Забастоўка працаўнікоў менскага мэтрапалітэну (1995)

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Забастоўка працаўнікоў менскага мэтрапалітэну
Дата17—21 жніўня 1995 году
МесцаМенск, Беларусь
ПрычыныПарушэньне калектыўнае дамовы, затрымліваньне заплаты
Вынікзвальненьне 56—58 працаўнікоў, арышт некаторых на некалькіх содняў
Удзельнікі канфлікту
Кіраўніцтва Менскага мэтрапалітэну
Ключавыя асобы
Уладзімер Макарчук
Мікалай Канах
Сяргей Антончык
Сілы бакоў
Колькасьць
Каля 150 чалавек

Забастоўка працаўнікоў менскага мэтрапалітэнуштрайк, які спыніў рух мэтро ў Менску на некалькі дзён. Гэта быў першы раз, калі ў Менскім мэтрапалітэне быў спынены рух за яго ўжо амаль 10 гадоў працы на той момант.

Перадумовы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Сытуацыя ў Менскім мэтрапалітэне абвастрылася ўвесну 1995 году, калі начальнік гарадзкога мэтро Ўладзімер Набежка сваім наказам скасаваў 10-адсоткавыя надбаўкі за бясьпечную й безаварыйную працу й паменшыў памер прэміяў. Тым самым ён парушыў калектыўную дамову, заключаную між працадаўцаў і прафсаюзу (На мэтрапалітэне суіснавалі два прафзьвязы: афіцыйны й свабодны незалежны прафсаюз Беларусі. Але, калі была парушаная дамова, яны пачалі дзейнічаць сумесна).

Спробы прафсаюзаў правесьці перамовы з начальнікам мэтро вынікаў не далі. Прафзьвязы таксама зьвярталіся ў органы ўлады, пракуратуру й суд, але гэта нічога ня дала, што падштурхоўвала да рашэньня пачаць баставаньне.

Напярэдадні 17 жніўня штрайк аб’явіла частка кіроўцаў тралейбуснага дэпо №1, якое абслугоўвала цэнтральную транспартную артэрыю места — праспэкт Скарыны. Працаўнікі мэтро, сабраўшыся на сходзе ўночы з 16 на 17 жніўня, вырашылі іх падтрымаць і не прыступаць да працы. Актыўны ўдзел у забастоўцы бралі чальцы НПБ.

Прававы бок[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Паводле заканадаўства, баставаньне на мэтрапалітэне забароненае — як на прадпрыемстве, дзе можа ўзьнікнуць пагроза для жыцьця й бясьпекі людзей. Аднак, паводле артыкула 13 Закона аб калектыўных працоўных спрэчках у рэдакцыі Вярхоўнага савету, супрацоўнікам мэтро баставаць дазваляецца (калі падзаконны акт супярэчыць закону, дзейнічае рашэньне парлямэнту).

Патрабаваньні[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Зранку працаўнікі высунулі свае патрабаваньні:

  1. Адстаўка кіраўніцтва мэтро
  2. Прытрымліваньне калектыўнае дамовы
  3. Своечасовая выплата заплаты.

Напачатку бастаўнікі высунулі патрабаваньні прытрымліваньня калектыўнае дамовы ў частцы выплаты кампэнсацыяў памерам 1% за кожны дзень пратэрмінаванай заплаты, заключэньня тарыфнага пагадненьня й скасаваньня дамовы з начальнікам мэтро. Надалей патрабаваньні зьмяніліся. Паводле словаў Уладзімера Макарчука, патрабаваньне выплаты пратэрмінаванай заплаты было зьнятае пасьля таго, як бастаўнікам было заяўлена, што ім выплацяць заплату коштам пэнсіянэраў і мэдыкаў. Тады на першы плян выйшла патрабаваньне адстаўкі начальніка мэтрапалітэну Ўладзімера Набежкі.

Хада падзеяў[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У першы ж дзень баставаньня да будынка дэпо пад’ехалі 4 грузавікі АМАПу; начальнік службы кантролю адміністрацыі прэзыдэнта Беларусі Васіль Далгалёў пагражаў бастаўнікам лякаўтам, а падбітнікам — крымінальнай адказнасьцю. Забастаўнікоў прымушалі пісаць заявы, як у забастоўцы яны ня ўдзельнічаюць. Многіх супрацоўнікаў выклікалі да кіраўніцтва сам-насам, затым звальнялі.

