Фартэпіяна

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Перайсьці да: навігацыі, пошуку
Steinway Vienna 011.JPG

Фартэпія́на — агульная назва клявішна-струнных музычных інструмэнтаў — раяляў і піяніна. Назва паходзіць ад італьянскага forte — «гучна» й piano — «ціха». У большасьці заходнеэўрапейскіх моваў, адрозна ад беларускай, слова fortepiano абазначае толькі старадаўняе фартэпіяна, тады як сучаснае фартэпіяна абазначаецца як piano, klavier і г. д.

Канструкцыя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Фартэпіянная мэханіка[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Начыньне раялю. Бачныя абцягнутыя войлакам малаточкі й струны (у паказаным дыяпазоне прыпадаюць па 2 струны на адзін гук)
Схема фартэпіяна

Гук на фартэпіяна ўтвараецца ўдарам малаточка па струне. Струны з дапамогаю калкоў нацягнутыя на рэзанансную дэку (на піяніна дэка знаходзіцца ў вэртыкальным становішчы, на раялях — у гарызантальным). Для кожнага гуку існуе хор струнаў: тры для сярэдняга й высокага дыяпазону, адна ці дзьве — для ніжняга. Дыяпазон большасьці фартэпіяна складае 86 паўтонаў ад ля субконтрактавы да до 5 актавы (больш старыя інструмэнты звычайна абмежаваныя нотаю ля 4 актавы). У нэўтральным становішчы ўсе струны, з выключэньнм дзьвюх апошніх актавы, судакранаюцца з дэмпфэрамі. Падчас націсканьня клявішаў дзейнічае прыстасаваньне з рычагоў, раменчыкаў і малаточкаў, якое называецца фартэпіяннай мэханікай. Пасьля націсканьня клявішы ад адпаведнага хору струнаў аддзяляецца дэмпфэр, каб струна магла вольна гучаць, і па ёй б’е малаточак, абцягнуты войлакам.

Пэдалі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Сучасныя фартэпіяна маюць два або тры пэдалі. Даўнейшыя інструмэнты для тых самых мэтаў мелі рычагі, якія піяніст мусіў прыводзіць у дзеяньне каленамі.

Правы пэдаль падымае адразу ўсе дэмпфэры, і пасьля адпусканьня клявішы адпаведныя струны працягваюць гучаць. Акрамя таго, усе астатнія струны таксама пачынаюць вібраваць і стаюцца другаснай крыніцай гуку. Правы пэдаль выкарыстоўваецца з дзьвюма мэтамі: каб зрабіць пэўную пасьлядоўнасьць гукаў непарыўнай (ігра legato) тады, калі гэта тэхнічна немагчыма зрабіць аднымі пальцамі, і каб узбагаціць гук новымі абэртонамі. У нотах гэты пэдаль пазначаецца лацінскай літарай P (або скарачэньнем Ped.), а яго зьняцьце — зорачкай (*).

Левы пэдаль робіць гучаньне інструмэнта цішэйшым, а таксама дадае йгры далікатных фарбаў. На раялях гэта дасягаецца зрухам малаточкаў улева, таму замест трох струнаў хора яны б’юць толькі па двух, а на даўнейшых інструмэнтах — па адной струне. На піяніна малаточкі набліжаюцца да струнаў. У нотах узяцьце гэтага пэдалю пазначаецца як una corda (зь італьянскае — «адна струна»), яго зьняцьце — пазнакамі tre corde («тры струны») або tutte le corde («усе струны»).

Сярэдні пэдаль, або пэдаль sostenuto, ёсьць толькі ў раяляў. Ён слугуе для падняцьця выбраных дэмпфэраў. Пры націснутым сярэднім пэдалю дэмпфэры, якія падымаюцца ад націсканьня клявішаў, застаюцца ўзьнятымі да адпусканьня пэдалю. Неабходна, каб пэдаль быў націснуты адразу пасьля ўдару патрэбных клявішаў, пакуль яны яшчэ не адпушчаныя. Многія піяніна маюць іншы сярэдні пэдаль, які выкарыстоўваецца для вельмі моцнага заглушэньня гуку з дапамогай адмысловай тканіны, якая трапляе паміж малаточкамі й струнамі. Гэтая функцыя выкарыстоўваецца пры хатнім музыкаваньні.

