Ільля (вёска)
| Ільля | |
Касьцёл Найсьвяцейшага Сэрца Пана Езуса |
|
| Першыя згадкі: | 1475 |
| Вобласьць: | Менская |
| Раён: | Вялейскі |
| Сельсавет: | Ільлянскі |
| Тэлефонны код: | +375 1771 |
| Паштовы індэкс: | 222431 |
| Аўтамабільны код: | 5 |
| Геаграфічныя каардынаты: | 54°24′57.36″ пн. ш. 27°17′36.50″ у. д. / 54.4159333° пн. ш. 27.2934722° у. д.Каардынаты: 54°24′57.36″ пн. ш. 27°17′36.50″ у. д. / 54.4159333° пн. ш. 27.2934722° у. д. |
|
Ільля на мапе Беларусі
Ільля
|
|
І́льля — вёска ў Беларусі, на правым беразе ракі Ілія. Цэнтар сельсавету Вялейскага раёну Менскай вобласьці. Насельніцтва 1865 чал. (1995). Знаходзіцца за 37 км на паўднёвы ўсход ад Вялейкі, за 29 км ад чыгуначнай станцыі Вуша; на аўтамабільнай дарозе Р58 (Сосенка — Краснае).
Ільля — даўняе мястэчка гістарычнай Меншчыны.
Зьмест |
Назва [рэдагаваць]
Існуе некалькі меркаваньняў пра паходжаньне тапоніму «Ільля». Паводле аднаго зь іх, ён утварыўся ад назвы ракі Ілія і сьпярша выглядаў як Іля. Пазьней назва мястэчка зьмянілася на Ільлю, нібыта ў гонар хрысьціянскага прарока. Згодна зь іншай вэрсіяй, паселішча атрымала сваю назву ад Ільлінскай царквы.
Афіцыйнае напісаньне назвы паселішча — Ілья.
Гісторыя [рэдагаваць]
Першы пісьмовы ўспамін пра Ільлю як двор маршалка дворнага Багдана Саковіча датуецца 1475 годам. Пазьней паселішчам валодалі Забярэзінскія, Збараскія.
У 1564 Ільля ўпершыню згадваецца як мястэчка («место»), таксама існавалі аднайменныя двор і воласьць. Згодна з адміністрацыйна-тэрытарыяльнай рэформай (1565—1566) мясьціна ўвайшла ў склад Менскага павету Менскага ваяводзтва. 3 1582 да канца XVII ст. Ільля знаходзілася ў валоданьні Глябовічаў. Паводле інвэнтару (1650) мастэчка складалася з рынкавага пляца і 3 вуліцаў, тут было 93 двары, 10 корчмаў, новазбудаваны касьцёл (царква згарэла незадоўга да складаньня інвэнтару). У 1692 Крыстына Глябовіч разам з мужам, гетманам вялікім Казімерам Янам Сапегам зьмянялі маёнтак велятыцкаму старосту князю К. Друцкаму-Сакалінскаму. У XVIII ст. уладальнікамі Iльлі былі: дачка Друцкага-Сакалінскага Барбара і яе муж ковенскі харунжы А. Скарульскі, Савіцкія (графы на Iльлі), каралеўскі ад’ютант, потым Я. М. Салагуб, за якім у маёнтку існавала вялікая гута. У 1792 апошні прадаў Iльлю падскарбію вялікаму, кампазытару Міхалу Клеафасу Агінскаму.
У выніку другога падзелу Рэчы Паспалітай (1793) Ільля апынулася ў складзе Расейскай імпэрыі, у Вялейскім павеце Віленскай губэрні. За ўдзел у паўстаньні Т. Касьцюшкі (1794) расейскія ўлады канфіскавалі мястэчка. У 1795—1804 уладальнікам Iльлі быў фэльдмаршал М. Салтыкоў, у 1804—1806 — генэрал-маёр Л. Зьдзяхоўскі, потым — менскі губэрнскі маршалак Ю. Валадковіч і С. Радзішэўскі, які за часамі вызвольнага паўстаньня (1830—1831) быў вайсковым начальнікам Вялейскага павету і камандзірам палку. Расейскія карныя войскі разрабавалі Ільлінскую сядзібу, а маёнтак канфіскавалі. Станам на 1886 у мястэчку было 40 двароў, 2 праваслаўныя царквы, школа, таргі ў нядзелі, рэгулярныя кірмашы 6 студзеня і 20 чэрвеня.
Згодна з Рыскай мірнай дамовай (1921) Ільля апынулася ў складзе міжваеннай Польскай Рэспублікі, дзе зрабілася цэнтрам гміны Вялейскага павету Віленскага ваяводзтва. У гэты час існавалі аднайменныя мястэчка (236 дамоў) і калёнія (30 дамоў).