У суботу 19 жніўня будынак Свабодных прафсаюзаў, дзе сабраліся бастаўнікі, быў абкружаны міліцыяй і АМАПам. Каб не спакушаць супрацоўнікаў праваахоўных органаў, бастаўнікі накіраваліся да мэрыі. Спробы ўступіць у перамовы са старшынём Менгарвыканкама аказаліся беспасьпяховымі. Уладзімер Ярмошын стаяў на адным: пачынайце работу, а потым будзем размаўляць (бастаўнікі ў якасьці ўмовы для ўступленьня ў перамовы прапаноўвалі аднавіць на працы 16 звольненых у дні забастовы машыністаў). Таксама Ўладзімер Ярмошын прапанаваў адправіць Уладзімера Набежку ў водпуск, што не задаволіла забастоўнікаў, бо яны патрабавалі ўжо менавіта ягонай адстаўкі. Старшыня Менгарвыканкама заявіў, што разьбярэцца са звольненымі, паводле свайго меркаваньня, дадаўшы, што праблема выхаду бастоўнікаў на працу яго «ўжо ня моцна хвалюе»: маўляў, па маршруце, які дублюе мэтро, будуць пушчаныя завезеныя зь іншых гарадоў аўтобусы.

Задавальняць патрабаваньні працаўнікоў улада ня стала. Афіцыйная прапаганда разьвярнула кампанію супраць бастоўнікаў на бачынах газэтаў і экранах тэлевізараў. Дэманстраваліся абураныя жыхары Менску, паведамлялася, што заплата машыністаў складаецца з каля 4 мільёнаў (пры рэчаісных 2 мільёнах).

На наступны дзень, 20 жніўня, высьветлілася, што ўлады знайшлі выхад. Паводле сьведчаньня машыністаў, у ноч з суботы на нядзелю кіраўніцтва мэтро разам зь міліцыяй абыходзіла кватэры бастаўнікоў, патрабуючы, каб яны выйшлі на працу. Са 150 машыністаў менскага мэтро знайшлося толькі 6 згодных працягваць працу. Акрамя таго, улады, паводле газэты «Коммерсантъ», выклікалі з водпуску кіроўцаў прыгарадных электрычак і, пагражаючы звальненьнем, патрабавалі ад іх пачаць абкотваць цягнікі мэтро. Паводле газэты «Свабоды», збольшага прыцягваліся штрэйхбрэйхеры з Аршанскага і Баранавіцкага дэпо. Таксама былі запрошаныя інструктары з Масквы й Санкт-Пецярбургу. Выступаючы перад імі, Аляксандар Лукашэнка заявіў:

Гэтыя сілы хочуць зрабіць так, як у Польшчы, дзе «Салідарнасьць» скінула партыйныя структуры й прыйшла да ўлады

Паводле інструкцыі, да выхаду на лінію машыніст мэтро павінны абкатаць цягнік у пустым тунэле 160-180 гадзінаў, з-за чаго машыністы мэтро, якія баставалі, не разумелі: іх вучылі па 9 месяцаў, а чыгуначных машыністаў дапусьцілі да працы ў мэтрапалітэне пасьля трохгадзіннай інструкцыі.

21 жніўня бастаўнікі зноў сабраліся а сёмай гадзіне раніцы каля будынка Свабодных профсаюзаў. Сабралося каля 150 чалавек, якія праз 20 хвілінаў з патрабаваньня міліцыі перанесьлі мітынг на адзін з закуткоў места. Але а 8:30 на плошчу Свабоды падцягнуліся сілы міліцыі й АМАПу (толькі грузавікоў з АМАПам журналісты налічылі каля 20). Працаўнікоў хапалі прама на вуліцы й адпраўлялі ў аўтамабілі. Усяго было затрымана 24 пратэстоўцы, паведаміла газэта «Зьвязда». Сьлесар Сяргей Раманчык распавядаў газэце «Свабодзе»: «спэцназаўцы крычалі "ляжаць, трымаць рукі за галавой", стралялі ў паветра. Затрыманых адвязьлі ў вайсковую часьць, выклікалі па адным на допыт, трымалі пад вартай. Позна вечарам большую частку працаўнікоў адпусьцілі, патрабаваўшы зь іх росьпісы, што прэтэнзіяў яны ня маюць».