Гісторыя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Папярэднікамі фартэпіяна былі клявэсын і клявікорд. Лічыцца, што мэханіка сучаснага фартэпіяна была вынайдзеная італьянскім майстрам Барталямэё Крыстафоры каля 1709 году. Вынаходнік Готфрыд Зыльбэман, вядомы таксама як арганны майстар, дадаў да раяля сыстэму дэмпфэрнага пэдалю, які дазваляў падымаць усе дэмпфэры адначасова. У 1821 годзе Сэбастыен Эрар вынайшаў мэханіку з падвойнай рэпэтыцыяй, якая дазваляла браць гукі з хуткім паўторным націсканьнем клявішаў (у ранейшых інструмэнтаў малаточак марудна адыходзіў ад струны, і гэта не было магчыма). Сёньняшнія піяніна і раялі ў асноўным здабылі свой выгляд у XIX стагодзьдзі.

Вялікая частка фартэпіяннага рэпэртуару — напрыклад, творы Баха, Моцарта й Бэтговэна — былі напісаныя для інcтрумэнтаў, якія гучалі трохі іначай, чым сучасныя раялі. У цяперашні час існуе багатая традыцыя выкананьня такіх твораў на старадаўніх фартэпіяна (fortepiano).

Сёньня вядомымі маркамі фартэпіяна зьяўляюцца Steinway, Yamaha, Kawai, Bechstein, Fazioli, Blüthner, Pleyel. У Беларусі наладжаная вытворчасьць толькі піяніна. Інструмэнты пад маркай «Беларусь» (або «Belarus») вырабляюцца ў Барысаве. Звычайна іх якасьць пасрэднага ўзроўню.

Роля фартэпіяна[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Фартэпіяна мела вырашальную ролю ў разьвіцьці заходнеэўрапейскай клясычнай музыкі, джазу, музыкі для кіно й тэлевізіі. Гэты інструмэнт мае найбольшы сольны рэпэртуар. У сучаснай музычнай пэдагогіцы фартэпіяна зьяўляецца асновапаложным і амаль паўсюдна абавязковым інструмэнтам для авалодваньня, прынамсі на ўзроўні другога або дадатковага інструмэнту. Шырокі дыяпазон гучаньня фартэпіяна і ягоныя неабмежаваныя магчымасьці перайманьня гучаньня іншых інструмэнтаў і нават цэлага аркестру робіць яго незаменным у працы кампазытараў і ў музычным адукацыйным працэсе.

Піяністы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Чалавек, які выконвае музычныя творы на фартэпіяна, ёсьць піяністам. Прафэсійныя піяністы могуць выступаць як самастойныя выканаўцы, іграць у суправаджэньні аркестру або ансамблю, акампанаваць аднаму ці некалькім музыкантам.

Многія знакамітыя кампазытары былі адначасна й выбітнымі піяністамі. Кожны з такіх кампазытараў, як Вольфганг Моцарт, Людвіг ван Бэтговэн, Франц Шубэрт, Фэрэнц Ліст, Ёганэс Брамс, Фрыдэрык Шапэн, Робэрт Шуман, Клёд Дэбюсі, Сяргей Рахманінаў, Аляксандар Скрабін, Сяргей Пракоф'еў адкрыў новыя магчымасьці гэтага інструмэнта і ўзбагаціў тэхнічныя й гукавыя магчымасьці піянізму. Пры канцы 20 стагодзьдзя вычарпанасьць фартэпіяннага рэпэртуару значна зьнізіла цікавасьць кампазытараў да гэтага інструмэнту.

Многія зь піяністаў вядомыя толькі як выканаўцы. У мінулым, напрыклад: Уладзімер Горавіц, Сьвятаслаў Рыхтэр, Эміль Гілельс, Глен Гульд, Кляўдыё Араў, Вільгельм Кэмпф. Сёньня, напрыклад: Міхаіл Плятнёў, Рыгор Сакалоў, Яўген Кісін, Марта Аргерыч, Раду Люпу, Альфрэд Брэндэль. Зь беларускіх піяністаў найбольш вядомыя Ігар Алоўнікаў, Андрэй Сікорскі, Сяргей Мікулік, Андрэй Паначэўны, Ёсіф Сяргей, Канстанцін Красьніцкі, Цімур Шчарбакоў, Аляксандар Музыкантаў.

Глядзіце таксама[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Commons-logo.svg  Фартэпіянасховішча мультымэдыйных матэрыялаў