Міхал Эльвіра Андрыёлі

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Перайсьці да: навігацыі, пошуку

Міхал Эльвіра Андрыёлі (2 лістапада 1836 — 23 жніўня 1893) — мастак, графік, удзельнік вызваленчага руху ў Літве (сучасная Беларусь) і ў Жамойці.

Біяграфія[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Нарадзіўся ў Вільні ў сям’і настаўніка маляваньня, які паходзіў з Італіі. Першапачатковую мастацкую адукацыю атрымаў у школе Герсана ў Варшаве. Паводле жаданьня бацькоў паступіў на мэдычны факультэт Маскоўскага ўнівэрсытэту. Аднак прафэсія мэдыка яго ня надта вабіла, і ў хуткім часе, пакінуўшы ўнівэрсытэт, ён паступіў у Маскоўскую вучэльню жывапісу, скульптуры і дойлідзтва.

Пасьпяхова скончыўшы вучэльню, у 1857 годзе паехаў удасканальваць майстэрства ў Італію, вучыўся ў Рыме ў акадэміі сьв. Лукаша.

Вярнуўшыся на радзіму, працаваў у Вільні. Тут ён зьвязаўся з рэвалюцыйнымі коламі, прымкнуў да «чырвоных», удзельнічаў у паўстаньні 1863—1864 гадоў. Пасьля паразы паўстаньня быў пасаджаны ў вязьніцу, але з-пад арышту ўцек за мяжу. Жыў у Парыжы і Лёндане. Там стварыў шмат графічных работ і ілюстрацыяў, у якіх адлюстраваў падзеі 1863 году, што адбываліся на тэрыторыі Беларусі.

Ілюстрацыя да паэмы «Пан Тадэвуш» Адама Міцкевіча

У 1866 годзе Андрыёлі вярнуўся на радзіму, але быў схоплены царскімі жандарамі і сасланы ў Сыбір «за неблагонадежность в политическом отношении». Зь верасьня 1868 па 1872 жыў у Вятцы, дзе стаў настаўнікам будучых расейскіх мастакоў Васьняцовых — Віктара й Апалінарыя. Працаваў настаўнікам маляваньня ў Вяцкай епархіяльнай жаночай вучэльні, удзельнічаў у размалёўцы храмаў Вяткі, пісаў на заказ партрэты. Захавалася справаздача мясцовага паліцмайстра аб Андрыёлі:


« Живописец. Первоначально слушал лекции в Московском университете, но, не кончив курса, посвятил себя живописи. Кроме русских художественных школ, А. несколько лет образовывался и путешествовал за границей, в особенности в Италии и Испании, и получил в Риме медаль за картину своей работы. Как артист, человек прекрасно образованный и вместе с тем очень способный. После мятежа 1863-64 гг., насколько я слыхал, А. бежал за границу, но скоро добровольно, в 1868, явился русским властям и был прислан в Вятку. Происхождения А. итальянского; отец его служил в армии вице-короля Евгения Богарне и с 1812 поселился в Вильно. »

У 1872 годзе Андрыёлі вярнуўся са ссылкі, але яму было забаронена жыць у Літве, і мастак пасяліўся ў Варшаве. Там працягваў мастацкую адукацыю ў школе Герсана, ілюстраваў часопіс «Кłоsу» («Каласы») і «Тygodnik ilustrowany» («Ілюстраваны штотыднёвік»). У 18831886 гадах працаваў у Парыжы. Толькі ў канцы жыцьця яму пашчасьціла на нейкі час вярнуцца на радзіму. Памёр Андрыёлі ў 1893 годзе ў горадзе Налэнчаў (цяпер Люблінскае ваяводзтва)[1] і там быў пахаваны.

Творчасьць[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У сваіх жывапісных і графічных работах Андрыёлі часта зьвяртаўся да тых далёкіх часоў літоўскай гісторыі, калі Вялікае княства Літоўскае яшчэ захоўвала сваю незалежнасьць. У 1880-я гады ён стварыў нізку гістарычных ілюстрацыяў і эскізаў. Сярод іх «Сьмерць Кейстута», «Сутычка ліцьвінаў з крыжакамі», «Гусьляр», «Хрышчэньне ліцьвінаў», «Сьмерць Людзьвіка Нарбута каля Дубічаў», «Вылазка паўстанцаў», ілюстрацыі да «Конрада Валенрода» і «Пана Тадэвуша» Адама Міцкевіча, да твораў Я. Ходзькі, Уладзіслава Сыракомлі, Элізы Ажэшкі, Ю. Славацкага, Ю. Крашэўскага і іншых. Творы Андрыёлі, выкананыя пад уплывам рамантызму, вызначаюцца тэхнічнай лёгкасьцю, дакладнасьцю ў адлюстраваньні гістарычных падзеяў, багацьцем фантазіі. У многіх зь іх Андрыёлі пасьпяхова выкарыстоўваў фальклёрныя матывы. Рабіў замалёўкі гістарычных мясьцін, народных сьвятаў.

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Commons-logo.svg  Міхал Эльвіра Андрыёлісховішча мультымэдыйных матэрыялаў