Той жа раніцай людзі ў чорных масках затрымалі проста на вуліцы прафсаюзных лідэраў мэтрапалітэну Ўладзімера Макарчука (атрымаў 15 содняў) і Мікалая Канаха. Паводле непацьверджаных зьвестак, маскі хавалі байцоў спэцпадразьдзяленьня ўнутраных войскаў. Быў таксама схоплены лідэр БНП Генадзь Быкаў (атрымаў 10 содняў).

Палепшыць арганізацыю штрайку спрабаваў дэпутат Вярхоўнага Савету, сябра БНФ, адзін зь лідэраў працоўнага руху пачатку 90-х Сяргей Антончык. Аднак у той жа дзень 21 жніўня каля 16-й гадзіны яго ў парушэньне закона аб статусе дэпутата затрымалі. Да раніцы 23 жніўня яго трымалі пад вартай на базах МУС і ўнутраных войскаў. Калі падняўся палітычны скандал, Антончыка даставілі ў будынак КДБ, паведамілі, што датычна яго будзе праведзенае расьледаваньне, і адпусьцілі.

Вынікі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • Указам прэзыдэнта ад 21 жніўня 1995 году за ўдзел у баставаньні на Менскім мэтрапалітэне дзейнасьць Свабоднага прафсаюзу была прыпыненая да 19 сьнежня 1997 году. Гэты Ўказ быў двойчы прызнаны Канстытуцыйным судом не адпаведным Канстытуцыі.
  • Паводле розных зьвестак, было звольнена 56—58 машыністаў, сьлесараў і электрамэханікаў мэтрапалітэну.
  • Задушэньне на нейкі час працоўнага руху. На другі дзень баставаньня лідэр БНП Генадзь Быкаў казаў:
Лукашэнка не жадае ісьці ні на якія кампрамісы, хоча сілком задушыць працоўны рух. Калі «бацька» пераможа мэтрапалітэнаўцаў, ён наогул ашалее — адчуе, што яму ўсё дазволена, аж да сьвінцу.

Рэакцыя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • У нядзелю 20 жніўня ў тэлепраграме «Рэзананс» выступіў Аляксандар Лукашэнка з заявай, што баставаньне мэтро — работа нацыяналістычных сілаў на чале зь Беларускім народным фронтам, якія пацярпелі сакрушальнае паражэньне на выбарах і не правялі ў парлямэнт ніводнага чалавека. З таго часу, паводле прэзыдэнта, адбывалася многае, што было схавана ад усіх, але пра што яго інфармавалі. Сярод іншага, ён заявіў, што Свабодны прафсаюз супрацоўнічаў з польскімі прафсаюзамі і праводзіў кансультацыі з амэрыканскімі прафзьвязамі. Лукашэнка заявіў, што напрыканцы леташняга году й летась было праведзена з амэрыканцамі й палякамі, мяркуючы па ўсім, 3 сэмінары для прафсаюзаў. Паводле словаў прэзыдэнта, прыяжджалі эмісары з-за мяжы й натасківалі Свабодны прафсаюз работаць у новых умовах. Прэзыдэнт паведаміў таксама, што, паводле ягоных зьвестак, каля дэпо мэтрапалітэну стаяць пікеты, якія не пускаюць на працу тых, хто хоча выйсьці на працу. Ён заявіў, што будуць затрыманыя ўсе, хто будзе перашкаджаць працы транспарту ў Менску. «Мэтро ў панядзелак павіннае працаваць, — заявіў Лукашэнка, зьвярнуўшыся да супрацоўнікаў мэтро. — У вас ёсьць моц, каб прыняць рашэньне. У панядзелак пасьля 9-й гадзіны раніцы ён заявіў, што мэтрапалітэнаўцы могуць не зьвяртацца да яго з просьбамі аднаўленьня на высокааплачанай працы. Прэзыдэнт таксама абяцаў навесьці парадак у сталіцы самымі жорсткімі захадамі.
  • Кандыдат на прэзыдэнцкіх выбарах 2001 году Уладзімір Ганчарык 24 жніўня 2001 году паабяцаў у выпадку сваёй перамогі рэабілітаваць удзельнікаў баставаньня 1995 году[1].

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ Белпан навіны(недаступная спасылка)

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]