Дзень Волі
Дзень Во́лі — неафіцыйнае беларускае сьвята, гадавіна ўтварэньня першай нацыянальнай дзяржавы — Беларускай Народнай Рэспублікі (25 сакавіка 1918, Трэцяя Ўстаўная Грамата).
Сучасная назва сьвята зьявілася ў пачатку 1990-х гадоў. Яе адпаведнік у беларускай дыяспары ЗША — Дзень незалежнасьці.
Зьмест |
Гістарычныя зьвесткі [рэдагаваць]
- Асноўны артыкул: Беларуская Народная Рэспубліка
25 сакавіка 1918 году ў Менску Рада БНР (былы выканаўчы камітэт Усебеларускага зьезду) прыняла Трэцюю ўстаўную грамату, паводле якой Беларуская Народная Рэспубліка абвяшчалася вольнай і незалежнай дзяржавай. Рада БНР пастанавіла, што Берасьцейская мірная дамова, падпісаная бальшавікамі і немцамі, страціла моц, таму заклікала перагледзець яе ўмовы.
Дзяржаўнымі сымбалямі першай беларускай нацыянальнай дзяржавы зрабіліся бел-чырвона-белы сьцяг і герб Пагоня[1], сталіцай — Менск, дзяржаўнай і абавязковай мовай — беларуская (з 12.04.1918[1]). Ад 11 кастрычніка 1918 дзейнічала часовая канстытуцыя[2], праводзілася выдача пашпартоў[1].
Беларускую Народную Рэспубліку дэ-юрэ прызналі УНР, Летува, Латвія, Эстонія, Чэхаславаччына і Фінляндыя[1], дэ-факта — Нямеччына, Баўгарыя і Турэччына[3].
Абвяшчэньне БНР было вялікім гістарычным крокам Беларусі да ідэйнага асэнсаваньня сябе як асобнай самастойнай краіны, праяваю волі беларусаў да ўтварэньня незалежнай беларускай нацыянальнай дзяржавы.
Сьвяткаваньне [рэдагаваць]
Упершыню ўгодкі абвяшчэньня Беларускай Народнай Рэспублікі адзначылі ў 1919 годзе ў Горадні[4]. Пазьней сьвяточныя імпрэзы праводзіліся ў шэрагу беларускіх местаў і мястэчак (Горадня, Ашмяны, Смаргонь і інш.), якія апынуліся ў складзе міжваеннай Польскай Рэспублікі. Галоўныя ўрачыстасьці звычайна адбываліся ў Вільні.
Па Другой сусьветнай вайне намаганьнямі беларускіх арганізацыяў сэнатары, губэрнатары і мэры шэрагу адміністрацыйна-тэрытарыяльных адзінак ЗША неаднаразова абвяшчалі і праводзілі 25 сакавіка Беларускія дні ў адпаведных штатах і гарадох. Праца Сэнату і Кангрэсу ЗША неаднойчы пачыналася 25 сакавіка малітвай за Беларусь, чытанай беларускім сьвятаром[5].
З пачатку 1990-х гадоў у Менску і іншых гарадох Беларусі праводзяцца палітычныя акцыі, мітынгі, шэсьці, прысьвечаныя гэтай даце. Адпаведныя масавыя акцыі неаднаразова гвалтоўна перапыняліся міліцыяй, актывісты, што ўдзельнічалі ў іх, арыштоўваліся.
Крыніцы [рэдагаваць]
- ^ а б в г Гісторыя Беларусі (у кантэксце сусветных цывілізацый). Вучэбн. дапаможнік / В. І. Галубовіч, З. В. Шыбека, Д. М. Чаркасаў і інш.; Пад рэд. В. І. Галубовіча і Ю. М. Бохана. — Мн.: Экаперспектыва, 2005. С. 315.
- ^ А. М. Сідарэвіч. Беларуская Народная Рэспубліка // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 1: А — Беліца / Беларус. Энцыкл.; Рэдкал.: М. В. Біч і інш.; Прадм. М. Ткачова; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн.: БелЭн, 1993. С. 386.
- ^ А. М. Сідарэвіч. Беларуская Народная Рэспубліка // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 1: А — Беліца / Беларус. Энцыкл.; Рэдкал.: М. В. Біч і інш.; Прадм. М. Ткачова; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн.: БелЭн, 1993. С. 388.
- ^ Чарнякевіч А., Вашкевіч А. 25 сакавіка: вытокі нацыянальнага сьвята // «ARCHE Пачатак» № 3, 2008. С. 65.
- ^ Кіпель В. Беларусы ў ЗША / Пераклад С. Шупы. — Мн.: Беларусь, 1993. С. 242—245.
Літаратура [рэдагаваць]
- Чарнякевіч А., Вашкевіч А. 25 сакавіка: вытокі нацыянальнага сьвята // «ARCHE Пачатак» № 3, 2008.
- Кіпель В. Беларусы ў ЗША / Пераклад С. Шупы. — Мн.: Беларусь, 1993. — 352 с. ISBN 5-338-00884-X.
Вонкавыя спасылкі [рэдагаваць]
Дзень Волі — сховішча мультымэдыйных матэрыялаў
- Андрэй Семянюк (22 сакавіка 2009) 25 пытанняў і адказаў з гісторыі БНР. Эўрапейскае радыё для Беларусі. Праверана 19 красавіка 2009 г.