У 1939 Ільля ўвайшла ў БССР, дзе зрабілася цэнтрам раёну і сельсавету (з 1957 у Вялейскім раёне). Статус паселішча панізілі да вёскі. Станам на 1971 тут было 530 двароў, на 1995 — 600 двароў.
Насельніцтва [рэдагаваць]
- XVIII стагодзьдзе: 1798 — 170 чал.
- XIX стагодзьдзе: 1860 — 141 чал.; 1866 — 522 чал.[1]; 1886 — 318 чал.
- XX стагодзьдзе: 1905 — 1525 чал.; 1921 — 1333 чал. у мястэчку Ільля і 162 чал. у калёніі Ільля; 1971 — 2179 чал.; 1995 — 1865 чал.[2]
Адукацыя [рэдагаваць]
У вёсцы знаходзіцца адна зь дзьвюх сярэдніх спэцыяльных навучальных установаў Вялейскага раёну — Ільлянскі аграрны каледж. Установа адкрылася 26 жніўня 1957 году пад назвай Ільлінскі вэтэрынарны тэхнікум. 20 верасьня 1990 году саўгас-тэхнікум пераўтварыўся ў асобны саўгас «Абадоўцы» і Ільлінскі сельскагаспадарчы тэхнікум. За час свайго існаваньня да 2008 году навучальная ўстанова падрыхтавала 7061 адмыслоўца, зь якіх 2928 заатэхнікаў і 4133 фэльчары вэтэрынарнай мэдыцыны.
У Ільлі разьмяшчаецца дзіцячая музычная школа, заснаваная 25 жніўня 1975 году. Першым рэктарам быў Раман Мізула. За час існаваньня да 2008 году музычную школу скончыла больш за 270 навучэнцаў. У школе праходзіць навучаньне на наступных музычных інструмэнтах: баян, акардэон, цымбалы, фартэпіяна. У 2004 годзе ў Ільлінскай музычнай школе адкрыліся харэаграфічнае аддзяленьне, старэйшы і малодшы харавыя ансамблі, а таксама зьмяшаныя дзіцячыя ансамблі.
Таксама ў вёсцы дзейнічае агульнаадукацыйная сярэдняя школа з краязнаўчым ухілам імя акадэміка Адама Антонавіча Грымаця. Паводле зьвестак на 2008 год у ёй навучаюцца 360 вучняў і працуюць 40 настаўнікаў (7 зь іх маюць вышэйшую катэгорыю, 20 — першую).
Мэдыцына [рэдагаваць]
Мэдычныя паслугі надае лякарня.
Культура [рэдагаваць]
Дзейнічаюць дом культуры і бібліятэка.
Турыстычная інфармацыя [рэдагаваць]
У Ільлінскай школе дзейнічаюць 2 музэі: краязнаўчы музэй і «Вялейшчына літаратурная».
Выдатныя мясьціны [рэдагаваць]
Помнікі архітэктуры — касьцёл Найсьвяцейшага Сэрца Пана Езуса (пач. XX ст.) і Сьвята-Ільлінская царква (каля 1827).
Помнік археалёгіі — рэшкі гуты (кан. XVIII — пач. XIX стст.).
Страчаная спадчына [рэдагаваць]
У 1772 годзе з фундацыі Брыгіты з Радзівілаў Салагуб у Ільлі збудавалі Касьцёл Маці Божай Ружанцовай, зьнішчаны ў Другую сусьветную вайну.
Вядомыя выхадцы [рэдагаваць]
Мястэчка Ільля — радзіма продкаў Лізы Кудроў[3]
Цікавыя факты [рэдагаваць]
- Цэнтральны пляц Ільлі калісьці меў назву Рынак.
Крыніцы [рэдагаваць]
- ^ Ilia // Słownik geograficzny Królestwa Polskiego i innych krajów słowiańskich. Tom III: Haag — Kępy. — Warszawa, 1882. S. 258.
- ^ Герман Брэгер. Ілья // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 3: Гімназіі — Кадэнцыя / Беларус. Энцыкл.; Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн.: БелЭн, 1996. С. 481.
- ^ Кіназорка плакала на месцы пахаваньня ільлянскіх габрэяў
Літаратура [рэдагаваць]
- Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 3: Гімназіі — Кадэнцыя / Беларус. Энцыкл.; Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн.: БелЭн, 1996. — 527 с.: іл. ISBN 985-11-0041-2.
- Ilia // Słownik geograficzny Królestwa Polskiego i innych krajów słowiańskich. Tom III: Haag — Kępy. — Warszawa, 1882. S. 258—259.
Вонкавыя спасылкі [рэдагаваць]
Ільля (вёска) — сховішча мультымэдыйных матэрыялаў
|
||||||||