Баварыя
| Адміністрацыйна-тэрытарыяльная адзінка | |
| Свабодная дзяржава Баварыя па-нямецку: Der Freistaat Bayern' |
|
| Герб | Сьцяг |
| Агульныя зьвесткі | |
| Краіна | Нямеччына |
| Статус | Фэдэральная зямля |
| Адміністрацыйны цэнтар | Мюнхэн |
| Прэм’ер-міністар | Горст Зэегофэр |
| Кіруючыя партыі | ХСС, СДП |
| Насельніцтва | 12 469 000 |
| Шчыльнасьць | 177,5 чал./км² |
| Плошча | 70 552 км² |
| Галасоў у Бундэсраце | 6 (з 69) |
| Месцазнаходжаньне Свабоднай дзяржавы Баварыя | |
| Мэдыя-зьвесткі | |
| Код ISO 3166-2 | DE-BY |
| Афіцыйны сайт | |
Свабодная дзяржава Баварыя (па-нямецку: Der Freistaat Bayern) — адна зь земляў у складзе Фэдэратыўнай Рэспублікі Нямеччыны. Самая вялікая па плошчы (70 552 км²) і другая па насельніцтве пасьля Паўночнага Рэйну-Вэстфаліі (12 469 000 чал). Месьціцца на паўднёвым усходзе Нямеччыны. Мяжуе з наступнымі землямі ФРН: Бадэн-Вюртэмбэрг, Гэсэн, Цюрынгія, Саксонія. На ўсходзе мяжуе з Чэхіяй, на паўднёвым усходзе мяжуе з Аўстрыяй, праз Бодэнскае возера на поўдні мяжуе з Швайцарыяй. Буйнейшыя гарады (у дужках — колькасьць насельніцтва па стане на 31 сьнежня 2009): Мюнхэн (1330 тыс.), Нюрнбэрг (504 тыс.), Аўгсбург (264 тыс.), Рэгенсбург (134 тыс.), Вюрцбург (133 тыс.), Інгальштат (124 тыс.), Фурт (114 тыс.), Эрланген (105 тыс.).
Зьмест |
[рэдагаваць] Прырода
Амаль уся тэрыторыя Баварыі размяшчаецца на Баварскім пласкагор’і й Франконскім Альбе. На ўсходзе невысокія горы Чэскага й Баварскага Лесу, Шумавы; на поўдні адгор’і Тырольскіх Альпаў (гара Цугшпітцэ, 2963 м). Больш за 30% тэрыторыі пад лесам. Густая сетка рэк (Дунай з прытокамі, Майн), на поўдні шмат азёраў. Клімат умераны. Сярэдняя тэмпература ліпеня 17 °С, студзеня каля 2 °С, ападкаў 935 мм за год. Невялікія радовішчы жалезнай руды, бурага вугалю, солі, графіту й нафты.
[рэдагаваць] Гісторыя
Баварскае герцагства з цэнтрам у горадзе Рэгенсбург узнікла ў VI стагодзьдзі (утворана германскім племем бавараў). Панавала ў ім дынастыя Агілальфінгаў. 3 591 года герцагства, залежнае ад Франкскай дзяржавы, з 788 года частка імпэрыі Каралінгаў. У 903—937 яно адноўлена, у 938—947 далучана да «Сьвяшчэннай Рымскай імпэрыі». У 976 годзе ад Баварыі аддзялілася Карынтыя, у 1156 годзе — Усходняя марка (Аўстрыя), у 1180 — Штырыя. 3 1180 года Баварыя звалася герцагствам Вітэльсбахаў. У 1255 годзе яно падзялілася на Ніжнюю й Верхнюю (з рэйнскім графствам Пфальц, далучаным у 1214 годзе) Баварыю. Пры Людвігу Баварскім (з 1314 года нямецкі кароль Людвіг IV) уладаннямі Баварыі сталі Брандэнбург, Тыроль, Нідэрлянды. Пасьля пэрыяду раздробленасьці герцагства зноў аб'ядналася ў 1505 годзе. У XVI стагодзьдзі яно было цэнтрам Контррэфармацыі ў Нямеччыне. 3 1623 года Баварыя — курфюрства. Ейны першы курфюрст Максімілян I далучыў у 1628 годзе да Баварыі Верхні Пфальц. Са сьмерцю Максіміляна II Ёзэфа баварская лінія Вітэльсбахаў спынілася, і ў Баварыі правілі пфальцскія курфюрсты. 