Жыта

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Перайсьці да: навігацыі, пошуку
Жыта пасяўное
Secale cereale

Жы́та (па-лацінску: Secale) — род адна- і шматгадовых травяністых расьлін сямейства злакаў. 6—8 відаў.

Вырошчваюць (з 1—2-га тыс. да н. э.) пераважна ў краінах паўночнага паўшар’я жыта пасяўное (Secale cereale) — азімыя і яравыя формы. У Беларусі жыта азімае — адна з найважнейшых збожжавых і кармавых прамежкавых культур. Жыта пасяўное — аднагадовая расьліна вышынёй 60—180 см. Каранёвая сыстэма валасьніковістая, магутная. Сьцябло — саломіна, лісьце лінейна-ланцэтнае. Каласы шчыльныя, двухрадковыя, пры высьпяваньні шэра- або сьветла-жоўтыя. Каласкі дзьвюхкветныя, каласковыя лускавінкі завостраныя, з кароткім асьцюком. Зярняўкі маршчакаватыя, з глыбокай баразёнкай і невялікім чубком. Зерне мае 9—13 % бялкоў, 55—70 % крухмалу, 1—2 % тлушчу, вітаміны Вр Вд, PP. Самая марозаўстойлівая культура сярод азімых злакаў, пераносіць кароткатэрміновыя маразы да -20 °С (на глыбіні вузла кушчэньня). Пэрыяд актыўнай вэгетацыі 140—170 сутак. Раянаваныя гатункі беларускай селекцыі: тэтраплоідныя — Пухаўчанка, Верасень, Ігуменская; дыплоідныя — Радзіма, Калінка.

Продкам культурнага жыта была травяністная расьліна — горнае жыта (Secale montanum), абарыген паўночнай Афрыкі і горных раёнаў Блізкага Ўсходу. Каля 3 тысячагодзьдзя да н. э. яго пачалі вырошчваць на захадзе Турцыі, у Армэніі і поўначы Ірану. Продкам славянскіх народаў яно пачаткова было вядомае як пустазельле ў пасевах пшаніцы, і толькі падчас прасоўваньня калянізацыі на поўнач (на мяжы н. э.) на жыта зьвярнулі ўвагу як на самастойную культуру. З усіх злакавых расьлін азімае жыта — самае марозаўстойлівае: расьце ў арктычных раёнах Скандынавіі, а ў Гімалаях — да вышыні 4250 м. Народы поўдня Эўропы, маючы больш спрыяльныя кліматычныя ўмовы для вырошчвання жыта, традыцыйна грэбавалі ім і жытнім хлебам, але ў германскіх і славянскіх народаў на працягу каля 2000 гадоў жытні хлеб заставаўся асноўным прадуктам харчаваньня.

Жыта ўтрымлівае мала глютэну, таму жытні хлеб больш шчыльны, «ацесьлівы», чым пшанічны, але больш бясьпечны для хворых на цэліякію.

Жыта — выдатная сыравіна для моцных алькагольных напояў, асабліва гарэлкі.

Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Артыкул створаны з дапамогай матэрыялаў з: Алесь Белы, праект «Наша Ежа»Commons-logo.svg  Жытасховішча мультымэдыйных матэрыялаў