Беларусі ганчарны цэнтар (гэтак званая «Ракаўская кераміка»). Апроч таго, у вёсцы працуюць лясьніцтва і прамысловы камбінат.
Турыстычная інфармацыя [рэдагаваць]
Ракаў уваходзіць у турыстычныя маршруты «Сьвет беларускіх мястэчак», «Дойлідзтва Налібоцкага краю», Ракаў — Тупальшчына — Івянец і інш.[5]
У навакольлі вёскі дом адпачынку НАН Беларусі «Іслач», аздараўленчы комплекс «Сьвітанак», 9 дзіцячых арганізацяў адпачынку і аздараўленьня.
Запрашае наведвальнікаў музэй-галерэя «Янушкевічы». Краязнаўчая экспазыцыя музэя прысьвячаецца жыцьцю старасьвецкай шляхты і дробнай местачковай буржуазіі, найстарэйшы яе экспанат датуецца XVII стагодзьдзем.
Выдатныя мясьціны [рэдагаваць]
Ракаўскі канглямэрат — помнік прыроды дзяржаўнага значэньня.
- Ганчарня (XIX ст.)
- Гарадзішча
- Касьцёл Найсьв. Панны Марыі (1906)
- Касьцёл Сьв. Духа ордэна дамініканаў (1730—1793; цяпер царква Праабражэньня Гасподняга)
- Касьцёл Сьв. Ганны (1830)
- Манастыр базылянаў (падмуркі), ля якіх знаходзіцца гаючая крыніца з каплічкай
- Могілкі: габрэйскія (XVIII—XX стст.); каталіцкія; старыя праваслаўныя, брама (XIX ст.)
- Паштовая станцыя (XIX ст.; руіны)
У вёсцы месьціцца магіла беларускага кампазытара М. Грушвіцкага, на якой пастаўлены помнік.
Страчаная спадчына [рэдагаваць]
- Касьцёл (1824)
- Кляштар дамініканаў (1686)
- Сядзібна-паркавы комплекс Зьдзяхоўскіх (XIX ст.)
- Сынагога
Вядомыя асобы [рэдагаваць]
- Вячаслаў Рагойша (нар. у 1942) — літаратуразнавец, перакладнік, аўтар шэрагу манаграфіяў з тэорыі, практыцы і гісторыі беларускай літаратуры
- Іда Разэнталь (1886—1973) — амэрыканская мадэльерка, вынаходніца станіка.
Галерэя [рэдагаваць]
- Краявіды Ракава
Крыніцы [рэдагаваць]
- ^ Соркіна I. Мястэчкі Беларусі ў канцы ХVІІІ — першай палове ХІХ ст. — Вільня: ЕГУ, 2010. С. 312.
- ^ «Была такая вёска...» // Мікалай Улашчык. Выбранае / Уклад. А. Каўка, А. Улашчык. — Мн.: «Беларускі кнігазбор», 2001. С. 88.
- ^ Соркіна I. Мястэчкі Беларусі ў канцы ХVІІІ — першай палове ХІХ ст. — Вільня: ЕГУ, 2010. С. 379.
- ^ Tarasiuk D. Między nadzieją a niepokojem: Działalność społeczno-kulturalna i polityczna Polaków na wschodniej Białorusi w latach 1905–1918. — Lublin: Wydawnictwo Uniwersytetu Marii Curie-Skłodowskiej, 2007. S. 34-37.
- ^ Раков // Туристская энциклопедия Беларуси / редкол. Г. П. Пашков [и др.]; под общ. ред. И. И. Пирожника. — Мн., 2007.
Літаратура [рэдагаваць]
- Соркіна I. Мястэчкі Беларусі ў канцы ХVІІІ — першай палове ХІХ ст. — Вільня: ЕГУ, 2010.— 488 с. ISBN 978-9955-773-33-7.
- Raków // Słownik geograficzny Królestwa Polskiego i innych krajów słowiańskich. Tom IX: Poźajście — Ruksze. — Warszawa, 1888. S. 508—510.
Вонкавыя спасылкі [рэдагаваць]
Ракаў — сховішча мультымэдыйных матэрыялаў
|
||||||||