Біргер Магнусан (кароль Швэцыі)

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Перайсьці да: навігацыі, пошуку
Біргер Магнусан (кароль Швэцыі)

Біргер Магнусан (па-швэдзку: Birger Magnusson, каля 12801321) — кароль Швэцыі ў 1290—1318 гадох з дынастыі Фолькунгаў. Фактычна не кіраваў.

Сын Магнуса Лядулёса, абвешчаны каралём у раньнім дзяцінстве, фармальна пачаў кіраваць з 1290 году, пасьля сьмерці бацькі. Рэгентам пры малалетнім каралі быў Тургільс Кнутсан, якога Магнус Лядулёс прызначыў маршалкам. У гады яго рэгенцтва Швэцыя пацярпела ад голаду і эпідэміі чумы напачатку 1290-х, у 1300 зьдзейсьнены няўдалы ваенны паход супраць Ноўгарада, з мэтай захапіць вусьце Нявы. За адно лета каля ўпадзеньня Охты ў Няву была пабудавана фартэцыя Ляндзкруна. Але ў траўні 1301 году яна была ўзята наўгародцамі і разбурана.

Біргер быў каранаваны ў 1302 годзе і амаль адразу ж запатрабаваў ад братоў Эрыка і Вальдэмара гарантый лаяльнасьці. У 1305 годзе яны, аднак, паўсталі супраць яго ўлады, арыштавалі і запатрабавалі аддаць ім пад кіраваньне большую частку краіны, пакінуўшы ў караля толькі тытул і невялікія ўладаньні. Пасьля гэтага па іх патрабаваньні быў пакараны сьмерцю Тургільс, які даводзіўся аднаму з братоў, Вальдэмару, адначасова цесьцем і хросным бацькам.

У сьнежні 1317 года Біргер завабіў братоў у замак Нючэпінга, схапіў і пасадзіў у падзямельле, дзе яны неўзабаве памерлі ад голаду. Аднак значная частка швэдзкай шляхты паўстала супраць караля, яго войскі былі разбіты, а сам ён быў вымушаны бегчы ў Данію да свайго зяця Эрыка Мэнвэда. Неўзабаве Мэнвэд памёр і да ўлады ў Даніі прыйшоў яго брат Крыстафэр, які сімпатызаваў прыхільнікам пакараных сьмерцю герцагаў, якія ўзьвялі на швэдзкі трон малалетняга сына Эрыка Магнуса. Праз год Магнус быў абвешчаны яшчэ і каралём Нарвэгіі, паколькі быў унукам памерлага караля Гокана. Аб'яднаньне манархіяў пахавала надзеі Біргера і яго прыхільнікаў на вяртаньне ўлады. Гісторыя забойства Біргерам братоў і наступнае паўстаньне лягло ў аснову першай швэдзкай хронікі — «Хронікі Эрыка»

У 1320 годзе сын Біргера Магнус, які раней здаўся ў палон на ўмовах асабістай недатыкальнасьці, быў пакараны сьмерцю ў Стакгольме. Неўзабаве памёр і сам Біргер.