Віт (наваградзкі біскуп)

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Перайсьці да: навігацыі, пошуку
«Бласлаўлёны Віт». Невядомы мастак, XVII ст.

Віт (па-лацінску: Vitus, Veit; ? — 1269) — дамініканін, першы (разам з Хрысьціянам) дакумэнтальна засьведчаны легітымны біскуп на беларускіх землях[1].

Біяграфія[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Паходзіў, відаць, зь земляў, дзе быў пашыраны культ сьвятога Віта (Саксонія, Вэстфалія, Чэхія, Польшча). Вучань сьвятога Яцка Адрованжа, заснавальніка Закону дамініканаў у Польшчы. Магчыма, што да зьяўленьня на беларускіх землях удзельнічаў у місіянэрскай працы ў Прусіі (ад 1240 ёй кіраваў даміканскі правінцыял Гайдэнрык, пазьней прызначаны першым Кульмскім біскупам).

У 1251 годзе біскуп Гайдэнрык атрымаў даручэньне ад папежа Інацэнта IV знайсьці адпаведную асобу й пасьвяціць у біскупы для караля Міндоўга й яго дзяржавы. Не выключана, што Віт прыкладна ў гэты час ужо працаваў на беларускіх землях у складзе місіі ці на яе чале. У 1253 гнезьненскі арцыбіскуп Пэлка высьвяціў у вёсцы Казлоў каля Сахачава на Мазовіі Віта на біскупа Літвы (in Littoviam). Як вынікае зь некаторых гістарычных крыніц, гэтае пасьвячэньне адбылося на ініцыятыву й, магчыма, пры ўдзелебіскупа Гайдэнрыка, які меў на гэта адпаведныя паўнамоцтвы ад папежа. У крыніцах узгадваецца як «episcopus Lubusensis (Lubecensis, Lubuzensis, Lubozanus)» — біскуп Любчанскі (Любецкі), а таксама як «episcopus Litovie (Lithoviensis, Littoviensis, Lithwaniensis, Lithomiriensis, Luthomiriensis)» — біскуп Літвы (Літоўскі). Гэта дало падставу лякалізаваць першую рэзыдэнцыю біскупа ў Любчы на Новагародчыне, а зьмену тытулу на іншы зьвязаць зь пераносам сялібы біскупа ў іншы населены пункт або з узвышэньнем статусу дыяцэзіі да дзяржаўнага ўзроўню. Паводле некаторых зьвестак, Віт не дагадзіў Міндоўгу й не паладзіў зь мясцовым насельніцтвам, таму быў выгнаны з краю й нават паранены. У 1255 папрасіў у папежа Аляксандра IV вызваленьня ад свае пасды. Звольнены зь яе паскім лістом ад 1 сакавіка 1255 з захаваньнем тытулу (на яго месца быў прызначаны Хрысьціян).

Выконваў абавязкі біскупа-суфрагана Ўроцлаўскае, пасьля Пазнаньскае дыяцэзіі. Апошнія гады жыцьця правёў у Кракаве, дзе быў спавядальнікам князя Баляслава Сарамлівага. Пахаваны ў кракаўскім дамініканскім касьцёле побач із сваім настаўнікам сьвятым Яцкам Адрованжам.

Пасьля бэатыфікацыі сьвятога Яцка ў 1543 парэшткі Віта былі перапахаваныя пад аўтаром сьвятога Пятра. Пасьля кананізацыі сьвятога Яцка ў 1594 кардынал і кракаўскі біскуп Юры Радзівіл выставіў рэліквіі Віта для публічнага ўшанаваньня. Яны зьмяшчаліся ў саркафагу сьвятога Яцка пад ягонай алябастравай статуяй. У ХХ ст. рэліквіі Віта былі перанесеныя ў капліцу сьвятога Крыжа, дзе яны захоўваюцца й сёньня ў сьценным аўтары.

Афіцыйнае бэатыфікацыі Віта не было, тым ня менш ён вельмі шанаваўся, а многія аўтары агіяграфічных твораў называлі яго «блаславённым». Дамінікане верылі ў ягоную сьвятасьць і зьвязвалі зь ім шматлікія цуды. У дамініканскім кляштары захоўваўся пэргамэнтны рукапіс, напісаны Вітам: «De christianorum in Lithovia conditione deplorabii, ad sanctissimum et beatissimum patrem dominum Innocentum papam quatrum, fratris Viti de Ordine Praedicatorum episcopi Litoviensis, epistola» («Пра гаротны стан хрысьціянаў у Ліцьве ліст да сьвятога й блаславённага айца папежа Інацэнта IV ад брата Закону абвяшчальнікаў Віта, біскупа літоўскага»). Твор загінуў падчас пажару 1850.

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ Алесь Жлутка, Марак Мілавіцкі. Віт // Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / рэд. Г. П. Пашкоў і інш. Т. 1: Абаленскі — Кадэнцыя. — Мінск: Беларуская Энцыклапедыя, 2005. С. 446.

Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]