Міхал Клеафас Агінскі
| Міхал Клеафас Агінскі | |
| польск. Michał Kleofas Ogiński | |
Міхал Клеафас Агінскі. Аўтар Ф. К. Фабро, XIX ст. |
|
Герб «Агінскі» |
|
| Падскарбі вялікі літоўскі | |
| 1793 — 1796 | |
| Папярэднік: | Людвік Тышкевіч |
| Наступнік: | пасада скасаваная |
| Асабістыя зьвесткі | |
| Нарадзіўся: | 7 кастрычніка 1765 Гузаў, Рэч Паспалітая |
| Памёр: | 15 кастрычніка 1833 Флярэнцыя, Італія |
| Род: | Агінскія |
| Бацькі: | Андрэй Агінскі Паўла Шэмбэк |
| Жонка: | Ізабэла Ласоцкая (1789—1802) Марыя дэ Нэры (ад 1802) |
| Дзеці: | Тамаш Антоні, Ірэнеўш Клеафас, Францішак Ксавэры, Амэлія, Іда, Эмма |
Міхал Клеафас Агінскі (па-польску: Michał Kleofas Ogiński; 7 кастрычніка 1765, Гузаў Мазавецкага ваяводзтва — 15 кастрычніка 1833, Флярэнцыя) — кампазытар, дзяржаўны і вайсковы дзяяч Вялікага Княства Літоўскага[1] і Рэчы Паспалітай[2]. Удзельнік паўстаньня Т. Касьцюшкі.
Міхал Клеафас Агінскі — аўтар знакамітага палянэзу «Разьвітаньне з Радзімай».
Зьмест |
Біяграфія [рэдагаваць]
Са старэйшай княскай лініі роду Агінскіх, сын Андрэя і Паўлы з Шэмбэкаў. Ад бацькі ўспадкаваў тытул графа.
Атрымаў добрую хатнюю адукацыю, меў выдатныя здольнасьці да музыкі і замежных моваў. Першыя музычныя ўражаньні атрымаў ад наведваньня Слоніма, дзе ягоны сваяк Міхал Казімер Агінскі ўтрымліваў тэатар эўрапейскага ўзроўню.
Кар’ера [рэдагаваць]
Абіраўся паслом сойму Рэчы Паспалітай (1786), быў камісарам скарбовай камісіі Вялікага Княства Літоўскага (1788), потым займаў пасаду мечніка вялікага літоўскага (1789—1793). У 1790—1791 надзвычайны амбасадар у Галяндыі, выконваў дыпляматычную місію ў Лёндане.
У 1791 мусіў прысягнуць расейскай імпэратрыцы Кацярыне II, каб захаваць свае маёнткі ва ўсходняй частцы сучаснай Беларусі. Скептычна паставіўся да Канстытуцыі 3 траўня[1].
У 28-гадовым веку (1793) займаў пасаду падскарбія вялікага літоўскага, абіраўся паслом на Гарадзенскі сойм.
Паcьля перамогі ў 1793 Таргавіцкай канфэдэрацыі падтрымаў яе і вярнуў сабе канфіскаваныя раней маёнткі.
Паўстаньне [рэдагаваць]
У часе паўстаньня 1794 далучыўся да віленскіх паўстанцаў, уваходзіў у Найвышэйшую літоўскую раду. Ахвяраваў на патрэбы паўстаньня 188 тысячаў злотых, кіраваў 480 стральцамі.
У чэрвені 1794 двойчы з атрадам стралкоў і 200 коньнікамі спрабаваў прабіцца ў колішняе Менскае ваяводзтва, каб узьняць тамака паўстаньне. У жніўні 1794 зрабіў рэйд да Дынабурга. Змагаўся супраць прускіх войскаў.
Пасьля таго, як расейцы занялі Вільню, праз Галіцыю выехаў у Аўстрыю. За ўдзел у паўстаньні расейскія ўлады канфіскавалі ягоныя маёнткі.