3 1806 Баварыя — каралеўства. Паміж 1803 і 1815, дзякуючы зьвязу з напалеонаўскай Францыяй, тэрыторыя Баварыі значна павялічылася. 3 1815 яна чалец Нямецкага зьвяза, з 1834 года у нямецкім мытным саюзе. У 1818 годзе Баварыя атрымала канстытуцыю. Пры Людвігу I культурным і навуковым цэнтрам Баварыі стаў Мюнхэн. Ліберальным і сацыяльным рэформам у каралеўстве спрыяў Максімілян II. Падчас аўстра-прускай вайны 1866 года Баварыя ваявала на баку Аўстрыі, з 1871 года ў складзе Нямецкай імпэрыі. У лістападзе 1918 года Людвіг III Вітэльсбах адрокся ад стальца. 3 1919 года Баварыя — «вольная дзяржава» ў складзе Ваймарскай рэспублікі. У красавіку 1919 ў Мюнхэне левыя абвесьцілі Баварскую Савецкую рэспубліку, якая ў траўні была ліквідавана ўрадавымі войскамі. У 1920-я гады Баварыя — цэнтар правай германскай апазіцыі супраць Ваймарскай рэспублікі.
Пры нацыстах імпэрскім намеснікам Баварыі стаў у 1933 генэрал фон Эп. Пасьля Другой сусьветнай вайны была акупавана войскамі ЗША, якія стварылі тут зямлю (без Пфальца). У 1949 баварскі ландтаг ухваліў рашэньне аб утварэньні ФРН з Баварыяй у ейным складзе.
[рэдагаваць] Эканоміка
Баварыя валодае найбуйным эканамічным і навуковым патэнцыялам сярод 16 фэдэральных земляў ФРН і лідыруе па тэмпам эканамічнага росту (за 1985—2005 гады СУП Баварыі павялічыўся на 28,2 %, а ў сярэднім па краіне — на 14,6 %).
У 2005 годзе ВУП Баварыі склаў 403 млрд эўра (18 % агульнанямецкага), зь іх каля 69 % прыходзіцца на сфэру гандлю й паслуг, 30 % — на прамысловасьць і толькі 1 % — на аграрную галіну. Каля 50% электраэнэргіі даюць ГЭС, маюцца таксама й АЭС.
Найболей важную ролю ў эканоміцы Баварыі гуляе машынабудаваньне, у прыватнасьці, аўтамабілебудаваньне й авіякасьмічная галіна. Разьвітыя таксама электратэхніка, дакладная мэханіка, оптыка, вытворчасьць медтэхнікі, хімічная прамысловасьць. Вырошчваюць збожжавыя, бульбу, цукровыя буракі, хмель, агародніну, вінаград. Густая сетка чыгунак (амаль усе электрыфікаваны) і аўгадарог. Суднаходзтва па Дунаі й Майне. Курорты. Турызм.
У 2006 годзе Баварыя стала першай за апошнія 30 гадоў фэдэральнай зямлёй Нямеччыны, якая прыняла бездэфіцытны бюджэт.
[рэдагаваць] Раёны
Баварыя дзеліцца на 7 адміністрацыйных раёнаў, якія маюць назвуRegierungsbezirke.
- Верхняя Франконія (па-нямецку: Oberfranken)
- Сярэдняя Франконія (па-нямецку: Mittelfranken)
- Ніжняя Франконія (па-нямецку: Unterfranken)
- Швабія (па-нямецку: Schwaben)
- Верхні Пфальц (па-нямецку: Oberpfalz)
- Верхняя Баварыя (па-нямецку: Oberbayern)
- Ніжняя Баварыя (па-нямецку: Niederbayern)
- Coat of Arms
[рэдагаваць] Вонкавыя спасылкі
Баварыя — сховішча мультымэдыйных матэрыялаў
| Гэта — накід артыкула па геаграфіі. Вы можаце дапамагчы Вікіпэдыі, пашырыўшы яго. |