На радзіме і чужыне [рэдагаваць]
Жыў у Вене, Вэнэцыі, Стамбуле, Парыжы. Па ўступленьні на расейскі сталец Аляксандра I атрымаў магчымасьць вярнуцца на радзіму і працягнуць грамадзка-палітычную і мастацкую дзейнасьць. Пасьля прысягі на вернасьць імпэратару яму, як і ўсім выгнаньнікам, вярталіся ранейшыя маёнткі.
У 1802—1806 гадох жыў у маёнтку Залесьсе Ашмянскага павету, дзе збудаваў новы палац, парк у ангельскім стылі, аранжарэі, зьвярынец, сабраў вялікую бібліятэку. Менавіта тут, у Залесьсі, ён напісаў свой славуты палянэз «Разьвітаньне з Радзімай».
У 1810 атрымаў пасаду сэнатара і чын тайнага саветніка, ордэны сьв. Уладзімера і Аляксандра Неўскага. Неаднойчы сустракаўся з расейскім імпэратарам Аляксандрам I у Пецярбургу, Вільні, Магілёве і Віцебску, распрацаваў у падаў яму плян аднаўленьня Вялікага Княства Літоўскага ў складзе Расейскай імпэрыі[1], якое мусіла аб’яднаць восем губэрняў. Аднак імпэратар адхіліў гэты праект.
У 1823 выехаў разам з радзінай у Італію, жыў у Флярэнцыі, дзе памёр 15 кастрычніка 1833. Пахавалі кампазытара на кляштарных могілках пры касьцёле Санта Марыя Навэла, пазьней — перапахавалі ў пантэон Санта Крочэ.
Творчасьць [рэдагаваць]
Вядомы як кампазытар, аўтар папулярных палянэзаў для фартэпіяна, якія вызначаюцца лірызмам, мэлядычнасьцю, зьвязаны з народна-песеннымі традыцыямі[3]. Найбольш папулярны ягоны палянэз ля-мінор «Разьвітаньне з Радзімай» (польск. Pożegnanie Ojczyzny).
Пісаў таксама маршы (у тым ліку «Марш паўстанцаў 1794»), вальсы, мазуркі, мэнуэты, рамансы. Аўтар аднаактовай опэры «Зэліс і Валькур, або Банапарт у Каіры».
У 1826—1827 у Парыжы выдаў 4-томныя «Мэмуары пра Польшчу і палякаў з 1788 да 1815 г.» (на францускай мове, у 1870—1873 перакладзеныя на польскую мову), у якіх неаднойчы ўзгадвае пра свае беларуска-літвінскія карані[4]. Напісаў «Лісты пра музыку» (1828, выдадзены ў 1956).
Музыка М. К. Агінскага была надзвычай папулярная як пры жыцьці, так і пасьля сьмерці кампазытара. Ягоныя палянэзы распачыналі тагачасныя баляваньні, вялікімі накладамі выдаваліся ў Вене, Міляне, Празе, Бэрліне, Пецярбургу. Высокую адзнаку творчасьці М. К. Агінскага даюць Э. Т. А. Гофман, К. М. Вэбер, Ф. Ліст.
Меў асабістае знаёмства з В. Моцартам й Ё. Гайднам, а таксама быў вучнем П. М. Ф. Баё, Ч. Ф. Ляфона, Т. Кампанэлі.
Памяць [рэдагаваць]
Помнікі Міхалу Клефасу Агінскаму стаяць у Маладэчне (Беларусь) і Гузаве (Польшча)
У 1994 Белпошта выдала адмысловую марку, прысьвечаную славутаму кампазытару. У красавіку 1996 у Флярэнцыі, на доме, дзе жыў М. К. Агінскі, адкрылася мэмарыяльная шыльда (скульптар В. Янушкевіч).
Колішняя сядзіба Агінскіх у Залесьсі, «Паўночныя Атэны» (як яе называлі сучаснікі кампазытара), перайшла ў падпарадкаваньне Міністэрства культуры Беларусі — да Аб’яднаньня літаратурных музэяў, з 1990 году тут сьвяткуюцца ўгодкі яе былога гаспадара, дагэтуль вядзецца рэстаўрацыя.
У 2011 імя М. К, Агінскага атрымала вуліца ў Горадні[5].
22 жніўня 2011 Нацыянальны банк Рэспублікі Беларусь увёў у абарачэньне памятныя манэты «М. Агінскі» сэрыі «Гісторыя і культура Беларусі».
Цікавыя факты [рэдагаваць]
- У сваёй опэры «Зэліс і Валькур» М. К. Агінскі вывеў на сцэну Напалеона і Юзэфа Сулкоўскага; для таго часу зрабіць дзейнымі асобамі яшчэ жывых людзей было ўнікальнай зьявай[6].
- Пры жыцьці кампазытара больш папулярным быў «Палянэз сьмерці» фа мажор, а не «Разьвітаньне з Радзімай» ля мінор.
- М. К. Агінскі — аўтар дзьвюх музычных працаў — «Лісты пра музыку» і «Назіраньні над музыкай». Апрача таго, ён маляваў у клясычным стылі.
- М. К. Агінскі першым стварыў палянэзы для слуханьня, а не для танцаў. Пазьней ягоную справу працягнуў Ф. Шапэн[6].
Крыніцы [рэдагаваць]
- ^ а б в Анатоль Грыцкевіч. Агінскі Міхал Клеафас // Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / рэд. Г. П. Пашкоў і інш. Т. 1: Абаленскі — Кадэнцыя. — Мінск: Беларуская Энцыклапедыя, 2005. С. 201.
- ^ 7 кастрычніка — 240 год з дня нараджэння Міхала Клеафаса Агінскага (1765—1833), дзяржаўнага дзеяча Рэчы Паспалітай, дыпламата, кампазітара. Нацыянальная бібліятэка Беларусі. Праверана 5 сьнежня 2010 г.
- ^ Анатоль Грыцкевіч. Агінскія // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 1: А — Беліца / Беларус. Энцыкл.; Рэдкал.: М. В. Біч і інш.; Прадм. М. Ткачова; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн.: БелЭн, 1993. С. 34.
- ^ Святлена Немагай. Музыка сям’і Агінскіх // Музыка сям’і Агінскіх. Вакальныя творы. — Мн.: ТАА «Паліфакт», 2000.
- ^ У Гродна з’явяцца вуліцы Агінскага, Багушэвіча, Караткевіча і Орды // «Наша Ніва», 20 траўня 2011.
- ^ а б Таіса Храловіч. Такога Агінскага вы не ведалі, або Таямніцы жыцця музыканта-аматара // «Народная газета», 21 студзеня 2009. С. 10.
Літаратура [рэдагаваць]
- Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / рэд. Г. П. Пашкоў і інш. Т. 1: Абаленскі — Кадэнцыя. — Мінск: Беларуская Энцыклапедыя, 2005. — 684 с.: іл. ISBN 985-11-0314-4.
- Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 1: А — Беліца / Беларус. Энцыкл.; Рэдкал.: М. В. Біч і інш.; Прадм. М. Ткачова; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн.: БелЭн, 1993. — 494 с., [8] к.: іл. ISBN 5-85700-074-2.
Вонкавыя спасылкі [рэдагаваць]
Міхал Клеафас Агінскі — сховішча мультымэдыйных матэрыялаў
- Нарадзіліся 7 кастрычніка
- Нарадзіліся ў 1765 годзе
- Асобы па альфабэце
- Памерлі 15 кастрычніка
- Памерлі ў 1833 годзе
- Падскарбіі вялікія літоўскія
- Агінскія
- Нарадзіліся ў Гузаве
- Мечнікі вялікія літоўскія
- Беларускія кампазытары
- Польскія кампазытары
- Дыпляматы Рэчы Паспалітай
- Сьвецкія сэнатары Рэчы Паспалітай
- Удзельнікі паўстаньня 1794 году
- Барскія канфэдэраты
- Памерлі ў Флярэнцыі
- Удзельнікі Вялікага Сойму 1788—1792
- Узнагароджаныя ордэнам Белага арла
- Узнагароджаныя ордэнам Сьвятога Станіслава
